117875.fb2 Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

— Не бойся. Пэўна ж не мясам, не каўбасой, а той жа электрычнасцю, плазмай. Падключыцца вось такi шарык да якой-небудзь энергаўстаноўкi, смактане пяць-шэсць ват i задаволены, i танцуе, — i паплыў шукаць сабе электрадзевачку.

— Яны бясполыя.

— У такiм разе, я iм не зайздрошчу. Сумна жывуць.

— Можа, сумна, а можа, i не, — па-фiласофску ўздыхнуў Гакенхольц. Гэта мы, найвялiкшыя з найвялiкшых эгаiстаў i сябелюбцаў, прывыклi ганарлiва лiчыць, што чалавек — пуп усяго, мера ўсiх мераў, вяршыня ўсiх вяршынь, зроблены па вобразу i падабенству божаму, што мы павiнны ўладарыць на Зямлi i ў Космасе. А чым, напрыклад, ластаўка горшая за нас? У ёй што — няма божай часцiнкi, божай iскры?

— Згодзен з табой.

Так iшлi яны, цiха перагаворваючыся, па таямнiчых лабiрынтах, i плыў наперадзе яркi шарык, i яны не ведалi, што чакае iх у кожную наступную хвiлiну.

Нарэшце дабралiся да месца начлегу. Радаслаў, агледзеўшыся па баках, здзiўлена ўсклiкнуў:

— Паслухай, дык гэта ж самая што нi ёсць сапраўдная манаская келля! Не хапае толькi распяцця на сцяне.

— Вельмi падобна, — сеў на каменны куб, якi замяняў крэсла, Карл. — I сцены такiя ж, i столь, i вузенькае акенца… Цi гэта пакiнуты i забыты людзьмi падземны манастыр, цi СЦ зрабiла дужа ўдалую копiю, мяркуючы, што iдэал, вянец чалавечага жытла — суровая манаская келля. Калi так, то СЦ даволi аскетычная асоба i я з ёй не сябрую.

На каменным стале гарэла вiтая свечка, ляжаў на белым абрусе хлеб, пасыпаны соллю, стаяў цёмна-чырвоны збан з нейкiм пiтвом.

— Можа, вiно? — хiтравата ўсмiхнуўся Радаслаў. — Пакаштуем?

У збане была вада, халодная, смачная.

— Жывучы мiж воблакаў, мiж электрычных разрадаў, СЦ уявiла, што i мы, нiкчэмныя стрэсаператары, харчуемся толькi плазмай або, у крайнiм выпадку i па вялiкiх святах, божай расой, — змрочна пажартаваў Карл Гакенхольц.

Плазмоiд, пра якi яны амаль забылiся, вiсеў, прыляпiўшыся да столi, i раптам сказаў:

— А мне па вашаму летазлiчэнню трыста восем гадоў.

Стрэсаператары анямелi ад здзiўлення. Потым Радаслаў, пачцiва, хоць i з доляй iронii, пакланiўшыся, прамовiў:

— Вы, наш невядомы дарагi гаспадар, старэй за Вялiкую Эру Плюралiзму. Калi я не памыляюся, Вы нарадзiлiся праз год пасля Сёмай Нафтавай Вайны.

— Не выкай мне, Радаслаў Буслейка — весела засмяяўся плазмоiд. — Сярод вас, людзей, мне было б ад сiлы дзесяць — трынаццаць гадоў. Я самы сапраўдны хлапчук.

— Калi ты хлапчук, то навошта ўблытваешся ў размовы дарослых? — зрабiў выгляд, што раззлаваўся, Карл.

I тут плазмоiд знiк. Гэта адбылося так iмгненна, што стрэсаператары не паспелi нават вокам мiргнуць.

— Не чакаў я ад яго такой далiкатнасцi, — разгублена сказаў Гакенхольц.

— Варта было б табе, Карл, прышыць на рот "маланку"-засцежку, — суха ўсмiхнуўся Радаслаў.

— У якiм сэнсе?

