11016.fb2
Лiда адразу збянтэжылася, потым апусцiла галаву, абмякла.
У сваёй бездапаможнасцi яна апярэдзiла матку. "Пойдзе за Станiславам, за тым рудым чортам, на ўсё адважыцца, бо кахае яго. На пагiбель сваю кахае!" - у злосцi думаў я, чакаючы адказу.
Лiда раптам узняла галаву.
- А вы людзям не верце. Станiслаў прыходзiць сюды, праўда, але так, пагутарыць...
Добра, што Лiда падумала так, а не iнакш. Тады б яна не стала гучна размаўляць з каханым i я не меў бы больш магчымасцi слухаць галасы на вадзе.
Я знарок паглядзеў дзяўчыне ў твар i ледзь стрымаўся, каб не папракнуць яе.
Лiда зразумела мой позiрк i зноў апусцiла галаву.
- Кахаю я яго... - нiбы ў апраўданне, цiха сказала яна. У гэтым голасе было ўсё: пакорлiвасць, роспач i боль спакутаванай душы. Трэба было што-небудзь адказаць, суцешыць, дапамагчы добрым словам, парадай...
- Калi ён не пойдзе ў калгас, не стане, як усе людзi, дык i блiзка не падпускай да сябе, а то... - Я падняў з зямлi змяты сiнi званочак i, паказаўшы на кветку, дадаў: - Глядзi! Была кветка прыгожай, вабiла - ты сарвала яе. Цяпер вось кiнула. А таму, што неасцярожна абыходзiлася з ёю, не шанавала прыгажосцi...
Дзяўчына збялела. Вялiкiя светлыя вочы глянулi на мяне з мальбой i страхам, нiбы прасiлi лiтасцi. Адмоўна пакруцiўшы галавою, Лiда раптам закрыла рукамi твар i глуха прагаварыла:
- Нiколi... Цяпер-то ўжо хай лепш едзе...
Я зразумеў, як цяжка ёй было сказаць тыя словы! I маўчаў, бо ведаў, што ўсякая гаворка будзе лiшняя. А калi душэўны боль у дзяўчыны сцiх, бура ўляглася, мы, як добрыя сябры, цэлы адвячорак гаварылi пра гусей i рыбу. Я нават памог Лiдзе загнаць яе незлiчонае "белае войска" на птушнiк. А на развiтанне аддаў да язя яшчэ i акунёў.
- Хай мацi дома юшкi наварыць... Без акунёў яна, як чай без цукру, нiкуды не вартая!
Некалькi дзён пасля гэтага я з прыемнасцю слухаў песнi, якiя спявала на сваiм "камандным пункце" Лiда. Яны былi нейкiя задумлiвыя i сумныя. Мо таму, што Станiслаў больш да яе не прыходзiў.
...Больш маiм каханнем
Ён не даражыць,
Як жа да свiтання,
Людзi, мне дажыць?
Пасмяюцца людзi
Над чужой бядой...
Ой, баляць мне грудзi,
Баляць маладой!..
I чым больш мiнала дзён, тым сумнейшыя былi песнi. "Нiчога, - супакойваў я сябе. - Пройдзе час - забудзецца, пакахае другога, дастойнага..."
Ды аднойчы падвечар...
- Гвардзейскае прывiтанне камандзiру войска белага! - данёсся па вадзе п'яны голас Станiслава.
- Ой, Стасiк!.. Прыйшоў... Думала, што паехаў не развiтаўшыся. Я тады была надта жорсткая, праўда?
- Кусалася як сем д'яблаў!
Цi варта гаварыць, як хваляваўся я, седзячы за паўкiламетра ад Лiдзiнага "КП"? Хiтры Стась дзейнiчаў разумна, разлiчана. Ён прыйшоў у самы крытычны момант, калi дзяўчына, можа, больш за ўсё яго чакала...
- Ты сёння, бачу, вясёлая. Цi не закахалася ў каго?
- Учора мне аванс налiчылi. Падумаць толькi - шэсць тысяч рублёў! Сама бачыла ў ведамасцi...
- Здорава!
- Гэта мне гусi на сваiх крыллях прынеслi... На лета яшчэ большую чараду вазьму! - i заспявала: - "Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець..." Не лезь! Прымi рукi... Хоць раз бы пасядзеў, як чалавек.
- Ты пачакай заўчасна радавацца! - перапынiў яе грубы голас. - Хоць я i не веру, але... ходзяць чуткi, што тваё войска без баёў радзее. Чакай рэвiзiю...
- А я не баюся. Хоць дзесяць рэвiзiй! Ад няма чаго рабiць ходзiш па сяле ды плёткi збiраеш. Новую машыну бачыў?
- Бачыў... Гной на поле вазiць - не мая спецыяльнасць. Ты кахала б мяне, бруднага?
- Кахала б...
- Сядзь блiжэй, Лёдзя... Мая дзiкуначка. Я цябе ў горад павязу, пасмялееш...
- Ой, пусцi руку-у! Стыд...
Голас Лiды абарваўся. I разам з iм абарвалася штосьцi ў маiх грудзях, у сэрцы, якое зведала на сваiм вяку многа трывог i хваляванняў, ды не балела так, як у той вечар. Першай думкай было - бегчы. Бегчы туды i штурхнуць паганага Лiса ў халодныя струменi ракi, але... "Хай гэта будзе ёй выпрабаваннем! Няўжо маё слова не запала дзяўчыне ў душу, не ўзрасло новым коласам?" - з халоднай разважлiвасцю раптам падумалася мне. Прыпаў да вады i слухаў. Маўчала рака. Толькi недалёка цiха булькала крынiчка i да хрыпаты надрываўся недзе драч...
Колькi прайшло таго напружанага, поўнага чакання часу, я не ведаў. Можа хвiлiна, а можа i дзесяць. Раптоўна, як пераможны клiч, нарэшце данёсся па вадзе спакойны голас Лiды:
- Не, даражэнькi... Не рваць табе кветак на калгасным лузе...
Мне лёгка ўздыхнулася.
З усмешкай выкiнуў на бераг вуды i, зняўшы з кручкоў двух паласатых акунёў, пусцiў iх назад у раку. Стаяў на беразе i ўсмiхаўся цудоўнаму вечару, што прынёс у сэрца радасць.
- Я паеду заўтра... Адрас ты ведаеш, - данёсся грубы Стасеў голас. Бывай...
I нi слова ў адказ.
Толькi не маўчала Бяроза-рака. Цi то проста здавалася, цi то дзе бiлiся ў тугi бераг шумлiвыя хвалi, але нешта вельмi падобнае на стрыманы плач доўга чулася мне...
- Гыля!.. Гыля, каб вас каршун пабраў...
Толькi пасля гэтых Лiдзiных слоў я здагадаўся, што яна плакала, ды радасць мая ад таго не зменшылася: жанчынам абавязкова трэба выплакаць сваё гора цi крыўду. Тады яны становяцца больш моцныя душою...
Лiда пагнала гусей дамоў раней, чым заўсёды. А назаўтра ўжо чуўся ля ракi другi голас. Вясёлыя, задорныя прыпеўкi рэхам адгукалiся ў бары. Толькi яны не бадзёрылi мяне. "Што здарылася з Лiдай? Няўжо яна сапраўды паехала за Станiславам?" - непакоiлi цяжкiя думкi. I я вырашыў аб усiм дазнацца.