11259.fb2
Стасункі між Дугласам Стоўнам і славутай лэдзі Сэнакс былі добра вядомыя і ў свецкіх колах, дзе яна была заўважнай персонай, і ў грамадзе навукоўцаў, дзе ён лічыўся ці не самым аўтарытэтным. Таму абсалютна натуральным быў розгалас, які выклікала навіна аб тым, што лэдзі раз і назаўсёды пастрыглася ў манашкі і свет больш ніколі яе не ўбачыць. А калі пасля гэтых чутак да таго ж стала вядома, што неяк зранку лёкай убачыў, як знакаміты хірург, чалавек са сталёвымі нервамі сядзеў на ложку, засунуўшы абедзве нагі ў адну штаніну, і радасна ўсміхаўся сусвету, а ягоныя выдатныя мазгі цяпер такія ж каштоўныя, як шапка з кашай, – гэтая падзея сталася дастаткова яркай, каб зацікавіць грамадства, якое ўжо не спадзявалася, што іх распешчаныя нервы яшчэ можа нешта крануць.
У свае найлепшыя часы Дуглас Стоўн быў адным з найвыбітнейшых людзей у Англіі. Больш за тое, цяжка было сказаць, што яго найлепшыя часы ўжо мінулі, бо калі гэта здарылася, яму было трыццаць дзевяць. Тыя, хто ведаў яго найлепш, разумелі, што зрабіцца такім вядомым ён мог бы яшчэ хутчэй, калі б выбраў не прафесію хірурга, а любую з тузіну іншых. Ён мог заваяваць славу як салдат, здабыць яе як даследчык, дабіцца яе як юрыст або збудаваць яе з камню і сталі, як інжынер. Ён быў народжаны для велічы, бо мог задумваць тое, на што іншы нават бы не наважыўся, і здзяйсняць тое, пра што іншы не мог бы падумаць. Ніхто не мог з ім параўнацца ў хірургіі. У яго былі сталёвыя нервы, выключная разважнасць і непераўзыдзеная інтуіцыя. Зноўку і зноў яго нож выразаў смерць, але пры гэтым ён датыкаўся да саміх крыніц жыцця, пакуль яго асістэнты былі такімі ж бледнымі, як сам пацыент. Яго энэргія, смеласць, здаровая самаўпэўненасць – ці не пра іх дагутэль жыве памяць на поўдзень ад Мэрылэбан-роўд і на поўнач ад Оксфард-стрыт?
Яго заганы былі такія ж надзвычайныя, як і вартасці, і нават яшчэ больш яркія. Які б ні быў вялікі яго заробак – а ён быў трэці па велічыні сярод усіх прадстаўнікоў вольных прафесій, – ён усё адно быў меншы за ягоную нястрыманасць. У глыбіні яго натуры жыла моцная схільнасць да пажадлівасці, задавальненню якой служылі ўсе даброты ягонага жыцця. Над імі валадарылі зрок, слых, дотык, смак. Букет старых марачных вінаў, рэдкі экзатычны водар, выпукласці і адценні самага вытанчанага посуду ў Еўропе – менавіта у іх ператваралася хуткая плынь золата. Але потым нарадзілася яго раптоўная, вар’яцкая жарсць да лэдзі Сэнакс, якую запалілі два шматзначныя позіркі і прашаптанае слова на іх першай сустрэчы. Яна была самай прывабнай жанчынай у Лондане і адзінай для яго. Ён быў самым прыгожым мужчынам у Лондане, але не адзіным для яе. Ёй падабаліся новыя прыгоды, і яна мела ласку да бальшыні мужчын, што заляцаліся да яе. Магчыма, гэта і было прычынай – або вынікам – таго, што лорд Сэнакс выглядаў на пяцьдзесят, хоць яму было трыццаць шэсць.
Ён, гэты лорд, быў ціхі, спакойны, незаўважны чалавек з тонкімі вуснамі і цяжкімі павекамі, захоплены садоўніцтвам і адданы дамашнім звычкам. Раней ён цікавіўся тэатрам, нават арэндаваў сцэну ў Лондане, дзе і сустрэўся з міс Мэрыян Доўсан, якой прапанаваў руку, тытул і траціну графства. Пасля шлюбу яму апрыкралі яго ранейшыя захапленні. Ніхто не мог упэўніць яго паўдзельнічаць нават у прыватных пастаноўках і праявіць свой талент, які часам усё ж заўважаўся ў яго дзеяннях. Ён быў шчаслівейшы з рыдлёўкай і палівачкай сярод сваіх архідэй і хрызантэм.
