109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 64

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 64

— Мама, што гэта? Каго тата прынёс?

— Н-не ведаю, — сумеўшыся, прамовіла мама. А з калідора мацней:

— Мя-а-а-а…

— Супакойся, кажу табе! — строга сказаў тата.

— Мама, ты чуеш?!.

— Ч-чую, чую…

Мама павольна ўстала і выйшла з пакоя. Я ўсхапіўся — і за ёю.

На калідоры стаяў тата і трымаў у руках ягня. Ен гладзіў яго і ціхенька казаў:

— Супакойся, супакойся. Ну, вось і прыехалі… Убачыўшы нас, тата вінавата ўсміхнуўся.

— Галоднае. Усяго другі дзень яму. Мікола, трактарыст з Асабнякоў, даў мне яго…

Мама прайшла на кухню, апусцілася на табурэтку.

— Малайчына, — толькі і прамовіла.

— Мя-а-а-а, — заплакала ягня.

Тата апусціў яго на падлогу. Ягня было вельмі прыгожае. Чорнае, з белай падкоўкай на лбе, а вушы доўгія-доўгія, адно з белай плямінкай. Шырока расстаўляючы заднія ногі, ягня прастукала вострымі капыткамі па падлозе, падышло да мяне і таўханулася мяккай пысай у мае ногі.

— Мя-а-а-а…

— Я чакаю, а ён… Сумлення не маеш, — з дакорам зірнула мама на тату.

— Мама, не сварыся на тату, — заступіўся я. — Бачыш, якое прыгожае ягня ён прынёс!

— Яно есці хоча, — нясмела прагаварыў тата.

— Мя-а-а-а, — адказала ягня.

— Я яму хлеба дам!.. Ці булкі,— закрычаў я. Мама нагнулася, пакратала ягня за вушы.

— Вось які ты вушасцік.

— Мы яго Вушасцікам і будзем зваць, — узрадаваўся я. — Вушасцік! Вушасцік! Мама, дай Вушасціку булкі.

— Яно яшчэ толькі малако п'е. З соскі,— усміхнуўся тата. — Вера, я соску пашукаю. У нас навінна быць.

— Шукай, — сказала мама.

Я здагадаўся, што мама ўжо не злуе на тату.

Мама падагрэла малако, і мы пачалі паіць Вушасціка з бутэлькі. Спачатку Вушасцік не разумеў, што яму даюць малако, упіраўся, адварочваў пыску. Тады мама пасадзіла яго сабе на калені, але ён вырваўся, падскочыў і ўпаў на бачок.

— Ой, забіўся!.. — спалохаўся я.

Але Вушасцік устаў і працягла закрычаў:

— Мя-а-а-а…

— Без мукі не набыць навукі,— сказаў тата.

— Пі, Вушасцік, пі,— прасіў я і прыцмокваў языком, каб паказаць, якое смачнае малако.

І Вушасцік нібы зразумеў мяне, пачаў піць, ласа цмокаючы. Падахвочваючы Вушасціка, я таксама ў такт яму цмокаў языком. Я вельмі баяўся, што Вушасцік пакіне піць, але ён выпіў гэтае малако і зноў ухапіўся за соску.

— Мама, Вушасцік яшчэ хоча.

— Хопіць, — сказала мама. — Зараз ён ляжа і будзе спаць. Заўтра вечарам тата да бабулі яго завязе. І ты, Максім, ідзі спаць. Пацешыўся.

Мне хацелася яшчэ хоць хвілінку пабыць з Вушасцікам, але мама не дазволіла. Развітваючыся з Вушасцікам, я пагладзіў яго.

— Цяпер умееш піць малако? Смачнае? Спадабалася? А спінка не баліць?

— Мя-а-а-а, — адказаў Вушасцік.

— Пацярпі, Вушасцік, пацярпі. Яшчэ не раз ты будзеш падаць. «Без мукі не набыць навукі», — паўтарыў я Вушасціку татавы словы.

Бывай, Вушасцік!

А восьмай гадзіне раніцы я прачнуўся. І адразу пабег на кухню, да Вушасціка. А Вушасцік ужо стукае капыткамі па падлозе, круціць маленькім хвосцікам. Убачыў мяне, падбег, каля ног трэцца, лашчыцца.

— Максім, хто за цябе будзе мыцца? — заглянуў на кухню тата.

Пайшоў я ў ванную, а Вушасцік — за мною. Бяжыць і тоненька заводзіць:

— Мя-а-а-а…

Адкрыў я кран — вада зацурчэла. А Вушасцік задраў галоўку і слухае. Маўляў, што гэта? Страшна яму цераз парог пераступіць. Але адважыўся, зайшоў у ванную. Стаіць каля мяне, не адыходзіцца. Вось які разумны! «Трэба і яму капыціш памыць», — думаю. Я ўзяў Вушасціка на рукі, набраў вады ў жменю, пырснуў Вушасціку на ногі, а ён як страпянецца — ледзь яго ўтрымаў.

— Мя-а-а, — просіцца, каб не мыў.

Пашкадаваў я яго. Выцер капыткі ручніком і адпусціў.

— Максім, — паклікала мяне мама, — нам з татам на работу трэба ісці. Праз паўгадзіны напоіш Вушасціка малаком. Малако ў бутэльцы стаіць. Гэтае вып'е, а болей не давай, бо пашкодзіць.

— А хто яго потым накорміць? — пытаюся ў мамы. — Няўжо ён цэлы дзень будзе галодны?

— Як-небудзь я з магазіна вырвуся, пакармлю, — сказала мама. — Не дай яму малака — ён на ўвесь дом раскрычыцца. Нецярплівы.

Роўна а палове дзевятай напаіў я Вушасціка малаком. Лёг ён на посцілку, вочкі прыжмурыў. Натаміўся, напэўна, цэлы ранак па хаце тупаючы.

Што ж, адпачывай. Пасля ўрокаў сустрэнемся.