11767.fb2
Я саскочыў з плота i папёр полем да нашага флiгеля, а Валек увесь час за мной. Яму, вiдаць, падабаецца гэтая аблава, бо ён раскрывае рот i бляе, што мае азначаць задавальненне.
Я спынiўся, страшэнна ўзлаваны.
- Дарагi мой, чаго ты хочаш ад мяне?.. Чаго ты за мной валочышся? спытаўся я.
Валек вельмi здзiвiўся.
- Адчапiся, пайшоў прэч ад мяне! - гаварыў я, сцiскаючы кулакi. - Сораму мне нарабiў, усе з мяне смяюцца... Калi яшчэ раз прычэпiшся, адлупцую...
Сказаўшы гэта, я пайшоў, а хлопец застаўся.
Адышоўшыся трохi, я азiрнуўся, - ён стаяў на тым самым месцы. Глядзеў на мяне i ўголас плакаў.
Пудзiлам уляцеў я ў нашу кухню. Куды нi ступлю - вады з мяне нацячэ. Куры, парастапырваўшы крылы, з перапалоханым кудахтаннем кiнулiся да вокнаў, дзеўкi пачалi рагатаць, а Вайцехова пляснула рукамi.
- Ах, мая долечка! А што ж гэта з табой? - закрычала кабецiна.
- Не бачыце?.. У сажалку ўвалiўся, вось i ўсё!.. Дайце мне, Вайцехова, палатняны гарнiтур, чаравiкi, кашулю... Толькi хутчэй.
- Гора маё з гэтым Казем, - адказала яна. - Да пiнжака, вiдаць, гузiкi не прышыты... Казька, паварушыся, знайдзi чаравiкi!
Вайцехова пачала расшпiльваць мой мундзiр, здымаць яго пры дапамозе другой дзеўкi. Сяк-так справiлiся, а з ботамi было нямала клопату. Нi туды нi сюды. Нарэшце паклiкалi конюха. Мне давялося легчы на тапчане, Вайцехова з дзеўкамi трымалi мяне пад пахi, а конюх сцягваў боты. Я думаў, што ён мне ногi павыкручвае. Затое праз нейкiя паўгадзiны я быў як лялька - выцерты, пераапрануты, прычасаны. Прыбегла Зося i прышыла гузiкi да палатнянага пiнжака. Вайцехова мокрую вопратку выкруцiла, вынесла на гарышча, i - цiха.
Аднак бацька, прыйшоўшы дахаты, ведаў ужо ўсё. Ён паглядзеў на мяне кплiва, пакiваў галавой i сказаў:
- Дурань ты, дурань!.. Iдзi цяпер да Лёнi, няхай табе купiць новыя порткi.
Тут прыйшоў пан вiнакур. I той агледзеў мяне, пасмяяўся, аднак я падслухаў, як ён казаў бацьку ў канцылярыi:
- Хлопец рухавы! За дзеўкамi ў агонь палезе... Як i мы ў маладыя гады, пане Ляснеўскi.
Я здагадаўся, што ўжо ўвесь двор ведае пра маю сiмпатыю да Лёнi, i мне было вельмi сорамна.
Пад вечар прыйшлi панi, Лёня i гувернантка, i ў кожнай з iх - о, дзiва! быў прышпiлены да сукенкi гарлачык... Мне хацелася схавацца пад зямлю, уцячы, але мяне паклiкалi, i я апынуўся перад панямi.
Гувернантка, як я заўважыў, прыглядалася да мяне вельмi прыязна. А панi графiня пагладзiла мяне па шчацэ i дала мне некалькi цукерак.
- Хлопчык мой, - сказала яна, - гэта добра, што ты такi ветлiвы, але прашу цябе - нiколi не вазi паненак чоўнам. Добра?
Я пацалаваў яе руку i штосьцi мармытнуў.
- I сам таксама не плавай. Абяцаеш?
- Не буду плаваць.
