117875.fb2
— Ну, твая дарагая сябровачка Хрысцiнюк, вядома ж, не прамiнула ўбачыць у сваiм iдыёцкiм сне, што я стаяў на каленях, лiў слёзы, як бабёр. I, пэўна ж, кулакамi грукаў у бранiрованыя дзверы. I густы дым наплываў… I ўся зямля гарэла… I ў мяне была скрыўленая ад жаху фiзiяномiя… Чарлi ў параўнаннi са мной здаўся б пераможцам усепланетнага конкурсу прыгажуноў.
— Не трэба, — цiха папрасiла Бярозка.
— Але ж я павiнен быў быць там голы, — не пачуў яе Гай. — Разумееш? На мне б спалiла ўсё адзенне, да апошняй нiткi… Усе валасы… Разумееш? I зямлю б вакол мяне выпалiла ўшчэнт… Голы чалавек на голай зямлi! Здорава! Чым не апакалiпсiс?
— Навошта толькi я табе сказала? — сумна ўздыхнула жонка.
— А ты абавязана была сказаць. Хiба ты забылася пра восьмае правiла Штодзённага Этыкету? "Зрабi ўсё магчымае i, калi можаш, немагчымае, каб пазбавiць свайго блiжняга i кожнага жыхара планеты ад няшчасця, ад трывогi i дэпрэсii, ад суму". Ты, Адзiная, зрабiла абсалютна правiльна, — Гай пацалаваў жонку ў шчаку. — Значыць, да мяне можа прыйсцi Вялiкi Жах, а ён прыходзiць толькi ўначы. Так-так… I нiчога не кажы, ты ж ведаеш… Ён можа прыйсцi. А я i думаю — чаму гэта сёння ранiцой, калi я толькi прачнуўся i яшчэ ляжаў у ложку, мне проста на твар упаў чорны павук? Ясна — Вялiкi Жах папярэджвае.
— Павук? — пабялела жонка. — Якое мярзоцце! А куды ж глядзiць Чарлi? Ён жа, як кожны хатнi робат, абавязаны прыбiраць кватэру. Абiбок! Зноў, пэўна, у шахматы пачаў гуляць з суседскiмi робатамi. Вось не дам яму пахучай змазкi цэлы месяц, хай паскрыгоча нязмазанымi шарнiрамi.
— Змазку трэба даць, — спалохаўся Гай, успомнiўшы непрыемны рэзкi скрыгат, якi ляцеў ва ўсе бакi ад вялiзнага робата, калi канчалася, высыхала змазка.
— Я ўсё роўна паскарджуся на яго ва Ўпраўленне Хатнiх Робатаў, - цвёрда прамовiла Бярозка. — Няхай нават яго ад нас забяруць. Чатыры месяцы здолеем абысцiся i без робата. Але дамовiмся, Адзiны, што гэтыя днi мы будзем толькi дома. Добра? Жывi, як калiсьцi казалi нашы продкi, дамаседна.
Яе вочы глядзелi на Гая з каханнем, з цеплынёй i пранiклiвасцю. Яе вочы, здавалася, хацелi нырнуць у самую глыбiню ягоных вачэй. Шаснаццаць год прайшло, як яны ўзялi шлюб, як цела ад цела агнём занялося, а Гай Дубровiч i сёння ў час кароткiх цi доўгiх разлук (а ён часта ездзiў i лётаў у навуковыя камандзiроўкi) з трапятаннем, быццам зялёны юнак, чакаў сустрэчы з жонкай. Бярозка таксама кахала яго, i ў iх нарадзiўся сын Клён, Клён Дубровiч.
