109893.fb2
— Ты, відаць, кепска працаваў. У мяне дык чатыры выскачылі. Пякучыя.
Болей я сваіх мазалёў нікому не паказваў. Зноў хто-небудзь скажа, што кепска працаваў.
А падмурак выйшаў прыгожы. Роўны, з прамымі вугламі. У тры гадзіны дня закончылі мы работу, а я і вечарам на школьны двор прыйшоў: вельмі хацелася яшчэ раз зірнуць на нашу работу.
Пасля нядзелі на школьным двары працавалі нашы бацькі. Спачатку яны сцены з блокаў склалі, прыладзілі дзверы, вокны, потым кроквы паставілі, аблацілі і шыферам накрылі.
Паглядзела Рая на хлеў і кажа:
— Да звычайнага вясковага хлява ён зусім не падобны. «Казачны дамок» — вось як мы яго назавём.
Пагадзіліся мы з Раяю. А каб кожны ведаў, што гэта не звычайны хлеў, а казачны дамок, мы на невялікай фанерцы, пафарбаванай у блакітны колер, напісалі прыгожымі белымі літарамі: «Казачны дамок». Гэтую шыльду над дзвярыма прыбілі.
Вось і ўсё. Нічога асаблівага. Але я цяпер ведаю і як планіроўку пад падмурак рабіць, і як кроквы звязваюцца, і як трэба лаціць іх, і як шыбы ў вокны выразаць.
Калі і вы хочаце гэтаму навучыцца, то пабудуйце свой казачны дамок.
Бярыся дружна — не будзе грузна.
Цяпер нашы трусы сталі жыць у «Казачным дамку». Там мы клеткі паставілі, а трусоў выпусцілі, каб у цесных клетках не сядзелі.
Дні праз два пасля гэтага ў наш клас прыйшоў Пеця Швайдзюк. Прыйшоў і кажа:
— Калгас дае нам канюшыны. Мікалай Аляксандравіч у старшыні калгаса пытаў. Самі разумееце: трэба нечым трусоў зімою карміць. Канюшына ляжыць у калгасным садзе. Мы яе скасілі і ў капу склалі. А вы, хлопцы, прывязіце канюшыну да школы. Каня на ферме возьмеце. Загадчык фермы дазволіў.
У нашай вёсцы калісьці была вялікая канюшня. Тата расказваў, што раней коньмі ўсё-ўсё рабілі: і калгасныя палеткі аралі, і сена вазілі, і збожжа, і розныя будаўнічыя матэрыялы, бо трактароў не хапала. А цяпер на ферме ўсяго некалькі коней пакінулі: падвозіць салому, буракі, сена.
Узрадаваліся мы, калі пачулі, што па канюшыну паедзем. Не часта выпадае на возе праехаць, канём пакіраваць.
— Вы Гноміка бярыце, — сказаў нам Пеця. — Гномік самы спакойны і самы разумны конь.
Цікавыя клічкі коням даюць. Гномік… Смешна гучыць. А чаму Гномік? Рост у гэтага каня маленькі. Калі здалёку глядзець, то можна падумаць, што не дарослы конь, а жарабя на лузе пасецца. Вось які ён, гэты Гномік.
— Толькі асабліва пугай не размахвайце, — папярэдзіў нас Пеця. — Зразумела?
— Зразумела, — першым гукнуў я.
— Старэйшым прызначаю Косцю, — сказаў Пеця і пайшоў з класа.
Я адразу праціснуўся бліжэй да Косці.
— Мяне вазьмі,— тузануў яго за рукаў.
— Са мною паедуць Максім, Дзяніс, Ігар і Рая, — абвясціў Косця.
Не спадабалася гэта іншым аднакласнікам. Як восы, накінуліся яны на Косцю. Маўляў, сваіх сяброў бярэш, а мы хіба горшыя?
Тут і я не вытрываў, закрычаў:
— Усіх усё роўна Косця не возьме. Увесь клас не памесціцца на возе.
А яны ў адзін голас:
— Ты заўсёды наперад лезеш. Заўсёды там, дзе лепей.
Ледзь супакоіў іх Косця. Паабяцаў, што другім разам возьме.
Калі крыху суцішылася ў класе, Косця паклікаў мяне, Ігара, Дзяніса, Раю і сказаў:
— Каб праз гадзіну каля фермы былі.
— Я праз паўгадзіны прыйду, — кажу Косцю. Косця паклаў мне руку на плячо.
— Макс, пакорміш трусоў, калі будзеш ісці на ферму. Табе па дарозе. Травы мы нарвалі. У кашах стаіць.
— Пакармлю, — пагадзіўся я.
Узяўшы партфелі, мы пабеглі дамоў. Дома я застаў тату (ён якраз на полудзень прыехаў).
— Добра, што ты прыйшоў,— узрадаваўся тата, убачыўшы мяне. — Сядай за стол. Разам папалуднуем.
За стол я заўсёды хутка саджуся. Два разы мяне запрашаць не трэба.
Сеў я за стол. Тата мне супу ў талерку наліў. Ем і хвалюся тату:
— Нас на канюшыну пасылаюць. На кані канюшыну павязём.
— А вы ўмееце каня ў воз запрагаць? — пытаецца тата.
Сапраўды… Я і не падумаў. Вось дзіва! Умею на маторным веласіпедзе катацца, нават трактар умею заводзіць, а каня ні разу ў воз не запрагаў. Дый амаль не ведаю, з якіх частак гэты воз складаецца. А веласіпед дык, як гаворыцца, з заплюшчанымі вачамі магу разабраць і сабраць. Дзіўна. Просты сялянскі воз, а не ведаю, з чаго складаецца. Калёсы, аглоблі, восі ў возе ёсць. А яшчэ што? Трэба ў таты запытацца.
— Тата, з чаго воз складаецца?
— З чаго… Хм, з чаго, — прагаварыў тата. — Ну, аглоблі ёсць, да аглобляў атосы мацуюцца.
— Якія атосы?
— На восі яны надзяюцца. З такога тоўстага дроту зроблены, — растлумачыў тата. — А яшчэ ў возе ёсць вузвалак, падушка…
— Тата, ты не смейся. Хто падушку на воз кладзе? Зараз скажаш, што на возе і пярына ёсць.
Тата паківаў галавою, паглядзеў на мяне ўважліва.
— Я ў твае гады ўжо за плугам хадзіў, поле араў. А ты не ведаеш, з чаго воз складаецца.
Не разгубіўся я, кажу тату: