117875.fb2 Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

— I што?

— Што вы «штокаеце»? Ён пакiнё нас у спакоi.

— Значыць, ты лiчыш, што плазмоiдам, як i нам, людзям, уласцiвы такiя пачуццi, такiя эмоцыi, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне вiны?

— А чаму б i не? Iнтэлект у iх вельмi высокi. А дзе iнтэлект, вялiкi розум, там i адпаведная псiхiка. Высокаiнтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.

— Ты генiй, Клёнiк! — захоплена ўсклiкнула Вера.

Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзiўленнем i павагай, падумаў: "У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калi нараджаюцца такiя акселераты".

Маленькi плазмоiд, i праўда, памiгцеў-памiгцеў з травы, з-за ствалоў тулураў i знiк, як яго не было. Затое кiламетры праз два на камянiстым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з iм былi конь, бык i смаляна-чорны певень, якi горда сядзеў у быка на спiне.

"Мае сябры, — сказаў Аюс, — Конь I г, бык Яр, певень Кук. Я навучыў iх разумець iсцiну".

Кароль жывёл, як i ўсе каралi, не вызначаўся асаблiвай сцiпласцю.

"I га я знайшоў у цырку, — працягваў Аюс. — На паўночным схiле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабiлi Жалезныя Людзi. Там I г танцаваў на заднiх нагах, а на шыi ў яго быў павязаны ружовы вялiзны бант. Уявiце толькi: конь — i танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазiць фурманку, iмчаць у атаку з адважным рыцарам на спiне. Бык Яр удзельнiчаў у карыдзе. Яго калолi шпагамi, а ён кiдаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулi б вы, як заенчыў тарэадор!"

— Тарэадорам быў зямлянiн? — спытаў Клён.

"Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы i чалавека. Усё жывое павiнна быць роўным мiж сабой. Цi не так, людзi?"

Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пiльна глядзеў на Радаслава, Веру i Клёна, чакаў адказу.

— У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс, — прамовiў нарэшце Радаслаў Буслейка. — Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калi б ты i твае падданыя цi сябры (не ведаю, як i назваць) умелi чытаць, я раiў бы вам пазнаёмiцца з кнiжкай Джорджа Оруэла, ангельца, "Жывёльны двор". Там кабан Напалеон падбухторыў свойскiх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.

"Яны перамаглi?" — радасна заззялi вочы ў Аюса.

— Перамаглi. Толькi перамога не прынесла iм радасцi.

"Чаму?"

— Зноў жа — не так проста адказаць.

— Некалi я прачытаю табе, кароль Аюс, гэту кнiжку, — горача ўсклiкнуў Клён Дубровiч. — Прылячу на Вар з Зямлi i прачытаю.

"Дзякуй, хутканогi i вастравокi, — сказаў Аюс Першы. — А зараз, зямляне, я i мае сябры просiм вас дапамагчы нам адолець Жалезных Людзей. Калi мы гэта не зробiм, яны зальюць бетонам усю планету".

— З чаго ж мы пачнем? — у роздуме паглядзеў на конусападобную вяршыню Нябеснага Зуба Радаслаў.

Клён i Вера таксама задумалiся. Яны, вядома, вельмi хацелi зрабiць нешта добрае для дзiка, пеўня, каня i быка. Але як? Хiба можна голымi рукамi перамагчы Жалезных Людзей? З надзеяй пазiралi яны, падлетак i жанчына, на Радаслава Буслейку. Ды той, нахмурыўшыся, зацята маўчаў.

— Радаслаў Алесевiч, Радаслаўчык, у вас жа не мозг, а самы найноўшы камп'ютэр. Прашу вас — выдайце якую-небудзь iдэю, — какетлiва, з абаяльнай усмешачкай папрасiла Вера Хрысцiнюк, але ў голасе адчувалiся хваляванне i трывога. Спагадлiвая мяккая душа, яна ўжо аж да слёз перажывала з-за тых страшэнных несправядлiвасцей, якiя змушаны цярпець ад Жалезных Людзей бедныя жывёлы планеты Вар. Можна толькi здагадвацца, як яна б сябе паводзiла, калi б раней за Аюса з падобнай просьбаю звярнулiся да зямлян Жалезныя Людзi. Няма сумнення, што яна кiнулася б ратаваць няшчасных робатаў. Ва ўсiм гэтым — сакрэт (магчыма, яго нiколi не разгадаюць) Веры Хрысцiнюк, сакрэт i велiч таямнiча-пяшчотнай жаночай душы. Уславiм жа гэту душу, дзб б мы нi знаходзiлiся: на далёкiх планетах, на змрочным акiянскiм дне цi каля вечаровага цяпельца, што мiрна гарыць, патрэсквае на лужку каля Лондана або Менска.

