117875.fb2 Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

ВЯЛIКI ЖАХ ПРЫХОДЗIЦЬ ТОЛЬКI ЎНАЧЫ

Можам шмат небылiц расказаць,

Як чысцейшую праўду,

Ды, калi схочам,

I праўду расказваць мы можам.

Гесiёд, VIII ст. да н. э.

Жывуць Сонца i Кiсларод!

Воклiч грамадзян Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi,223 год Вялiкай Эры Плюралiзму

I

Зазванiў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькi што прарэзалiся рожкi. Гай Дубровiч узяў трубку.

— Спадар Гай, — прыглушана сказалi на тым канцы, — табе тэлефануе Радзiвiл Сiротка. Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?

Такой была форма вiтання на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму — замест "добры дзень", або "добрай ранiцы" адразу ж цiкавiлiся крывяным цiскам i апошнiм сном суразмоўнiка.

"Хто такi гэты Радзiвiл Сiротка? — напружыў памяць Гай Дубровiч. — З Iндаэўрапейскага тэлебачання? З Лiгi барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы?

Можна было нацiснуць зялёную кнопку на слухаўцы i адразу ж убачыць твар таго, хто званiў, але не хацелася гэта рабiць. У жыццi i ў прыродзе амаль не засталося таямнiцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мiкраскапiчная.

— Цiск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнiм сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колiшняй аднакласнiцай, — прыглушыў голас Гай Дубровiч i азiрнуўся — цi няма побач жонкi: — Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?

— Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, — паныла адказала слухаўка. А ў сваiм апошнiм сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе i ў вельмi недарэчнай, вельмi цьмянай сiтуацыi.

"Што ён вярзе? — здзiвiўся Гай Дубровiч. — Я яго зусiм не ведаю, не магу ўспомнiць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, снiць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзiць толькi тое, аб чым думаеш, або некалi думаў".

Тут Гай Дубровiч зноў палахлiва азiрнуўся, ды жонкi ў пакоi не было. Хоць на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму рэўнасць на Ўсеiндаэўрапейскiм рэферэндуме прызнана i зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзiць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеiндаэўрапейскi рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровiч, менш плюралiстычныя.

— Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволi рызыкоўнай, даволi небяспечнай сiтуацыi, — бубнiла мiж тым тэлефонная трубка.

Гай Дубровiч аж цiхенька скрыгатнуў зубамi. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнiк? Так добра пачынаўся дзень, i вось недарэчны званок… Мацi Гая Пушча Дубровiч некалi казала: "Маўчы, а то язык iголкаю накалю". Узяць бы зараз доўгую вострую iголку, прыпалiць яе на полымi, ды…

— Што ж ты бачыў аба мне? — амаль крыкнуў Гай.

— Бачыў, што на рагу Зялёнай i Сiняй вулiц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабiль. I ты развалiўся, прабач, на тры часткi. У цябе чамусьцi была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотацi, што расце ў Апошнiм Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, i ўсё…

— Чаму ж я развалiўся менавiта на тры часткi? — толькi i прамовiў агаломшаны Гай Дубровiч.

— А гэтак цябе пераехалi. Вось я i пазванiў табе, каб, як iсцiнны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, папярэдзiць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пi вiно i снежную ваду з памiрскiх ледавiкоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзiвiл Сiротка зрабiў нацiск на слове «такога», i тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калi не асцерагацца, прыйсцi Вялiкi Жах. А Вялiкi Жах прыходзiць уначы.

