117875.fb2 Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

— Перастаньце, — рэзка сказаў Буслейка. — Каму патрэбна ваша танная сентыментальнасць? Адплывiце цi адляцiце — не ведаю, як па-вашаму называецца гэта дзеянне, — трошкi ўбок, каб я мог кiраваць верталётам. Я не хачу разам са сваiм сябрам разбiцца. Мы, прабачце, бялковыя, а не плазменныя, i не любiм падаць з вялiкай вышынi.

Адважны беларус прамовiў гэтыя словы, не спускаючы позiрку з Плазмоiда. Шар адразу ж раздзьмуўся, набыў ранейшую малочна-сiнюю яркасць. Можна было, мяркуючы па ўсiм, чакаць ад яго нейкiх рэпрэсiўных дзеянняў. Але ён мiралюбна загаварыў:

— Вы, людзi, заўсёды адносiлiся да нас з вялiкiм недаверам, нават не ведаючы, хто мы. Вы болып за ўсё на свеце баiцеся плазмы, агню, нават смерць выбiраеце, абы толькi не забраў вашу жывую плоць агонь. Толькi гэтым я магу вытлумачыць той факт, што ў час пажараў у вышынных будынках чалавек выкiдваецца праз акно з дваццатага, з трыццатага паверха i, вядома, разбiваецца ўшчэнт, але не аддаецца полымю. Страх агню запраграмаваны ў вас на ўзроўнi генаў.

— Так, — згадзiўся Радаслаў. — У прынцыпе, для чалавека павiнна быць усё роўна — памерцi ад агню, ад жалеза або вады. Але iнстынктыўна чалавек, калi толькi ёсць выбар, выбiрае не вогненную смерць. Чаму? Можа, таму, што кара агнём — гэта поўнае, абсалютнае знiшчэнне, знiкненне, а жывая чалавечая душа заўсёды сумуе па сваёй плоцi.

— Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка, — з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоiд. — Мы, Дзецi Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслiвай здольнасцю бясконца, без нiякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму i масу. Калi ты ведаеш, у стане плазмы знаходзiцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркi, галактычныя туманнасцi, мiжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоiды вельмi даўно стварылi сваю цывiлiзацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвiцення Вулканаў, калi над iхнiмi грамагалосымi кратэрамi бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкiя продкi плазмоiдаў прыляцелi з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процiстаянне з бялковай цывiлiзацыяй. А зараз — вайна. Плазмоiд упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмi. Я вельмi ганаруся, што мне выпаў найвялiкшы гонар ад iмя Народа Ўсiх Сямi Колераў запрасiць Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца на перагаворы з Розумам Народа Ўсiх Сямi Колераў.

Радаслаў, якi з цiкавасцю слухаў Плазмоiда, страшэнна абурыўся.

— Запрасiць? Ды нас схапiлi, як ястраб хапае курыцу.

Тут малочна-белы шар зноў зрабiўся чырванаватым, а затым шэрым i трошкi зменшыўся ў аб'ёме.

— Iншага варыянту выйсцi на кантакт я не знайшоў, - сумна прамовiў шар. Ён здаваўся маленькiм хлопчыкам, што нашкодзiў i дужа перажывае сваю вiну.

— Навошта ж цябе пасылалi, калi ты такi аднаварыянтны? — кiпяцiўся Буслейка. — I яшчэ — чаму менавiта нас, радавых стрэсаператараў, запрасiлi, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоiдамi? Хiба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?

Плазмоiд пры гэтых словах налiўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.

— Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў абраў вас дваiх на перагаворы таму, што аналiзы, праведзеныя Кланамi Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сiнiх Шаравых Маланак), выявiлi надзвычайную станоўчую мыслiцельную актыўнасць двух iнтэлектаў якраз на Галоўным Iндаэўрапейскiм Стрэсографе ў кабiне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкiм аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоiды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе i ўзросце, а па iнтэлекту, якiм напоўнены ягоны мозг. Прытым iнтэлект не павiнен быць агрэсiўным.

— Вунь яно што, — аж прышчоўкнуў языком Буслейка. — Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабiну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзiвiўся тады — у нас жа ў кабiне нi акна, нi шчылiнкi i дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткi выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымi галовамi, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, i — назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. I навальнiцы ў той дзень быццам бы не чулi, не бачылi.

