109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 61

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 61

— Во колькі выйграў! — хвалюся яму. Зірнуў тата на сноп пшаніцы.

— Дык ты і вяроўку выйграў? — пытаецца.

— Там далі мне, — ледзь чутна прамовіў я.

— Не мяшала б табе і тут даць. Папругаю, — прагаварыў тата. — Хоць прызнаўся б, а то яшчэ выкручваецца. Не ведаю, што з цябе будзе далей. Хіба можна так? Гэты шнур ты ўсё роўна як украў.

Мне стала так горка на душы, ажно слёзы на вачах выступілі.

— Не плач, — заўважыў тата. — Сядай за стол. Усё па парадку раскажаш.

Мы селі адзін насупроць аднаго, і я мусіў расказаць усё: як дамовіліся з Косцем ехаць у горад, як хацелася мне выйграць авечку, як абразаў шнур, каб было на чым прывесці яе. Уважліва выслухаў мяне тата, сказаў:

— У нас, Максім, адна сям'я. А хіба можна ў сям'і адзін аднаму хлусіць? Сёння ты крадком вяроўку абрэзаў, заўтра мама крадком шторы з вокнаў па знімае, паслязаўтра я грошы забяру. Ці будзе ў нас лад, калі пачнём так жыць? У сям'і, Максім, трэба раіцца.

— Буду раіцца. Буду, — паабяцаў я. — Мне і самому было брыдка. Прабач…

— Ну, не будзем благое ўспамінаць, — палагоднеў тата. — Забудзем пра гэта.

— А куды мы сноп падзенем? — пасмялеў я. — Ледзь данёс яго дамоў — такі цяжкі…

— І правільна зрабіў, што дамоў прынёс, — сказаў тата. — Сноп мы ў хаце паставім, у куце. Няхай усю зіму ў нашай хаце хлебам пахне.

Павесялеў я, нават усміхнуўся. Вось як бывае. Спачатку сварыўся на мяне тата, а потым пахваліў. Праўду кажуць: і чорная хмара белым воблакам павернецца.

У акне добра, а за акном яшчэ лепей

У панядзелак мы прыйшлі ў школу з вёдрамі. Яшчэ каля веснічак мяне сустрэў Косця. І што я чую!

— Макс, хочаш авечку выйграць? — прапанаваў ён адразу.

«Жартуе, — падумаў я. — Яму-то можна жартаваць: дома, відаць, пахвалілі за сыр і за яблыкі».

— Адчапіся…

— Мусіць, дасталося ад бацькі! — скумекаў Косця. Не хацелася мне ўспамінаць учарашняе, не хацелася зноў вярэдзіць душу.

— Нічога не дасталося, — буркнуў я.

— Дык чаго ты такі? Быццам з зубнога кабінета выйшаў.

— Кіслы яблык з'еў,— прамовіў я, каб толькі адчапіўся ён ад мяне.

А Косця — як нічога ніякага:

— Паслухай, што скажу. Сёння ў горадзе будзе выстаўка.

Пра выстаўку мне зусім не хацелася слухаць. Хапіла таго, што ўчора было. Надоўга запомніцца. Не, болей Косця ні на адну выстаўку мяне не зацягне.

Я моўчкі пайшоў па дарожцы.

— Чаго ты, Талерка, так раскіс? — забег наперад Косця. — Ну, крыху мараль пачыталі. Дык што? Карона з цябе спала? Яшчэ не раз будуць мараль чытаць. Іх таксама трэба зразумець. Бацькі ўсё-такі… Яны нас павінны выхоўваць. А ты ўжо вушы апусціў.

Узлаваўся я тут на Косцю. Бач, філосаф знайшоўся!.. Разважае. «Карона з цябе спала… Вушы апусціў… Бацькі… Зразумець трэба…» Сам разбяруся, абыдуся без вучоных.

— Ніхто на мяне не сварыўся, — у другі раз паўтарыў я, раздзельна вымаўляючы кожнае слова. — Табе зразумела?

— Зразумела. Ты толькі не злуй. — Косця абняў мяне за плечы. — Я табе як сябру пра выстаўку кажу. Ведаеш, як мне хочацца, каб ты авечку выйграў, каб да сваёй бабулі яе завёз?

Хіба будзеш на такога, як Косця, злавацца?

— Пра якую выстаўку ты кажаш? — пытаюся. — Дзень жа работнікаў сельскай гаспадаркі мінуў…

— Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі мінуў, а выстаўка будзе, — без запіначкі прагаварыў Косця. — Як, напрыклад, агляд мастацкай самадзейнасці праводзіцца? Спачатку ў школах, потым у раёне, затым у вобласці, Мінску…

— І нарэшце ў Маскве, — закончыў я за Косцю.

— І нарэшце ў Маскве, — згодна кіўнуў галавою Косця. — Правільна. У Маскве таксама хочуць лепшых спевакоў і танцораў пабачыць.

— Пры чым тут танцоры і выстаўка? — у адчаі прамовіў я.

— Я проста паралель праводжу, — адказаў Косця. — Думаеш, што ўчора ў горад з усяго раёна проста так жывёлу звозілі? Каб мы з табою на яе паглядзелі?

— Мы дык і конскага капыта не бачылі,— заўважыў я.

Косця быццам не пачуў мяне.

— На рынку розныя спецыялісты былі. Начальнікі. Самых лепшых жывёлін яны адбіралі і сёння ў вобласць, у Гродна, павязуць.

— Дык сёння выстаўка ў Гродне будзе?

— Пра гэта я табе даўно тлумачу! — усклікнуў Косця. — Канешне, у Гродне.

— Сёння рабочы дзень. Хто тую выстаўку будзе глядзець?

— Логікі ў цябе няма. Лагічна трэба разважаць, — пачаў Косця. — У Гродне вунь колькі людзей жыве! У розныя змены яны працуюць. Той, хто пойдзе ў другую ці ў трэцюю змену працаваць, хіба не паглядзіць выстаўку ўдзень?

Заблытаў мяне Косця дарэшты. Калі лагічна разважаць, то і сапраўды спачатку выстаўку ў раёне праводзяць, а пасля ў абласным горадзе павінны паказваць. Павінны… Павінны…

— Хто табе казаў, што выстаўка ў Гродне?

— Ды пра гэта па ўсёй вёсцы гавораць. Адзін ты нічога не ведаеш. З нашага калгаса кароў на выстаўку павязуць. Можаш у брыгадзіра запытацца. Вунь ён ідзе. У школе быў.

Ад будынка школы насустрач нам ішоў брыгадзір, дзядзька Іван. Калі ён параўняўся з намі, я не стрываў — запытаўся:

— Дзядзька Іван, праўда, што з нашага калгаса кароў на выстаўку павязуць?

Дзядзька Іван прыпыніўся.

— Усё вам хочацца ведаць, жэўжыкі.