116807.fb2
Пра наблiжэнне светлых дзён.
Песня выклiкала ў жывёлаў дзiкае захапленне. Не паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалi ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з iх ужо падхапiлi мелодыю i запомнiлi некалькi словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свiнняў i сабакаў, дык яны за колькi хвiлiн вывучылi ўсю песню на памяць. I тады, пасля некалькiх папярэднiх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлiвым аднагалоссi "Звяры Брытанii". Каровы мыкалi, сабакi скуголiлi, авечкi бэкалi, конi ржалi, качкi кракалi. Песня так iх зачаравала, што яны праспявалi яе цалкам пяць разоў запар i спявалi б яе ўсю ноч, каб iх не перапынiлi.
На бяду, гэты гармiдар абудзiў мiстэра Джоўнза, i ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла лiса. Ён схапiў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальнi, i стрэлiў набоем шроту No 6 у цемру. Шрацiнкi ўпiлiся ў сцяну гумна, i сход паспешлiва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца. Птушкi скочылi на седала, жывёла ўлеглася на салому, i праз хвiлiну ўся ферма ўжо спала.
II
Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалi ў канцы саду.
Было гэта на пачатку сакавiка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзiла ў сама разумных жывёлiнаў на ферме зусiм новы погляд на жыццё. Яны не ведалi, калi адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у iх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за iх жыццём, але яны ясна бачылi, што iхнi абавязак падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць i арганiзаваць iншых выпаў, натуральна ж, на долю свiнняў, бо ўсе лiчылi, што свiннi - найразумнейшыя з усiх жывёлаў. Найвыдатнейшымi сярод свiнняў былi два маладыя кныры - Сняжок i Напалеон, якiх мiстэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялiкi, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзiны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркi, але вядомы сваёй упартасцю i ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык i больш кемлiвы, але лiчылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнiя вепрукi на ферме гадавалiся на зарэз. Найбольш вядомы сярод iх быў маленькi тоўсты падсвiнак Вiскун з круглымi шчокамi, мiрглiвымi вочкамi, жвавымi рухамi i пранiзлiвым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам i, калi спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды i вiляць хвастом, што ўздзейнiчала на слухачоў вельмi пераканаўча. Пра Вiскуна казалi, што ён умее з чорнага зрабiць белае.
Гэтыя трое распрацавалi вучэнне старога Маёра ў завершаную сiстэму, якой яны далi назву Жывялiзм. Некалькi разоў на тыдзень, уночы, калi мiстэр Джоўнз засынаў, яны збiралi таемныя сходы ў гумне i тлумачылi iншым прынцыпы Жывялiзму. Спачатку яны сутыкнулiся з неразуменнем i абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылi пра абавязак вернасцi мiстэру Джоўнзу, якога яны называлi "Гаспадар", або выказвалi прымiтыўныя заўвагi, накшталт: "Мiстэр Джоўнз кормiць нас. Калi ён пойдзе, мы памрэм ад голаду". Iншыя ж пыталiся гэтак: "Чаго нам клапацiцца пра тое, што будзе, калi мы ўжо памрэм?" або "Калi гэтае Паўстанне так цi так адбудзецца, дык якая рознiца, будзем мы нешта рабiць дзеля гэтага або не?", i свiнням з вялiкай цяжкасцю даводзiлася пераконваць iх, што гэта пярэчыць духу Жывялiзму. Найдурнейшыя ж пытаннi задавала Молi, белая кабылка. Цi не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: "А цi будзе цукар пасля Паўстання?"
"Не, - цвёрда адказаў Сняжок. - У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбiцца цукар. Ты будзеш мець аўса i сена, колькi захочаш". "А цi можна будзе мне насiць стужкi ў грыве?" - спыталася Молi. "Таварыш, - сказаў Сняжок, - стужкi, якiя ты гэтак любiш, ёсць знак рабства. Цi ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкi?"
Молi згадзiлася, але згода яе прагучала не вельмi пераканаўча.