Буслейка, калi гаварыць шчыра, быў вельмi задаволены, што менавiта iх з Карлам Старая Цывiлiзацыя палiчыла самымi разумнымi, самымi кампетэнтнымi людзьмi Ўсходняй Эўропы ды i, магчыма, усёй Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбiвы, марыць вылучыцца, выдзелiцца, пастаянна быць навiдавоку, i не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкiмi духоўнымi стратамi думка старадаўняга фiлосафа "Пражывi непрыкметна". На стрэсаператара нахлынула, накацiлася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоiд рашуча перапынiў яго, сказаў:

— Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў чакае Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нiчога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такi самы стан, у якiм знаходзiцца твой калега.

— Я страчу прытомнасць? — занепакоiўся Радаслаў.

— Ты заснеш i прачнешся там, дзе знаходзiцца Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.

— Але ў мяне слабое сэрца.

— У цябе моцнае здаровае сэрца, — сказаў Плазмоiд. Пачуўся ўжо знаёмы Радаславу рэзкi сухi шчаўчок, шар, iмгненна сарваўшыся з месца, лёгенька стукнуў стрэсаператара па левым плячы, i Буслейка, унутрана супрацiўляючыся, не жадаючы, амаль адразу заплюшчыў вочы.

VI

Яны апынулiся ў круглай зале, дыяметр якой складаў недзе пяцьдзесят шэсцьдзесят метраў. Адзiная масiўная калона стаяла ў самым цэнтры гэтай залы, i вось ля падножжа калоны на высечаных з сiняга каменю сядзеннях ачунялi пасля тэлепартацыi.[2] Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Дзе знаходзiлася зала? Пад зямлёй? У тоўшчы горнай пароды? Цi, можа, у якiм-небудзь будынку на вулiцы шумнага горада? Стрэсаператары на гэты конт не мелi нi кропелькi iнфармацыi. Вакол калоны, а значыць, i вакол iх, у плаўным карагодзе кружылася незлiчонае мноства яркiх малочна-белых шароў. Плазмоiды былi розных памераў: зусiм маленькiя, маленькiя, велiчынёю з баскетбольны мячык, а некаторыя — штук трыццаць — дасягалi да паўметра ў папярочнiку. Незвычайны танец захапляў сваёй вытанчанай пластыкай i прыгажосцю. Было ў iм нешта ад раўнамернага няўхiльнага руху велiзарных акiянскiх хваль, ад грацыёзнага палёту буйных блiскучых сняжынак у навагоднюю ноч. Стаяла абсалютная цiшыня, адзiным жывым гукам, якi ледзь-ледзь парушаў яе, было ўсхваляванае дыханне стрэсаператараў. Радаслаў з Карлам цёрлi кулакамi вочы, глядзелi адзiн на аднаго, каб пераканацца ў рэальнасцi таго, што адбываецца. Гэта быў не сон, не наркатычнае ачмурэнне. Сотнi, тысячы зiхоткiх шароў, падобных на таямнiчыя поўнi з начных нябёсаў, рытмiчна кружылiся наўкола iх, пярэстымi ўзорыстымi карункамi клалiся на калону, на столь i сцены залы плямы залацiстага святла i ценю. У бясшумным, бязмоўным руху адчувалася цудоўная ўнутраная музыка, найвялiкшы глыбiнны сэнс, недаступны, на жаль, чалавечаму мозгу. Гэты, вядома ж, рытуальны танец мог быць iмiтацыяй урачыстага параду зорак i планет у чорнай бязмежнасцi Сусвету або iмiтацыяй няспынна-вечнага руху атамаў у самым асяродку ўсяго iснага, нябеснага i зямнога. Стрэсаператары назiралi за фантастычнай дзеяй моўчкi, бо невядомая ўладная сiла на нейкi час пазбавiла iх мовы. "Дык вось ён — твар Старой Цывiлiзацыi, — спустошана i разгублена думаў Радаслаў Буслейка. — Вось хто пачаў вайну супроць чалавецтва. Чаго хочуць гэтыя маўклiвыя iскрыстыя шары, гэты рой срэбных прывiдаў? Недзе памiж iх, пэўна ж, кружыцца i той плазмоiд, якi захапiў у палон нас з Карлам. Цiкава, што ён думае зараз пра нас i цi здольны ён наогул думаць у нашым чалавечым разуменнi?"

