109893.fb2
І тата не вытрываў, на калідор выйшаў.
— На які спектакль, дзеці? Загаманіла малеча, хоць вушы затыкай.
— Пра Чырвоную Шапачку.
— Максім у Аленкі Насцю забраў.
— Максім Насцю навучыў гаварыць. Тата таргануў мяне за плячо.
— Чаго стаіш як вады ў рот набраўшы? Зноў нешта ўтварыў?
— Нічога я не ўтварыў. Проста пажартаваў. Ляльку ў Аленкі ўзяў, сказаў, што навучу гаварыць, што спектакль пакажу, а яна паверыла. Патрэбна мне яе лялька…
Я пайшоў у пакой, прынёс ляльку і аддаў яе Аленцы. Аленка прыціснула сваю Насцю да грудзей, загаварыла да яе:
— А я думала, што ты будзеш Чырвонай Шапачкай…
Дзеці насупіліся, сціхлі. «Малыя, а гонар маюць», — падумаў я.
— Максім, — сказаў тата, — ты абяцаў паказаць спектакль пра Чырвоную Шапачку?
— Ну, абяцаў,— мусіў прызнацца я.
— Дык навошта ты словамі раскідаешся? Слова не верабей: выпусціш — не зловіш. Ты мяне зразумеў?
— Зразумеў.
— Добра, што хоць зразумеў. Спектакль, канешне, ты не пакажаш. Табе трэба многа кашы з'есці, каб спектакль паказаць. А вось казку прачытай. Пра Чырвоную Шапачку. Як абяцаў. Дзеці, хочаце, каб Максім вам казку пра Чырвоную Шапачку прачытаў?
— Хочам, — дружна, як па камандзе, прагучала ў адказ.
— Дык заходзьце, — запрасіў тата гэтую грамаду ў пакой.
І давялося мне чытаць казку пра Чырвоную Шапачку. Пра тое, як яе воўк з'есці хацеў.
Слова не верабей: выпусціш — не зловіш!
Перад днём самакіравання я паспрачаўся з мамай. А ўсё з-за таго, што не захацела мама мае штаны прасаваць. Прыходзіць да мяне ў пакой і кажа:
— Сёння штаны і сарочку будзеш сам прасаваць. Я спачатку падумаў, што мама жартуе, і яе словы міма вушэй прапусціў. А яна праз паўгадзіны зноў напамінае:
— Не забудзься штаны і сарочку папрасаваць!.. Заўсёды прасавала, а сёння не хоча. Перад такім днём! Чаму яна так?
— Мне дыхнуць няма калі,— кажу. — Заўтра ўрок праводжу. Папрасуй ты мне.
А мама:
— У школе ты настаўнік, а дома дзіцё малое. Не, сваю самастойнасць ты і дома пакажы.
— Я не ўмею прасаваць…
— А ты павучыся. Адзін раз папрасуеш, другі — вось і навучышся.
— Ты хочаш, каб я заўсёды свае штаны і сарочку прасаваў?
— Хачу, каб заўсёды, — сказала мама. — А калі лянуешся, то можаш і так у школу ісці.
У другі дзень, вядома, я гэтак і зрабіў бы. Але ў дзень самакіравання… Не разумее мяне мама, не разумее…
Я вырашыў схітраваць. Узяў прас, посцілку на стале разаслаў, свае штаны на той посцілцы распасцёр. Няхай бачыць мама, што не сяджу склаўшы рукі.
Прас грэецца, штаны на стале ляжаць, а я побач сяджу, маму чакаю. Чую: ідзе яна да мяне. Я хуценька вады ў рот набраў і на штаны пырскаю.
— Цфу, цфу, не выходзіць. Цфу, цфу, мабыць, спалю гэтыя штаны. Ніяк кант не выходзіць.
— Выйдзе, — спакойна сказала мама і пайшла. Ну, а я на канапу лёг.
— Не выходзіць! — крычу праз пяць хвілін. А мама:
— Выйдзе, выйдзе…
Ляжу на канапе, разважаю, як маму перахітрыць.
— Максім, да цябе прыйшлі,— паклікала мяне мама.
«Зноў Аленка са сваёй малечай, — думаю. — Відаць, спадабалася ім казка пра Чырвоную Шапачку. Хочуць, каб яшчэ якую пачытаў. Толькі гэтага мне не хапала».
Я выйшаў з пакоя, бачу — Косця ў парозе топчацца.
— Заходзь, Косця, заходзь, — запрасіў я яго. Зайшоў Косця ў пакой і адразу:
— Бяда, Максім. Не змагу я захварэць… Я падумаў, што Косця жартуе.
— Што, кашляць не ўмееш? Навучыць? — смяюся.
— Кашляць я ўмею, — сказаў Косця. — Вось паслухай: кхы-кхы-кхы…
Я зайшоўся ад смеху.
— Хопіць, Костачка, хопіць. Болей не трэба. Я ўжо не магу. Скора пуп развяжацца.
— Перастань смяяцца! — закрычаў Косця. — Хутка будзеш плакаць. Кажу табе, што захварэць я не змагу.
Я адразу перастаў смяяцца, бо зразумеў, што Косця сур'ёзна гаворыць.
— Косця, што здарылася?