Усіх цікавіла пытанне, ці то ён сапраўды быў пазбаўлены здаровага розуму, ці то заняпаў духам. Няўжо ён ведаў натуру сваёй жонкі і патураў ёй ці проста кахаў яе, як сляпы дурань? Гэта абмяркоўвалі ва ўтульных гасцёўнях за кубачкам гарбаты і ў клубных эркерах з сігарамі. Мужчыны востра і рэзка выказваліся пра яго паводзіны. У гэтых курыльнях быў толькі адзін чалавек, які мог сказаць пра яго добрае слова, але ён быў самым маўклівым у гэтай кампаніі. Ён бачыў, як ва універсітэце той зацугляў каня, і, здавалася, гэта пакінула моцнае ўражанне.
Аднак калі фаварытам лэдзі зрабіўся Дуглас Стоўн, усе сумневы наконт ведання або няведання лорда Сэнакса развеяліся. Стоўн больш не хацеў хітрыць. Ганарысты і імпульсіўны, ён пакінуў убаку абачлівасць і асцярожнасць і кінуў выклік. Набліжаўся нечуваны скандал. Навуковае грамадства намякала яму, што яго імя адклікана са спісу віцэ-прэзідэнтаў. Двое сяброў упрошвалі яго падумаць аб сваёй прафесійнай рэпутацыі. Ён праклінаў іх усіх і траціў па сорак гінеяў на бранзалет, каб заваяваць лэдзі. Кожны вечар ён быў у яе дома, а ўдзень яна ездзіла ў ягоным экіпажы. Ні яна, ні ён не спрабавалі прыхаваць свае стасункі, але ўрэшце здарыўся выпадак, які паклаў ім канец.
Быў змрочны, вельмі халодны зімовы вечар з парывістым ветрам, што крычаў у комінах і грукацеў у шыбіны. З кожным яго парывам у шкло звінеў дробны дождж, на імгненне заглушаючы сумнае булькатанне і звон кропляў, што сцякалі з даху. Паабедаўшы, Дуглас Стоўн сядзеў у сваім кабінеце ля каміна, поруч з ім, на малахітавым стале, стаяў келіх дарагога партвейну. Паднёсшы яго да вуснаў, ён патрымаў яго перад лямпай і вокам знаўцы назіраў драбнюткія часцінкі асадку ў яго рубінавых глыбінях. Шугала полымя, сутаргава кідаючы водбліскі на чыста паголены твар з вялікімі шэрымі вачыма, поўнымі, але цвёрдымі вуснамі і шырокімі квадратнымі пашчэнкамі, што сваёй жывёльнай моцай нагадвалі сківіцы рымляніна. Часам ён усміхаўся, утульна ўладкаваўшыся ў сваім шыкоўным фатэлі. І сапраўды, ён мог быць задаволены, бо – насуперак парадам шасці калег – у гэты дзень ён справіў аперацыю, якая дагэтуль рабілася толькі двойчы, і вынікі былі такімі бліскучымі, што пераўзышлі ўсе спадзяванні. Ні ў аднаго іншага чалавека ў Лондане не хапіла б ні смеласці выканаць гэта, ні досведу здзейсніць гэты геройскі крок.
Ён паабяцаў лэдзі Сэнакс сустрэцца з ёй гэтым вечарам, а ўжо была палова на восьмую. Яго рукі пацягнуліся да званка, каб выклікаць экіпаж, як раптам ён пачуў глухі стук дзвярнога кальца. Праз імгненне з гасцёўні данёсся шоргат ног і рэзкі грукат у дзверы.
– Сэр, да Вас пацыент, ён чакае ў кабінеце, – паведаміў дварэцкі.
– Ён хворы?
– Не, сэр. Здаецца, ён хоча, каб вы пайшлі з ім.
– Так позна?! – раздражнёна ўсклікнуў Дуглас Стоўн. – Не хачу нікуды ісці.
– Вось яго візітоўка, сэр.
Дварэцкі падаў яе на залатым падносе, падораным яго гаспадару жонкай прэм’ер-міністра.
– Гаміль Алі, Смірна. Хм! Ён, відаць, турак?
– Так, сэр. Здаецца, ён прыехаў з-за мяжы. І ён у роспачы.
– Ну вось яшчэ! У мяне сёння сустрэча, мне трэба быць у іншым месцы. Але я прыму яго. Запрасі яго сюды, Пім.