Радаслаў, узняўшы позiрк угору, заўважыў, што столь залы шчыльна пакрыта зеленавата-сiвымi кiлiмамi лiшайнiку. Адразу прыломнiлiся тысячагадовыя валуны, статкi мамантаў, лёд i снег, пустэча змярцвелай пад цяжарам ледавiкоў зямлi. "Мы знаходзiмся ў падзямеллi, — вырашыў стрэсаператар, — бо лiшайнiкi любяць холад i вiльгаць, а такога дабра заўсёды хапае ў падзямеллях. Цiкава, з чаго пачыналася гэта зала раней — з картавай пячоры або з катакомбаў, выкапаных чалавечымi рукамi?" Плазмоiды ў нечым здалiся яму падобнымi на першахрысцiян, якiя, баронячы сваю веру, хавалiся ад Нерона ў такiх жа падзямеллях, дзе ярка нязгасна гарэлi свечкi i паходнi. Праўда, была iстотная рознiца — плазмоiды самаасвятлялiся.

Тым часам танец патроху пачынаў зацiхаць, запавольвацца. Рухi прыгожых шароў рабiлiся вялымi, як бы санлiвымi. Нечакана плазмоiды ўспыхнулi колерамi сонечнага спектра i спынiлiся. "Вось чаму яны называюць сябе Народам Усiх Сямi Колераў", — здагадаўся Радаслаў.

Плазмоiды, перагрупiраваўшыся, стварылi сем кругоў. Яны вiселi ў паветры над зямлёй на вышынi каля двух метраў. Стаяла мёртвая цiшыня, пасярод якой усхваляванае сэрцабiцце i дыханке стрэсаператараў здавалася кашчунным. Трыццаць, як налiчыў Радаслаў, самых буйных шароў урачыста, неспяшаючыся, падплылi да калоны, абкружылi яе. Яны знаходзiлiся ад стрэсаператараў на даўжынi выцягнутай рукi, не болей, але Радаславу з Карлам нi пахаладнела нi пагарачэла. У плазмоiдаў не было вачэй, наогул не было твараў, ды Буслейка адчуваў, як яго абмацваюць пiльныя ўсёпранiкальныя позiркi, нiбы рэнтгенаўскiя прамянi. На нейкi мiг яму нават падалося, што з ягонага цела здымаюць адзенне, кратаюць радзiмкi, што густа ўсеялi правы плячук. Прыкра i крыўдна было ўсведамляць сябе ў ролi паддоследнай марской свiнкi. Каб вярнулася мова, Радаслаў, вядома ж, запярэчыў бы, запратэставаў, але таямнiчая сiла паралiзавала галасавыя звязкi. Асаблiва цяжка было гаваруну Карлу — у бедалагi аж пот цурчэў па шчоках i цёмныя вочы зрабiлiся светла-жоўтымi ад абурэння, падобнымi на гарачую смалу.

Нарэшце, мяркуючы па ўсяму, вывучэнне людзей скончылася. Трыццаць шароў збiлiся ў адзiн шчыльны гурт, як птушкi ў чараду, як пчолы ў рой. Пачулася лёгкае гудзенне, шыпенне, быццам закiпваў велiзарны чайнiк, i раптам трыццаць шароў ператварылiся ў адзiн агромнiсты шар. Ён, гэты шар-волат, сеючы вакол сябе нястрымны бляск, узвiўся пад самую столь, прылiп там да густых лiшайнiкаў i загаварыў. "Гэта Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў", зразумеў Радаслаў Буслейка.

— Слухайце, жыхары адной з намi планеты, — загаварыў шар-таўстун. — Вы ўбачылi нас, мы ўбачылi вас. Вы i мы лiчым сябе мудрымi, хоць непадобныя мiж сабою, як вада i агонь. Успомнiце ж вашага мудраца Саламона. Вось што казаў Саламон: "Ёсць чатыры маленькiя на Зямлi, але мудрэйшыя за ўсiх мудрацоў. Мурашкi — народ нямоцны, ды ўлетку нарыхтоўваюць ежу сваю. Горныя мышы народ слабы, ды ставяць дамы свае на скале. У саранчы няма цара, ды выступае ўся яна вельмi стройна. Павук лапкамi чапляецца, але жыве i ў царскiх палацах". Чым жа мы, гуманоiды i плазмоiды, мудрэй за гэтых маленькiх?"

