109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 85

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 85

— Алё, хто звоніць да мяне? — нарэшце чуем знаёмы голас Мікалая Аляксандравіча.

— Мікалай Аляксандравіч, гэта я, Косця Цітоў. А са мною Дзяніс, Рая, Ігар і Максім. Бяда ў нас. Хтосьці трусоў пакраў. З «Казачнага дамка». Нам ніводнага не пакінуў. Мікалай Аляксандравіч, вы чуеце?

— Чую. Каля школы мяне пачакайце. Я хутка прыеду.

Мы выйшлі на двор, спыніліся.

— І чаму ты, Максім, адразу не сказаў, што трусы з «Казачнага дамка» прапалі? — зноў пачаў Ігар.

Што я мог адказаць?

— Чаму… Чаму… Каб знаў, дзе павалішся, саломкі падаслаў бы.

Трапіцца і сляпой курыцы зярнятка знайсці

Мы, мабыць, пасварыліся б. Бо Ігар ніяк не мог супакоіцца, гэтак расчамукаўся: «чаму?» ды «чаму?». Хацеў я, як гаворыцца, добра агрызнуцца, але неспадзявана на школьны двор уляцеў Андрэй Скварцоў.

— На балоце зайцаў ловяць! — загалёкаў ён.

Мы моўчкі пазіраем на Андрэя. Што з ім? Адкуль ён выскачыў? Што яму прыснілася? А Андрэй не спыняецца, крычыць:

— Зайцаў за вёскаю ловяць! Малыя ловяць, дашкольнікі! Пабеглі! І мы наловім!

Андрэй махнуў рукой, крутнуўся і пабег зайцаў лавіць.

— Усё ясна! — раптоўна крыкнуў Косця. — Ясна!.. Нам аж не па сабе стала. Што гэта з ім?

— Няўжо вы не здагадваецеся? — роспачна ўсклікнуў Косця. — Там, на балоце, нашы трусы бегаюць.

Ніхто іх не краў. Нейкая разява дзверы не зачыніла, а яны ўцяклі, на балота пабеглі. За мною!..

Косця хацеў бегчы на вуліцу, але я прапанаваў:

— Давайце на возе паедзем. Канём хутчэй.

Мы паселі на воз. Я ўзяў у рукі лейцы, размахнуўся і Гноміку па спіне — сцёб!

— Но! Но-о, Гномік, паехалі!..

Паглядзелі б вы, як бег наш Гномік! Толькі пыл за возам курэў, ды куры з кудахтаннем да плота ляцелі. Андрэя Скварцова мы яшчэ ў вёсцы абагналі.

Яшчэ здалёку мы заўважылі, што на балоце, парослым хмызам, сноўдаюцца малыя — ловяць нашых трусоў. Некаторым з іх ужо пашанцавала: яны сядзелі, трымаючы трусоў на каленях, разглядалі іх, гладзілі. Убачыўшы нас, калі мы пад'ехалі, яны са сваёй здабычай пабеглі ў вёску. Мы кінуліся за імі. Я дагнаў нейкага мурзатага малога. Я яго і не крануў, а ён упаў на зямлю, прыціснуў да сябе труса і закрычаў:

— Не аддам зайчыка!

Я хацеў падняць гэтага малога з зямлі, а ён як завішчыць:

— Мамцы скажу!

«З гэтым давядзецца паваяваць, — падумалася. — Проста так ён не здасца. Як падступіцца да яго?»

— Як цябе зваць? — пачынаю здалёку.

— Тадзік, — шморгае носам малы.

— Тадзік, а чаму я цябе не ведаю?

— Я з горада да бабулі прыехаў.

— Тадзік, аддай труса.

— Не аддам. Гэта зайчык. Я яго злавіў. Я буду плакаць.

— Тадзік, гэта не зайчык. Зайчыка ты не зловіш. Зайчык хутка-хутка бегае.

— А я злавіў.

— Тадзік, зайчыкі ў лесе жывуць. Хіба яны бегаюць па балоце?

Хвілінку падумаў Тадзік, а потым:

— Гэтыя зайчыкі дарогу пераблыталі.

«Трэба больш рашуча дзейнічаць, — думаю. — Яго не пераканаеш».

— Тадзік, аддай труса. Я цябе за гэта на возе пакатаю. Разам у вёску паедзем. Калі мне не аддасі труса, то наш настаўнік яго ў цябе забярэ, і тады на возе ты не паедзеш.

— Пусціш на воз? Не хлусіш?

— Пушчу. Я табе і лейцы дам. Будзеш сам кіраваць.

— Бяры, — уздыхнуў Тадзік і працягнуў мне труса. Пакуль я вось гэтак гутарыў з Тадзікам, мае сябры ўсіх трусоў у малых забралі. Тыя малыя былі не такімі ўпартымі, як гэты Тадзік.

Пасадзілі мы трусоў каля воза. Прыціснулі яны вушы, у купку збіліся. Дасталося ім ад малых.

— Давайце трусоў на воз пасадзім, — кажа Ігар. — На возе ў школу завязем.

— Пападаюць з воза, — кажу Ігару. — Лепей перад сабою пагонім. А Дзяніс мне:

— Паразбягаюцца. Гэта не гусі, якіх можна з дубцом гнаць.

— Трэба малых папрасіць. Малыя занясуць, — сказаў Косця.

— Не, — кажу. — Гэтых малых зноў прыйдзецца лавіць.

Пакуль мы вось так разважалі, на балота прыехаў Мікалай Аляксандравіч.

Мікалай Аляксандравіч прыехаў на матацыкле, на такім, што з каляскаю, і не адзін, а з міліцыянерам. Вясёлы трапіўся міліцыянер. Калі мы расказвалі, як лавілі на балоце трусоў, ён смяяўся:

— Дэтэктыў! Сапраўдны дэтэктыў! Знарок не прыдумаеш!