Яшчэ болей давялося змагацца свiнням супраць хлуснi, якую разводзiў свойскi крумкач Масей. Масей, якога асаблiва песцiў мiстэр Джоўнз, быў шпiёнам i даносчыкам, але ён быў яшчэ i разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра iснаванне таямнiчае краiны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерцi адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамi, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвiце ўвесь год, а кавалкi цукру i льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавiдзелi Масея, бо ён баяў байкi i не працаваў, але некаторыя верылi ў Ледзянцовыя Горы, i свiнням даводзiлася зацята спрачацца, каб пераканаць iх, што такой краiны не iснуе.
Сама вернымi iх вучнямi былi цяглавыя конi Баксёр i Канюшынка. Iм было вельмi цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзiўшыся аднойчы з тым, што свiннi iх настаўнiкi, яны паглыналi ўсё, што iм казалi, i перадавалi сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнiчалi на таемных сходах у гумне i найгучней спявалi "Звяры Брытанii", якiмi канчаўся кожны сход.
Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней i значна прасцей, чым усе спадзявалiся. Некалi раней мiстэр Джоўнз, хоць i жорсткi гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнiм часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся i прыахвоцiўся да чаркi, ды так, што гэта пачало ўжо iсцi яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымi днямi сядзеў у сваiм разьбяным драўляным крэсле на кухнi, чытаў газеты, пiў i раз-пораз кармiў Масея хлебнымi скарынкамi, змочанымi ў пiве. Слугi ягоныя былi лянiвыя i несумленныя, палi пазарасталi пустазеллем, стрэхi папрацякалi, занядбаныя платы пахiлiлiся, а жывёла была недакормленая.
Настаў чэрвень, трава была ўжо амаль гатовая да сенакосу. Напярэдаднi Янавай ночы, а было гэта якраз у суботу, мiстэр Джоўнз выправiўся ў Уiлiнгдан i так напiўся ў "Чырвоным iльве", што вярнуўся дадому толькi апоўднi ў нядзелю. Слугi ўраннi падаiлi кароў i пайшлi ставiць пасткi на зайцоў, не даўшы сабе клопату накармiць жывёлу. Прыйшоўшы дадому, мiстэр Джоўнз адразу ж заснуў на канапе ў гасцёўнi, накрыўшы твар газетай "Навiны свету", так што калi надышоў вечар, жывёлы ўсё яшчэ былi някормленыя. Нарэшце iх цярпенню настаў канец. Адна карова праламала рогам дзверы ў свiрне, i ўсе жывёлы пачалi частавацца з засекаў. Якраз у гэты момант мiстэр Джоўнз прачнуўся. Праз хвiлiну ён i чатыры слугi былi ў свiрне з бiзунамi ў руках i сцябалi на ўсе бакi. I ўжо гэтага галодныя жывёлы сцярпець не маглi. Нiбы згаварыўшыся, хоць нiчога гэткага загадзя не планавалася, яны кiнулiся на сваiх тыранаў. На Джоўнза i яго людзей раптам пасыпалiся з усiх бакоў удары рагоў i капытоў. Яны зусiм разгубiлiся. Нiколi раней яны не бачылi, каб жывёлы сябе гэтак паводзiлi, i гэты нечаканы бунт iстотаў, якiх яны прызвычаiлiся без дай прычыны бiць i зневажаць, да смерцi iх напалохаў. Неўзабаве яны кiнулi спробы абаранiцца i пусцiлiся наўцёкi. Не прайшло i хвiлiны, як яны ўжо ляцелi, што мелi духу, дарогаю, якая вяла да гасцiнца, а за iмi ў пераможным iмпэце беглi жывёлы.
Мiсiс Джоўнз выглянула з акна ў спальнi i, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешлiва кiнула ў дарожную торбу ўсё, што трапiла пад руку, уцякла з фермы iншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкi i паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналi Джоўнза i яго людзей на гасцiнец i з бразгатам зачынiлi за iмi цяжэзную браму. I так, не паспеўшы яшчэ як след сцямiць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылi Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны i ферма Мэнар стала iхняя.
