109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

— А пра саджанцы Косця нічога не казаў?

Я не заўважыў, як да нас падышоў Мікалай Аляксандравіч.

— Казаў,— прамовіў ён. — За табою хацеў бегчы, але я не дазволіў. Ты і сам дарогу да школы ведаеш.—

Мікалай Аляксандравіч нечакана ўсміхнуўся: — Твой і Косцеў бацькі прынеслі яблынькі.

— Даўно? — усклікнуў я.

— Даўно, — зноў усміхнуўся Мікалай Аляксандравіч. — Пісьмо мне паказвалі.

— А тата злосны? — нясмела запытаў я.

— Сам ведаеш, — сказаў Мікалай Аляксандравіч. — Я пагутару з ім. Ты не хвалюйся. Хаця…

Мікалай Аляксандравіч так і не даказаў да канца, ды я выдатна зразумеў ягонае «хаця». Я апусціў галаву.

— Даруйце. Мне не хацелася, каб было кепска.

— Што ж, — сказаў Мікалай Аляксандравіч, — ты сябе ўжо сам пакараў. Усе на суботнік пайшлі, а ты адзін застаўся. А мог быць разам з усімі. Запомні, Максім: гуртам і ў бядзе лягчэй.

З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца

Не, не мог я заставацца адзін на школьным двары. Дома ў мяне ляжаў ёмісты скрутак паперы. Мае аднакласнікі сёння будуць хваліцца, расказваць, як збіралі макулатуру, дзе збіралі. А чым пахвалюся я? Скажу, што заўтра прынясу? Заўтрашняга дня чакаць не хацелася. Я падышоў да Мікалая Аляксандравіча.

— Мікалай Аляксандравіч, і я хачу па макулатуру ісці.

— Ідзі, Максім, ідзі,— сказаў Мікалай Аляксандравіч.

Скрутак паперы ляжаў на балконе. Я крыж-накрыж перавязаў яго вяроўкаю (яшчэ раней папрасіў тату, каб вяроўку прынёс), узважыў на руцэ.

«Кілаграмаў дзесяць будзе, не меней», — прыкінуў на вока. Задаволены, я выйшаў на вуліцу. На душы пасвятлела. Усе сённяшнія цяжкасці, як думалася, засталіся ззаду. Я паціхенечку насвістваў пад нос нейкую вясёлую мелодыю, складзеную на хаду. Мне хацелася спяваць. І я, мабыць, заспяваў бы. Чаму не заспяваць, калі на душы радасць! Я заспяваў бы, але… але ўбачыў, Што насустрач ідзе маці Андрэя Скварцова, Шпачыха.

«Не даруе Шпачыха, калі Андрэй пажаліўся. Ён можа ўсялякага нагаварыць. Што рабіць? Уцякаць? — імгненна пранеслася ў галаве. — Не. Будзе расказваць Андрэй, як я ад ягонай маці ўцякаў. Не, не буду ўцякаць. Не з'есць яна мяне».

Яшчэ здалёку, не даходзячы да Шпачыхі, я ветліва прывітаўся:

— Добры дзень, цётка Ганна.

Шпачыха ішла пасярод вуліцы, і я падаўся да плота. Шпачыха пайшла напярэймы.

— Пастой.

Пастой… Колькі тут давядзецца стаяць?.. А можа, кінуцца наўцёкі? Позна. Са скруткам паперы далёка не ўцячэш.

— Добры дзень, цётка Ганна, — у другі раз прывітаўся я.

— Вельмі ласкавы ты сёння, — нядобрым позіркам працяла мяне Шпачыха.

Разгубіўшыся, я стукнуў рукою па скрутку.

— Во… Макулатуру збіраем.

— Макулатуру? — Шпачыха насоўвалася на мяне, і я адступіўся да самага плота.

— Макулатуру, цётка Ганна. А ваш Андрэй не прыходзіў па макулатуру?

— Ба-а-ач, які добранькі,— працягла вымавіла Шпачыха. — Пра Андрэя ён клапоціцца. А хто сёння Андрэя набіў?

— Няпраўда, — сказаў я. — Вашага Андрэя ніхто і пальцам не крануў. Ен у класе па партах бегаў. Яго да Пеці Швайдзюка прывялі. Мы з ім толькі разабраліся…

— Вы разабраліся… А настаўнікаў у вас няма? Без вас яны разбяруцца.

— Цётка Ганна, сёння ў нас дзень самакіравання. Сёння мы самі за настаўнікаў.— Я як мага ратаваўся. — Сёння Пеця Швайдзюк дырэктар. Я сказаў Пецю, што вашага Андрэя ў газеце намалюю.

— Ен намалюе… Дзень самакіравання ў іх. Выдумалі глупства. Распарадчыкі… Я з вамі разбяруся, я разбяруся…

Кашчавыя пальцы Шпачыхі ўжо цягнуліся да майго вуха. Я адсунуўся далей. Маю руку апякло крапівою, ды я не зважаў на гэта.

— Чаму вы кажаце, што мы глупствам займаемся. Гэта ваш Андрэй глупствам займаецца. Вы не ведаеце, як усе да дня самакіравання рыхтаваліся… Аднаму Андрэю нічога не патрэбна…

Сам таго не ўсведамляючы, я абараняў наш дзень самакіравання. Мой страх адступіў. Я ўжо не баяўся кашчавых і дужых пальцаў Шпачыхі, якія вось-вось учэпяцца за маё вуха. Мне было крыўдна, што гэты дзень, такі нялёгкі для мяне дзень, яна назвала глупствам.

— Добранькі ты сёння, добранькі,— прамовіла Шпачыха. — Я выведу вас на чыстую ваду. Усіх выведу.

Калені ў мяне падагнуліся, я прыхінуўся да плота і, закрыўшы твар рукамі, заплакаў…

Я не бачыў, адкуль з'явіліся Вольга Пятроўна і мае аднакласнікі: Косця, Рая, Дзяніс, Ігар. Пасля я даведаўся, што яны везлі на вазку Косцевы клеткі і макулатуру. Тады я гэтага не бачыў…

Мяккаю далонню Вольга Пятроўна гладзіла мяне па галаве, прасіла:

— Максім, не плач. Не плач…

А над галавою чуўся спалоханы голас Шпачыхі:

— Я яго не чапала, нават пальцам не кранула… Ен сам…

Вольга Пятроўна падвяла мяне да лаўкі, пасадзіла.

— Супакойся. Не трэба. Чаго ты так? Я зараз пагавару з ёй. Пасядзі.

Не ведаю, аб чым Вольга Пятроўна гаварыла са Шпачыхаю. Толькі спачатку Шпачыха доўга махала рукамі, усё нешта даказвала. А потым сцішылася, змоўкла, і да нас данеслася яе пагрозлівае:

— Ну, я яму, злыдню, пакажу. Прывык на печы адлежвацца.

— Нарэшце возьмецца за Андрэя, — заўважыла Рая.

— І правільна зробіць, — прагаварыў Дзяніс.

— А чаго нам кіснуць? — сказаў Ігар. — Усміхніцеся. Я вас зараз здыму.