113538.fb2 Сустрэча (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Сустрэча (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк

Сустрэча

Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.

Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.

На стук адказала цiшыня. Пасько пачакаў хвiлiну i зноў паднёс руку да дзвярэй. Але, не дацягнуўшыся да iх, апусцiў. Ён уявiў сабе высокую фiгуру капiтана, схiленую над сталом, нахмураны лоб, позiрк, затуманены болем страты, i адступiў.

Iх засталося пяцёра - Пунтус i Марцалiс на "Валдай" не вярнулiся, усе тэрмiны скончылiся яшчэ ўчора. I тады чацвёра з экiпажа прыйшлi да капiтана i папрасiлi паслаць iх на пошукi.

Капiтан выслухаў iх i сказаў, што падумае. Пасько ведаў, аб чым ён будзе думаць: сiтуацыя ж паўтарылася. Калi не вярнуўся Пунтус, да капiтана яны хадзiлi ўпяцёх. На пошукi быў пасланы Марцалiс. I ён таксама не вярнуўся. Двое з сямi ды яшчэ аварыя рухавiка - гэта ўжо бадай катастрофа. Пасько разумеў ваганнi капiтана - той хацеў адрамантаваць рухавiк i вярнуць "Валдай" на Зямлю. Але ён разумеў i iншае: нiхто з iх, у тым лiку i капiтан, не даруе сабе, калi не даведаецца, што здарылася з таварышамi.

Выклiк да капiтана прагучаў па ўнутранай сувязi як сiгнал трывогi. Ён застаў Пасько на тым жа месцы - ля дзвярэй. Пачакаўшы секунду-другую, Пасько рашуча пераступiў парог.

- Сядай, - не пачынаючы размовы, капiтан паказаў на крэсла.

Увайшлi i астатнiя члены экiпажа.

Капiтан узняў галаву i доўгiм пiльным позiркам абвёў сваiх таварышаў.

- Што будзем рабiць? - спытаў ён.

- Шукаць!

Капiтан у знак згоды схiлiў галаву. Агледзеўшы свой парадзелы экiпаж, сказаў:

- Паедзе Пасько. - Падумаўшы, дадаў: - Ён - апошнi.

Толькi зараз Пасько зразумеў, чаго каштавала капiтану гэтае рашэнне. Ён неяк аж пастарэў за апошнiя суткi, яго доўгая фiгура здавалася яшчэ даўжэйшай, а вакол вачэй густой сеткай паглыбелi маршчынкi.

З каюты капiтана ўсе выходзiлi моўчкi. I Пасько ведаў прычыну. Кожны з iх аддаў бы жыццё, ратуючы таварышаў, i таму нiхто не мог згадзiцца, што ў выпадку яшчэ адной няўдачы iм прыйдзецца вяртацца. Але яны разумелi i тое, што, прымаючы рашэнне, капiтан браў на сябе не толькi вялiкую адказнасць. Ратуючы iх, жывых, ён ужо нiколi не зможа апраўдацца i перад тымi, мёртвымi, якiя, можа, жывуць i чакаюць дапамогi, i перад сваiм сумленнем.

Збiраючыся ў дарогу, Пасько думаў, што, напэўна, капiтан усё-такi дапусцiў памылку. Не цяпер. А тады, калi адправiў першага разведчыка аднаго, а не двух. Магчыма, удвух яны лепш арыентавалiся б, сустрэўшы небяспеку, што чакала iх у катлавiне. Капiтан паспадзяваўся, мабыць, на ахоўныя здольнасцi аўтаматаў, бо, павагаўшыся, катэгарычна сказаў, што паедзе адзiн разведчык. Але аўтаматы, здаецца, не апраўдалi яго спадзяванняў.

Катлавiна пачыналася з раўнiны, на якой зрабiў пасадку "Валдай". Ад карабля да яе было каля чатырохсот кiламетраў. Сама па сабе яна не зацiкавiла б касманаўтаў, як i ўвесь Бальдар - гэта сiняя планета, пазбаўленая атмасферы i якiх-небудзь прыкмет жыцця. Для iх ён быў толькi часовай пасадачнай пляцоўкай. Але, аблятаючы Бальдар, у катлавiне яны заўважылi сiгарападобнае цела, якое вельмi нагадвала зямныя зоркалёты ранняй касмiчнай эпохi.