Напачатку жывёлы не маглi паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабiлi - усiм гуртам абабеглi наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нiбы хацелi ўпэўнiцца, што нiводная чалавечая iстота не схавалася там; пасля яны кiнулiся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерцi апошнiя сляды ненавiснага панавання Джоўнза. Яны выламалi дзверы ў рымарнi ў канцы стайнi; цуглi, наздравыя колцы, сабачыя ланцугi, страшныя нажы, якiмi мiстэр Джоўнз пакладаў кныроў i бараноў, - усё гэта было патоплена ў студнi. Лейцы, аброцi, шоры, ганебныя аброчныя торбы былi ўкiнуты ў вогнiшча, што гарэла ў двары. Туды паляцелi i пугi. Усе жывёлы заскакалi ад радасцi, убачыўшы, як пугi занялiся полымем. Сняжок кiнуў у вогнiшча i стужкi, якiмi ў кiрмашовыя днi звычайна ўпрыгожвалi конскiя грывы i хвасты.
- Стужкi, - сказаў ён, - павiнны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае iстоты. Усе жывёлы павiнны хадзiць голыя.
Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькi саламяны капялюш, якi надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, i кiнуў яго да кучы ў вогнiшча.
За кароткi час жывёлы знiшчылi ўсё, што нагадвала iм пра мiстэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў iх у свiран i выдаў кожнаму падвойную норму збожжа i па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалi ад пачатку да канца "Звяры Брытанii" i тады паклалiся спаць. Гэтую ноч яны спалi так, як не спалi яшчэ нiколi ў жыццi.
Прачнулiся яны, як звычайна, на свiтаннi i, раптам прыгадаўшы вялiкую падзею, што адбылася напярэдаднi, выбеглi ўсе разам на выган. Трохi далей на выгане ўзвышаўся невялiкi пагорак, з якога было вiдаць амаль усю ферму. Жывёлы забралiся на вяршыню пагорка i азiрнулiся навокал у ясным ранiшнiм ззяннi. Так, гэта належала iм - усё, што яны бачылi навокал, належала iм! У захапленнi ад гэтай думкi яны радасна кружылiся на месцы i падскоквалi ўгару ад шчасця. Яны качалiся ў расе, набiралi поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалi нагамi камякi чорнай зямлi i нюхалi яе шчодры пах. Тады яны абышлi ўсю ферму i агледзелi ў цiхiм захапленнi раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нiбыта i не бачылi ўсяго гэтага раней, i нават цяпер iм было цяжка паверыць, што гэта ўсё iхняе.
Пасля яны вярнулiся да будынкаў i моўчкi спынiлiся перад уваходам у сядзiбу. Яна таксама належала iм, але яны баялiся ўвайсцi. Праз хвiлiну, аднак, Сняжок i Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынiлi дзверы, i жывёлы ўвайшлi нясмелаю чарадою, ступаючы з вялiкаю асцярогай ад боязi што-небудзь парушыць. Яны пераходзiлi на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, i з багавейным страхам разглядалi неверагодную раскошу, ложкi з пярынамi, люстэркi, канапу, набiтую конскiм воласам, аксамiтны дыван, лiтаграфiю каралевы Вiкторыi над камiнам у гасцёўнi. Яны якраз спускалiся па сходах, калi заўважылi, што згубiлася Молi. Вярнуўшыся, яе знайшлi ў найлепшай спальнi. Яна выцягнула з туалетнага столiка мiсiс Джоўнз блакiтную стужку i цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалi, i яны выйшлi на двор. Некалькi кумпякоў, што вiселi на кухнi, былi вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з пiвам у каморы Баксёр прабiў капытом, больш яны ў доме нi да чога не дакранулiся. Адразу аднадушна пастанавiлi, што сядзiба будзе захаваная ў якасцi музея. Было вырашана, што нiхто з жывёлаў нiколi не будзе там жыць.
Жывёлы паснедалi, i тады Сняжок i Напалеон зноў склiкалi iх разам.
- Таварышы, - сказаў Сняжок, - цяпер палова сёмай гадзiны, i наперадзе яшчэ доўгi дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас i яшчэ адна справа, якой мы найперш мусiм аддаць увагу.
