109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 76

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 76

І выскачыў з кабінета. Я толькі развёў рукамі.

«Трэба ў клас ісці,— думаю. — Скажу, што Пеця мне вымову аб'явіў. Пацешу публіку». Ды на стале зазваніў тэлефон. Рэзка, патрабавальна.

Я спыніўся. Можа, падняць трубку? Не. Аб чым стану гаварыць? Відаць, нейкі вялікі начальнік звоніць. Цікава: ведае ён ці не ведае, што сёння ў нас дзень самакіравання? Мабыць, ведае. Начальнікам усё вядома. Раскрычыцца потым. Маўляў, дазваніцца не магу, нікога ў школе няма. Што ж рабіць?

Мусіць, трэба ўсё-такі падымаць трубку. Скажу, што дырэктар слухае. Хіба здагадаецца начальнік, хто з ім гаворыць?

Я падняў трубку.

— Алё, школа слухае.

Не паварочваецца язык сказаць «дырэктар слухае». А з трубкі даносіцца:

— Гэта дырэктар?

Я набраўся смеласці.

— Але, дырэктар. Толькі не Мікалай Аляксандравіч, а Пеця Швайдзюк. У нас сёння дзень самакіравання. Вы ведаеце?

— Ведаю, — адказвае трубка. — Колькі саджанцаў вам трэба?

«Старшыня калгаса звоніць, — здагадаўся я. — Нарэшце знайшоў яго тата».

Я ўздыхнуў вальней. Уладзімір Паўлавіч — старшыня калгаса — можна сказаць, свой чалавек. Ен і ў нашай школе часта бывае. Вось як у мяне выйшла. З самім старшынёй калгаса па тэлефоне гавару. Будзе чым пахваліцца.

— Уладзімір Паўлавіч, гэта вы?

— Не, — грыміць з трубкі,— я Пётра Канстанцінавіч.

Вось дзіва. Пётра Канстанцінавіч… Не ведаю такога.

— Пётра Канстанцінавіч я! Мой сын да вас у школу ходзіць. Мне ад вучнёўскага камітэта пісьмо прыслалі.

Я так і сеў у крэсла. І быццам прыліп да яго. Ні ўстаць, ні паварухнуцца.

Пётра Канстанцінавіч… Гэта ж мой тата. Як я адразу не здагадаўся? Голасу роднага бацькі не пазнаў…

— Дык колькі саджанцаў вам трэба?

Я сказаў першае, што прыйшло ў галаву:

— Дзесяць.

— А хопіць?

— Угу, — выдыхнуў я.

— Да пабачэння.

Я моўчкі паклаў трубку.

Хутка сустрэнуся з татам. Вось не чакаў! На ўсю школу мы з Косцем абняславімся. Граматна напісалі пісьмо… Бегчы трэба, тату па дарозе пераняць, расказаць яму пра ўсё. Каб толькі ў школе не даведаліся…

І тут у настаўніцкую ўвайшоў Пеця. Я адразу кінуўся да яго.

— Пеця, з калгаса званілі. Саджанцы ў іх. Прасілі, каб хто-небудзь са школы прыйшоў.

Пеця паглядзеў на мяне, як на якое дзіва.

— Пра што ты? Спакойна растлумач.

— Яблыневыя саджанцы ў калгас прывезлі. Нам дзесяць штук даюць. Казалі, каб забралі мы. Дазволь мне забраць. Усё роўна ў нас цяпер праца. Я хутка збегаю, Пеця, добра.

— Бяжы, — прамовіў Пеця. — Толькі каб прынёс. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.

Гуртам і ў бядзе лягчэй

Выскачыў я на калідор, ледзь Ігара з ног не збіў — той паспеў убок адскочыць. Штосьці крыкнуў Ігар наўздагон, але я ўжо дзверы зачыняў. Няма калі гаварыць, кожная хвілінка дарагая: трэба хутчэй да калгаснага праўлення бегчы.

Я прыпусціўся па дарозе. Прабег сто метраў, дзвесце — спацеў. «Не, лепей няспешна прайдуся, — думаю. — Яшчэ падумаюць людзі, што з урокаў уцякаю».

Да праўлення калгаса было не вельмі далёка: кіламетр, не болей. Гэты кіламетр я хутка прайшоў. І чым бліжэй падыходзіў, тым часцей тахкала маё сэрца, бо прадчуваў: нялёгка мне будзе.

Каля праўлення ні свайго бацькі, ні Косцевага я не застаў. І тады накіраваўся ў калгасны сад, здагадаўся, што там яны саджанцы выбіраюць.

У калгасным садзе працавалі толькі жанчыны-калгасніцы. Я некалькі разоў абышоў сад вакол, узіраўся пільна-пільна, ды дарэмна. Толькі цяпер зразумеў, што неяк размінуўся з імі.

Я сеў на пажоўклую траву, прытуліўся плячыма да ствала яблыні. На душы было трывожна, сумотна. І не дзіва. Хіба будзеш радавацца пасля гэтулькіх няўдач?

Я разумеў, што трэба вярнуцца назад, у школу, знайсці Косцю і разам з ім шчыра прызнацца ва ўсім тату, Вользе Пятроўне, Мікалаю Аляксандравічу, Пецю. Папрасіць у іх і ў сваіх аднакласнікаў прабачэння. Але хіба гэта лёгка?

Я сядзеў і думаў. Чаму са мною так здарылася? Чаму са мною, а не з кім іншым? Чаму? Я ўявіў, як наша школа выходзіць на суботнік. З шумам, з гоманам… Болей не мог заставацца адзін, у гэтым садзе. Усхапіўся і шпарка пакрочыў у школу.

На школьным двары мяне сустрэў Пеця. Ен стаяў і глядзеў на мяне.

— Пеця, — сказаў я, падышоўшы бліжэй, — пакліч Косцю, нам трэба…

— Косці няма, — перапыніў мяне Пеця.

— Уцёк? І ён уцёк? — вырвалася ў мяне.

— Не ўцёк. Ён па клеткі пайшоў. З ім пайшлі і Дзяніс, і Рая, і Вольга Пятроўна.

— Па клеткі? — здзівіўся я. — Навошта вам клеткі?

— Трусоў з горада прывезлі.

— Якіх трусоў?

— Звычайных, — адказаў Пеця. — Белых, сівых, чорных. Для нашай школьнай трусафермы. Косця сказаў, што ў яго ёсць клеткі. У гэтыя клеткі мы трусоў пасадзім.