109893.fb2
— Глупства, — сказаў Васіль.
— Не глупства, а фокус, — не пагадзіўся з ім.
Я аж трымцеў ад хвалявання. Такога хвалявання, як сёння, ніколі не было. Нават у сталічным цырку, калі на экскурсію ездзілі. Там мы радаваліся, крычалі. Там, можна сказаць, усё зразумела. Фокуснік на цыркавой арэне — гэта работа. А тут лес, паляна, турыст Піліп Макаравіч, які немаведама чаму спыніўся ў нашым лесе. Магчыма, фокуснік, а магчыма, і не. Магчыма, певень з тэрмаса выскачыць, закукарэкае, магчыма, маланка блісне і гром над галавою трэсне. Усяго-ўсяго, што ёсць і чаго няма на свеце, чакаў я ад гэтага незвычайнага турыста.
Піліп Макаравіч, бачым, адкруціў чырвоную накрыўку тэрмаса, пачаў наліваць у колбу нешта белае, густое, падобнае на смятану. Пасля разарваў адзін пакет, другі, трэці… Пакуль што з тэрмаса нават верабей не выскачыў.
— І навошта ён гэта робіць? — не стрываўся Васіль. — Свой новы веласіпед аддаў бы, не пашкадаваў, каб толькі даведацца, навошта.
— Пацярпі. Зараз даведаешся.
Што б, вы думалі, убачылі? Піліп Макаравіч з аднаго поліэтыленавага пакета, з другога, з трэцяга высыпаў у колбу нейкі шэры парашок. У колбе зашыпела, забулькала.
— Васіль, кладзіся! Узарвецца!
— Не, — сказаў Васіль. — Калі б узарвалася, то і турыст уцякаў бы. А ён сядзіць, нібы турак, скрыжаваўшы ногі.
Я выцягнуў шыю, гляджу. Над палянай дымілася воблачка, быццам ад порхаўкі, на якую неасцярожна наступілі.
— Ен хімік. Доследы праводзіць, — кажу Васілю.
— Не хімік, а алхімік, — паправіў Васіль. Да мяне спярша не дайшло.
— Хто-о-о?
— Алхімік, — паўтарыў Васіль. — Былі ў старажытнасці такія вучоныя. Яны стараліся з жалеза золата вылучыць.
— Па-твойму, Піліп Макаравіч хоча золата з шэрага парашку вылучыць?
— Не хоча, а вылучае. У яго, відаць, і ў рукзаку золата ляжала. Раней навылучаў. Цяжкі рукзак, як падняць.
Цуд! Сапраўдны цуд! Можа, сапраўды Васіль на сваёй галаве насіў рукзак з золатам? Вось каб мне хоць маленькі кавалачак золата! За яго магнітафон купіў бы. А калі б засталіся грошы, марожанага накупляў і ўсіх-усіх у школе частаваў бы.
Трэба папрасіць кавалачак золата ў Піліпа Макаравіча. Няўжо не дасць, пашкадуе?
— Я пайду, — кажу.
— Куды? — пытаецца Васіль.
— Кавалачак золата ў Піліпа Макаравіча папрашу.
— Сядзі і не высоўвайся.
«Што ж, пасяджу, пачакаю, калі вылучыць. А пасля адразу на паляну. Дасць, нідзе не дзенецца», — думаю.
Піліп Макаравіч тую вадкасць, якая шыпела і булькала, наліў у накрыўку з-пад тэрмаса і… пачаў піць, нібы каву.
— П'е, — прыўзняўся я.
— І не баіцца, што разарве, — працягла вымавіў Васіль. — Аблізваецца, нібы кот. Вось як ён палуднуе!
Мы глядзелі як заварожаныя. А Піліп Макаравіч выпіў вадкасць, якая шыпела і булькала, узяў тэрмас, колбу, пакеты і палез у палатку.
Я падсунуўся да Васіля.
— Васіль, у яго ў жываце, відаць, ох як шыпіць і булькае. Давай паклічам яго.
— Хочаш паслухаць, як у жываце шыпіць і булькае?
— Хачу, — прызнаўся я. — А заадно запытаем, чаму ён гэтую вадкасць п'е.
— Не, — не пагадзіўся Васіль.
— Не цярпіцца. Разумееш?
— А мне, ты думаеш, цярпіцца? Аж падымае нешта. Так хочацца да палаткі рвануцца. Пацерпім. Пачакаем. Ваду муціць гэты турыст. Пабачым, чыя возьме.
— Ты нешта прыдумаў?
— Есць адна задумка, — коратка адказаў Васіль.
Так і не здагадаліся мы з Васілём, хто такі Піліп Макаравіч. Думалі, што фокуснік, спадзяваліся, што певень вылеціць ці што-небудзь іншае жывое з'явіцца… Няўжо сапраўды ён алхімік? Чаму вадкасць, якая шыпела і булькала, піў? Няўжо яна яму не пашкодзіла? Чаму? Назбіралася гэтых «чаму?», спляліся ў такі вузельчык, што канец з канцом ніяк не звяжаш.
— Дык ты лічыш, што Піліп Макаравіч алхімік? — пытаюся ў Васіля.
Васіль развёў рукамі.
— Не ведаю.
— Чаму не ведаеш? Тады крычаў, што алхімік. Цяпер — не ведаю, — накінуўся я на яго.
— Я не крычаў, а шаптаў,— спакойна сказаў Васіль.
Крычаў… Шаптаў… Быццам вялікая розніца. Няўжо гэта не даходзіць да яго?
Я адчуваў, што трачу цярпенне. Не дзіва. Столькі навалілася за гэтыя дні! І Мураш, і вочы-светлякі, і гэтыя хімічныя доследы. Усё пераблыталася ў галаве.
— Чаму прашаптаў? — сказаў павольна, раздзяляючы кожнае слова, каб дайшло. — Якія-небудзь доказы ёсць у цябе?
Васіль зноў спакойна:
— Былі, ды сплылі.
— Калі яны сплылі?
— Калі, калі… Тады сплылі, калі дзівак-турыст стаў вадкасць піць. Цяпер разумееш? Сам паварушы галавою. Дай яму яечка, ды яшчэ і аблупленае.