I свiннi расказалi, што за апошнiя тры месяцы яны навучылiся чытаць i пiсаць з старога лемантара, якi належаў дзецям мiстэра Джоўнза i якi выкiнулi на сметнiк. Напалеон загадаў прынесцi белай i чорнай фарбы i прывёў усiх да брамы, што выходзiла на гасцiнец. Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пiсанне) зацiснуў пэндзаль памiж косткамi капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву "Ферма Мэнар" i напiсаў замест яе "Ферма Жывёлаў". Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма. Пасля гэтага яны вярнулiся да будынкаў, дзе Сняжок i Напалеон паслалi па драбiны, якiя яны загадалi прыставiць да сцяны вялiкага гумна. Яны растлумачылi, што ў вынiку роздуму за апошнiя тры месяцы свiннi здолелi звесцi прынцыпы Жывялiзму да Сямi Запаведзяў. Гэтыя Сем Запаведзяў цяпер будуць запiсаныя на сцяне, яны стануцца непарушным законам, паводле якога ўсе насельнiкi Фермы Жывёлаў мусяць жыць ад гэтага дня i назаўсёды. З пэўнай цяжкасцю (бо свiннi не надта зручна лазiць па драбiнах) Сняжок залез угору i ўзяўся за працу, а колькi прыступак нiжэй стаяў Вiскун i трымаў фарбу. Запаведзi былi напiсаныя на прасмоленай сцяне вялiкiмi белымi лiтарамi, якiя чыталiся з адлегласцi трыццаць ярдаў. Гучалi Запаведзi так:
Сем Запаведзяў
1. Усе, хто ходзiць на дзвюх нагах, - ворагi
2. Усе, хто ходзiць на чатырох нагах або мае крылы, - сябры
3. Нiводная жывёла не павiнна насiць адзенне
4. Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку
5. Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку
6. Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў
7. Усе жывёлы роўныя
Напiсана было вельмi чыста, i калi не лiчыць, што замест "ложку" было напiсана "лошку" i адно "я" было павернута ў другi бок, усё было слушна i без памылак. Сняжок прачытаў напiсанае ўголас, каб зразумелi астатнiя. Усе жывёлы ўхвальна качалi галовамi, а разумнейшыя адразу пачалi завучваць Запаведзi на памяць.
- А цяпер, сябры, - закрычаў Сняжок, адкiнуўшы пэндзаль, - усе на сенажаць! Справай гонару будзе для нас сабраць сена хутчэй, чым гэта рабiлi Джоўнз i яго людзi.
Але ў гэты момант тры каровы, якiя ўжо нейкi час выглядалi неспакойнымi, пачалi ўтрапёна рыкаць. Iх ужо цэлыя суткi не даiлi, i вымя ў iх разрывалася ад малака. Крыху падумаўшы, свiннi загадалi прынесцi вёдры i даволi ўдала падаiлi кароў, бо капыты ў iх былi добра прыстасаваныя да гэтага. Неўзабаве пяць вёдраў напоўнiлiся тлустым шумлiвым сырадоем, на якi шмат хто з жывёлаў паглядаў з паважным зацiкаўленнем.
- Што будзе далей з гэтым малаком? - спытаўся нехта.
- Джоўнз часам падлiваў нам крыху малака ў корм, - сказала адна курыца.
- Не хвалюйцеся за малако, таварышы! - закрычаў Напалеон, стаўшы перад вёдрамi. - Мы разгледзiм гэтае пытанне. Нам важней цяпер бiтва за ўраджай. Зараз вы пойдзеце за таварышам Сняжком. Я прыйду праз некалькi хвiлiн. Наперад, таварышы! Сенажаць чакае.
I ўсе пацягнулiся гуртам на сенажаць пачынаць касьбу, а калi ўвечары яны вярнулiся, нехта заўважыў, што малако знiкла.
III
Колькi яны намучылiся i папацелi на сенакосе! Але высiлкi iхнiя не былi марныя, бо сена накасiлi нават больш, чым спадзявалiся.
Часам праца давалася цяжка; прылады былi разлiчаны на людзей, а не на жывёлу, i вялiзнаю перашкодай было тое, што нiводная жывёлiна не магла карыстацца прыладамi, якiя вымагалi стаяння на заднiх нагах. Але свiннi былi такiя разумныя, што маглi знайсцi выйсце з любога цяжкага становiшча. Што да коней, яны ведалi на полi кожны каменьчык i на самай справе разбiралiся ў тым, як касiць i грэбцi сена, значна лепей за Джоўнза i яго людзей. Свiннi фактычна не працавалi, але кiравалi i наглядалi за iншымi. Пры iх вышэйшым розуме было натуральна, што яны возьмуць на сябе кiраўнiцтва. Баксёру i Канюшынцы самiм даводзiлася ўпрагацца ў касiлку або конныя граблi (нi цуглi, нi лейцы цяпер, вядома ж, былi не патрэбныя) i заўзята хадзiць сюды i туды па полi, а за iмi хадзiлi свiннi i гукалi: "Но, пайшоў, таварыш!" або "Тпру, назад, таварыш!", у залежнасцi ад патрэбы. I ўсе жывёлы, нават сама маленькiя, пераварочвалi сена i збiралi яго. Нават качкi i куры сноўдалi цэлы дзень сюды-туды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькiя жмуточкi сена. Урэшце яны скончылi сенакос, затрацiўшы на яго на два днi меней, чым на гэта iшло часу ў Джоўнза i ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гiсторыю фермы. Стратаў не было зусiм; куры i качкi з iх пiльнымi вочкамi падабралi ўсё да апошняй былiнкi. I нiводная жывёлiна на ферме не ўкрала нi калiва сена.
