109893.fb2
«Пасля скажу, што практыкаванне не напісаў,— падумаў я. — Няхай ён супакоіцца, няхай адпачне. Вунь як яму дастаецца».
— За нас не хвалюйся, — кажу. — Наш клас цябе не падвядзе.
— Малайчына, — чамусьці аднаго мяне пахваліў
Пеця. — Я яшчэ на пасяджэнні казаў, што ты добры хлопец.
Хваліць мяне Пеця, а не ведае, які я добры. Можа, адразу прызнацца, што практыкаванне не напісаў? Не, як-небудзь абыдзецца.
— Максім, я ўжо на калідор баюся выходзіць, — нечакана прызнаўся Пеця. — Першакласнікі ды другакласнікі мяне замучылі. Толькі выйду на калідор, а яны за мною як прывязаныя: «Дылектар пайшоў, дылектар пайшоў…»
Пеця так смешна перакрывіў гэтых першакласнікаў і другакласнікаў, што я не сцярпеў і засмяяўся.
Пеця неяк падазрона паглядзеў на мяне. «Думае, што з яго смяюся», — здагадаўся я.
— Надакучлівыя яны, — кажу Пецю.
— Яшчэ якія надакучлівыя, — пагадзіўся Пеця. — Мала таго, што ходзяць як прывязаныя, але яшчэ і вітаюцца на кожным кроку. Спачатку і я з імі вітаўся, пакуль не ахрып. Потым стаў галавою ківаць. Цяпер і на ўроку галавою ківаю. Спачатку кіўну, а потым ужо адказваю. Мікалай Аляксандравіч нядаўна смяяўся: «Пеця, чаго ты галавою трасеш?» Ужо не выходжу на калідор.
Пеця, напэўна, доўга расказваў бы мне пра свае нягоды, але раптам дзверы расчыніліся. На парозе паказаўся Ігар Бушуеў. Ен цягнуў за руку Андрэя Скварцова, таго самага Андрэя, якога я некалі лейцамі па спіне аперазаў.
— Не ўпірайся. Ідзі, ідзі,— настойліва паўтараў Ігар.
У Андрэя быў успацелы твар, сарочка на грудзях расхрыстана. Ен стараўся вырвацца ад Ігара. Ігар сілком зацягнуў яго ў кабінет.
Пеця зачыніў дзверы, заікаючыся, запытаў у Ігара:
— Н-навошта п-прыцягнуў яго сюды?
— Насіўся што шалёны. Герой! Бегае і крычыць: «Сёння нікога не баюся». Нават на парту ўскочыў. Ледзь я яго злавіў.
Пеця, уздыхнуўшы, падышоў да Андрэя.
— Ты бегаў па партах?
А Андрэй нават вокам не маргнуў.
— Бегаў. А што вы мне зробіце?
— За вуха яго накруці,— не сцярпеў я, падказаў Пецю.
— А я мамцы скажу, — хуценька прамовіў Андрэй. «Гэты скажа. Абавязкова скажа, — падумаў я.—
Прывык, што мамка заступаецца. А не шкодзіла б вушы накруціць».
Пеця адышоўся ад Андрэя, паглядзеў на яго з ліслівай усмешкай.
— Андрэй, ты болей не будзеш бегаць?
— Буду.
Каб я не быў у кабінеце дырэктара, то, напэўна, надаваў бы Андрэю кухталёў. Ведаў бы, як са старэйшымі спрачацца.
— Ігар, — сказаў Пеця, — намалюй гэтага бегуна ў газеце. Такога, такога… Ну, сам ведаеш. Каб смяяліся.
— У нас, як у «Пінскай шляхце», выходзіць, — прагаварыў Ігар.
П'есу Вікенція Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» старшакласнікі нядаўна на школьнай сцэне паказвалі. Цікавая п'еса, смешная. Але чаму цяпер Ігар успомніў пра яе?
Пеця здзіўлена паглядзеў на Ігара.
— Ігар, я цябе не разумею.
— А што тут разумець. Як царскі чыноўнік шляхту караў? Усіх у парадак, агулам: «…сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі,— па 9-ці рублёў, а ўсе прочыя, што не бачылі дракі, за тое, што не бачылі — па тры рублі». Так і ў нас. Гэты герой па партах носіцца, а ты і мяне караеш.
— Хіба я цябе пакараў?
— А хіба не? — усклікнуў Ігар. — Цэлы вечар прыйдзецца яго маляваць. Я лепей кніжку пачытаў бы.
— Пеця, давай я сам яго намалюю, — напрасіўся я. Вельмі мне захацелася зрабіць штосьці добрае. Каторы дзень толькі кепскае раблю. Хіба можна так?
— Намалюй, Максім. Калі ласка, намалюй, — узрадаваўся Пеця.
— Я мамцы скажу, — прамовіў Андрэй.
— Ідзі, ідзі ў клас, — падштурхнуў Пеця Андрэя. Андрэй выйшаў за дзверы, а Ігар чамусьці застаўся ў кабінеце. Не хацелася мне, каб ён тут заставаўся. Што, калі запытае ў Пеці, як той мяне пакараў.
— І ты ідзі,— падштурхнуў я Ігара. — Нам з Пецем трэба яшчэ пагаварыць.
А Ігар упёрся, не выходзіць.
— Ідзі, ідзі,— папіхаю яго.
— Не піхайся, — узлаваўся Ігар. — Я хацеў сказаць Пецю, што фотаапарат прынёс. На суботніку здымкі зраблю, у раённую газету іх пашлём.
— Добра, добра, — сказаў Пеця. — Ідзі.
Ігар паціснуў плячыма і выйшаў з кабінета, нечым незадаволены.
— Спакою не даюць, — паспачуваў я Пецю. Ен паглядзеў на мяне.
— А ты чаго прыйшоў?
Не ведаю, што я выдумляў бы, але Пеця раптам усклікнуў:
— Ах, зусім забыўся!..