Пасько выехаў на ўсюдыходзе, калi яшчэ была ноч.

Электронны вадзiцель вёў усюдыход плаўна, амаль без штуршкоў. Нават здавалася, што наогул няма нiякага руху. I тады Пасько, паглядаючы на яркiя аднастайныя зоркi чужога неба, уяўляў сябе ў кабiне касмiчнага карабля, якi згубiўся ў бясконцай прасторы. Выбiраючы зручную дарогу, электронны вадзiцель рабiў паварот, усюдыход уздрыгваў, i тады Пасько вяртаўся да думак аб сваiм становiшчы.

Ён не баяўся. Яму толькi хацелася хутчэй разабрацца, што ж усё-такi здарылася з таварышамi.

Перад выездам ён разам з капiтанам яшчэ раз прагледзеў здымкi катлавiны. Усё тое ж самае: у непрыступных скалiстых гарах, навiслых над абрывам, узвышаўся блiскучы сiгарападобны прадмет з купалам наверсе.

- Думаеш, зямны? - спытаў тады Пасько.

- Хутчэй за ўсё, - адказаў капiтан. - Падабенства вялiкае.

Пасько здалося, што ён хацеў нешта сказаць яшчэ, але не сказаў i, развiтваючыся, толькi кiўнуў галавой.

Вяршынi гор святлелi - пачынаўся дзень. А тут, у катлавiне, беспрасветная цемра на кожным метры яшчэ супрацiўлялася халодным праменням ранiшняга бальдаравага сонца, якiя нiбы сцякалi з гор.

Серабрысты купал быў на ранейшым месцы, вытыркаючыся з-за кальца скалiстых пiкаў. Ад увахода ў катлавiну да гэтага купала заставалася кiламетраў пяць. Пасько навёў тэлеўстаноўку. На экране ружовымi iскрамi ўспыхнулi скалы i сярод iх - купал. Нерухомы, як манумент, як помнiк. Пасько падумаў, што, напэўна, i яго сябрам гэты зоркалёт здаваўся своеасаблiвым помнiкам узлёту чалавечага розуму. I раптам першае сумненне, яшчэ няяснае i слабае, варухнулася ў яго галаве, пасеяўшы ў сэрцы трывогу.

Далей дарогi не было, бо побач стаялi яшчэ два ўсюдыходы, пакiнутыя тут Пунтусам i Марцалiсам. Пасько выключыў рухавiк, зразумеўшы, што далей давядзецца iсцi пехатой.

Перш чым пайсцi, ён зноў паглядзеў на купал. Малюнкi падобных зоркалётаў ён помнiў з падручнiкаў, па якiх некалi вучыўся ў штурманскай школе. Гэта, несумненна, быў зоркалёт, пабудаваны на Зямлi. Адна з першых мадэлей, здольная развiваць субсветавую хуткасць, пабудаваная амаль дзвесце гадоў назад. Дзвесце гадоў! Халодныя мурашкi пабеглi ў Пасько па спiне. Ён нiбы дакрануўся да сiвой мiнуўшчыны, якая выпадкова прыадкрыла перад iм адну са сваiх трагiчных старонак.

Першым жаданнем было кiнуцца да знаходкi. Ён ужо быў зрабiў некалькi крокаў, але авалодаў сабой i спынiўся. Гэты ж самы купал бачылi i Пунтус з Марцалiсам. Яны, мабыць, таксама адразу ж кiнулiся да зоркалёта, не радзiраваўшы папярэдне на "Валдай". Чаму? Адзiн з iх быў пiлот, другi iнжынер. Яны, вiдаць, пазналi зоркалёт, можа, нават нешта аб iм ведалi i не палiчылi патрэбным паведамiць капiтану. Што яны ведалi пра зоркалёт?

Пасько вярнуўся да машыны, закадзiраваў пытанне i, стрэлiўшы ракетай, якая вынесла ўгару зонд-антэну, перадаў дэпешу на "Валдай". Адказ-радыёiмпульс прыйшоў роўна праз тры хвiлiны. А яшчэ праз пятнаццаць секунд Пасько прачытаў: "Зоркалёт сiстэмы КЗСХ. Два не вярнулiся адпаведна 186 i 172 гады назад. Першы ляцеў да Альфы Цэнтаўра, другi - да Сiрыуса".