Тут самы час даць адно тлумачэнне. Вялiкая Эра Плюралiзму вызвалiла людзей духоўна, Чалавек мог рабiць усё, што лiчыў патрэбным, чалавечным, што не ўцiскала волю суседа або цэлай грамады. Такое, вядома, далося няпроста, бо ў геннай памяцi зямлян заставалiся не толькi любоў, спагада, але i нянавiсць, зло, прага чужых слёз i крывi. З экстрэмiстамi-забойцамi, напрыклад, чалавецтва развiталася жорстка, хоць i згодна iхняму пажаданню у адноўленым Калiзеi ў Рыме некалькi дзён iшлi гладыятарскiя баi. Тыя, каму нецiкава было жыць на мiрнай планеце, нецiкава было памiраць сваёй смерцю, выйшлi на арэну. Iхнiмi працiўнiкамi былi мутанты, гiганцкiя ваўкi i сабакi, што пладзiлiся непадалёку ад Чарнобыльскага саркафага. Дык вось адной з праяў духоўнага вызвалення была магчымасць кожнага, хто пажадае абраць сабе i сваiм нашчадкам новае iмя i прозвiшча. Не ўсе зрабiлi такое, але Гаеў прапрапрадзед, якi жыў i працаваў у лесе, назваўся Дубровiчам i iмя адпаведна прыдумаў «лясное» — Ясень. З таго часу i вядуцца iмёны Гай, Пушча, Бярозка, Шыпшына, Клён. Праўда, разам з гэтым кожнае немаўля роду Дубровiчаў атрымлiвае i хрысцiянскае iмя.
— Не, Адзiная, — сказаў Гай жонцы, — хавацца я не буду. Кожны мужчына павiнен аднойчы сустрэцца з Вялiкiм Жахам. Калi яны мяне там, — ён тыцнуў пальцам угору, — прыкмецiлi, заўважылi, вылучылi з мiльярдаў зямлян, значыць, надышла мая чарга. I тут ужо нiчога не паробiш. Зарыйся хоць на марское дно — знойдуць… Галоўнае, ты не хвалюйся. Усё, як i заўсёды, будзе добра.
— Што ж ты думаеш рабiць? — спытала Бярозка цiхiм голасам, i твар у яе задрыжаў.
— Паеду на верталётную пляцоўку. Адтуль палячу ў Дом Пераўтварэнняў.
— I кiм ты хочаш стаць, Адзiны?
— Зраблюся пчалой. Я так даўно не быў на сапраўдным лузе, не бачыў кветак.
— Зайздрошчу табе, — уздыхнула Бярозка. — Убачыш луг, матылькоў, стракоз, расу на траве… Я б таксама паляцела, але на гэты год, на жаль, ужо не маю права на пераўтварэннi — шэсць разоў пераўтваралася. Нiколi не адгадаеш, кiм я была апошнi раз. Ну паспрабуй адгадаць.
— Вавёркай, — пацалаваў яе Гай.
— А вось i не. Зязюляй, — усмiхнулася Бярозка. — Так добра было кукаваць, седзячы на галiнцы. Галiнку вецер калыша, хмары бягуць над лесам, а я — «ку-ку» ды «ку-ку»…
— Не падкiнула яечка ў чужое гняздо? — хiтра прыжмурыўся Гай.
— Я ў цябе добрая зязюля, выхаваная, — прылашчылася да яго жонка i адразу ж спахмурнела. — Глядзi, не забывай, Адзiны, што Вялiкi Жах прыходзiць уначы.
— Не бойся, я ўсё помню, — пацалаваў жонку Гай. — З сабой я бяру Ўзмацняльнiк Волi. Вярнуся праз тры днi. Так што не сумуй без мяне. I скажы Клёну, каб налёг на старагрэцкую мову. А то не вазьму з сабой у падарожжа на Астэроiд.
