115156.fb2
— Што было далей? — спытаў яго Зыль.
— Ран з кожным днём рабiўся ўсё больш вялы. У яго ледзьве хапала сiлы, каб даваць мне патрэбныя iнструкцыi. А потым ён мяне ўжо не выклiкаў да сябе.
Зыль зразумеў, што больш ад Мефiстофеля ён не даведаецца нiчога iстотнага. Што ж, цяпер усё зразумела. Перш-наперш трэба вяртацца на Плутон. Зыль прабег вачамi па цыферблатах. Палiва заставалася толькi на пасадку. Але i гэтага было дастаткова.
Бадай яшчэ нiколi Зыль так не чакаў сустрэчы са сваiм касмадромам. Быццам ён сам вяртаўся з далёкай зоркi праз шмат гадоў расстання.
Пасадку Зыль выканаў бездакорна. Калi асеў пыл, ён зiрнуў у iлюмiнатар. Яркiя агнi, здавалася, вiталi яго са шчаслiвым прыбыццём. Ён павёў позiркам уздоўж пляцоўкi, спадзеючыся ўбачыць усюдыходы таварышаў, i здзiвiўся. На краi ўзвышаўся зоркалёт, напэўна, той самы, з Капэлы. Зыль захваляваўся: ён ужо быў павiнен стартаваць на Зямлю, што з iм здарылася? Ён таропка збег па трапе, выкiнутаму з кабiны «Барса», i спынiўся, уражаны нечаканасцю.
Узняўшы рукi ў знак шчырага прывiтання, перад iм стаялi касманаўты зоркалёта, якi вярнуўся з Капэлы.