Наступiла паўза. Радаслаў адзначыў сам сабе, што занадта квяцiста i напышлiва мыслiць Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. "Паболей бы яму дзелавiтай канкрэтнасцi, прагматызму, якiя так даспадобы сучасным людзям. Адразу б узяў быка за рогi i сказаў: так i так, вы, паважаныя стрэсаператары, мае палонныя; хоць вы з бялку, а я з плазмы, але мы пакуль што iснуем на адной планеце; ад вас мне патрэбна тое i тое. I кропка. А то пачынае з прытчаў пра цара Саламона, пачынае, як некалi любiлi гаварыць у старадаўнiм Менску, «залiваць».

Пэўна, Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў мыслiў порцыямi, своеасаблiвымi кулямётнымi чэргамi, бо, пагаварыўшы прыкладна дзве хвiлiны, змаўкаў i маўчаў хвiлiны тры. "Мыслiцельныя працэсы ў яго яўна запаволеныя, аналiзаваў свае ўражаннi Радаслаў Буслейка. — Наш лiцэiсцiк з трэцяга-чацвёртага класа папросту можа пацягацца з iм, ужо не кажучы пра нашы камп'ютэры".

— Мы, плазмоiды, аддалi вам пальму першынства, — працягваў вялiзны плазмоiд. — Ваша маладая цывiлiзацыя больш прыстасавана да прыродных умоў планеты Зямля. За вамi будучыня, вядома, няпростая, складаная, шмат у чым трагiчная, але будучыня. Мы ж сёння (i аб гэтым мы ўпершыню гаворым адкрыта) вымушаны сысцi з авансцэны. Але запомнiце: у гiсторыi не бывае лiшнiх старонак. Адзiн з трыццацi правадыроў Народа Ўсiх Сямi Колераў па iменi Пра Мет Э калiсьцi навучыў вашых дзiкiх прашчураў карыстацца агнём.

Наступiла чарговая паўза. Радаслаў з Карлам бязмоўна пазiралi на плазмоiдаў, бо iхнiя галасавыя звязкi ўсё яшчэ не падпарадкоўвалiся iм.

— Правадыры Народа Ўсiх Сямi Колераў паказалi вашым першабытным продкам, як з гiганцкiх камянёў рабiць дальмены, каб хавацца ад непагадзi i сачыць за начным рухам зорак. Ведайце, што мы — кентаўры, атланты i амазонкi вашых мiфаў. А потым пачалася бясконцая вайна. I вось мы хочам спынiць яе, бо адну планету, адзiн крохкi шар нельга раскалоць на дзве часткi. Накiруйце свае позiркi ўгору, i вы ўбачыце над сабой лiшайнiк, свяшчэнны лiшайнiк, сiмвал нашай цывiлiзацыi.

Мяркуючы па ўсяму, плазмоiды вырашылi правесцi для Буслейкi i Гакенхольца своеасаблiвы ўрок лiкбезу, прыўзняць заслону над некаторымi таямнiцамi СЦ. Стрэсаператары даведалiся, што плазмоiды нiколi не разумелi, для чаго патрэбна каханне, i размножваюцца толькi бясполавым шляхам. Галоўнае для iх — Абавязак, якi патрабуе няўхiльна, у любых сiтуацыях захоўваць сваю форму, гэта значыць, быць нi на грам лягчэй або цяжэй устаноўленай нормы вагi i нi на мiлiметр не парушаць устаноўленую норму памеру. Той, хто хоць у нечым пераступiць Абавязак, самазнiшчаецца. Кланы плазмоiдаў, а iх сем, дзеляцца па колерах сонечнага спектра. Апошнiя паўтара тысячагоддзi вялiкi аўтарытэт мае Клан Жоўтых Шаравых Маланак. Здагадкi вучоных, што СЦ з'яўляецца цывiлiзацыяй капiiстаў, недалёкiя ад iсцiны. Сапраўды, валодаючы амаль неабмежаваным запасам плазмы, яна, Старая Цывiлiзацыя, у рытуальных або ў маскiровачных, на час вайны, мэтах можа ствараць самыя разнастайныя фiгуры, целы, збудаваннi i г.д. Кентаўраў грэчаскiх мiфаў СЦ, напрыклад, вылепiла i растыражыравала тады, калi ў вялiкiм здзiўленнi ўпершыню ўбачыла чалавека верхам на канi. Фантазiя ў яе надзвычай багатая, можна сказаць, невычарпальная. Часам яна любiць пажартаваць. Начныя прывiды рыцарскiх замкаў, карлiкi-эльфы германскiх народаў — усё гэта яе штучкi. Славян яна палохала вадзянiкамi i русалкамi. Карацей кажучы, доўгi час была СЦ адзiным, акрамя ветру, скулыiтарам на Зямлi, пакуль не з'явiўся Homo Sapiens. Але класiчная форма яе жыццядзейнасцi толькi круглая.