Гай з невялiкiм сакваяжам у руцэ выйшаў з дома. Дзень быў цёплы, трохi цемнаваты ад хмар. Але хмары па небе плылi нястрашныя, бязгромныя. Каля помнiка Пераможцу Рака доктару Джэксану-Размысловiчу натоўпiўся народ. Людзi, як звычайна, клалi да помнiка букецiкi кветак, дзiцячыя цацкi, рознакаляровую гальку — славуты доктар у свой час, калi ўдавалася вырвацца ў адпачынак, любiў ездзiць па марскiх узбярэжжах i збiраць прыгожыя каменьчыкi. Помнiк быў яркага жоўта-залатога колеру, але, вядома, не з золата яго зрабiлi, а з лёгкага, вельмi трывалага еплаву. У кожным Цэнтры Тэрыторыi (Iндаэўрапейская Канфедэрацыя, як i ўсе iншыя, была падзелена на Тэрыторыi) на самым людным месцы абавязкова стаялi два помнiкi — помнiк доктару Джэксану-Размысловiчу i помнiк Плюралiзму. Гай Дубровiч з хваляваннем глядзеў на iх. Асаблiва прыгожы быў помнiк Плюралiзму. Проста з зямлi, нiбы дубовы ствол, вырастала чорная гранiтная калона, на якой вялiкiмi белымi лiтарамi было напiсана: "Дзе ёсць страх, там няма праўды". Калона, чым болей уверх, завастралася i на самым сваiм версе распускалася срабрыстай кветкай-пляцоўкай з сямю пялёсткамi. На пялёстках стаялi выявы Хрыста, Магамета, Iеговы, Буды, Дзевы-Атэiсткi i Сiвога Паганца. Сёмы пялёстак быў незаняты, вольны, у думках кожны землянiн, калi, вядома, жадаў, мог узнесцiся туды. Яшчэ болей прастарнейшая кветка-пляцоўка мелася трохi знiзу верхняй кветкi. На ёй шчыльна месцiлiся бюсты знаных людзей. Платон, Гарыбальдзi, Напалеон, Ленiн, Лютэр, Канфуцый, Жанна д'Арк, Махно, Рузвельт, Лех Валенса, Бiсмарк, Бальзак, Троцкi… Каго тут толькi не было! Кожны грамадзянiн меў права, папярэдне патэлефанаваўшы ў Дом Народаў, выставiць на срабрыстую кветку невялiчкi бюст таго чалавека, якога ён лiчыў сваiм iдэалам. Цэлыя тры днi (немалы тэрмiн, бо жадаючых набiралася мноства!) стаяў бюст на кветцы. Праўда, меўся спiс людзей, чые iмёны былi занесены на Чорныя Скрыжалi Чалавецтва i якiх забаранялася ўслаўляць. Гай Дубровiч падумаў, што, вярнуўшыся з Дома Пераўтварэнняў, абавязкова ўславiць Францыска Скарыну.
Да 7-й верталётнай пляцоўкi было ад сiлы хвiлiн дваццаць дарогi. Звычайна Гай хадзiў туды пешшу, хоць амаль па ўсiх вулiцах шпарка беглi тратуары-транспарцёры. Ён iшоў па рознакаляровым асфальце, на якiм былi, як жывыя, намаляваны кветкi, зялёныя сцяблiны, сiнiя стракозы, i сумаваў, што даўнавата не быў на сапраўдным лузе, дзе мяккая зямля ўгiнаецца пад чалавекам i раса залiвае ногi. Навокал весела стаялi двух-трохпавярховыя будыначкi, з абавязковым садам каля ўвахода, з салярыямi i тэлескопамi на дахах. "Праз паўгадзiны я зраблюся пчалой", — думаў Гай, Раптам проста перад iм, лiтаральна ў кроку ад яго, абвалiўся, гучна пляснуўся на асфальт балкон са старэнькага чырванасценнага дамка. Некалькi такiх дамкоў захавалi як архiтэктурныя помнiкi даплюралiстычнага часу. Ветрам, асколкамi тынкоўкi рэзка ўдарыла па грудзях i шчоках. Гай, нiбы заяц, сiгануў назад. Усё ў iм затраслося — Вялiкi Жах папярэджвае! Вялiкi Жах нячутна iдзе, цiкуе побач! Хоць многiя, хто з iм нi сустракаўся, не вераць у яго iснаванне, ён прысутнiчае на планеце, пранiкаючы ў самыя патаемныя куточкi жыцця.
