109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 73

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 73

Я ні разу не чуў, каб Мікалай Аляксандравіч вершы чытаў. Сёння, мабыць, незвычайны дзень. Мы затаілі дыханне.

— Вам на памяць Серп і МолатДаравала доля,Каб з вас кожны быў, як волат,Не гнуў плеч ніколі,—

моцна гучаў голас Мікалая Аляксандравіча. Мы стаялі не варухнуўшыся.

— Каб здабытую свабодуЗналі, шанаваліІ у цяжкую прыгодуЎсталі грознай хваляй.

Гучна, прыгожа чытаў Мікалай Аляксандравіч. Вось ён абвёў усіх нас позіркам і закончыў:

— Каб рунела зерне тоеВесела, яскраваПобач з нашай маладоюСакалінай славай.

Доўга мы яму апладзіравалі. А потым да мяне падышоў Косця, папракнуў:

— Навошта ты пра брата і кніжкі сказаў? Грошы я сам зарабіў бы.

Я адказаў яму:

— А ў нас які дэвіз? Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.

На мядзведзя ўсе шышкі валяцца

І вось ужо прайшло тры ўрокі, як пачаўся дзень самакіравання. Трэцім урокам у нас была геаметрыя. Геаметрыю праводзіла Рая. Яны выклікала мяне да дошкі. Тэарэму даказваць. Крыху памыліўся, але чацвёрку паставіла. У другі раз я, напэўна, абурыўся б, стаў бы даказваць, што няправільна адзнаку паставіла, але сёння мне было не да гэтага. Я сядзеў як на гарачых вуголлях. Раз-пораз падскокваў, пазіраў у акно, думаў: вось-вось мой і Косцеў таты з'явяцца, саджанцы прынясуць…

Пасля трэцяга ўрока я не вытрываў, на перапынку падышоў да Косці, ціха запытаў:

— Як ты думаеш, нашы хутка прыйдуць?

— Пасля абеду чакай, — сказаў Косця. — Гэта не ў магазіне: прыйшоў і купіў. Ім трэба знайсці старшыню, брыгадзіра, з бухгалтэрыяй дамовіцца. Так што асабліва не хвалюйся. Цяпер урок у мяне. Пабягу да Валянціны Іванаўны. Казала, каб у настаўніцкую прыйшоў.

Косця пайшоў у настаўніцкую, а я застаўся на калідоры.

«Урок у Косці,— разважаю. — Вунь як ён бегае. Пра ўсё забыўся. Цікава: выкліча ён мяне ці не выкліча? І чаму я не папярэдзіў яго? Можна было б цвёрда дамовіцца».

Стаю, гэтак разважаю, і тут мяне як токам працяла. Толькі цяпер я ўспомніў, што дамашняе практыкаванне па роднай мове не напісаў. Зусім забыўся… Спачатку з мамай спрачаліся, каму штаны прасаваць, затым з Косцем пісьмо складалі, пасля на лінейцы выступаў, а яшчэ ў акно глядзеў, майго і Косцевага татаў пільнаваў. Навалілася на мяне турботаў. Хіба ўспомніш пра нейкае практыкаванне? А Косця, відаць, выкліча мяне да дошкі: думае, што я некалькі дзён да ўрокаў рыхтаваўся. Трэба папярэдзіць, каб не выклікаў.

Празвінеў званок, а я стаю на калідоры, чакаю Косцю. Бачу: ідуць. Паперадзе — Валянціна Іванаўна, за ёю — Косця. Косця класны журнал пад пахаю трымае.

Я непрыкметна падышоў да Косці, тузануў за рукаў. Косця строга паглядзеў на мяне, зашаптаў:

— Званка не чуў? І я яму паціху:

— Косця, ты мяне сёння… Косця, не даслухаўшы да канца:

— Добра, добра. У клас ідзі.

Абагнаўшы Валянціну Іванаўну, я падбег да сваёй парты, сеў. «З паўслова мяне Косця зразумеў,— радуюся. — Здагадлівы. Што значыць сябра! Яму не трэба дзесяць разоў паўтараць».

Валянціна Іванаўна села за самую апошнюю парту, на вольнае месца, а Косця — за настаўніцкі стол. Разгарнуў журнал, пытаецца:

— Хто сёння дзяжурны?

— Я! — усхапіўся з-за парты Ігар Бушуеў.

Косця пачырванеў. Мне стала шкада яго. «Здзекуецца Ігар, — падумаў я. — Знарок так моцна выкрыкнуў».

— Ты цішэй не можаш сказаць? — зноў пытаецца Косця ў Ігара.

— Магу. Я, — ужо ледзь чутна прамовіў Ігар.

У Косці пачырванелі не толькі шчокі, але і кончыкі вушэй.

Я адвярнуўся і непрыкметна паказаў Ігару кулак. «Чаго ты так раз'якаўся? — хацелася крыкнуць мне. — Я — апошняя літара ў алфавіце».

Косця апусціў галаву. Напэўна, каб Валянціну Іванаўну не бачыць.

— Хто ў класе адсутнічае? — глуха прамовіў ён.

— Усе, — сказаў Ігар.

Хтосьці засмяяўся. У мяне на лбе выступілі кропелькі поту. Мне здавалася, што гэта не Косця сядзіць за сталом, а я там сяджу.

Здзекуецца Ігар, яшчэ як здзекуецца… Пачынаецца…

— Хто ў класе адсутнічае? — паўтарыў Косця.

— Усе ў класе. Я адразу хацеў сказаць, што ўсе ў класе, ды ў мяне выйшла не так, — вінавата прагаварыў Ігар.

Выходзіць, хвалюецца Ігар. Проста хвалюецца… І Косця, відаць, здагадаўся, што Ігар хвалюецца. Ен узняў вочы.

— Хто прачытае дамашняе практыкаванне?

Я азірнуўся па баках. Усе аднакласнікі як адзін паднялі рукі. Вядома, і я падняў. Падняў і трасу рукою. Няхай усе бачаць, што выдатна падрыхтаваўся, што пяцёрку хачу атрымаць.

— Дамашняе практыкаванне прачытае Салевіч Рая. Выйшла Рая да дошкі, адзін сказ, другі з дамашняга практыкавання прачытала, у адным сказе зваротак назвала, растлумачыла, чаму клічнікам яго аддзяліла. І ў абодвух сказах назвала галоўныя і даданыя члены. Усё-ўсё зрабіла, як у заданні было напісана.

— Хто задасць пытанне Раі? — звяртаецца да нас Косця.

Узрадаваўся я, думаю: «Зараз я ёй не толькі пытанне, а цэлае заданне дам. Будзе ведаць, як адзнаку зніжаць».

Есць у мяне сказ з хітрынкаю. Гэты сказ я яшчэ тады падабраў, калі збіраўся ўрок за Косцю праводзіць.

Я ўстаў з-за парты.

— Рая, запішы сказ.

Рая ўзяла крэйду, на мяне ўважліва глядзіць.

— Увосень слаўна чакаць снегу, а зімой — першай травы, — прадыктаваў я.

Напісала Рая сказ, а пасля слова «зімой» працяжнік не паставіла.

«Памылка», — хацеў крыкнуць я, ды Рая мяне апярэдзіла:

— Гэта няпоўны сказ. Няпоўныя сказы мы яшчэ не праходзілі, але пра такія сказы нам Валянціна Іванаўна казала. У другой частцы гэтага сказа прапушчаны словы «слаўна чакаць», на іх месцы трэба паставіць працяжнік.

Сказала і хуценька паставіла гэты працяжнік.