Калi планету Зямля пачалi наведваць экспедыцыi астранаўтаў з Далёкага Космасу, Старая Цывiлiзацыя вельмi хутка навучылася капiраваць iхнiя лятальныя апараты. Неўзабаве ў небе лёталi шматлiкiя «талеркi», «сподачкi», «верацёны», «дырыжаблi». Iх было як камароў у цёплы вечар. Касмiчныя прышэльцы збiлiся з панталыку, адшукваючы свае экiпажы мiж гусцейшага рою копiй. Зразумеўшы нарэшце, у чым справа, яны, гордыя сыны нябёсаў, пайшлi на паклон да СЦ, заключылi з ёй пагадненне. З цягам часу прышэльцы i плазмоiды настолькi пераплялiся мiж сабой, настолькi зблiзiлiся, што СЦ пачала лiчыць сваёй прарадзiмай планету Вар i пры дапамозе прышэльцаў, выкарыстоўваючы iхнiя касмiчныя караблi, стварыла там калонiю. Тады ж сiмвалам, своеасаблiвым гербам Старой Цывiлiзацыi зрабiўся пучок лiшайнiку на круглай каменнай плiце. Справа ў тым, што лiшайнiк з'яўляецца не чым iншым, як саюзам, сiмбiёзам грыба i водарасцi. Злiўшыся ў адно цэлае, яны ўжо не могуць iснаваць паасобку, бо адразу ж загiнуць. Так аб'ядналiся дзецi зямной i касмiчнай плазмы, так зрабiлiся яны амаль тытанамi, амаль багамi, i не было, здавалася, такой сiлы, якая б магла хоць злёгку хiстануць iхнi цяжкi, iхнi залаты i срэбны трон. Але выплыла з вады рыба, але спусцiлася з дрэва малпа, але iскрынка iнтэлекту ўспыхнула ў касматай галаве пiтэкантрапа, i валодаць планетай, а затым i космасам прыйшоў Чалавек Разумны. СЦ зразумела, што ў яе з'явiўся наймагутнейшы канкурэнт.

Вось аб чым, калi гаварыць у агульных рысах, даведалiся Радаслаў i Карл за нейкiя паўгадзiны ад Розуму Народа Ўсiх Сямi Колераў. Вядома, стрэсаператарам хацелася як найхутчэй вызначыць свой статус i сваю мiсiю. Хто яны? Ваеннапалонныя цi госцi? Чаго запатрабуе ад iх, звычайных радавых людзей, СЦ? Але iм далi зразумець, што галоўная размова адбудзецца заўтра. I адразу ж да iх вярнулася мова. Гакенхольц адразу ж заклекатаў, як вулкан Ключаўская Сопка.

— Вось i патрапiлi мы ў твой Менск, — сярдзiта накiнуўся ён на Радаслава. — А ты ж так залiваўся: ах, паляцiм хутчэй, ах, я пакажу табе, Карл, праспект Крывiчоў, вулiцу Льва Сапегi. Глядзi ж. Глядзi зараз на гэтых круглых i прамянiстых.

— I гляджу. Прытым з найвялiкшай цiкавасцю, — цвёрда сустрэў выбух Буслейка. — Думаю, што i табе гэта дужа карысна. Чаго ты крывiшся на мяне, як на мокрую шапку? Яшчэ будзеш унукам сваiм хвалiцца, як Радаслаў Буслейка цябе з плазмоiдамi пазнаёмiў.

