109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 52

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 52

— Па пустыні, нібы мурашкі, бегалі. Са страху, відаць…

Карп паскроб бараду. Пасля сказаў:

— Страху яны яшчэ не бачылі. Дык убачаць.

— Абавязкова ўбачаць, — хіхікнуў Таран.

Не даруе нам Карп. Памятае, злыдзень, як Мураш яго казытаў. На ўвесь палац роў. Нібы леў. Не даруе…

— Пан Карп, дазвольце паведаміць, — пачаў Таран. А Курт на ўвесь голас:

— Маў-чаць!

— Дазваляю, — прагаварыў Карп. Таран кашлянуў у кулак.

— Пан Карп, у пустыні пачалі дрэвы расці. Карп кінуўся да трона, з разгону ўскочыў на яго, што на каня, ушчарэпіўся абедзвюма рукамі.

— Якія дрэвы? Ты што вярзеш?

— Такія невялікія. Зялёненькія.

— Знішчыць.

Ага… Так ты і знішчыш. Сярод пяскоў, напэўна, добры лясок падняўся. Шкада, што Піліп Макаравіч яго не бачыць. Дзе ён цяпер? Дзе? Як нам вырвацца з рук бязлітаснага Карпа?

— Я, я… — хацеў штосьці сказаць Таран.

— Знішчыць, — тупнуў нагою Карп.

Таран, падтуліўшы хвост, у дзверы. От ірвануў, аж пяткі заблішчэлі.

— Карп, — прамовіла Саўка, — я думала, думала і прыдумала.

— Саўка, што ты прыдумала?

— Я прыдумала так: хлопчыкі будуць маімі поні, а замест іх у цямніцу пасадзім Курта.

Карп пачухаў бараду.

— Курта? Чаму Курта?

— Мне кепска пасля таго, як на цябе тая металічная цацка накінулася. Крыку не пераношу. Генерал Курт галёкне — у мяне ўсе жылачкі трасуцца. Пасадзі Курта ў цямніцу.

— М-маўчаць! — заікаючыся, галёкнуў Курт.

— Ой, — войкнула Саўка. — Ен ужо і заікаецца. Пасадзі ў цямніцу. Хай там мышэй палохае.

— Твая праўда, Саўка. І мышэй трэба некаму палохаць.

А Курт:

— М-маў-чаць!

— Галасок у яго генеральскі,— прамовіў Карп.

— Не даспадобы мне ягоны галасок. Пасадзі яго ў цямніцу. Пасадзі!

— Пасадзіць — не пасадзіць, — стаў разважаць Карп. — Пасадзіць — будзе мышэй палохаць. Можна прызначыць галоўным палохальшчыкам мышэй.

— Прызначыць! Галоўным палохальшчыкам мышэй прызначыць! — аж заскакала Саўка.

— Не пасадзіць — застанецца генералам, — разважаў Карп. — А які ж я валадар без генерала? Не…

— Пасадзіць! Пасадзіць! — залямантавала Саўка. — У нас не будзе палохальшчыка мышэй.

Генерал Курт стаяў, выцягнуўшыся, і толькі адкрываў і закрываў рот. У яго са страху, мабыць, мову адняло.

— Саўка, супакойся, — прагаварыў Карп.

— Я не супакоюся. Ніколі-ніколі не супакоюся. Пасадзі-і-іць, — заплакала Саўка, размазваючы па шчаках слёзы.

Яны сыпаліся з яе вачэй што боб. Калі б вы глянулі на яе, то, напэўна, спалохаліся б. Фарба размазалася па шчаках, па носе, нават па лбе. Цяпер гэта была не жанчына-святлафор, а нейкая стракатая птушка. Калі б знарок хацеў так выпацкацца, то не выпацкаўся б.

— Пасадзі-і-іць…

— Саўка, я яшчэ не падумаў.

Невядома, чым закончылася б іхняя сварка, калі б у залу не ўляцеў Таран. Такім мы яго яшчэ не бачылі. Чорны плашч парваны, вісіць шматкамі. Пад адным і другім вокам два бардовыя сінякі.

— Пан Карп, бяда, — грукнуўся Таран на калені.

— Бяда? — голас у Карпа задрыжэў.

— Дрэвы да самага горада падступаюць. Вялікі лес расце. Гора!.. Гора нам!

— Зні-ішчыць.

— Дрэвы на вачах растуць. І людзі. Легіянераў прагналі, збілі, мяне во як узнагародзілі,— паказаў на сінякі Таран.

Значыць, прачнуліся людзі. Усё-ткі аджылі. Лес — сябар, лес — добры доктар. Ен разбудзіў. Цяпер людзі не дадуць свайго сябра ў крыўду.

— Пан Карп, гора!.. Вялікае гора!

— Гора, — працадзіў праз зубы Карп. — Лес вырасце — не стануць кісларод купляць. А мне трэба грошы. Самым-самым багатым хачу заўсёды быць.

І чаму ён такі сквапны? Мне, маё… На мой век хопіць… Абы яму добра было. А другім? Чаму пра другіх ён не думае? Калі ж ён стаў такім? Няўжо тое, добрае, з якім нарадзіўся ў душы, нейкім чынам выгарала?

— Трэба радавацца, — усклікнуў Васіль. — Лес расце, а вам страшна? Радуйцеся!