"Спачатку мы пойдзем у Вялiкае Балота. Акрайчык яго яшчэ захаваўся", сказаў Аюс Першы, i ўсе з iм пагадзiлiся. Рушылi адразу ж — паперадзе бык Яр з пеўнем Кукам на спiне, за iмi зямляне, у ар'ергардзе I г i Аюс.

Наўкол ляжалi маўклiвыя зялёныя пяскi. Вецер змятаў iх у невялiкiя дзюны. Дзе-нiдзе з гэтых дзюнаў тырчалi саржавелыя вострыя абломкi нейкiх металiчных канструкцый. Разы са тры памiж пяскоў траплялiся адчыненыя (у iх свiстаў вецер) люкi. Зямляне ўжо ведалi, што гэта ўваходы ў падземнае жытло плазмоiдаў. Значыць, па нейкiх прычынах жытло занядбана, пустуе i там начуюць толькi ценi i незразумелыя чалавечаму вуху шолахi.

— Здаецца, тут была вайна, — сказаў Клён Дубровiч.

— Падобна, — згадзiўся Радаслаў i пацiшэлым голасам дадаў: — Як пустэльна i як сумна…

Пад нагамi танюсенька, не па-зямному, рыпеў пясок. У iм вецер нарабiў баразёнак, прыгожых хвалiстых грабеньчыкаў. Раптам крокаў за пяць ад сябе Клён заўважыў гняздо, у якiм ляжала (ён iмгненна злiчыў) дванаццаць буйных яек — адзiнаццаць асляпляльна белых з яркiмi чырвонымi плямамi i адно зялёнае. Дзiўнае гняздо было зроблена не з травы, не з пер'я, галiнак або моху, а з калючага жалезнага дроту.

— Гняздо, — разгублена прамовiў Клён i памкнуўся да яго. Чамусьцi вельмi захацелася ўзяць, адчуць даланёю прыгожае i, пэўна ж, важкае i цёплае яйка.

"Назад!" — гнеўна закрычаў Аюс Першы i адштурхнуў Клёна лычом.

Вера з Радаславам здзiўлена глядзелi на тое, што адбываецца. Iшлi мiрна-спакойна, i раптам гэты дзiк, гэты кароль жывёл, як ён сам сябе называе, нечакана накiнуўся на Клёна. Ну ўзяў бы той, пакратаў яйка усё-ткi яшчэ малалетак.

— Напэўна, нас падманулi, Вера, — адчуваючы, як пачынае пульсаваць у скронях кроў, сказаў Радаслаў Буслейка. — Мы — зямляне, мы прывучаны верыць усяму жывому, але ж гэты гаваркi дзiк i ягоныя маўклiвыя малойчыкi не ўручалi нам нiякiх вярыцельных грамат. Адкуль мы ўзялi, што ён кароль? Кароль жывёл з планеты Вар! На Зямлi нас засмяюць. Па-мойму, гэта хаўруснiкi чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў i вядуць яны нас у нейкую пастку.

У гэты час Аюс з лютым выразам вачэй загадаў усiм: "Хавайцеся вунь у той люк! Хутка!"

Жывёл як ветрам змяло. Клён з Вераю таксама кульнулiся ў чорную прорву адчыненага люка, якi, на шчасце, быў непадалёку. Радаслаў жа замарудзiў, хацеў запярэчыць Аюсу, хоць слоўца поперак паставiць, але ўвагу ягоную прыцягнулi вялiзныя птушкi, што iмклiва i нiзка неслiся над зялёнымi ўзгорыстымi пяскамi, кiруючыся на яго i дзiка. У чарадзе iх было штук дзесяць — дванаццаць. "Крангi, — успомнiў iхнюю назву Радаслаў. — Прыгожа пiкiруюць, быццам ракетапланы-знiшчальнiкi".

"У люк!" — закрычаў Аюс.