Усё лета праца на ферме iшла як добра наладжаны механiзм. Жывёлы нiколi сабе не ўяўлялi, што яны могуць быць такiя шчаслiвыя. Кожны кавалак ежы выклiкаў у iх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды iх ежа, здабытая iмi самiмi i дзеля iх самiх, а не мiзэрныя порцыi, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калi не было болей гэтых нiкому не патрэбных паразiтаў людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер i вольнага часу, хоць жывёлы i не мелi нiякага досведу ў тым, як яго бавiць. Яны сутыкалiся з рознымi цяжкасцямi - напрыклад, праз нейкi час, калi яны збiралi збожжа, iм прыйшлося малацiць яго на стары лад i выдзiмаць з яго мякiну, бо на ферме не было малатарнi - але свiннi з сваiм розумам i Баксёр з сваёй неверагоднаю сiлай заўсёды iх ратавалi. Баксёрам захаплялiся ўсе. Ён быў добры работнiк яшчэ за часамi Джоўнза, але цяпер ён быў нiбы тры канi, а не адзiн; былi днi, калi здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. З ранiцы да ночы ён штурхаў i цягнуў, i заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ён дамовiўся з адным пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай на паўгадзiны раней ад усiх астатнiх, i сам браўся за якую-небудзь працу - такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай, - перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: "Я буду працаваць яшчэ старанней!" - ён узяў гэтыя словы сабе за дэвiз.
Але кожны працаваў адпаведна сваiм магчымасцям. Куры i качкi, напрыклад, уратавалi пяць бушаляў збожжа пад час жнiва, старанна падбiраючы зярняткi. Нiхто не краў, нiхто не скардзiўся за порцыi. Сваркi, бойкi i зайздрасць, такiя звычайныя штодзённыя з'явы колiшнiх часоў, цяпер амаль зусiм знiклi. Нiхто не ўхiляўся ад працы - цi амаль нiхто. Молi, што праўда, не надта ахвотна паднiмалася ранiцаю i мела звычку iсцi з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забiўся камень. Дзiўныя былi i паводзiны ката. Неўзабаве ўсе заўважылi: як толькi трэба нешта рабiць, ката нiколi нельга знайсцi. Ён знiкаў на цэлыя гадзiны, тады раптам з'яўляўся, калi трэба было есцi, або ўвечары, калi праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так i трэба. Але ён заўсёды знаходзiў такiя цудоўныя прабачэннi i муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамiн, як здавалася, пасля Паўстання зусiм не змянiўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як i за часы Джоўнза, нiколi не ўхiляючыся, але i не беручы нiколi добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне i яго вынiкi ён звычайна не выказваў нiякiх думак. Калi ў яго пыталiся, цi шчаслiвейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: "Аслы жывуць доўга. Нiхто з вас яшчэ нiколi не бачыў мёртвага асла", i ўсе мусiлi задавольвацца гэтым загадкавым адказам.