— Вiтаю спадара Дубровiча! Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне? — прагучаў, як збавенне, бадзёры вясёлы голас. Поруч з Гаем стаяў ягоны калi не сябра, то добры знаёмец рэжысёр Iндаэўрапейскага тэлебачання Навум Масейкiн. Маслянiста-чорныя жвавыя вочы iскрылiся заўсёдным смехам.
— Адкуль ты ўзяўся, Навум? — узбуджана выдыхнуў Гай. Зараз ён быў рады кожнай жывой душы.
— У ваўка сто дарог, у паляўнiчага толькi адна, — адказаў Масейкiн. — З учарашняга шукаю цябе. Хачу, каб ты прыняў удзел у планетарным дыспуце гiсторыкаў на тэму "Галоўная падзея дваццатага стагоддзя".
— Галоўная падзея? — пазiраючы то на Масейкiна, то на рэшткi цаглянага балкона каля сваiх ног, млява перапытаў Гай. — Вечна ты, Навум, выдумляеш нейкiя дыспуты. Тут балконы валяцца на галаву, а ты… Лiчу, што галоўным у дваццатым стагоддзi быў першы адкрыты кантакт зямлян з камандзiрам Лятаючай талеркi Бурдзугаларафам. Здарылася гэта, дай Бог памяць, у адна тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе, усяго за чатыры днi да трэцяга тысячагоддзя хрысцiянскай эры.
— А Вялiкая Кастрычнiцкая рэвалюцыя ў Расеi?
— Сацыяльны эксперымент. Спроба зрабiць рэзкi скачок з адной цывiлiзацыi ў другую. Гэта тое самае, каб ты, дарагi Навум, у час палёту захацеў пераскочыць з кабiны аднаго рэактыўнага звышгукавога самалёта ў другi.
— Значыць, ты не будзеш удзельнiчаць у маiм тэледыспуце? — наморшчыўся, спахмурнеў Масейкiн.
— Чаму ж? З радасцю. Але спачатку паглядзi на тое, што некалькi iмгненняў назад было старадаўнiм, добра змураваным, скляпаным з тоўстай металiчнай арматуры i трывалай цэглы балконам.
— Паглядзеў. Ну й што? — пацiснуў плячыма Навум.
— I нi аб чым гэта табе не гаворыць?
— Слухай, Дубровiч, — уважлiва паглядзеў на Гая тэлерэжысёр, — калi ты зараз пачнеш мне расказваць пра Вялiкi Жах, пра паралельную небялковую цывiлiзацыю, я, як iнтэлiгентны чалавек, буду, вядома, глытаць твае словы так я глытаю яешню, якую пячэ мая цешча, хоць дзiка не люблю яе — але на першым жа павароце мяне пацягне на ванiты. — Зразумеў?
— I ўсё-ткi гэта быў Вялiкi Жах, — пераканана прамовiў Гай.
— Ды проста рухнуў стары балкон, — амаль закрычаў Масейкiн. Выпадковасць. Стомленасць металу, цэглы. А мы пачынаем хваравiта шавялiць мазгавымi звiлiнамi i адразу шукаць нейкую звышпрычыну. Ведаеш, што бачылi алкаголiкi Сярэднявечча ў час белай гарачкi? Бачылi чорцiкаў, чорненькiх i рагатых. А што бачылi тыя ж самыя алкаголiкi ў Савецкiм Саюзе пры прэзiдэнце Гарбачове? Каляровыя мульцiкi. Усёк? А сёння тыя ж самыя п'юны, якiя не перавядуцца, пакуль у чалавецтва ёсць рот, глотка i страўнiк, ужо бачаць (усёк?!) лятаючыя талеркi. Чым галава забiта, тое людзi i бачаць.
— Сёння да мяне ўначы павiнен прыйсцi Вялiкi Жах, — роўным, трошкi стомленым голасам перапынiў яго Дубровiч.
