109893.fb2 Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 86

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 86

А Мікалай Аляксандравіч нечага хмурыўся. Потым кажа:

— Каня на ферму завядзіце. Нам далі, каб канюшыну прывезлі, а вы на ім трусоў ездзіце лавіць.

— А трусоў куды? — спытаўся я.

— Да мяне ў каляску пасадзіце, — прапанаваў вясёлы міліцыянер.

Мы пасадзілі трусоў у каляску. Усіх, дзесяць.

— Цеснавата ім будзе, — заўважыў Косця.

— Даедуць, — усміхнуўся вясёлы міліцыянер.

Ен зашпіліў скураны верх у калясцы, сеў з Мікалаем Аляксандравічам на матацыкл і паехаў у вёску.

— Усё-такі пашанцавала нам, — сказаў я. — Пазнаходзілі трусоў.

— Пашанцавала, — уздыхнуў Дзяніс. — Трапіцца і сляпой курыцы зярнятка знайсці.

Дзе нянек многа, там дзіця без носа

Мінуў тыдзень. Гэты тыдзень мы пражылі як звычайна: хадзілі ў школу, сядзелі на ўроках, кармілі трусоў. Мне, шчыра прызнацца, гэткае жыццё не вельмі падабалася. Пэўна, таму, што прывык, каб было з прыгодамі.

Я з нецярпеннем чакаў суботы, бо адчуваў, што ў суботу павінна штосьці здарыцца. Вы ўжо, напэўна, заўважылі, што менавіта ў суботу ў нас здараецца штосьці незвычайнае.

І я не памыліўся. Пасля ўрокаў мяне, Дзяніса, Ігара і Раю паклікаў Косця:

— Хадзем на двор. Нешта раскажу.

«Вось і завязка новай прыгоды», — падумаў я.

Яшчэ на ўроках я заўважыў, што Косця не такі, як заўсёды: сядзіць за партай як на іголках, галавою круціць, то на мяне, то на Ігара, то на Дзяніса, то на Раю пазірае.

«Нешта Косця ведае», — здагадаўся я.

На перапынках я ад яго не адыходзіўся, спадзяваўся, што ён сваё нешта раскажа. Але дарэмна. Косця быццам язык праглынуў. Нарэшце я не вытрываў, запытаў: «Косця, што здарылася?» Косця чамусьці спалохана зірнуў на мяне: «Потым скажу. Пацярпі».

Давялося цярпець. Апошнім урокам у нас была родная літаратура. Сяджу, за Косцем цікую, а ён зноўку: то на мяне, то на Ігара, то на Дзяніса, то на Раю пазірае. Валянціна Іванаўна хацела яму ў дзённік заўвагу напісаць, ужо ўзяла дзённік, але Косця выкруціўся: «Валянціна Іванаўна, я сёння дзве пяцёркі атрымаў. Нядобра будзе, калі пяцёркі і заўвага побач».

Засмяялася Валянціна Іванаўна: «Забірай дзённік. Але другі раз не дарую».

Мы выйшлі на двор. Прывёў нас Косця да «Казачнага дамка» і кажа:

— Зноў у нас бяда. Аднаго труса няма. Дзевяць засталося. Уночы, відаць, укралі.

— Можа, ты памыліўся? — засумнявалася Рая. — Давайце яшчэ раз палічым.

Косця аж пачырванеў.

— Не верыце мне? Не верыце? Тады чытайце.

Косця выхапіў з кішэні лісток, працягнуў Раі. Рая ўзяла лісток, разгарнула.

На лістку нязграбнымі друкаванымі літарамі было напісана: «Труса ўзяў я. Калі вырвеце школьныя буракі, вярну яго жывым і здаровым. Не паслухаецеся мяне — застануцца рожкі ды ножкі. Я не жартую».

Мы моўчкі пераглянуліся. Гэта ж ультыматум! Шантаж! Бач, да чаго гэты пісака дадумаўся! На буракі нас пасылае. На гэтым тыдні старшакласнікі ўжо рвалі буракі на школьным полі. Але пяць радкоў нявырванымі засталіся. Здагадаўся, куды нас паслаць.

Я ў роспачы махнуў рукою.

— Вельмі ён разумны. Няхай сам ірве буракі.

— Не крычы, Максім, — прагаварыў Дзяніс. — Нам трэба спакойна разважаць. Давайце падумаем: чаму ён нас на школьнае поле выпраўляе?

Задумаліся мы. І праўда, чаму? Чаго ён гэтым дамагаецца?

Стаім мы, думаем, а з-за «Казачнага дамка» Андрэй Скварцоў выбягае.

— Вы яшчэ не кармілі трусоў? Дапамагчы вам? Яшчэ яго тут не хапала. Узлаваўся я.

— Кыш адгэтуль! Круцяцца розныя пад нагамі. Павярнуўся Андрэй і знік за рогам дамка. А мы думаем, думаем. У мяне ажно галава разбалелася.

— Проста пажартаваў нехта, — махнуў рукою Ігар. Рая не пагадзілася.

— Гэты нехта труса ўкраў. Так не жартуюць. Сапраўды, так не жартуюць. Хітрун гэты злодзей.

Можа, яму наш трус і не патрэбен. Калі б быў патрэбен, то запіску не пісаў бы. З'еў бы цішком — і ўсё.

— Дзяніс, — крычу я. — Ен хоча школьныя буракі забраць. Мы ўдзень вырвем, а ён уночы забярэ.

Дзяніс пачухаў патыліцу.

— Відаць, так. Я згодны з Максімам.

— Трэба да Мікалая Аляксандравіча бегчы, — усхапілася Рая. — Яму ўсё раскажам.

— Не спяшайся бегчы, — спыніў Раю Дзяніс. — А калі той нехта сапраўды пажартаваў? Што тады? Зноў нас на смех падымуць? Не, мы не так зробім.

— Правільна. Зробім па-іншаму, — падтрымаў я Дзяніса. — Гэты пісака з нашай вёскі. Пойдзем па хатах і пашукаем нашага труса.

— Глупства, — скрывіў вусны Дзяніс. — Глядзі, каб з дзеркачом цябе не пагналі. У нашай вёсцы трусоў многія трымаюць. І на хвасце ў ніводнага з іх не напісана, чый ён.

Праўду Дзяніс кажа. Не пазнаем мы свайго труса. Толькі абняславімся. Што рабіць? Як знайсці злодзея?

— Чаго насы павесілі? — прагаварыў Дзяніс. — Есць у мяне адна задума. Пойдзем заўтра на поле, вырвем буракі, а вечарам папільнуем. Злодзей абавязкова прыедзе. Тут мы яго і схопім за каўнер.

Усё-ткі ўмее Дзяніс разважаць, нездарма матэматыку лепей за ўсіх у класе ведае.

Прыдумаў ён добра, вельмі добра! Ноч, цемра, а мы злодзея пільнуем. Хіба не цікава? Трапіць заўтра злодзей у нашы рукі, абавязкова трапіць, нідзе не дзенецца. Нам за гэта, магчыма, па медалю дадуць. А калі не медалі, то гадзіннікі з надпісам абавязкова.

Дзяніс уважліва паглядзеў на нас.