11166.fb2
- Я хацеў...
У гэты момант я зразумеў, што зараз пачну крычаць. Я не хацеў: i выпусцiў яму тры кулi ў жывот. Ён упаў з нейкiм iдыёцкiм выглядам на каленi, i яго галава скацiлася на левае плячо.
- Падла, - сказаў я яму, - паскудная падла!
Я кiнуўся ўцякаць, паспеўшы адно пачуць, як ён кашляе. Потым з-за спiны ў мяне данеслiся крыкi i тупат. Нехта спытаў: "Што здарылася, яны б'юцца?" - i адразу пасля закрычалi: "Трымай забойцу! Трымай забойцу!" Я не ўразумеў, што ўсе гэтыя крыкi датычаць мяне. Але яны мне здалiся злавеснымi, як выццё пажарнай сiрэны, калi я быў маленькi. Злавеснымi i трошкi пацешнымi. Я бег з усiх ног.
Але я зрабiў недаравальную памылку: замест таго каб бегчы па вулiцы Адэсы ў бок бульвара Эдгара Кiнэ, я спускаўся па ёй да бульвара Манпарнас. Калi я гэта заўважыў, было ўжо надта позна: я быў у самым натоўпе. Людзi паварочвалi да мяне здзiўленыя твары (асаблiва мне запомнiлася аблiчча адной вельмi нафарбаванай кабеты, на якой быў зялёны капялюш з гэткiм кутасiкам). Я ўсё яшчэ чуў, як дурнi з вулiцы Адэсы крычаць у мяне за спiнай: "Трымай забойцу!" Чыясьцi рука лягла мне на плячо. I ўсё змяшалася ў маёй галаве: я не хацеў памiраць задушаны ў гэтым натоўпе. Я яшчэ двойчы стрэлiў. Людзi завiшчалi i расступiлiся. Я ўляцеў у кавярню. Наведнiкi ўскочылi, але нiхто не паспрабаваў мяне затрымаць. Я прабег праз усю доўгую залу i зачынiўся ва ўмывальнi. У рэвальверы заставалася яшчэ адна куля.
Прайшоў пэўны час. Я вельмi задыхаўся i ледзь пераводзiў дух. Вакол было незвычайна цiха, нiбыта людзi маўчалi знарок. Я падняў рэвальвер да вачэй i ўбачыў яго круглую чорную дзiрку: адсюль вылецiць куля, i порах апалiць мне твар. Я апусцiў руку i пачаў чакаць. Нарэшце я пачуў, як яны па-воўчы падкралiся да дзвярэй; калi меркаваць па шорганнi ног, iх было, вiдаць, цэлае войска. Яны крыху пашапталiся i зноў змоўклi. Я ўсё яшчэ моцна дыхаў i думаў, што яны, за сцяной, таксама чуюць маё сапенне. Нехта пацiху наблiзiўся i пакратаў дзвярную ручку. Ён стаяў, пэўна, збоку, прыляпiўшыся да сцяны, каб не трапiць пад кулi. I ўсё роўна ў мяне ўзнiкла пякучае жаданне стрэлiць - але астатняя куля была мая.
"Чаго яны чакаюць? - падумаў я. - Каб яны кiнулiся на дзверы i адразу высадзiлi iх, я не паспеў бы нават застрэлiцца, яны схапiлi б мяне жывога". Але яны не спяшалiся, яны давалi мне поўную магчымасць памерцi. Падлы! Iм было страшна.
Праз пэўны час я пачуў голас:
- Гэй, адчыняйце, вам не зробяць нiчога благога.
Запанавала маўчанне, i той жа голас сказаў:
- Вы ж разумееце, што вам не ўдасца ўцячы.
Я не адказаў, я па-ранейшаму задыхаўся. Каб надаць сабе смеласцi стрэлiць, я паўтараў увесь час: "Калi яны мяне возьмуць, яны мяне будуць бiць. Яны выб'юць мне зубы, а можа, i вока". Мне вельмi хацелася ведаць, цi памёр той таўстун. Можа быць, я яго толькi паранiў... а дзве iншыя кулi, можа быць, зусiм не зачапiлi нiкога... Яны нешта там рыхтавалi; па-мойму, яны цягнулi па падлозе нейкую цяжкую рэч? Я хутчэй сунуў рулю ў рот i моцна яе закусiў. Але я быў няздольны стрэлiць, я не мог нават пальца пакласцi на курок. Усё зноў ахiнулася ў цiшыню.
Тады я адкiнуў убок рэвальвер i адчынiў iм дзверы.