11767.fb2
У кухнi быў страшэнны тарарам. Валекава мацi плакала i лаялася, а старая Салюся выгаворвала ёй, што Валек разбiў талерку.
- Дала яму, - наракала пасуднiца, - гэтаму гiцлю, талерку, каб ён яе вылiзаў, а ён, падлюга, бух яе аб зямлю, а сам наўцёкi. Ой, калi ўжо я сёння не заб'ю цябе, дык няхай мае рукi ды ногi адсохнуць...
А пасля закрычала:
- Валек!.. Хадзi сюды, шалудзька ты, адразу ж iдзi, бо я з цябе скуру здзяру, калi цяпер не з'явiшся.
Мне стала шкада хлопца i захацелася справу загладзiць. Аднак я падумаў, што паспею зрабiць гэта пасля лесу, бо Валек - дай бог, каб ноччу паказаўся ў кухнi. I я пайшоў сваёй дарогай.
Да лесу ад двара было з паўгадзiны хады, а можа, i больш. Раслi там дубы, сосны, ляшчэўнiк, а сунiц i чарнiц столькi, што бяры - колькi хочацца. З краю пастухi трохi прарэджвалi ягады, а далей было iх больш, усыпаны цэлыя паляны, з наш дзядзiнец велiчынёй.
Зайшоўшы ў такое месца, я нарваў ягад поўную шапку i хустку, бо сам еў мала, спяшаўся. Нягледзячы на гэта, прайшло з гадзiну, а то i больш, пакуль я са сваiм зборам вырушыў назад. Напрасткi не пайшоў, а трохi кругам, бо мне наогул падабалася пахадзiць па лесе.
Калi iдзеш у гушчар, дык дрэвы выразна даюць дарогу, прапускаюць цябе. Але паспрабуй, iдучы наперад, азiрацца. Яны падаюць адно аднаму галiны, нiбы рукi, ствол наблiжаецца да ствала, пасля яны нават зусiм сыходзяцца, i неўзабаве за табой вырасце стракатая сцяна, глыбокая i непраходная...
Лягчэй за ўсё тады заблудзiцца. Куды нi пойдзеш - усюды аднолькава, усюды дрэвы рассоўваюцца перад табой, а за табой збягаюцца. Ты пачынаеш бегчы, яны таксама бягуць назад, каб адрэзаць табе адступленне. Ты спынiшся - яны стаяць сабе ды ахалоджваюцца голлем, як веерамi. Паварушваеш галавой улева ды ўправа, шукаючы дарогi, i заўважаеш, што некаторыя дрэвы хаваюцца адно за адно, нiбы хочучы пераканаць цябе, што iх куды менш, чым ты сабе думаеш.
О, лес - гэта ўсё-такi небяспечнае месца! Там кожная птушка шпiёнiць, куды ты iдзеш, кожнае зеллейка намагаецца заблытаць твае ногi, а як не можа, дык хоць шамаценнем даносiць пра цябе iншым. Так яму, лесу, любы чалавечы твар, што, убачыўшы яго, - кiдаецца на ўсё, абы толькi затрымаць тут чалавека назаўсёды.
Сонца ўжо хiлiлася на захад, калi я выйшаў у поле. А неўзабаве сустрэўся з Валекам. Ён хутка iшоў у бок лесу, падпiраючыся доўгiм кiем.
- Куды ты? - спытаўся я.
Ён не ўцякаў ад мяне. Спынiўся i, паказаўшы жоўтай ручкай на лес, цiха сказаў:
- Далёка!..
- Хутка ноч будзе, вяртайся дахаты.
- Але ж матуля хочуць мяне страшэнна адлупцаваць...
- Хадзем са мной, дык не адлупцуе.
- Ой, адлупцуе!..
- Хадзем, будзеш бачыць, што нiчога не зробiць, - сказаў я, падышоўшы да яго.
Хлопец адступiўся, але не ўцякаў; мне здалося, што ён вагаецца.
- Ну, хадзем...
- Але ж баюся...
Я зноў наблiзiўся, а ён - адступiўся. Гэтае ваганне ды адступанне раздражнiла мяне. Там Лёня ягад чакае, а ён таргуецца са мной?.. Няма ў мяне часу на гэта.
Я хутка пайшоў у бок маёнтка. Засталася ўжо, мусiць, палавiна дарогi дахаты, калi я азiрнуўся i ўбачыў Валека на ўзгорку каля лесу. Ён стаяў са сваiм кiем у руцэ i глядзеў на мяне. Кашуля яго развявалася на ветры, а падзёрты капялюш блiшчаў ад нiзкага сонца, нiбы агнiсты вянок.
Штосьцi кранула мяне. Я прыгадаў, як парабкi падгаворвалi яго, каб узяў кiй ды iшоў у свет. Няўжо ж ён так i зрабiў?.. Не, не такi ўжо ён дурань. Зрэшты, няма мне калi вяртацца да яго, бо чарнiцы падушацца, а там Лёня чакае...
Лётам прыбег я дахаты, каб перасыпаць ягады ў кошычак. На парозе Зося павiтала мяне - горкiм плачам...
- Што з табой?..
- Бяда, - шапнула сястра. - Усё выйшла наверх... Панi звольнiла тату...
- Зося, што ты гаворыш?.. Што з табой?..
- Праўду я гавару. Татка ўжо звольнены. Лёня па сакрэту сказала гувернантцы пра тую асу, а гувернантка - сказала панi... Калi тата прыйшоў у палац, панi загадала, каб ён неадкладна завёз цябе ў Седльцы. Але татка сказаў, што мы паедзем усе разам...
Зося страшэнна расплакалася.
У гэты момант я заўважыў бацьку на двары. Пабег насустрач яму i задыхана кiнуўся да ног.
- Татка, родненькi мой, што ж я нарабiў! - шаптаў я, абнiмаючы яго за каленi.
Бацька падняў мяне, пакiваў галавой:
- Дурны ты. Iдзi дахаты.
А потым сказаў, як быццам сам сабе:
- Тут iншы майстар ёсць, якi нас адгэтуль выганяе, думаючы, што стары ўпаўнаважаны не дазволiў бы яму прайграць маёнтак сiраты. I мае рацыю!
Я здагадаўся, што ён гаворыць пра жанiха нашай панi. На сэрцы ў мяне палягчэла. Пацалаваў бацькаву шорсткую руку i сказаў трохi смялей:
- Бачыце, татка, мы ў ажынах былi... Лёню ўкусiла аса...
- Сам ты дурны, як аса. Не братайся з панянятамi, дык i не будзеш паляваць на восаў i не сапсуеш портак у сажалцы. Iдзi дахаты i не вылазь мне за парог, пакуль усе адгэтуль не выедуць.
- Яны выязджаюць? - ледзь прашаптаў я.
- Едуць днямi ў Варшаву, а вернуцца, калi нас тут ужо не будзе.
Вечар прайшоў сумна. На вячэру былi выдатныя клёцкi з малаком, але нiхто з нас не еў iх. Зося выцiрала чырвоныя вочы, а я строiў адчайныя планы.
Перад сном я цiха зайшоў у сястрын пакой.
- Зося, - сказаў рашуча, - я... павiнен ажанiцца з Лёняй!..
Яна зiрнула на мяне спалохана.
- Калi? - спыталася.
- Усё роўна.
- Але ж цяпер ксёндз-пробашч не павянчае вас, а потым яна будзе ў Варшаве, а ты ў Седльцах... Зрэшты, што тут сказаў бы татка, панi?..