Гэтыя звесткi не вельмi праяснiлi абстаноўку. Тое, што зоркалёт не вярнуўся на Зямлю, вiдавочна i так. Трэба было спадзявацца толькi на сябе. I Пасько зноў пачаў думаць, што ж рабiлi яго таварышы далей. Хутчэй за ўсё, пазнаўшы зямны зоркалёт, яны паспяшалiся дайсцi да яго. Гэта зусiм зразумелы парыў, але iменна ў iм, магчыма, i таiлася сама небяспека.

Горы, стромкiя i велiчна спакойныя, высачэзнай сцяной дыбiлiся на тым баку катлавiны. Нi Пунтус, нi Марцалiс не паспелi б да iх нават дабрацца за такi час, ды ў гэтым не было патрэбы. Iх шлях, безумоўна, ляжаў да зоркалёта - праз плато, пасечанае скаламi i расколiнамi. Толькi тут iх i трэба шукаць.

Узвалiўшы на плечы скрынку з радыёперадатчыкам i запасам зондаў-антэн i прычапiўшы да пояса плазменны нож, якi пры выпадку мог паслужыць i зброяй, Пасько з лакатарным шукальнiкам у руках рушыў напрасткi праз плато да цяснiны.

На нейкi час серабрысты купал знiк з вачэй, заслонены каменным эскарпам. Пасько апынуўся ў цемры, прыцiшыў хаду i з зайздрасцю глядзеў на ружовыя вяршынi. Лiхтар даваў мала карысцi, ён асвятляў толькi маленькi кружочак пад нагамi. Пасько падумаў, што, можа, недзе побач, у якой-небудзь расколiне i знайшлi свой апошнi прытулак яго таварышы, спяшаючыся, як i ён, да зоркалёта.

Нарэшце святло пранiкла i ў цяснiну. Наўкола ўсё заiскрылася мiрыядамi кропелек-вясёлак. Пасько аж зажмурыўся. Калi яго вочы пад акулярамi светафiльтраў прывыклi да яркага святла, ён узабраўся на блiжэйшы выступ i ўважлiва агледзеў наваколле. Таварышы маглi iсцi толькi гэтым шляхам, бо абочыны былi зусiм непраходныя. Але нiшто яму не нагадвала, што тут калi-небудзь праходзiў чалавек, - нiкiм не кранутая цалiна, маўклiвыя суровыя каменнi...

Пасько пералiчыў запас зондаў-антэн i, падумаўшы, паслаў на базу сiгнал: "Нiчога новага". Атрымаўшы адказ, уздыхнуў i пайшоў далей.

Зоркалёт адкрыўся раптоўна, як толькi цяснiна перайшла ў катлавiну. Да яго заставалася метраў шэсцьсот, бадай, яшчэ больш няроўнага i небяспечнага шляху. Пасько не адрываючыся глядзеў на горды профiль зоркалёта, што схiлiўся вунь там, над безданню, i, нават нахiлены, захаваў iмклiвасць сваiх лiнiй. Якая прыгажосць! Пасько мiмаволi захапляўся тварэннем чалавечага генiя i адчуваў, як раптоўны прыступ тугi сцiскае сэрца.

Зоркалёт выглядаў як жывы, але смяртэльн'а паранены асiлак. Блiскучая металiчная абшыўка там-сям не вытрымала выпрабаванняў прасторы - чужая атмасфера, метэарыты пакiнулi свае адбiткi на яго некалi люстраной паверхнi.

Пасько перабраўся на суседнюю скалу, панарама агляду павялiчылася. Зоркалёт стаў бачны амаль да кiля. I Пасько заўважыў тое, што дагэтуль было схавана ад яго i што ўразiла яго да глыбiнi душы. Вузкая трэшчына чорнай змяёй паўзла па корпусе знiзу ледзь не да палавiны цела карабля. Гэта, напэўна, i азначала катастрофу. Мо даўнюю, а мо i зусiм нядаўнюю.

