109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

Перад апошнім урокам Рая Салевіч мяне папярэдзіла:

— Талерчык, пасля ўрокаў зойдзеш у піянерскі пакой. Цябе будуць разбіраць на пашыраным пасяджэнні камітэта камсамола, савета дружыны і вучнёўскага камітэта.

Быццам я сапсаваная машына, якую па частках разбіраюць. Разбіраць… Ды яшчэ на пашыраным пасяджэнні. А чаму не на павялічаным? Так было б правільней. Навыкопвалі нейкіх нядобрых слоў. Адзін страх ад іх. Выпаў мне гонар! На гэтым пашыраным пасяджэнні, відаць, і Вольга Пятроўна будзе. Што рабіць? А калі ўцячы?

Ігар Бушуеў як адгадаў мае думкі:

— Дык ён уцячэ! Не дачакаецеся вы яго.

— Няхай паспрабуе! — з пагрозаю прамовіла Рая. — Вольга Пятроўна бацькоў у школу выкліча.

І праўда, выкліча. А тата па галоўцы мяне не пагладзіць. Ен ужо чытаў мне мараль, калі ў той вечар вярнуўся ад бабулі. І мама яму дапамагала. А цяпер, мабыць, адной мараллю не абыдзецца…

Скончыўся ўрок. Я выйшаў на двор. Уцякаць ці не ўцякаць? Не, бяды не абярэшся. Я пастаяў, патаптаўся і зноў вярнуўся ў клас.

— Талерчык, хадзем, — зайшла ў клас Вольга Пятроўна.

— Куды? — нібыта не зразумеў я яе.

— У піянерскі пакой. Хіба табе Рая Салевіч не казала?

— Казала, — мусіў прызнацца я.

У піянерскім пакоі за сталамі, пастаўленымі ў доўгі рад, сядзеў увесь наш школьны актыў. Тут былі і мае аднакласнікі: Дзяніс Гародка і Рая Салевіч. «Дастанецца мне ад Раі,— падумалася. — Усё-ўсё прыпомніць яна мне: і як за касу тузаў, і як шкло разбіў».

Вольга Пятроўна села за стол, а я спыніўся каля парога.

— Сядай, — прагаварыў Пеця Швайдзюк, сакратар камітэта камсамола нашай школы.

Расседжвацца тут мне не хацелася, і я адказаў:

— Вы не хвалюйцеся. Я пастаю.

— Нешта ты вельмі ветлівы стаў,— не сцярпела Рая.

Так, ад Раі літасці не дачакаешся. Разбярэ яна мяне. Па костачках разбярэ.

Дзяніс Гародка падсунуў крэсла.

— Сядай, Максім.

Я сеў на самы краёчак.

З-за стала ўстаў Пеця, спачатку чамусьці пракашляўся, а потым пачаў:

— У нас зусім маленькая школа — усяго дзевяць класаў у ёй. Такія школы цяпер чамусьці называюць няпоўнымі сярэднімі.

«Ну, — думаю, — зараз распачне Пеця прамову. На цэлую гадзіну, не меней. Пра мяне не хутка пачне гаварыць».

Я не стрымаўся і пазяхнуў. Так соладка, што аж нешта за вушамі хруснула.

Заўважыў Пеця, што я пазяхнуў, не спадабалася яму.

— Ты, Талерчык, мусіць, дома не выспаўся?

— Але, не выспаўся, — шчыра прызнаўся я. — Тата ўчора Вушасціка да бабулі завёз, а я ўсю ноч не спаў. Думаў.

— У нашага Максіма заўсёды не так, як у іншых: ён спачатку зробіць, а потым думае, — уела мяне Рая.

І чаму Рая так не любіць мяне? Пэўна, таму, што не слухаюся яе, што пад яе дудку не хачу скакаць. Не дачакаешся.

Я скоса зірнуў на Раю.

— А ты лепшая? Хто заўчора Ігару Бушуеву даў матэматыку спісаць? Хіба не ты? А ён цябе пасля цукеркамі пачаставаў. Можа, не так?

Не хацеў я казаць пра тое, што Рая дазволіла Ігару спісаць матэматыку. І пра цукеркі не хацеў. Але вырвалася. Неяк само сабою.

Я спачатку разгубіўся, нават спалохаўся, чакаў, што зараз Рая ўскочыць і пачне, і пачне… Чакаў, што не толькі ад Раі мне дастанецца.

Але Рая маўчала. Твар у яе быў барвовы, як бурак. І Пеця маўчаў, і Вольга Пятроўна маўчала.

У мяне зноў сарвалася з языка:

— Чыё б мычала, а тваё маўчала.

Рая войкнула. Штосьці хацела сказаць Вольга Пятроўна, ускочыла з крэсла, але зноў села. Першым апамятаўся Пеця Швайдзюк.

— Талерчык, ты ведаеш, чаго цябе сюды прывялі?

— Ну, ведаю, — неахвотна сказаў я. — Разбіраць.

— А калі ведаеш, то трымай язык за зубамі. І тройкі ў цябе, і розныя гісторыі, і дзяўчынак крыўдзіш.

Я ўздыхнуў. Так, трэба трымаць язык за зубамі. Нагавару на сваю галаву.

— Максім, ты любіш жывёлу? — нечакана запытаў Пеця.

— Ну, люблю, — адказаў.

— Вельмі добра, — Пеця аж рукамі пацёр, пэўна, задаволены. — Мы арганізоўваем школьнае звяно жывёлаводаў. Цябе, Максім, хочам звеннявым прызначыць.

Я паглядзеў на Вольгу Пятроўну. Вольга Пятроўна ледзь прыкметна ўсміхнулася. Напэўна, яе задума. Пеця не здагадаўся б звеннявым мяне прызначыць. А можа, смяюцца яны з мяне? Відаць, смяюцца. У нашай школе ніводнай жывёліны няма. Смяюцца — за тое, што Вушасціка ў клас прынёс. Ну і няхай смяюцца.

Пеця, пэўна, здагадаўся, пра што я думаю.

— Я табе, Максім, сур'ёзна кажу. Мы з Вольгай Пятроўнай раіліся. Хутка ў школу трусоў прывязуць. Ваш клас будзе іх даглядаць. А цябе звеннявым прызначым. Дык згодны?

У мяне як гара з плячэй звалілася. Усё-такі не смяюцца. А я так кепска думаў пра ўсіх…