Пасля яна звярнулася да гувернанткi i пра нешта пагаварыла па-французску. Я пачуў слова "эро", што паўтарылася некалькi разоў. На бяду, бацька таксама пачуў гэтае "эро" i аказаўся:
- Ваша праўда, панi графiня. Iрад, сапраўдны iрад!..
Панi засмяялiся, а потым, калi яны пайшлi, Зося намагалася растлумачыць бацьку, што "эро" пiшацца "heros" i па-французску азначае не iрад, а герой.
- Герой? - паўтарыў бацька. - Ён такi герой, што сапсаваў мундзiр i порткi, а мне прыйдзецца бухнуць Шулiму злотых з дваццаць. На чорта яно, такое геройства, дзе iншым трэба за яго плацiць!
Мне было вельмi прыкра ад такiх празаiчных бацькавых поглядаў. Аднак я дзякаваў богу, што толькi на поглядах справа i закончылася.
З гэтага часу я сустракаўся з Лёняй не толькi ў парку, але i ў палацы. Разоў некалькi абедаў там, ад чаго вельмi бянтэжыўся, i амаль штодня падвячоркаваў, калi давалi каву або сунiцы цi малiны з цукрам i смятанкай.
Часта я гутарыў са старэйшымi панямi. Графiня здзiўлялася маёй начытанасцi, якая iшла ў мяне з гарбунковай бiблiятэкi, а гувернантка, панна Клеменцiна, проста захаплялася мною. Гэтай сiмпатыяй я карыстаўся дзякуючы не столькi маёй эрудыцыi, колькi гутаркам пра пiсара, пра якога я ведаў, дзе ён цяпер стаiць наглядчыкам над парабкамi i што думае пра панну Клеменцiну. Нарэшце гэтая светлая асоба прызналася мне, што зусiм не думае выходзiць замуж за пiсара, але вельмi хацела б узняць яго маральна. Сказала мне, што на яе разуменне роля жанчын ва ўсiм свеце заключаецца ў тым, каб узнiмаць мужчын, i што я, калi вырасту, павiнен сустрэць такую жанчыну, якая мяне ўздыме.
Павучаннi гэтыя вельмi мне падабалiся. Я ўсё больш ды больш старанна прыносiў панне Клеменцiне весткi пра пiсара, а яму пра панну Клеменцiну, за што меў ласку ў абаiх.
Жыццё ў палацы, як я сёння яго ўспамiнаю, было тады асаблiвае. Да графiнi праз дзень, праз два прыязджаў яе жанiх, а панна Клеменцiна разоў па некалькi на дзень наведвала тыя закуткi парку, з якiх магла ўбачыць пiсара, або, як яна гаварыла, прынамсi, пачуць яго голас, мусiць, тады, калi ён лаяў парабкаў. Са свайго боку, пакаёўка паплаквала ў кожным акне па чарзе, зноў жа па пiсары, а рэшта дзяўчат, пераймаючы панства, размяркоўвала свае пачуццi памiж лёкаем, буфетчыкам, кухарам, кухарчуком i фурманам. Нават сэрца старой Салюсi не было свабодным. Яго займалi iндыкi, гусакi, качары, пеўнi i каплуны разам з iх разнапёрымi сяброўкамi, у таварыстве якiх ключнiца тапталася з ранку да вечара.
Само сабой, што нам, дзецям, у такiм занятым акружэннi жылося прывольна. Мы гулялi цэлымi днямi i толькi тады сустракалiся са старэйшымi, калi нас клiкалi на абед, на падвячорак цi на спачын.
Дзякуючы такой свабодзе мае адносiны з Лёняй склалiся даволi арыгiнальна. Праз некалькi дзён яна гаварыла мне "Казя", потым "ты", распараджалася мною, нават крычала на мяне, а я яшчэ ўсё звяртаўся да яе на "вы", усё менш ды менш гаварыў, а больш слухаў. Часамi ўва мне абуджалася гордасць чалавека, якi праз год можа пайсцi ў трэцi клас. Тады я праклiнаў тую хвiлiну, калi паслухаў Лёню ўпершыню, пайшоў клiкаць сястру. Я гаварыў самому сабе:
"Няўжо ж яна думае, што я на службе ў яе, як мой бацька ў яе мацi?.."