Праз некалькі хвілін дварэцкі расчыніў дзверы і правёў у пакой невысокага, лядашчага, згорбленага мужчыну, які выцягваў галаву наперад, што сведчыла пра вельмі слабы зрок. У яго быў смуглы твар і вельмі чорныя валасы з барадой. У адной руцэ ён трымаў белы муслінавы турбан у чырвоную палоску, а ў другой – маленькую замшавую торбачку.
– Добры вечар, – павітаўся Дуглас Стоўн, калі дварэцкі зачыніў дзверы. – Спадзяюся, вы гаворыце па-ангельску?
– Так, сэр. Я з Малой Азіі, але калі павольна, то я магу гаварыць па-ангельску.
– Я так зразумеў, што вы хочаце, каб я паехаў з вамі?
– Так, сэр. Я жадаю, каб вы паглядзелі маю жонку.
– Я магу прыйсці зранку, бо на сёння я запланаваў спатканне, таму ў мяне няма магчымасці агледзець вашую жонку.
Адказ турка быў даволі незвычайны. Ён пацягнуў за матузок, што завязваў замшавую торбачку, і высыпаў на стол кучку залатых манетаў.
– Тут сто фунтаў, – сказаў ён, – і я абяцаю, што гэта не зойме ў Вас больш за гадзіну. Унізе ўжо гатовы экіпаж.
Дуглас Стоўн зірнуў на гадзіннік. Калі гадзіну – то будзе яшчэ не позна пабачыцца з лэдзі Сэнакс. Ён бываў у яе і пазней. А плата была надзвычай вялікай. І апошнім часам на яго ціснулі крэдыторы, таму ён не мог страціць такі шанец. Ён мусіў ехаць.
– Што за справа? – спытаў ён.
– О, гэта вельмі сумная гісторыя! Вельмі! Вы, відаць, не чулі пра кінжалы альмахадаў?
– Не, ніколі.
– Ах, гэта старажытныя кінжалы рэдкай формы з дзяржальнам у выглядзе дужкі. Разумееце, я гандлюю антыкварыятам. Я прыехаў у Англію са Смірны, а на наступным тыдні мне трэба вяртацца. Я прывёз даволі шмат рэчаў і не ўсе іх прадаў, і сярод тых, што засталіся, быў, на гора, адзін з гэтых кінжалаў.
– Сэр, не забывайце: мне трэба паспець на спатканне, – крыху раздражнёна прамовіў хірург, – паведамляйце, калі ласка, толькі неабходныя дэталі.
– Зараз Вы зразумееце, што гэта і ёсць неабходная дэталь. Сёння мая жонка страціла прытомнасць у пакоі, дзе ляжаў мой тавар, і парэзала ніжнюю губу аб гэты пракляты кінжал альмахадаў.
– Ясна, – сказаў Дуглас Стоўн, устаючы. – Вы хочаце, каб я перавязаў рану?
– Не, не, усё нашмат горш.
– Што ж тады?
– Кінжалы былі атручаныя.
– Атручаныя?!
– Так, і няма чалавека ні на Усходзе, ні на Захадзе, які мог бы сказаць, што гэта за атрута і як ад яе вылекаваць. Але ўсё, што вядома пра гэтыя кінжалы, вядома і мне, бо раней іх прадаваў мой бацька, і нам даводзілася мець шмат дачыненняў з гэтай зброяй.
– Якія сімптомы атручання?
– Глыбокі сон, а праз трыццаць гадзін – смерць.
– І вы кажаце, што вылекаваць гэта немагчыма. Тады за што вы мне плаціце такія неверагодныя грошы?
– Ніякія лекі гэтага не вылекуюць, толькі нож.
– Але як?
– Атрута ўсмоктваецца павольна. Яна на некалькі гадзін застаецца ў ране.
– Значыць, яе можна прамыць і знішчыць яд?
– Не больш, чым пры змяіным укусе. Гэты яд занадта падступны і вядзе да смерці.
– Тады – выразаць рану?
– Толькі так. Калі рана на пальцы – трэба адрэзаць палец. Так заўсёды казаў мой бацька. Але калі падумаць, дзе гэтая рана і што гэта мая жонка! Гэта жудасна!
Але знаёмства з такімі суворымі справамі можа добра прытупіць чалавечае спачуванне. Для Дугласа Стоўна гэта быў ужо цікавы выпадак, і ён не звяртаў увагі на слабыя пярэчанні мужа.