— Хочаш, каб фiгу табе пад нос падсунуў? — аж пачарнеў ад гневу Карл. Трэба зазначыць, што людзi Эпохi Вялiкага Плюралiзму, слухаючы парады ўрачоў i падпарадкоўваючыся багатаму жыццёваму вопыту, часам давалi выйсце адмоўным эмоцыям, спускалi, як кажуць, лiшнюю пару.

— Не сярдуй, стары, — мiралюбна, нiбы хлапчука, паляпаў яго далонню па шчацэ Радаслаў.

— З табой звiхнешся, — зноў пачаў заводзiцца Гакенхольц, але ў гэты час Радаслаў схапiўся абедзьвюма рукамi за свой лоб ды так i застыў з прасветлена-засяроджаным тварам. Карл адразу ж прыцiх, бо зразумеў — да сябра "прыйшла мазгаграма". ("Што здарылася, Адзiны?" — усхвалявана загучаў у самай глыбiнi душы i мозга цёплы голас Радаслававай жонкi Нiны. "Усё ў норме, Нiнка-трысцiнка. Як ты?" — "I ўсё-ткi, што з табой здарылася?" "Знаходжуся з Карлам, я пра яго расказваў, у СЦ". — "У СЦ? Якi жах!" — "Не хвалюйся. Са мной усё добра". — "Беражы сябе, Адзiны! Беражы для мяне i для нашага сына, якi народзiцца праз чатыры месяцы i шэсць дзён". — "Дзякуй, Адзiная. Дзякуй".)

Радаслаў знясiлена апусцiў рукi, зiрнуў на Карла. Твар быў, як белы рачны пясок.

— Жонка? — спытаў Карл.

— Так. Нiнка-трысцiнка.

Нейкая хвiлiна, за якую ён прыняў мазгаграму i даў адказ на яе, каштавала вялiкай нервовай энергii. Ён адчуваў, як кружыцца галава.

У гэтым месцы патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што чалавецтва, няспынна шлiфуючы свой iнтэлект, вышукваючы глыбiнныя рэзервовыя сiлы арганiзма, навучылася намаганнем сiлы волi i любовi пасылаць на неабмежаваныя адлегласцi думкi — ад чалавека да чалавека, з мозгу ў мозг. Для такiх мазгаграм не патрэбны былi нi гукавыя або светлавыя хвалi, нi якiя-небудзь хiтрыя тэхнiчныя выкрунтасы. Ад людзей патрабавалася толькi адно — каханне. Збалелая i ўсхваляваная душа выпраменьвала энергiю, якая, нiбы ўспышка маланкi, ляцела праз сотнi кiламетраў, беспамылкова знаходзячы адрасат. Дзецi маглi прыняць мазгаграму ад мацi, але самi былi няздольны паслаць яе, бо няспелую i нямоцную мелi душу. Дарослыя таксама валодалi такiм дарам не ўсе. Ды некаторыя дужа i не бедавалi — калi што якое, званiлi на тэлеграф. I ў Вялiкую Эру Плюралiзму ў людзей, як i заўсёды, былi розныя, вельмi непадобныя душы.

Буслейка, усё яшчэ знаходзячыся пад салодкiм гiпнозам размовы з жонкай, сядзеў з прасветленым тварам, аж пакуль яго не тармаснуў за плячо Гакенхольц.

— Пойдзем. Усе плазмоiды ўжо знiклi. Застаўся адзiн, маленькi, i ён павядзе нас некуды на начлег.

— А хiба плазмоiды спяць?

— Гэтага я, як i ты, не ведаю. Але спаць трэба нам.

Яны выйшлi з ужо абсалютна пустой залы, пабрылi па нейкiх дужа вузкiх цёмных лабiрынтах. Маленькi шарык плыў наперадзе.

— Мяркуючы па ягоных памерах, гэта васьмi — дзесяцiгадовы хлапчук, сказаў Радаслаў. — Цiкава, як у плазмоiдаў устроены галаўны мозг? Ну, можа быць, i не галаўны, i не мозг, а той орган, якiм яны думаюць?

— Мозг мозгам, а мяне асабiста болын хвалюе, чым яны харчуюцца i як пераварваюць сваю ежу, — азваўся з цемры Карл.