109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 59

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 59

Я выцер ягоны пытальнік і вывеў па-іншаму:

х+у=в2

— Што азначае «в» у квадраце? — не зразумеў Косця.

— Два выйгрышы. Твой і мой. Авечка і нутрыя. Косця моўчкі паціснуў мне руку.

Аўтобус спыніўся непадалёку ад рынку. Рынак гудзеў, як патрывожаны вулей. Куды ні глянь — усюды людзі. Цэлае мора людзей. Усюды гамонка, усюды шум.

__Дзе білеты прадаюць? — пытаюся ў Косці.

— А хто яго ведае. Мо там, а мо там, — Косця паказаў спачатку направа, а потым налева.

— А можа, там? — перадражніў я яго, падымаючы палец угору.

— Вы хочаце латарэйныя білеты купіць? — пачулася побач.

Мы азірнуліся. Дзяўчынка перад намі. У руках трымае прыгожа сплецены кош, паўнюткі агністых астраў. Твар у яе расчырванеўся, свеціцца радасцю.

— Бачыце, якую прыгажосць выйграла, — пахвалілася дзяўчынка.

— А яшчэ ёсць латарэі, не разабралі? — захваляваўся Косця.

Дзяўчынка засмяялася.

— Вам хопіць. Вунь да таго зялёнага павільёнчыка ідзіце. Бачыце?

Дзяўчынка яшчэ штосьці казала, але мы ўжо не слухалі яе. З усіх ног кінуліся да зялёнага павільёнчыка.

Каля павільёнчыка стаяла гаманкая чарга. Мы прымасціліся ззаду, пачалі прыслухоўвацца да гаворкі.

— Што ў цябе? — пыталіся ў кагосьці.

— Кілаграм яблыкаў выйграў!

— Забірай гарбуз, забірай, — чулася недзе за спінамі.

— Не занясу я яго. Вунь ён які вялікі! Не, не занясу, — аднекваўся жаночы голас.

— Забірай. Усю зіму будзеш семкі лушчыць.

— А цялё яшчэ не выйгралі? — усё турбавалася бабуля, што стаяла перад намі.

— Пра цялё пытаецца… Значыць, і авечкі ёсць, — шапнуў Косця.

— Не выйгралі цялё? — старалася перакрычаць гаманлівую грамаду бабуля.

— Павялі цялё! Лысенькае! — крыкнуў на ўсю моц нейкі хлапец.

Чарга закалацілася ад смеху.

— Трэба самой праверыць, — сказала бабуля і пасунулася ў натоўп.

Праз хвіліну яна вярнулася.

— Стаіць цялятка, стаіць… — задаволена прамовіла яна.

Нарэшце мы наблізіліся да павільёна. За прылаўкам стаяла маладая жанчына і прадавала латарэйныя білеты.

Косця падаў два рублі.

— Мне на ўсе.

Жанчына адлічыла чатыры білеты.

Трымай. Наступны. Не затрымлівайце чаргу. Наступным, які затрымліваў чаргу, быў я.

— Калі ласка, вазьміце. На ўсе… — падаў я жанчыне скамечаныя рублі.

— Трымай.

Мы адышліся ўбок.

Талерка, ты першы правярай.

— Боязна, — сказаў я.

— І мне боязна, — прызнаўся Косця. — Давай разам праверым.

— Давай, — пагадзіўся я.

Мы, спяшаючыся, разгарнулі білеты, скручаныя ў некалькі столак.

— Клінковы сыр… — ніякавата ўсміхнуўся Косця.

— І ў мяне клінковы сыр…

Стаіўшы дыханне, зноў раскручваем білеты.

— Клінковы сыр! — усклікваю ў роспачы.

— Клінковы сыр, — збянтэжана мармыча Косця. — Ну й парадачкі ў іх! Мабыць, задумалі абкарміць клінковымі сырамі.

— Мабыць, — пагадзіўся я з ім. — Цяпер ты адзін правярай, а я пачакаю.

Косця асцярожна, быццам баючыся, каб не ўзарваўся, разгортвае латарэйны білет.

— А-а… — нарэшце вымаўляе, заікаючыся.

— Авечка? — аж падскочыў я.