Нядзелi былi вольныя ад працы. Снедалi на гадзiну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонiя, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднiмалi сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарнi стары зялёны абрус мiсiс Джоўнз i намаляваў на iм белай фарбай падкову i рог. Сцяг паднiмаўся на флагштоку перад сядзiбай кожную нядзелю ранiцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палi Англii, тым часам як падкова i рог азначалi будучую Рэспублiку Жывёлаў, якая паўстане, калi чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы iшлi гуртам у гумно на агульны збор, якi называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўвалiся i абмяркоўвалiся розныя пастановы. Высоўвалi пастановы заўсёды свiннi. Iншыя жывёлы навучылiся галасаваць, але самi нiякiх прапаноў прыдумаць не маглi. Найбольш актыўнымi ў спрэчках былi Сняжок i Напалеон. Але можна было заўважыць, што гэтыя двое нiколi не пагаджалiся мiж сабою: калi адзiн з iх выказваў якую думку, можна было быць пэўным, што другi будзе яе абвяргаць. Нават калi было пастаноўлена - па сутнасцi, нiхто не меў нiчога супраць выдзелiць маленькi выган за садам у якасцi месца адпачынку для жывёлаў, якiя састарылiся i не маглi болей працаваць, дык усчалiся зацятыя спрэчкi наконт дакладнага веку выхаду на пенсiю для розных катэгорыяў жывёлы. Сход заўсёды сканчаўся адспяваннем "Звяроў Брытанii", i ўвесь час па абедзе прызначаўся на адпачынак.
Рымарню свiннi выбралi сабе за штаб. Вечарамi яны вывучалi тут кавальства, цяслярства i iншыя неабходныя рамёствы з кнiжак, якiя яны вынеслi з сядзiбы. Сняжок сам займаўся яшчэ i арганiзаваннем iншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камiтэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камiтэт па Вытворчасцi Яек, для кароў - Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак - Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камiтэт Перавыхавання Дзiкiх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў i зайцоў) i шмат iншых, а таксама курсы па лiквiдацыi непiсьменнасцi. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдалiся. Спроба ўхатнiць дзiкiх жывёлаў, напрыклад, правалiлася амаль адразу. Тыя працягвалi паводзiць сябе па-ранейшаму, а калi да iх ставiлiся з шчодрасцю i спагадай, яны проста з гэтага карысталi. Кот далучыўся да працы Камiтэта Перавыхавання i колькi дзён быў вельмi актыўны. Адзiн раз бачылi, як ён сядзеў на даху i гутарыў з вераб'ямi, якiя абачлiва трымалiся ад яго на адлегласцi. Ён расказваў iм, што цяпер усе жывёлы таварышы i што любы верабей мог бы падысцi i сесцi яму на лапу; аднак вераб'i не наважвалiся падысцi блiжэй.
Гурткi ж па лiквiдацыi непiсьменнасцi якраз удалiся. Да восенi амаль кожная жывёлiна на ферме была ў пэўнай ступенi пiсьменная.
Што да свiнняў, дык яны ўжо выдатна ўмелi чытаць i пiсаць. Сабакi навучылiся чытаць даволi добра, але не выяўлялi асаблiвае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямi Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў i часам вечарамi чытала iншым з газетных шматкоў, якiя яна знаходзiла на сметнiку. Бэнджамiн умеў чытаць не горш за свiнняў, але нiколi не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькi яму вядома, няма нiчога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе лiтары, але не магла злучыць iх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэслiць на пяску сваiм вялiзным капытом А, В, С, а тады, падцiснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на лiтары, часам патрэсваючы чубам, i што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж iдзе далей, але так нiколi i не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён iх запомнiць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавiў, што яму хопiць i чатырох першых лiтар, i штодня раз цi два практыкаваўся пiсаць iх, каб асвяжыць памяць. Молi адмовiлася вучыць больш за чатыры лiтары, з якiх складалася яе iмя. Яна любiла акуратна выкладаць iх з галiнак i ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзiла навокал i захаплялася сваiм мастацтвам.
Нiводная iншая жывёлiна на ферме не пасунулася далей за лiтару А. Выявiлася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкi, куры i качкi, былi няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясцiў, што Сем Запаведзяў, па сутнасцi, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавiта: "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна". У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялiзму. Той, хто глыбока iм прасякнецца, зможа нiколi не баяцца нiякiх чалавечых уплываў. Птушкi спачатку запярэчылi, бо iм здавалася, што яны таксама маюць дзве нагi, але Сняжок давёў iм, што гэта не так.
- Птушынае крыло, таварышы, - сказаў ён, - гэта орган руху, а не дотыку, i, такiм чынам, павiнна быць прыраўнянае да нагi. Адметны знак чалавека рука, прылада, якою ён чынiць усе свае зладзействы.