Выгукнуўшы: "Жывуць Сонца i Кiсларод!" (так, па традыцыi, заканчвалi свае прамовы людзi Вялiкай Эры Плюралiзму), Радзiвiл паклаў трубку. А Гай Дубровiч застыў у глыбокiм одуме. Зрабiлася так тужлiва, так няўтульна на душы, хоць у мяшок завяжыся. Ён узняўся з крэсла, падышоў да хатняй электроннай энцыклапедыi, якая мясцiлася на ярка-чырвонай насценнай панелi. Адшукаў кнопку з надпiсам «эмоцыi», нацiснуў. Адразу на панелi ўспыхнуў невялiкi срабрысты экран, ланцужком пабеглi словы «радасць», "гнеў", "здзiўленне", «гордасць», "крыўда"… На слове «жах» ланцужок спынiўся. Гай Дубровiч цiскануў кнопку два разы, i экран перарэзаў чорны надпiс "вялiкi жах". Потым ён размыўся, экран зрабiўся зялёным — энцыклапедыя пачала тлумачыць слова «жах». У адно iмгненне перад прыцiхлым Гаем Дубровiчам пранеслiся аскаленыя чарапы, агiдныя, шэрыя ад часу шкiлеты, гiганцкiя шматлапыя павукi з вогненна-чырвонымi вачыма, падзямеллi-катавальнi, дзе на плячах i галовах вязняў густа варушылiся, мярзотна пiшчалi тлустыя пацукi. Гай аж уздрыгнуў, а на экране ўжо быў эшафот, зрублены са смольных сасновых дошак, стаяла плаха з уваткнутай у яе сякераю. Жоўтатвары змардаваны чалавек у чорным балахоне горбiўся каля яе на каленях, а кат чытаў яму каралеўскi ўказ. Словы, як пякучыя iголкi, лезлi ў вушы: "Паколькi вы, сэр Рэлi, прызнаны вiнаватым у кашчуннай здрадзе нашаму каралю Якаву Першаму, вас даставяць назад у турму, дзе вы будзеце знаходзiцца да дня пакарання. Адтуль вас павязуць у павозцы па вулiцы да месца страты, дзе павесяць, але яшчэ жывога дастануць з пятлi, аголяць цела, вырвуць сэрца, кiшкi, палавыя органы i спаляць iх на агнi на вашых вачах. Затым вашу галаву аддзеляць ад цела, якое расчленяць на чатыры часткi, каб прынесцi задавальненне каралю. Ды даруе Бог вашу душу. Лондан. У год ад увасаблення Хрыстовага 1603-цi".

Гай Дубровiч, як амаль усе людзi Вялiкай Эры Плюралiзму, быў добрасардэчны, чуллiвы, i таму ён хуценька выключыў энцыклапедыю i зноў пачаў ламаць галаву: думаць — хто ж званiў яму. Мяркуючы па прозвiшчу Радзiвiл Сiротка — нехта з тых, хто помнiць, ведае i любiць беларускую гiсторыю. Такiх людзей цяпер нямала, не тое што раней. Ведаць свой радавод да дзесятага калена павiнен кожны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Тое ж самае i ў Арабскай Канфедэрацыi, i ў Кiтайскай. Можна пазванiць у Бюро "Усё аб усiх", i праз лiчаныя хвiлiны будзеш ведаць, колькi ў гэтага Радзiвiла Сiроткi радзiмак на скуры. Але правiлы Штодзённага Этыкету не дазваляюць рабiць такое. Шхто не мае права парушаць Таямнiцу Чалавечай Душы. Толькi следчыя ў час аварый i катастроф могуць (i то на нейкае iмгненне) зазiрнуць у святая святых. А катастроф i аварый на Зямлi хапае. Яшчэ непадуладны людзям землятрусы вышэй сямi балаў, маланкi, метэарыты. Са смерчамi ж навучылiся змагацца — гарматным стрэлам адсякаецца ад мацярынскага воблака хобат смерчу, i дзiкая сiла стыхii пралiваецца хвосткiм, але нястрашным дажджом.

Трыццацiпяцiгадовы Гай Дубровiч, сухарлявы шатэн з шэрымi вачамi, быў супрацоўнiкам Славянскай секцыi Iндаэўрапейскага аддзелу Сусветнага iнстытута гiсторыi планеты Зямля. Дарэчы, пяцьдзесят гадоў таму назад успыхнула вельмi вострая спрэчка памiж «акiянiстамi» i «зямлянамi». «Акiянiсты» (iх падтрымалi Саюз ахвяр мора, Лiга iмя капiтана Нема, Асацыяцыя аквалангiстаў i вадалазаў) запатрабавалi, каб планета называлася Акiянам, а не Зямлёю, бо аж 71 працэнт яе пакрыты вадой. Справа скончылася Вялiкiм Рэферэндумам. З нязначнай перавагай перамаглi «зямляне». Iхнi лiдэр Джон Сiлмэн сказаў: "Калi вада даходзiць да барады, усе пачынаюць плаваць, але толькi зямная цвердзь навечна захоўвае чалавечыя сляды, вада ж не пакiдае на сабе слядоў. Дык уславiм Зямлю!"