I толькi тут Буслейка ўбачыў, як пярэдняя птушка, што была ўжо амаль над ягонай галавой, выпусцiла з кiпцюрыстых лапаў бела-чырвонае яйка. З вышынi, прыкладна, дваццацi метраў яйка з глухiм свiстам падала ў пясок. "Дык гэта ж бамбардзiроўка!" — як апякло Радаслава. Ён iрвануўся да люка, але спатыкнуўся i ўпаў. Гэта выратавала яго, бо прабяжы ён крок-другi, i смертаноснае яйка пляснулася б яму проста ў цемя. Грымнуў выбух, узвiўся пясок. Нiбы агнём, паласнула па правай шчацэ. Стрэсаператар кумiльгом увалiўся ў люк, паспеўшы ўбачыць краем вока, як лiхаманкава ўсвiдроўвае, закопвае сваю лычастую галаву ў пясок Аюс i як зялёнымi пухiрамi ўстаюць наўкол яго фантанчыкi выбухаў. Крангi, пакiдаючы на пяску чорныя вастракрылыя ценi, калючай шарэнгаю мiльганулi над iржавым люкам i знiклi, як расталi ў зялёным небе.

— Цьфу на вас! — пагразiў iм кулаком Клён. — I водзiцца ж гэткая нечысць.

"Няхай жывуць, — раптам сказаў Аюс Першы. — Хiба неба ад iх абвалiцца?"

Кароль жывёл планеты Вар, адзiн з усiх не схаваўшыся ад крангаў, глядзеў зверху ўнiз праз шырокае жэрала люка на зямлян i на сваiх падданых, i кроў тонкiмi палоскамi бегла з тых месцаў, дзе асколкi ўсё ж прабiлi цвёрдую, як бубен, скуру.

— Але ж яны цябе паранiлi, — здзiвiўся Клён.

"У мяне шмат ран, як i ў кожнага сапраўднага караля, — горда прамовiў Аюс. — Я ўжо прывык. А крангi няхай жывуць, бо гэта часцiнка нашай планеты, нашага Вара. У нас няма, як на вашай Зямлi, пчол або чмялёў, але ёсць крангi. Хiба гэта дрэнна?"

Клён нiчога не мог запярэчыць.

"Кука, пеўня, я адвучыў удзельнiчаць у пеўневых баях, якiя так любяць Жалезныя Людзi, — казаў далей Аюс, калi ўсе ўжо вылезлi з люка. — Пеўню зламалi крыло i ледзь не выдзеўблi вочы. А я выратаваў яго. I ён больш нiколi не будзе бiцца на пацеху дурным Жалезным Людзям. Праўда, Кук?"

Смаляна-чорны певень, седзячы на спiне ў чырвонага быка, звонка залопаў крыламi i закукарэкаў.

"Крангаў жа не перавучыш. Пэўна, таму, што iхнiя продкi нарадзiлiся не на Зямлi, а тут, на Вары, дзе грымяць бясконцыя бiтвы плазмоiдаў. Кранг адзiная птушка планеты Вар. Бачылi, з чаго ён будуе гняздо? З калючага дроту. I кладзе ў тое гняздо дванаццаць яечак — адно зялёнае, адзiнаццаць ярка-белых з чырвонымi крапiнамi. Гэтыя адзiнаццаць — ягоныя бомбы. Вы самi пераканалiся, як яны сякуць асколкамi. (Дарэчы, высакарослы i светлавалосы, у цябе моцна паранена шчака, i зараз мы пойдзем лячыцца да Ракi Адноўленых Твараў.) З зялёнага ж яйка нараджаецца маленькi кранг. Адзiн на ўсё гняздо. Вось чаму так берагуць крангi свае гнёзды".

Слухаючы Аюса, зямляне дайшлi да Ракi Адноўленых Твараў, i Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у «ваду» зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар i з вялiкай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык i певень з берага ўважлiва пазiралi на яго, i нiхто з iх нават не шавяльнуўся. "Прыдворны этыкет", — падумаў Радаслаў Буслейка.

Начавалi ў Вялiкiм Балоце. Прычым дзiк i ўсе астатнiя жывёлы пайшлi спаць у чараты, а зямляне атабарылiся ў маленькiм сiнiм вагончыку, якi стаяў на круглым лапiку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валялiся блiскучыя маткi дроту, выкарыстаныя электроды, балты i гайкi. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялi два старыя тапчаны.

— Спартанскiя ўмовы, — уздыхнула Вера. — Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.

— Дзе беласнежныя прасцiны? Дзе душ? — у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.

Вера ўважлiва паглядзела на яго.