109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 78

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 78

Ігар зняў фотаапарат.

— Вольга Пятроўна, да нас ідзіце, — паклікаў ён. — Я гістарычны здымак зраблю.

Вольга Пятроўна развіталася са Шпачыхаю, падышла да нас.

— Гістарычны здымак? — запытала ў Ігара.

— Канешне, гістарычны, — упэўнена прагаварыў Ігар. — Як мы раней у класе жылі? Кожны як у сваёй норцы сядзеў. Хутчэй дамоў спяшаўся. А цяпер разам Косцевы клеткі вязём. — Ігар падміргнуў мне: — Весялей, Максім.

Вольга Пятроўна стала каля нас, усміхнулася і сказала:

— Нарэшце вы разам сабраліся. Як добра, што разам! З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца…

Ігар навёў свой фотаапарат.

— Весялей усміхайцеся!.. Вольга Пятроўна… І пстрыкнуў адзін раз, другі…

Гэты фотаздымак і сёння ёсць у мяне. У самым цэнтры, пасярэдзіне, стаіць, усміхаючыся, Вольга Пятроўна, да яе туліцца, ганарліва задраўшы ўгору кірпаты нос, Рая Салевіч, вельмі сур'ёзна глядзіць Дзяніс, увесь наструніўся, здаецца, вось-вось узляціць Косця Цітоў, а каля Косці стаю я. Калі ўважліва прыгледзецца да здымка, то на маім твары можна заўважыць ледзь прыкметныя пісягі ад слёз. Гэты фотаздымак для мяне самы дарагі.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯТое дорага, што нялёгка даецца

Галава не толькі для таго, каб шапку насіць

Мінуў дзень самакіравання. У нашым класе, як і абяцала Вольга Пятроўна, арганізавалі жывёлагадоўчае звяно, але мяне звеннявым не прызначылі. Не паверылі, што змагу звяном кіраваць. Рая Салевіч мне проста ў вочы сказала: «Несур'ёзны ты чалавек, Талерчык. І самастойнасці ў цябе няма».

Самастойнасці няма… Чаму гэта няма? Я ўжо і штаны сам прасую, і сам да ўрокаў рыхтуюся. Ніхто мне не дапамагае. Хіба мала гэтага? Але я прамаўчаў. Усе роўна Раі не дакажаш. І нікому не дакажаш, бо ў дзень самакіравання не зусім добра ў мяне выйшла.

«Адзін дзень — гэта яшчэ не ўсё, — думаў я. — Вы яшчэ пабачыце, ці ёсць у мяне самастойнасць. Пачакайце. Няхай толькі школу закончу. Тады такіх трусоў выгадую, што пазайздросціце. Іх на выстаўку нават павязуць».

А звеннявым прызначылі майго сябра Косцю Цітова. Я адразу здагадаўся, чаму яго прызначылі: ён клеткі ў школу прывёз. Тыя, што для нутрый рабіў. Вось як бывае.

Косцевы клеткі паставілі каля хлеўчыка, у якім паліва ляжала: дровы, брыкет.

Не спадабалася мне, што клеткі на двары паставілі. «Змерзнуць трусы зімою, — думаю. — Нікому галава не баліць».

Аднаго разу я сустрэў Мікалая Аляксандравіча.

— Мікалай Аляксандравіч, няўжо ніхто не ведае, што хутка зіма? Пакалеюць трусы на марозе. Трэба клеткі ў хлеўчык унесці. Частку брыкету на двор выкінем, а на гэта месца клеткі з трусамі паставім, — кажу яму.

А Мікалай Аляксандравіч мне:

— Вільгаці брыкет не любіць. Пойдзе дождж — увесь рассыплецца. Чым печкі будзем паліць?

Не падумаў я пра гэта. Але і трусам не спадабаецца, калі пойдзе дождж. Ды гэта яшчэ, як гаворыцца, паўбяды. А вось калі мароз прыцісне…

Пэўна, не зразумеў мяне Мікалай Аляксандравіч.

— Мікалай Аляксандравіч, трэба штосьці прыдумаць. Замёрзнуць трусы зімою.

