109893.fb2
— Добра. Я згодны. Мне можна ісці? Усё?
— Яшчэ не ўсё, — сказаў Пеця.
«Зараз пачнуць разбіраць, — падумаў я. — Спярша пагладзілі, а цяпер наб'юць».
Пеця чамусьці сеў. Устала Вольга Пятроўна.
— Максім, — звярнулася Вольга Пятроўна да мяне, — у суботу ў нашай школе будзе дзень самакіравання. Вам, вучням, мы даверым школу. Усё-ўсё самі будзеце рабіць. І дзяжурыць, і ўрокі праводзіць. У гэты дзень мы вырашылі і суботнік правесці. Толькі самі яго арганізуеце. Будзеце макулатуру збіраць.
Пачуўшы такое, я ажно пырхнуў ад смеху.
— Мы — суботнік?! Мы — урокі?.. Вольга Пятроўна, а вы хіба паедзеце куды? Ведаеце, колькі пяцёрак у гэты дзень панастаўляюць?
— Рана смяешся, — не стрымалася Рая. — Не чакай лёгкіх пяцёрак. Я ў нашым класе ўрок геаметрыі праводжу. Пабачым, як смяяцца будзеш…
Як пачуў, што Рая ўрок геаметрыі ў нашым класе будзе праводзіць, у мяне адразу прапаў смех. Яна мне пэўна паставіць двойку. Вялікую, тлустую…
— Дзень самакіравання праверыць вашу самастойнасць, — сказала Вольга Пятроўна. — Памятай пра гэта, Максім. У гэты дзень мы і пабачым, ці можна табе даручыць звяно. Зразумеў?
— Зразумеў,— сказаў я. — Цяпер мне можна ісці?
— Цяпер можна, — усміхнулася Вольга Пятроўна.
На калідоры наша школьная тэхнічка цётка Надзя мыла падлогу.
— Добра цябе папарылі,— сустрэла яна мяне. — Вунь як упацеў. Ды асабліва не бядуй. Вазьмі сябе ў рукі. Мурашка невялікая, а горы капае.
Я хацеў расказаць цётцы Надзі, што хутка буду звеннявым, але стрымаўся: трэба яшчэ дзень самакіравання перажыць. Ну а потым… Потым мой фотаздымак цётка Надзя ўбачыць на Дошцы гонару. Правільна яна сказала: мурашка невялікая, а горы капае.
Дома я адразу дастаў падручнікі і сеў за ўрокі. Тры гадзіны сядзеў. Так зачытаўся, што нават не пачуў, калі тата і мама прыйшлі.
Заглянуў тата ў мой пакой, заглянула мама — абое пасталі і стаяць у дзвярах. Моцна я іх здзівіў. Не ведаю, колькі яны стаялі б там, калі б я не запрасіў:
— Вы праходзьце, не бойцеся. Я ўжо ўсе ўрокі вывучыў.
Не паверыў мне тата:
— Пакажы, што напісаў.
— Калі ласка, — падсунуў я да таты стос сшыткаў.— У гэтым задача па алгебры, а ў гэтым практыкаванне па белмове. А гэта контурная карта. Горы я замаляваў. Магу і вусна адказаць.
Праверыў тата мае сшыткі, і контурную карту праверыў, да мамы павярнуўся.
— Глядзі ты — усё зрабіў! Аказваецца, у яго і галава на плячах ёсць…
— А гэта не ўчарашняе? — запытала мама.
— У дзённіку паглядзіце. Там усё запісана… Тата ўзяў мой дзённік, пагартаў.
— Сённяшняе заданне ён выканаў. Трэба яго часцей на пасяджэнне выклікаць.
Цікава, ад каго яны пра сённяшняе пасяджэнне даведаліся? Але не дзіва. Усё-ткі вёска. У адным баку чыхнуў, а ў другім чуваць. Але што яны скажуць, калі Даведаюцца, што я звеннявым буду?
— Што табе казалі там? — запытаў тата.
— Дзе там? — прыкінуўся я, што не разумею.
— Ты дурнем не прыкідвайся, — строга сказаў тата. — Напэўна, вымову далі?
— Ды не. Звеннявым выбралі,— знарок абыякава адказаў я.
— Максім, ты не смейся. Недарэчныя смешкі,— прамовіла мама.
— Я зараз выведу ягоныя смешкі,— узлаваўся тата. — Вось толькі папругу вазьму.
Спалохаўся я. Як даказаць, што буду звеннявым?
— Нам у школу трусоў прывязуць. Будзем іх гадаваць, — кажу. — Жывёлагадоўчае звяно ў школе арганізоўваюць. А я — звеннявы…
— Гм… — гмыкнуў тата, — заслужыў.
Гэтае «заслужыў» быццам са здзекам ён прамовіў. А я далей расказваю:
— Тата, мы ў суботу дзень самакіравання праводзім.
— Дзень самакіравання? — прыжмурыўся тата.
— Але, дзень самакіравання. Я праўду кажу. Настаўнікі хочуць, каб мы былі актыўнымі…
— Актыўнасці ў цябе хапае, — перапыніў тата.
Я на хвілінку разгубіўся, потым пачаў зноў даказваць:
— У нас вучні і ўрокі будуць праводзіць.
— Урокі праводзіць? — здзівілася мама.
— Будуць, мама! Усё-ўсё самі будуць рабіць. Іх хочуць да самастойнасці прывучыць.
— Іх? — запытаў тата. — А цябе, мабыць, не?
— Мабыць, і мяне, — апусціў я галаву. Тата з мамай пераглянуліся.
— Цяпер мне зразумела, чаму ты без нас урокі вучыш.
«Чым яшчэ здзівіць тату? — думаю. — Пахвалюся… Хіба ён даведаецца, што схлусіў?»