109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

— Скажыце, калі ласка!..

— Павезлі ўжо… Заслужылі мы гэты гонар, — сказаў дзядзька Іван і пайшоў.

Выходзіць, выстаўка ў Гродне. Выходзіць, і бяспройгрышная латарэя будзе. Што ж рабіць?

— У вобласці ты абавязкова авечку выйграеш, — прагаварыў Косця. — Там шмат выйгрышаў. Не так, як у нашым горадзе. «Гк»… ды сыр клінковы.

Я цяжка ўздыхнуў.

— У Гродна нам не трапіць. Сто кіламетраў пехатою не пройдзеш.

— Я ўжо і сам над гэтым галаву ламаў,— прызнаўся Косця. — Думаў, ты што-небудзь параіш…

— Дружбакі, аўтобус чакае, — паклікала нас Рая. — Ці вы ў таксі паедзеце?

На школьным двары стаяў калгасны «пазік». У кабіне сядзеў Сцяпан. Мы з Косцем пераглянуліся: запомнілася, як пасмяяўся з нас Сцяпан, калі ў горад з мехам ехалі.

— Хутчэй, хутчэй. Сёння бясплатна вязу, — крычаў Сцяпан, высунуўшыся з кабіны.

Мы заскочылі ў аўтобус, праціснуліся на самы зад, селі побач на апошнія сядзенні. У аўтобус зайшлі і нашы настаўнікі: Вольга Пятроўна і настаўніца роднай мовы і літаратуры Валянціна Іванаўна. Вольга Пятроўна запытала ў Сцяпана:

— Вы сёння ў Гродна паедзеце?

— А як жа. Там без мяне як без рук, — не стрымаўся Сцяпан, каб не пахваліцца.

Аўтобус крануўся і паволі пакалываўся па вуліцы.

— Чуў? — таўхануў мяне ў бок Косця. — Сцяпан у Гродна едзе…

— Чуў. А нам што да таго?

— І мы з ім паедзем. Крадком у аўтобус прабярэмся, пад задняе сядзенне схаваемся, і няхай імчыць нас Сцяпан. Перад горадам вылезем — не прагоніць.

— А хіба мы там памесцімся — пад сядзеннем? — здзівіўся я.

— Памесцімся, — упэўнена сказаў Косця. — Я аднаго разу глядзеў. Адкінем сядзенне, ляжам адзін каля аднаго, пасля накрыемся і паедзем. — Каб паказаць, як добра нам будзе ехаць, Косця выцягнуў губы ў трубку і зачыхаў, як паравоз: — Чых-чых-чых, чых-чых-чых, ту-ту-ту-у-у… Страчай ліпеньцаў, Гародня!

Смешна выйшла гэта ў Косці, але мне было не да смеху.

Зноў крадком. Не спадабалася мне Косцева задума. Трэба неяк адгаварыць Косцю.

— Жорстка пад сядзеннем, — шапчу яму на вуха.

— А ты ў Сцяпана пуховую пярыну папрасі.

— Ну, схаваемся мы, прыедзем. А далей што? — вырашыў я падступіцца да Косці з другога боку. — Без капейкі ў кішэні ў Гродна прыедзем. Без грошай латарэйныя білеты не возьмеш…

— Есць у мяне грошы, — прашаптаў Косця.

Да нас павярнуўся Дзяніс Гародка, стараста нашага класа.

— Вам не надакучыла? Ля-ля-ля… Ту-ту-ту… Усю дарогу зубы чэшуць. Ужо перапонкі ў вушах баляць.

Звярнуўшы з шашы, аўтобус уз'ехаў на поле. Бульбяны палетак, шырокі і доўгі, як вокам акінуць, цягнуўся паўз яловы лес. Кашлатыя елкі падступалі да самай дарогі, наезджанай трактарамі і аўтамабілямі. За акном шнурамі пацягнуліся пераараныя палоскі.

— Вылазьце, верабейчыкі! — гукнуў Сцяпан. Мы дружна пасыпаліся з аўтобуса.

— Хіба тут будзем збіраць? — запытала Вольга Пятроўна ў Сцяпана. — Брыгадзір казаў, што сюды шэфаў прывязуць. А мы павінны ву-унь за той лясочак ісці. Ці не так?

Вольга Пятроўна паказала рукою на палоску лесу, якая падковаю выпіралася на поле.

— Правільна. Я вас завёз бы туды, — сказаў Сцяпан, — але там лужына. Самі разумееце. У Гродна еду…

— Вы не хвалюйцеся. Мы пойдзем. Каб толькі барозны не пераблытаць. Там не ўсю бульбу трэба збіраць. Розны гатунак пасаджаны.

— Дзе маё не прападала! — махнуў рукою Сцяпан. — Пакажу, дзе збіраць. Учора быў з брыгадзірам на полі. Яшчэ даімчыць мая ластаўка ў Гродна, не падвядзе.

Косця таўхануў мяне ў бок.

— У лес пабеглі. Схаваемся. А потым у аўтобус і — пад сядзенне…

— Не магу.

— Баішся? Тады я адзін паеду.

Хіба мог я пакінуць Косцю аднаго? Ды яшчэ каб ён думаў, што я баязлівец? Вядома, не. І я пагадзіўся з ім:

— Ну добра… Пайшлі.

Мы непрыкметна збочылі ў лес. Нейкі час ад дарогі чуліся, аддаляючыся, вясёлыя крыкі, а мы моўчкі стаялі, прытуліўшыся да шурпатага ствала елкі. А пасля, калі гамонка сціхла, мы як апантаныя кінуліся да аўтобуса.

Каля аўтобуса Косця аддаў мне сваё вядро, скамандаваў:

— Ты лезь, а я ў разведку схаджу. Можа, хапіліся, шукаюць нас. Трэба праверыць.

Я моўчкі таптаўся каля аўтобуса. Аднаму, без Косці, не хацелася пад сядзенне лезці.

— Ты не хвалюйся. Я хутка вярнуся, — супакоіў мяне Косця.

Паволі-паволі падняўся на прыступку.

— Не хвалюйся, хутка вярнуся, — крыкнуў Косця і пакрочыў па дарозе.

Я залез у аўтобус, паставіў вёдры, а пасля, падняўшы задняе сядзенне, лёг на ніз і накрыўся ім, як накрыўкай. Надзіва, пад сядзеннем было не мулка. Там ляжалі нейкія анучы, Сцяпанава ватоўка, якую я сунуў сабе пад бок. Лёг, памацаў каля сябе рукамі, правяраючы, ці застанецца месца Косцю. Здаецца, засталося, месца хопіць і яму. Задаволены, што ўсё так добра складваецца, я сцішыўся.

Прайшла хвіліна, другая, а Косці ўсё няма. Нешта доўга яго разведка цягнецца. Няўжо ён ашукаў мяне, няўжо знарок засадзіў сюды? Я пачакаў яшчэ некалькі хвілін. Косці няма… Не стрываўшы, я скінуў з сябе сядзенне, прыпадняўся і… адразу сеў. Ногі быццам самі сабою падагнуліся. Да аўтобуса кіраваліся Сцяпан і класная, Вольга Пятроўна.

Трэба ратавацца. Дзе ж Косця?.. Ратавацца, але як?..