— Не хвалюйся, Максім, — супакоіў мяне Мікалай Аляксандравіч. — Трусы не баяцца холаду, у іх поўсць цёплая. Канешне, трэба ў хлеўчыку іх трымаць. Што-небудзь прыдумаем.

І я стаў чакаць, калі Мікалай Аляксандравіч што-небудзь прыдумае. А пакуль клеткі з трусамі стаялі на двары. Клетак было дзве. Па пяць трусоў пасадзілі мы Ў кожную клетку.

Добрыя клеткі змайстраваў Косця. Спераду сетка. Сядзяць трусы, на школьны двор пазіраюць, чакаюць, калі корм прынясём.

Корму ім нямала трэба. Толькі паспявай прыносіць. Мы не адзін раз дзівіліся: як гэта сківіцы ім не забаляць? Ядуць яны і траву, і лісце капусты, і лопух, і бульбу, і буракі, нават галінкі дрэў абгрызаюць.

Цяпер усе мы ўзяліся за работу. Дзесяць трусоў пракарміць — не жартачкі. З самага ранку ў нашым класе чулася:

— Я сёння два кашы травы прынёс.

— А я на агародзе лісцяў назбірала. Ад капусты засталіся.

— Я каля сваёй хаты ўвесь лопух вырваў. Тата мяне пахваліў.

— Калі пасля Новага года ёлкі на вуліцу выкінуць, то ў школу цягніце. У галінках елкі шмат кальцыю і фосфару.

Добра не памятаю, хто пра гэтыя ёлкі сказаў. Здаецца, Косця. А я задумаўся: чым мы сваіх трусоў зімою будзем карміць? Навагоднімі ёлкамі? Дык не хопіць іх. А ў газетах папярэджваюць: загадзя рыхтуйцеся да зімы.

Чаму ўсе такія бесклапотныя? Корм можна за некалькі дзён нарыхтаваць. Сказалі б на лінейцы, каб кожны вучань вядро бульбы прынёс ці ахапак сена. Усе прынеслі б. Ахапка сена ніхто не пашкадуе. Няма ў нас сапраўднага арганізатара. Гэта факт.

Гэтак разважыўшы, я вырашыў дзейнічаць. Спачатку напісаў на паперы (каб пасля не заблытацца), хто які корм павінен прынесці. Вось як у мяне выйшла:

першакласнікам і другакласнікам — па вядру бульбы;

трэцякласнікам — па вядру буракоў;

чацвёртакласнікам — па ахапку сена;

пяцікласнікам — па ахапку канюшыны ці цімафееўкі;

шасцікласнікам — морквы (хто колькі зможа);

сямікласнікам, васьмікласнікам і дзевяцікласнікам — зерня ячменю, жыта, пшаніцы (хто колькі зможа).

Яшчэ на першых уроках я склаў гэткі спіс, а пасля чацвёртага ўрока, калі першакласнікаў і другакласнікаў адпускалі ўжо дамоў, я прыйшоў да іх у клас і сказаў, каб яны сабраліся на школьным двары, каля хлеўчыка.

«З малых пачну. Малыя мяне паслухаюцца, — думаю. — Ім толькі слова скажы».

Сабраліся першакласнікі і другакласнікі каля хлеўчыка, гамоняць, на мяне пазіраюць: чым ты нас парадуеш?

Я падняў руку. Маўляў, увага, слухайце. Зразумелі яны мяне, паціхлі.

— Ведаеце, якія тут звяркі сядзяць? — паказваю на клеткі з трусамі.

А хтосьці з малых:

— Няпраўда, гэта не звяркі. Гэта свойскія жывёлы. Звяркі — зайцы.

Бач ты, якія разумныя. Ім палец у рот не кладзі.

— Цяпер яны свойскія жывёлы, а калісьці, сотні гадоў назад, былі звяркамі,— не разгубіўся я. — Па палях бегалі, па лесе, у норках жылі. У старажытнасці іх людзі прыручылі. Вось так. А вы яшчэ папраўляеце мяне.