Дубровiч заўсёды быў сярод «зямлян», бо перакананы, што нi мора, няхай самае прыгожае i багатае, нi Далёкi Космас, наскрозь прастрэлены трасамi зоркалётаў, не заменяць чалавеку Зямлю. Ёсць на дне Балтыкi падводны горад Светавiд, названы ў гонар вярхоўнага бога паморскiх славян. Дык вось жыхары ягоныя кожную нядзелю разам з дзецьмi выходзяць на паверхню i, укленчыўшы, цалуюць траву i ўзбярэжны пясок. I выносяць з-пад вады ўрны з попелам-прахам сваiх памерлых дзядоў.

Як прафесiйны гiсторык Гай Дубровiч з прагнасцю чытаў кнiгi сваiх калег, напiсаныя яшчэ да Вялiкай Эры Плюралiзму. Усе яны — i манархiсты, i рэспублiканцы, i лiбералы верылi, што чалавецтва знаходзiцца толькi на самым пачатку вялiкай, можа, нават бясконцай дарогi, што шчасце — наперадзе, як ранiшняя зорка на ружовым небасхiле. Асаблiва верылi ў гэта камунiсты, без анiякiх сумненняў, самаахвярна, з фанатызмам. Яны не азiралiся назад, усё не было часу, а не павярнуўшы галавы, не ўбачыш, бо ў чалавека няма вачэй на патылiцы. Так i беглi праз дзесяцiгоддзi, не тое што назад, пад ногi не паспявалi глянуць, не маглi ўразумець, па чым бягуць — па кветках? па касцях? Формула iснавання была такая: "Рух — усё, мэта — нiшто". Ды горкае расчараванне чакала ўсiх гэтых бегуноў. Тыцнулiся носам i губамi ў сцяну, крывёй залiлiся.

Вялiкая Эра Плюралiзму ўлiчыла памылкi папярэднiкаў. Нездарма на франтоне Дома Народаў, якi пабудаваны ў цэнтры Планеты на афрыканскiм экватары, велiзарнымi лiтарамi напiсана: "Заўтра пачынаецца ўчора". Людзi быццам ачомалiся ад эйфарычнага сну. I з яркай выразнасцю ўсе раптам убачылi (прычым убачылi менавiта ўсе, а не толькi навукоўцы), што старадаўнiм народам гiсторыя здавалася не прагрэсам, а рэгрэсам. Чатыры вякi ўпамiналiся ў мiфах тых народаў: залаты, срэбны, медны, жалезны. Дык вось залаты век быў не наперадзе, а ззаду. Быццам перавярнулася егiпецкая сiвая пiрамiда i цяжкой падэшвай уторкнулася ў неба.

Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзiўленнем, а з цiхiм шкадаваннем адзначаў Гай Дубровiч усемагутную веру сваiх далёкiх папярэднiкаў у несакрушальную бязмежную сiлу тэхнiкi i навукi. Людзi калiсьцi марылi аб птушыных крылах i змайстравалi самалёт, а потым ракету i зоркалёт. Людзi навучылiся глядзець праз метал i камень, пасялiлiся на акiянскiм дне, перамаглi рак, пачалi ажыўляць мёртвых (праўда, толькi дзяцей), нарабiлi камп'ютэраў, акружылi сябе полчышчамi паслухмяных звышпрацавiтых робатаў, накiравалi космадэсантнiкаў на Марс i Венеру. Але ўсяго гэтага iм было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзiн крок, адно кароткае, як узмах веек, iмгненне — i рухнуць сцены апошнiх, такiх зманлiвых таямнiц, рассыплюцца на каменьчыкi гранiтныя горныя хрыбты, знiкнуць iнерцыя, вага, можна будзе лёгка i крылата пайсцi па вадзе, па самым лютым агнi; можна растапырыць пальцы рукi, з усяго маху ўдарыць iмi ў камень — i пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго, нiбы ў масла. I вернiкi, i закаранелыя атэiсты адчулi сябе (спачатку толькi ўва сне i ў наркатычных мроях) калi не багамi, дык двайнiкамi багоў, i ўжо не адзiн прымерваўся, шукаў пункт апоры, каб перавярнуць Зямлю. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмiчнай варты прыляцеў, упаў з хмарыстага неба i разбiў, нiбы курынае яйка, ядзерны рэактар на поўднi Афрыкi, напалохаў усiх, дакладней кажучы, амаль усiх. Адразу 26 красавiка кожнага года (незагойны дзень Чарнобыльскага выбуху) было аб'яўлена Днём Вогнiшча i Лучыны. Па ўсёй планеце, у гарадах i вёсках, на вулiцах i ў кватэрах, замест электрычнасцi запалалi лучына i вогнiшчы. Чалавецтва, як бы спатыкнуўшыся, прыпынiлася.

Лозунгу "Назад — у пячоры!", вядома, не было, але Партыя Новых Лудзiтаў каменнымi сякерамi на дробныя кавалачкi разбiла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькi жорсткiх сутычак з робатамi, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўвалiся агнямёты. Затым у Германii ўспыхнула Першае паўстанне робатаў. Яго кiраўнiк робат Х-29342 назваў сябе Спартаком i загадаў усiх iнжынераў i тэхнiкаў, што апынулiся ў руках паўстанцаў, распяць на металiчных крыжах. Ледзьве ўдалося пранiкнуць у лагер мяцежнiкаў i абясточыць усiх. Тады ж Вялiкi Рэферэндум прыняў амаль адзiнагалосную пастанову, якую дасцiпныя журналiсты ахрысцiлi Сiнiм Тормазам. Гэты Сiнi (ад колеру дыму лучын i вогнiшчаў) Тормаз уводзiў на ўсёй планеце Трохгодкi Навуковых Адкрыццяў. Згодна пастановы, грамадскi час дзялiўся на трохгодкi, на працягу якiх навуковыя iнстытуты, вучоныя, даследчыкi, рацыяналiзатары (былi i такiя), вядома ж, працавалi, але не мелi права абнародаваць свае адкрыццi, абавязаны былi трымаць iх пад сакрэтам. Толькi ў апошнiм снежнi трохгодкi iм дазвалялася праз часопiсы i газеты, праз радыё i тэлебачанне азнаёмiць насельнiцтва планеты з трыма самымi значнымi, на iх погляд, адкрыццямi. "Мазгавiкоў" (так у прастамоўi называлi вучоных) гэта вельмi крыўдзiла i прыгнечвала. На пачатку першай трохгодкi семнаццаць вучоных (сярод якiх было пяць жанчын) у знак пратэсту пакончылi жыццё самагубствам. З вялiкiмi ўрачыстасцямi iх пахавала ўся планета, але трохгодак не адмянiлi. Сiнi Тормаз падтрымалi 83 працэнты дарослых зямлян: усе фермеры i бiёлагi, амаль усе паэты i шахцёры, болыыасць аўтамабiлiстаў, верталётчыкаў, хiмiкаў… Толькi Саюз космадэсантнiкаў, Лiга барацьбы супраць мутантаў i Аб'яднанне беласкурых прастытутак не згадзiлiся з вынiкамi Вялiкага Рэферэндуму ды вымушаны былi падпарадкавацца Ўсепланетнай Дысцыплiне.

На дзвярах хатняй бiблiятэкi, у якой у глыбокiм одуме i разгубленасцi гартаў "Усеагульную Гiсторыю Чалавецтва" Гай Дубровiч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок — нехта прасiў дазволу ўвайсцi.

— Уваходзьце, — сказаў Дубровiч.

