109893.fb2
— На цябе яго шылі,— смяюся я з Ігара. — Да тваёй галавы ён якраз падыходзіць. Ты, мабыць, на прымерку хадзіў?
Мы, напэўна, доўга каля Гноміка з хамутом скакалі б, каб мой тата на трактары не прыехаў. Паглядзеў ён на нас і сказаў:
— Я адчуваў, што так будзе. Дайце мне хамут. Та-ак… Вы, грамацеі, не тым бокам хамут каню надзявалі. Трэба кляшчынамі ўгору… Вось, глядзіце…
Тата перакруціў у руках хамут, развёў кляшчыны і лёгка ўссунуў яго на галаву Гноміку. А Гномік нават выцягнуў галаву насустрач, каб палегчыць справу. Потым, калі хамут лёгка слізгануў праз галаву каня на грыву, тата перакруціў яго супоняю ўніз і завёў Гноміка ў аглоблі воза.
Тата запрог Гноміка і нагадаў:
— Ад парога падлогу не мятуць.
На поле мы прыехалі без прыгод. Праўда, Косця ўсё парываўся: «Можна, я на Гноміка сяду? Можна, крыху праеду?» І ён, напэўна, дамогся б свайго, напэўна, праехаў бы, ды Рая не дазволіла.
— Як табе не сорамна! — выгаварыла яна яму. — Гномік воз цягне, а ты яшчэ на спіну хочаш сесці.
Паклалі мы на воз канюшыну, прывезлі на школьны двор. На школьным двары зноў у копку яе склалі. Узяў Косця бярэмца канюшыны, кажа:
— Трусам занясу. Паглядзім, ці спадабаецца.
— Няма трусоў у «Казачным дамку», — кажу Косцю. — Усіх у горад павезлі.
— Няма? — здзівіўся Косця. — Як няма?
Не паверыў мне Косця, кінуў канюшыну і ў «Казачны дамок» хутчэй. Рая, Ігар, Дзяніс — за ім. А я стаю, чакаю. Цікава: што будзе далей?
Неўзабаве выскачылі яны з «Казачнага дамка» — і да мяне. Дзяніс за каўнер мяне схапіў.
— Каму трусоў аддаў? Прызнавайся!..
Ну й сябры! Пра такіх мой тата так кажа: у гарачай вадзе купаныя. Раскрычаліся… Я адапхнуў Дзяніса.
— Ты што? Каўнер адарвеш! Тады на мяне накінуўся Ігар.
— Дзесяць трусоў некаму аддаў і яшчэ піхаецца. Трэба правучыць яго.
Так я нечакана трапіў у бяду. Без віны вінаваты. Трэба неяк ратавацца, бо яшчэ надаюць кухталёў і прабачэння не папросяць. Я ўзмаліўся:
— Чаго вы на мяне накінуліся? Я і сам добра не ведаю, дзе яны падзеліся. Можа, у горад іх павезлі, а можа, і да нашага ветэрынара, да калгаснага.
— Што ты пляцеш? — закрычаў Дзяніс. — Хто іх павёз? Да якога ветэрынара?
Каб лепей зразумелі мяне сябры, я расказаў ім усё па парадку: як палуднавалі з татам, як пасля прыйшоў карміць трусоў, як падумаў, што Мікалай Аляксандравіч да ветэрынара іх павёз.
— Мікалай Аляксандравіч паехаў у сельсавет, — сказаў Косця, калі я закончыў.— Нейкае пасяджэнне ў сельсавеце. Я сустрэў Мікалая Аляксандравіча, калі ішоў на ферму. Пахваліўся яму, што па канюшыну паедзем. А Мікалай Аляксандравіч мне сказаў, што і ён з намі па канюшыну паехаў бы, але пасяджэнне ў яго.
— Тут быў злодзей! — усклікнула Рая. — А можа, не адзін. Трусоў укралі!..
— Укралі,— паўтарыў за ёю Ігар. — Мы гадавалі, а нехта з'есць. Гэта Максім вінаваты.
— Чаму Максім вінаваты? — здзівіўся я. — Ты яшчэ скажы, што і я трусоў разам з злодзеем з'ем.
— Не спрачайся, Максім, — прамовіў Дзяніс. — Чаму ты раней не сказаў, што трусоў няма? Мы выклікалі б міліцыю. Сабака хутка злодзея знайшоў бы, да самай ягонай хаты прывёў бы. А цяпер сабака злодзея не знойдзе. Даўно затапталі сляды. Вунь колькі людзей прайшло па дарозе.
«І праўда, я вінаваты аказаўся, — думаю. — Пабаяўся, што будуць з мяне смяяцца. Зноў шыварат-навыварат выйшла…»
Панурыўшыся, усе маўчалі. Маўчаў і я. Зусім не хацелася гаварыць. Усё роўна словамі не паможаш, толькі болей душу расцвеліш. Так стараліся, так стараліся: і «Казачны дамок» будавалі, і трусоў кармілі, і цяпер во везлі канюшыну… Усё дарэмна…
— Што будзем рабіць? — нарэшце парушыла маўчанне Рая.
— Трэба ў сельсавет пазваніць. Мікалаю Аляксандравічу, — сказаў Дзяніс. — Мікалай Аляксандравіч нешта прыдумае.
— Мікалай Аляксандравіч абавязкова нешта прыдумае, — падхапіла Рая. — Хлопчыкі, хадзем у школу.
Мы талакой пабеглі ў школу. Там ужо вучняў не было. Наша тэхнічка цётка Надзя мыла падлогу на калідоры.
— Супакою вам няма, — сустрэла яна нас. — Усё ходзіце, ходзіце… Зноў пясок насіць?
Наперад выступіла Рая.
— Цётка Надзя, мы хочам у сельсавет пазваніць. Мікалаю Аляксандравічу. Дазвольце.
— Ідзіце ў настаўніцкую, — дазволіла цётка Надзя. — Усё роўна не адчэпіцеся.
У настаўніцкай Ігар таўхануў Косцю ў бок:
— Звані. Ты звеннявы.
— Я нумара тэлефона не ведаю.
— Даведнік на стале ляжыць, — падказала Рая. Косця ўзяў са стала даведнік. Нам здавалася, што ён гартае яго надта доўга. Нарэшце ён падняў трубку, набраў нумар тэлефона.
«Пі-і-і, пі-і-і…» — пачуліся з трубкі доўгія гудкі.
Усе напружылі слых.
— Алё, сельсавет слухае, — пачулася нарэшце.
— Паклічце Мікалая Аляксандравіча, — выдыхнуў у трубку Косця.
— Скажы, што са школы просяць, — зашаптала Рая.
— Са школы просяць, — сказаў Косця.
— Зараз паклічу, — данеслася з трубкі.
Стаім мы, баімся паварухнуцца. Надта доўга няма Мікалая Аляксандравіча. Хоць бы хутчэй яго паклікалі… Знішчыць злодзей нашых трусоў. Тады ўсё прапала.