— Ладна, вар'яцей, — махнуў рукой Масейкiн. — Яшчэ ж я хачу, паважаны вар'ят, каб ты ўступiў у нашу Лiгу барацьбы за сцiпласць. Навошта планеце Чалавек з брыльянтавым сэрцам? Хопiць i бронзавага. Мiнеральныя рэсурсы Зямлi, Месяца i Венеры амаль вычарпаны, ядзерная энергетыка байкатуецца, паветра, глеба i вада атручаны ўжо стагоддзi назад, а Ўсепланетнае Журы прысуджае лепшаму грамадзянiну (ах, якiя мы добранькiя!) тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам.
— Усяго ж толькi тытул, — асцярожна ўставiў сваё слова Гай.
— Прынцыпы вышэй за ўсё, — рашуча перапынiў яго Масейкiн. — Калi планета бедная, беднымi павiнны быць i тытулы. Брыльянты — гэта раскоша, гэта марнатраўства, а вось старая добрая бронза, з якой далёкiя прашчуры ўваходзiлi ў цёмны лабiрынт сваёй прадгiсторыi, незаслужана забыта нашымi заканадаўцамi i маралiстамi. Абавязкова павiнен быць толькi адзiны тытул тытул Чалавека з бронзавым сэрцам. Надаўшы такое штогадовае званне лепшаму чалавеку Зямлi, мы тым самым духоўна ачысцiмся, умацуем душу, станем падобнымi сваёй чысцiнёй i сцiпласцю на першых хрысцiян або пурытан.
Яны хутка iшлi па яшчэ няшумнай ранiшняй вулiцы, i Масейкiн усё гаварыў, гаварыў… "Ну й галава, — дзiвiўся сам сабе Гай Дубровiч. — Два Везувii плюс вулкан Ключаўская сопка. I заўсёды напаўкрыла, напаўкрока ляцiць наперадзе прагрэсу. Здаецца ж, нейкi месяц назад захапляўся разгадваннем «свяшчэннасцi» лiчбы 7. Выступiў па Iндаэўрапейскiм тэлебачаннi i, здзiвiўшы вучоных мужоў, заявiў, што даўмеўся, хоць сам i не гiсторык, чаму першалюдзi так шанавалi гэту самую лiчбу 7. Аказваецца, чалавечае цела мае сем «чыстых» адтулiн: вочы, вушы, ноздры, рот. Вялiкi перапалох быў памiж навукоўцаў. Нават сам Гай не ўтрымаўся тады i ў газеце "Хатнi фантаст" надрукаваў сваю версiю. Па ягоных меркаваннях, лiчбу 7 людзi зрабiлi свяшчэннай таму, што кожны чалавек (прынамсi, на золку зямных цывiлiзацый) мог назiраць, калi дачасна не памiраў ад варожага мяча або чумы, сем жывых прадстаўнiкоў свайго роду-племенi: прадзеда, дзеда, бацьку, сябе, сына, унука, праўнука. I вось сёння Навум Масейкiн з найвялiкшай страсцю гаворыць, амаль крычыць аб Чалавеку з бронзавым, а не з брыльянтавым сэрцам.
Яны падышлi да 7-й верталётнай пляцоўкi, дзе стаяў верталёт сям'i Дубровiчаў.
— Можа, паляцiш разам са мной? — прапанаваў Гай. — Хачу пабываць у Доме Пераўтварэнняў. Масейкiн адмоўна хiтнуў галавой.
— Тады — да пабачэння. Жывуць Сонца i Кiсларод. Толькi скажы мне, Навум, каго б ты, супервядомы тэлевiзiйны ас, аб'явiў Чалавекам з брыльянтавым, прабач, з бронзавым сэрцам за гэты год?