I адразу на дзвярах загарэўся кружок зялёнага колеру.

У бiблiятэку рашуча ўвайшла ягоная жонка Бярозка Дубровiч, прыгожая, смуглявая. Учора, як помнiцца, яна была ў адзеннi ангельскай лэдзi вiктарыянскай эпохi, сёння ж перад Дубровiчам стаяла антычная афiнянка — у белай падоўжанай тунiцы, з блiскучым, цi не срэбным, вяночкам на чорных валасах.

— Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне, Адзiны? прывiтала яна мужа, пяшчотна пацалаваўшы яго ў скроню.

Вялiкая Эра Плюралiзму (або ВЭП, як любiлi гаварыць сябры Гая Дубровiча — маладыя энергiчныя фiзiкi) зрабiла адносiны памiж мужчынам i жанчынай больш гнуткiмi, болып рухомымi i нестандартнымi. Той, хто хацеў, меў адну жонку i адпаведна аднаго мужа. Такiх сем'яў (прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi) была большасць. Але мелiся i так званыя пашыраныя сем'i, дзе разам, у шчасцi i ў поўнай згодзе, жылi тры мужчыны i тры жанчыны. Мужы i жонкi ў пашыраных сем'ях звярталiся адно да аднаго са словамi: «Каханая», «Каханы». Гай Дубровiч i Бярозка Дубровiч былi адналюбамi, вось чаму Бярозка сказала, пяшчотна i мiлагучна: «Адзiны».

Гай пацалаваў жонку. Яна ўважлiва паглядзела на яго, пацёрлася шчакой аб ягоны плячук, потым твар спахмурнеў.

— Ведаеш, Гай, не вельмi добрыя навiны…

— Зноў нехта бачыў мяне ў iдыёцкiм сне? — не даў ёй дагаварыць Гай.

— Так. Тэлефанавала Вера Хрысцiнюк… Голас у Бярозкi быў нясмелы, прыдаўлены.

— I што ж?

— Казала, што прыснiлася ёй ядзерная катастрофа. Казала, што ўсе мы паспелi забегчы ў сховiшча, нават таўстун Каласоўскi, а ты чамусьцi не ўскочыў за бранiрованыя дзверы. Не змог. I разам з табой там, пад ядзерным выбухам, застаўся ксёндз Баляслаў.

— Ксёндз? — здзiвiўся Дубровiч.

— Але. Ксяндза цяжка паранiла. Нейкая цяжкая стальная бэлька ўпала на грудзi. Ён сваёй крывёю намаляваў на зямлi крыж, пацалаваў яго i памёр. А ты… Вера Хрысцiнюк бачыла, як ты стаў на каленi, горка плакаў i прасiў, каб цябе ўпусцiлi ў бамбасховiшча. Ды нiхто не адчынiў дзверы. А ты ўсё стаяў на каленях i прасiў, прасiў…

— Перастань, — рэзка сказаў Гай Дубровiч. — Ты ж бачыш, што мне непрыемна слухаць.

— Прабач, Адзiны, — пачырванела Бярозка. — Я не хацела… Але ж такi сон… Прашу цябе — будзь асцярожны… Пастарайся гэтымi днямi нiкуды не выходзiць з дому, пасядзi над сваiмi рукапiсамi, пагуляй з Чарлi ў шахматы…

Чарлi быў хатнiм робатам Дубровiчаў — вялiкае металiчнае цела, чырвоныя пранiзлiвыя вочы, хрыплы, як прастуджаны, голас.

— Гуляць з гэтай бляшанкай? — Гай крыва ўсмiхнуўся.

— Робата мы маем права замянiць толькi праз чатыры месяцы, — напомнiла Бярозка, радуючыся, што размова аддаляецца ад злашчаснага сну.

Ды, вiдно па ўсiм, у галаве ў Гая моцна засела навiна, прынесеная жонкай. Ён пстрыкнуў пальцамi, што рабiў у хвiлiны душэўнага ўзрушэння, спытаў:

— Скажы, Адзiная, а якi я быў там, за дзвярыма сховiшча?