109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 66

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 66

— Праўда, Максім? — павярнулася да мяне Рая.

— Угу, — выдыхнуў я.

І тут празвінеў званок. Усе кінуліся за парты, толькі Косця на хвілінку затрымаўся каля мяне.

— Што ў рукзаку?

— На перапынку скажу, — паціху прамовіў я.

Першым урокам у нас была гісторыя. Вольга Пятроўна ўвайшла ў клас, прывіталася з намі, села за стол, пачала штосьці запісваць у журнале. Хоць я стараўся сядзець роўна, але заўважыў, як Раіна рука пацягнулася да рукзака. Я непрыкметна адсунуў рукзак далей ад яе. Рая крыху перачакала і зноў пацягнулася да рукзака. Я не стрымаўся і пляснуў ёй па руцэ. Вольга Пятроўна падняла галаву.

— Талерчык, устань.

Уставаць мне не хацелася. Я разумеў, што Рая абавязкова праверыць, што ў рукзаку, калі ўстану.

— Устань, Талерчык, — паўтарыла Вольга Пятроўна.

Прыйшлося ўстаць.

— І не сорамна табе, Максім? Толькі ўрок пачаўся, а ты ўжо дысцыпліну парушаеш.

— Вольга Пятроўна, гэта не я. Я ціха сядзеў.

— У вочы хлусіш. А…

Вольга Пятроўна не паспела даказаць, бо з працяглым крыкам «о-о-ой!» з-за парты выскачыла Рая. Плечы ў яе калаціліся, твар збялеў.

— Вольга Пятроўна, там, там…

Вольга Пятроўна шырока раскрытымі вачыма глядзела на яе.

— Што там? Супакойся, Раечка. Рая паказала рукою пад парту.

— Там, у рукзаку. Там… Я палец праз дзірку прасадзіла, а там…

— Што там? Кажы хутчэй.

Вольга Пятроўна ступіла да нашай парты крок, другі, спынілася.

— Што там?

— Кот у рукзаку сядзіць. Ён ката ў рукзаку прынёс. Ен яго малаком поіць. Ен мяне за палец ухапіў.

Вусны ў Вольгі Пятроўны задрыжэлі.

— Рая, хто цябе за палец ухапіў?

— Максім ката ў рукзаку прынёс. А Косця сказаў, што гантэлі. Кот мяне за палец ухапіў. Праз дзірку.

Вольга Пятроўна адступілася назад.

— Максім, каго ты ў рукзаку прынёс?

— Вольга Пятроўна, можна, я праверу? — выскачыў з-за парты Ігар Бушуеў.

— Не трэба, Ігар. Максім сам растлумачыць.

— Мя-а-а, — нечакана пачулася з рукзака.

— Ой! — войкнула Рая, — Коцік плача!..

Вольга Пятроўна адступілася яшчэ далей, да самай класнай дошкі. Мне стала смешна. Безабароннага Вушасціка баіцца.

— Вольга Пятроўна, — гучна сказаў я. — У мяне ў рукзаку сядзіць Вушасцік. Рая прасунула палец у дзірку, а ён падумаў, што соска, і ўхапіў яго.

— Вушасцік? Які Вушасцік? — рукі ў Вольгі Пятроўны бездапаможна апусціліся.

І давялося мне расказаць, як тата прынёс ягня, як мы паілі яго малаком, як пашкадаваў сёння пакідаць яго дома. Потым выняў Вушасціка з рукзака, паставіў на парту. Усе аднакласнікі як адзін збегліся да маёй парты, загаманілі:

— Які прыгожанькі!

— Падзівіцеся, як хвосцікам круціць!

— Язычок, язычок паказвае!

— Згаладаўся ў рукзаку, хоча малака!

І Вольга Пятроўна пагладзіла Вушасціка, прамовіла са здзіўленнем:

— Яшчэ маленькі, а ўжо поўсць кучаравая. — А потым строга дадала: — Максім, у нас не цырк, а ўрок гісторыі. Аднясі яго дамоў.

— Няхай пабудзе, — паспрабаваў запярэчыць Косця.

— Максім, у нас не цырк, — паўтарыла Вольга Пятроўна. — Зразумеў?

Я, вядома, зразумеў. Зразумеў, што не цырк, а ўрок гісторыі, і яшчэ зразумеў, што дабром гэта для мяне не скончыцца.

Я ўзяў Вушасціка і пачаў садзіць яго ў рукзак. Але ён заўпарціўся, ніяк не хацеў лезці ў рукзак. Напэўна, спадабаліся яму мае аднакласнікі.

А вечарам прыехаў тата, забраў Вушасціка і павёз да бабулі. Я паспрабаваў запярэчыць:

— Не вязі. Няхай у нас пажыве.

— Я яшчэ з табой пагавару, — як адрэзаў тата. Я кінуўся да акна. Машына з Вушасцікам паехала, схавалася за павароткай, а я яшчэ доўга-доўга глядзеў на дарогу.

Бывай, Вушасцік!

ЧАСТКА ДРУГАЯЯк я хацеў быць настаўнікам

Мурашка невялікая, а горы капае

На наступны дзень я хадзіў як сонны. І так здарылася, што шыбу ў класе разбіў. Узяў лінейку, каб паказаць, як жанглюю, незнарок стукнуў па шыбіне. Шкло зазвінела і разляцелася на кавалкі. А яшчэ тройку па матэматыцы атрымаў.