Зноў яго першым парывам было бегчы як найхутчэй да карабля. I зноў Пасько прымусiў сябе стрымацца. Пунтус i Марцалiс нiбы стаялi перад яго вачыма. Ён падумаў, што тыя, напэўна, пабеглi да яго напрасткi. Гэта было лагiчна. Але яны не ведалi, што не вернуцца. А ён гэта ведаў i абавязан быў узважваць кожны крок.

Пасько прысеў на камень, зменшыў напружанне электрычнага ацяпляльнiка ў скафандры. Свежы струмень халоднага кiслароду абсушыў спацелы лоб, стала крыху лягчэй. Пасько пачаў думаць больш разважлiва. Ён дапускаў, што з абодвума яго таварышамi магло здарыцца выпадковае няшчасце. Аднак iх рацыi, забяспечаныя моцным ахоўным панцырам, маючы аўтаномнае энергетычнае жыўленне, павiнны дзейнiчаць яшчэ некалькi соцень гадзiн. Хваля - вядомая. Такая ж, як i ў яго. I на ёй цяпер няма нiводнага гуку. Няўжо нешта затрымлiвае хвалi?

У Пасько былi дзве магчымасцi, каб распачаць пошукi. Адна, больш пэўная, - пайсцi да зоркалёта, другая - агледзець мясцовасць вакол карабля. Ён быў упэўнены, што з зоркалёта пачыналi таварышы, прынамсi, адзiн з iх, хутчэй за ўсё Пунтус, першы. Пунтус не вярнуўся. Гэта павiнна было насцярожыць Марцалiса, i той, асцерагаючыся чагосьцi невядомага i небяспечнага, напэўна, не пайшоў напрасткi, а выбраў кружны шлях - больш доўгi i больш пэўны. I таксама не вярнуўся. Значыць, любая дарога хавае роўную долю пагрозы. Пасько ўздыхнуў i пайшоў напрасткi.

Нялёгка было заўважыць сляды каго-небудзь з касманаўтаў у гэтым каменным гушчары. Позiрк мiмаволi накiраваўся ў бок горнага хрыбта. Зараз пад яркiмi праменнямi ён здаваўся намнога прыгажэйшым, чым тады, калi яго Пасько бачыў з раўнiны. У беспаветраным асяроддзi скалы былi на дзiва рэльефныя, без паўценяў, афарбаваныя ў дзiвосныя колеры. Любуючыся iмi, Пасько, аднак, не забываў, што за гэтым хараством таiлася нешта яшчэ, i пра гэта ён не меў права забывацца.

Да зоркалёта было недалёка. Каб не бачыць трэшчыны ў корпусе, якая напамiнала аб аварыi, Пасько крыху збочыў улева. Адсюль карабель здаваўся амаль цэлым, гатовым да скачка ў бязмежныя прасторы Сусвету. Пасько закрочыў хутчэй, нiбы i сапраўды баяўся спазнiцца на старт.

Каменныя нагрувашчваннi сустракалiся ўсё часцей, пераходзiлi ў суцэльныя завалы. Па выступах у скалах, штохвiлiнна саслiзгваючы нагамi, ён ледзь узабраўся на вяршыню каменнай грады. Аддыхаўшыся, асцярожна высунуў галаву i не ўтрымаўся, падхапiўся. Зусiм недалёка, тулячыся да падножжа высокага ўцёса, нiбы хаваючыся, ляжаў чалавек, апрануты ў скафандр. Пасько бачыў толькi яго ногi.

Не выбiраючы дарогi, Пасько скацiўся ўнiз i падбег да чалавека. Гэта быў Марцалiс. Як жывы, хаця шлем яго быў адкiнуты. Пасько павярнуў таварыша на спiну. На твары, у шырока расплюшчаных вачах Марцалiса застылi боль, раптоўны спалох i яшчэ штосьцi такое, чаго нiяк нельга было зразумець. На целе нiякiх слядоў, якiя маглi б растлумачыць, чаму адкiнуты шлем.

Зняможаны, Пасько прыхiлiўся да скалы. Тысячы пытанняў блiскавiцамi працiналi мозг. Атрымлiвалася нешта неверагоднае: спачатку Марцалiс памёр, а потым узяў i адкiнуў шлем i тым самым аўтаматычна выключыў рацыю. Але гэтага, безумоўна, ён сам зрабiць не мог. Тады - хто?