— У самым прамым. Аказваецца, СЦ не падабаецца твой гумар. Вось i зашмаргнуў бы ты рот i сядзеў моўчкi.

— Зашмаргнi свой.

— Навошта? Твой шырэйшы.

Вось-вось павiнен быў грымнуць эмацыянальны выбух. Радаслаў, каб не абвастраць сiтуацыю, дастаў з унутранай кiшэнi курткi дарожны партманет, раскрыў яго. У адным з аддзяленняў партманета ляжаў малюсенькi чырвоны чалавечак-лялька. Радаслаў нацiснуў кнопку, пачуўся свiст, i чалавечак адразу пачаў надзiмацца.

— Хутчэй, хутчэй, Якуб, — падганяў яго Радаслаў.

Чалавечак, быццам пачуўшы загад, скокнуў з партманета на падлогу i хвiлiны праз тры-чатыры быў ростам упоравень з Буслейкам. Вось ён прыняў баявую баксёрскую стойку, i пачаўся паядынак. З усiх спартыўных адзiнаборстваў Радаслаў аддаваў перавагу класiчнаму ангельскаму боксу. Якуб быў нядрэнным спарынг-партнёрам, вельмi хутка рухаючыся, валодаючы адчувальным ударам. Яго чырвоныя гумавыя кулакi ярасна малацiлi паветра, i неўзабаве Радаслававай скiвiцы давялося ўздрыгнуць.

— Малайчына Якуб! — крыкнуў Буслейка. — Так мне i трэба!

Гарачымi пругкiмi хвалямi поўнiлася цела. Азарт маладзiў душу. Надзейна i важка адчуваўся кожны мускул.

Карл, забыўшыся пра нядаўнюю спрэчку, смяяўся:

— Сцеражыся, Радаслаў, а то гэты гумавы джэнтльмен табе нос расплешча.

Перамог, вядома ж, чалавек. Магутным аперкотам Радаслаў звалiў Якуба. Той распластаўся на падлозе i зноў змiзарнеў, ператварыўся ў малюсенькую лялечку, каб заняць звычнае месца ў партманеце.

— Вось так я супакойваю свае нервы, — сказаў Буслейка, шматзначна зiрнуўшы на Гакенхольца.

— Дзе ж мы будзем спаць? — захваляваўся праз нейкi час Карл. — На голай падлозе? Цi, можа, седзячы на каменным кубе?

Ён пакрыўджана, як дзiця, засоп носам.

— Давядзецца ўсю ноч успамiнаць анекдоты, — адломваючы кавалачак хлеба, уздыхнуў Радаслаў.

— Анекдоты — саржавелая зброя даплюралiстычнай эпохi. Зброя слабых i прыгнечаных.

— Ну не скажы…

Так яны вялавата перакiдвалiся словамi, а твары iхнiя ўсё больш змрачнелi. Каго ж узрадуе перспектыва спаць на халодных камянях?

Раптам зайграла звонкая бадзёрая музыка. Над галовамi ў стрэсаператараў, шчоўкнуўшы, адчынiлiся два круглыя люкi, з iх апусцiлiся два гамакi з поўным наборам пасцельнай бялiзны.

— Слава Старой Цывiлiзацыi! — запляскаў у ладкi Радаслаў. — Няхай жыве дружба памiж чалавекам i плазмоiдам!

Спалi моцна. Буслейка бачыў ува сне бой каля Пятровiцкага вадасховiшча. Зноў ён ляжаў побач з капiтанам Хвалiбогам i зноў iшлi па вадзе шышкагаловiкi, страляючы з псеўдааўтаматаў. Маршыруючы паперадзе iх, iмi камандаваў сухарлявы чарнавусы франт, апрануты ў форму рэспублiканскай гвардыi.

— Дык гэта ж капiтан Хвалiбог! — здзiўлена крыкнуў нехта з гвардзейцаў.

З усiх бакоў пачулiся ўсхваляваныя галасы:

— I тут капiтан, i там капiтан!

— Што за д'ябальшчына?!

— Куды ж страляць?!

— Хто сапраўдны?!