109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 83

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 83

Я адпусціў грыву. Косця зноў пачаў надзяваць аброць. Аброць зачапілася Гноміку за вушы. Гномік незадаволена заматляў галавой.

Сяк-так надзеў Косця Гноміку аброць. Не ведаю, як вытрымаў Гномік гэтую пакуту.

— Вядзіце Гноміка да воза! — крыкнула Рая. — Чаго марудзіце?

Раскамандавалася. Добра ёй здалёк крычаць. Быццам без яе не ведаем, што да воза трэба весці. Сама паспрабавала б.

Цягну я Гноміка за аброць, а ён упіраецца, не ідзе. Хіба скранеш яго з месца?

— Хлопцы, вярхом сяду, — нарэшце здагадаўся я, як прывесці Гноміка да воза. — Падсадзіце мяне.

— Максім, не трэба! — закрычала Рая. — Упадзеш! Хіба можна адступаць, калі дзяўчынка на цябе глядзіць, калі так хвалюецца за цябе?

Я стаў каля Гноміка, ухапіўся абедзвюма рукамі за грыву, падскочыў і ўскараскаўся на спіну.

— Но, но, — паціхеньку стукнуў яго па шыі. Гномік зразумеў мяне: ён няспешна пайшоў да воза.

Я сядзеў прама-прама, высока ўзняўшы галаву.

Крыху ззаду ішлі Косця, Дзяніс і Ігар. Косця ўсё прасіў:

— Максім, злезь. Я праеду. Дай праехаць.

Каля воза я саскочыў з Гноміка, сказаў Косцю:

— Можаш пакатацца. Мне не шкада.

Хацеў Косця на Гноміка залезці, ды Рая не дазволіла:

— Вы катацца прыйшлі? А па канюшыну хто паедзе?

І Дзяніс Раю падтрымаў:

— Трэба ехаць, хлопцы. Другім разам пакатаемся. Я пагладзіў Гноміка па спіне, прагаварыў:

— Абавязкова пакатаемся. Гномік разумны конь. Ён усіх нас пакатае.

— Давайце Гноміку ногі бінтам абматаем, — прапанаваў Ігар. — Я аднаго разу з татам быў на спаборніцтвах. Там у многіх коней ногі каля капытоў белыя.

Мне Ігарава задума спадабалася.

— У каго ёсць бінт? — пытаюся.

— У мяне, — сказала Рая. — Я знарок з сабою ўзяла. На полі ўсялякае можа здарыцца.

Я ўзяў у Раі скрутак бінту, разматаў яго і разарваў на чатыры роўныя кавалкі.

— На кожную нагу па кавалку, — паказваю Дзянісу.

А Дзяніс раптам заўпарціўся.

— Глупства выдумаў. Хочаш, каб Гномік табе зубы пералічыў?

Мы, напэўна, доўга спрачаліся б з Дзянісам, ад свайго я не люблю адступацца, але Рая папрасіла:

— Хлопчыкі, запрагайце. На поле не трапім.

Так я і не абматаў Гноміку ногі. Толькі скрутак бінту сапсаваў.

Мы прынеслі хамут, падсядзёлак, лейцы, дугу.

— Бяры, — паказваю Косцю на хамут.

А Косця топчацца, на Дзяніса, Ігара пазірае. Тыя ўбок адвярнуліся.

— Бяры, — цягну Косцю за рукаў.— Ты ўжо аброць надзяваў. У цябе выйдзе.

Косця, уздыхнуўшы, падняў з зямлі хамут.

— Мацней трымайце Гноміка. Надзену хамут, а ён возьме ды ўцячэ.

Ігар з Дзянісам з аднаго боку, а я з Раяй з другога боку ўзяліся за аброць.

Косця падняў хамут, стаў насоўваць Гноміку на галаву. Хамут дайшоў да вачэй. Упіраецца Косця, стараецца, а хамут далей не лезе.

— Мацней піхай! — крычыць Дзяніс.

— Давай! Давай! — падбадзёрвае Ігар.

Нарэшце кінуў Косця хамут на зямлю.

— Не надзяваецца. Рукі самлелі.

— Няўмека, — папракнула Рая. — Рукі ў яго самлелі! Глянь! Вунь у Гноміка слёзы на вачах…

Пакрыўдзіўся Косця. Адышоўся ўбок і сеў на траву.

— Давай я паспрабую, — узяўся за хамут Ігар.

Ігару ўдалося нацягнуць хамут да вушэй, зусім затуліў Гноміку вочы. Не вытрываў Гномік: трасянуў галавою і скінуў хамут на зямлю.

Ігар падняў хамут, узняў над галавою і… надзеў сабе на шыю.

Відаць, ён сам не чакаў гэтага, бо здзіўлена прамовіў:

— Пралазіць… А я:

— Запрагайце яго ў воз, пакуль на балота не ўцёк. Ігар, мусіць, спалохаўся, што ў воз запражэм, бо хуценька скінуў хамут з галавы.