Такiм чынам я бунтаваў самога сябе, вырашаў, што больш такое не паўторыцца. Аднак, як толькi сустракаўся з Лёняй, адвага пакiдала мяне, а калi крышку яе i заставалася, дык зноў жа Лёня загадвала з такой нецярплiвай просьбай, так тупала ножкай, што я павiнен быў выконваць усё. Калi ж аднойчы злавiў вераб'я i аддаў яго ёй не адразу, яна закрычала:
- Не хочаш, дык i не трэба!.. Абыдуся без твайго вераб'я!..
Яна так пакрыўдзiлася i так гарэла ад цiкаўнасцi, што я пачаў упрошваць яе ўзяць вераб'я. А яна - не i не!.. Ледзь упрасiў, вядома ж, пры дапамозе Зосi, аднак з тыдзень яна ўсё наракала:
- Я табе такой непрыемнасцi нiколi ў жыццi не зрабiла б. Ведаю цяпер, якi ты верны! У першы дзень скокнуў у ваду, каб нарваць мне гарлачыкаў, а ўжо ўчора нават не захацеў дазволiць пагуляць трохi з птушкай. Усё я ведаю... О! Нiводзiн iншы хлопец не паступiў бы са мной такiм чынам.
Калi ж пасля ўсялякiх маiх тлумачэнняў я, урэшце, папрасiў яе хоць ужо не злавацца, яна адказала:
- А хiба ж я злуюся?.. Ты ж i сам добра ведаеш, што не злуюся. Мне толькi прыкра было. А ўжо як мне прыкра было, гэтага нiкому не ўявiць... Няхай табе Зося скажа, як мне прыкра было.
Тады Зося з урачыстым выглядам растлумачыла мне, што Лёнi было вельмi, ну, проста вельмi прыкра.
- Зрэшты, няхай Лёня сама скажа табе, як ёй было прыкра, - закончыла мая дарагая сястрычка.
Так мяне слалi ад Анны да Кайяфы*, каб акрэслiць ступень той прыкрасцi, i я зўсiм разгубiўся.
* Тут - у сэнсе ад аднаго начальнiка да другога.
Я ператварыўся ў машыну, з якое Лёня i Зося рабiлi ўсё, што iм толькi хацелася, бо кожны дзень маёй самастойнасцi прыносiў той цi iншай з iх адны прыкрасцi, а ўжо яны iх перажывалi разам.
Калi б бедны Юзя ўстаў са свае магiлы, ён не пазнаў бы мяне ў асобе зацюканага, паслухмянага кавалерчыка, якi вечна па штосьцi хадзiў, нешта прыносiў, нечага шукаў, пра штосьцi не ведаў, у нечым не разбiраўся i раз-поразу атрымлiваў вымовы. А калi б гэта бачылi мае сябры!..
Аднойчы панна Клеменцiна была занята больш, чым заўсёды. Бо пiсар назiраў за нечым каля канюшнi, крокаў некалькi ад мiлай альтанкi. Карыстаючыся гэтым, мы ўтраiх вышмыгнулi за парк, у тыя кусты, дзе рос ажыннiк.
Страхоцце, колькi iх там, ажынаў, было! Што нi ступiш, дык i куст, а на кожным процьма ягад, чорных i буйных, як слiвы. Спачатку мы збiралi iх разам, перагукваючыся ад захаплення. А неўзабаве змоўклi i разышлiся кожны ў свой бок. Не ведаю, як там дзяўчаты, але я, утапiўшыся ў найгусцейшых кустах, забыўся пра ўсё на свеце. Што гэта былi за ажыны!.. Сёння няма такiх нават i ананасаў.