109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 70

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 70

Ага, вунь ідзе Аленка, мая суседка, ляльку ў руках трымае.

— Аленка, — паклікаў я, — хадзі сюды. Падышла Аленка, прыклала палец да вуснаў.

— Тс-с. Насця спіць. Разбудзіш.

— Тваю ляльку Насцяй зваць? — здалёку пачаў я.

— Насця. Мы яе ўчора з мамай купілі.

— Прыгожае імя, — пахваліў я. — І банты ў яе прыгожыя.

— І сарафанчык у Насці ёсць, — пахвалілася Аленка.

— Прыгожы, — пакратаў я Насцін сарафанчык. — Яна і гаварыць умее?

Аленка нахіліла ляльку, і пачулася штосьці падобнае ці то на «ма-а», ці то на «я-а-а».

— Ты яе разбудзіў,— раптам закрычала Аленка. — Яна ўжо плача.

Яшчэ бяды не было. Зараз гэтая Аленка ляманту наробіць. Падумаюць, што пакрыўдзіў яе.

— Аленка, ты на мяне не крычы, калі ласка. Я незнарок тваю Насцю разбудзіў. Калі хочаш, я яе гаварыць навучу. Яна ніколі не будзе плакаць.

Аленка ад здзіўлення ажно вочкі паказерыла.

— Твая лялька толькі плакаць умее. Я-а-а, — перадражніў я Аленчыну Насцю. — А слоў зусім не ведае. Дай мне Насцю — я ўсім-усім словам яе навучу, навучу яе гаварыць.

Аленка мацней прыціснула ляльку да сябе.

— Не дам.

Вось упартае дзяўчо! З якога ж боку падступіцца да яе?

— Не бойся, Аленка. Я не назусім вазьму. Толькі да вечара ў мяне пабудзе. А вечарам прынясу. Я табе шакаладку дам.

— Цяпер дай.

Малое, а якое хітрае. Разумее, што потым магу не даць.

Я пабег дамоў, узяў плітку шакаладу. Гэты шакалад бабуля мне перадала, калі тата Вушасціка да яе вазіў. Прывёз тады тата шакалад, але загадаў, каб я яго датуль не еў, пакуль свае тройкі не выпраўлю.

Прынёс шакалад, кажу Аленцы:

— Давай мы шакаладам падзелімся. Палову табе, палову мне. Згода?

— Увесь мне, — адказала Аленка.

Я толькі галавою пакруціў, як пачуў гэткае. Ды не стаў таргавацца. Аддаў шакалад.

— Давай сваю Насцю.

— Не дам, — кажа Аленка і цісне Насцю да сябе.

— Дык ты не хочаш, каб я навучыў яе гаварыць? — закрычаў я.

— Ам-манваеш…

— Я абманваю?! Хлушу? — стукнуў я сябе кулаком у грудзі.— Ты, мабыць, забылася, як летам у нас лялечны спектакль паказвалі? Памятаеш, як там лялькі гаварылі?

Аленка наморшчыла лобік.

— Успамінай, успамінай. Цябе тата на спектакль прыводзіў. Пра Чырвоную Шапачку паказвалі.

— Успомніла! — узрадавалася Аленка. — Гаварылі яны. Нават воўк гаварыў.

— І я тваю Насцю навучу гаварыць. Яна Чырвонай Шапачкай будзе. Я вечарам табе спектакль пакажу.

— Насця будзе Чырвонай Шапачкай?

— Абавязкова будзе. Калі хочаш, дык я з яе і ваўка зраблю.

— Ваўка не хачу, — спалохана глянула на мяне Аленка.

— Не буду, не буду, — хуценька прамовіў я. — Толькі Чырвоную Шапачку. Табе ўсе сяброўкі пазайздросцяць.

Аленка ўздыхнула.

— Бяры. Але не сварыся на яе. Яна пакрыўдзіцца і не будзе цябе слухацца.

— Ты не хвалюйся. Я ведаю, як з лялькамі размаўляць.

Нарэшце можна патрэніравацца. Я пасадзіў Насцю ў крэсла, сам прымасціўся насупраць.

— Насця, чытай дамашняе практыкаванне, — кажу. А Насця сядзіць і вухам не вядзе.

— Што, не выканала? Сядай. Двойка.

Сядай… Але ж яна і так сядзіць. Трэба спачатку паставіць яе ў крэсла, потым ужо яна сядзе. Сядзе… А чаму яна павінна стаяць? Я яе яшчэ не выклікаў. Дык што яна павінна рабіць? Сядзець ці стаяць? Сядзець, стаяць… Зусім заблытаўся. Як толькі гэтыя дзяўчынкі з лялькамі гуляюць? Не, не хлапечы занятак з лялькаю трэніравацца. Я закінуў Насцю далей дый забыўся пра яе. А вечарам, калі тата і мама глядзелі перадачу па тэлевізары, у дзверы пазванілі. «Каго гэта поначы нясе? — думаю. — Няйначай, Косця».

Адчыніў дзверы — гурма малечы стаіць, і Аленка ўперадзе.

— Куды гэта вы? — дзіўлюся я. А яны лезуць проста на мяне.

— Хочам спектакль паглядзець.

— Максім, пакажы нам лялечны спектакль. Выглянула мама, рукамі ўспляснула.

— Адкуль вас гэтулькі назбіралася?