— Старшыню Лiгi барацьбы супроць мутактаў Грома Стралковiча, — не мiргнуўшы вокам адказаў Масейкiн. — Дарэчы, праз два днi лячу да яго, каб зрабiць тэлерэпартаж. Апошнiм часам зноў актывiзавалiся двухгаловыя воўкасабакi, i Гром разам з сябрамi дае iм прыкурыць.
Яны развiталiся. Гай, паказаўшы робатуахоўнiку кантрольны жэтон, лёгка ўскочыў у элегантны двухвiнтавы верталёт i праз колькi iмгненняў ужо ляцеў над зялёнай чыстай зямлёй. Настрой у яго пакрысе прыходзiў у звычную норму унутраны спакой, упэўненасць. Плылi ўнiзе роўныя цянiстыя вулiцы, люстэркi вадаёмаў, многавугольнiкi паркаў i садоў. З-за хмар, сiнявата-ружовых, па-ранiшняму лагодных, распальвалася сонца. Там, дзе хмар не было, бачыўся зыркi блакiт, яшчэ халаднаваты, але (Гай адчуваў гэта кожнай кропелькай душы) вельмi ўстойлiвы, надзейны, быццам быў адкаваны з лепшых гатункаў металу. Нездарма першыя хрысцiяне, глянуўшы на такi блакiт, казалi з вялiкай перакананасцю: "Усе мы, кожны ў свой час, будзем на нябеснай цвердзi". З невялiкага воблака, асветленага яркiмi промнямi, раптам зашалясцеў дождж. Здавалася, пасыпалася на зямлю сонечнае зерне.
Вось памiж аксамiтнага разлiву лесу паказаўся Дом Пераўтварэнняў. Круглы, трыццацiпавярховы, з высокай мачтай-маяком на самым версе. Каля гэтай мачты i пасадзiў свой верталёт Гай. Сонца люстравалася ў алюмiнiевых i медных пласцiнах, якiмi быў высцелены дах.
У Доме Пераўтварэнняў уладарылi робаты: лiфцёры, электрыкi, праграмiсты, санiтары, буфетчыкi, асенiзатары, цырульнiкi… Маўклiвая жалезнаскурая раць адразу акружала кожнага чалавека, якi завiтваў сюды. Робаты былi сама абаяльнасць i добразычлiвасць, прадбачвалi любое жаданне сваiх гасцей, але вочы ў iх свяцiлiся бясстраснасцю i механiчным спакоем, i недалёка ад iсцiны прайшоў той мудрэц, якi сказаў, што нiколi не паразумеецца жывое са штучным, ген з найдасканалейшай мiкрасхемай. Пасля вядомага паўстання ў Германii робатам, у адрозненне ад людзей, забаранiлi ствараць якiя-небудзь партыi або групоўкi, тых, хто не згадзiўся, кiнулi пад прэс i ў пераплаўку. Але хадзiлi ўпартыя чуткi, што тут, у Доме Пераўтварэнняў, якi аж кiшэў робатамi, у глыбокiм падполлi дзейнiчае iхняя тэрарыстычная арганiзацыя "Металiчная Рука". Нападаў на людзей, праўда, пакуль што не было, i размовы аб нейкiм падполлi можна было б назваць недарэчным мiфам, каб не паведамленне тэлежурналiстаў (у тым лiку i Навума Масейкiна), што ў раёне Тоўстага Лесу зафiксавана на кiнаплёнку сустрэча двух робатаў з мутантамi. Што прывяло робатаў у Тоўсты Лес, калi там дазволена бываць толькi навукоўцам i членам Лiгi барацьбы супраць мутантаў?
У ярка асветленым, прасторным i, што асаблiва ўражвала, нетаропкiм лiфце Гай Дубровiч апусцiўся на пятнаццаты паверх. Тут быў Духоўны цэнтр Дома Пераўтварэнняў, тут з кожным, хто захацеў пераўтварыцца, цэлых пяць хвiлiн гутарыў сам доктар Метэор, заснавальнiк Дома, праўда, гутарыў з экрана. Ён быў адзiным чалавекам памiж соцень робатаў.