117875.fb2 Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

— Але я пратэстую! — закрычаў Радаслаў i хацеў устаць з крэсла.

Плазмоiды, чырвоныя i фiялетавыя, пагрозлiва закружылiся над iм, ды пакуль што нiчога не рабiлi, пэўна, чакаючы рашэння Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы. Пяцiног пачаў павольна выпростваць дзве свае блiскучыя лускаватыя нагi. Такi манеўр быў ужо добра вядомы Радаславу — дацягнецца нагамi як мага блiжэй да твару i адключыць свядомасць гiпнозам.

— Дзярмо! — крычаў Радаслаў. — Касмiчны бруд! Пяцiлапы бандыт!

Ногi няўмольна наблiжалiся. Хвiлiна-другая — i залье душу халодная абыякавасць. Раптам у залу, гучна тупаючы, увайшоў робат, начальнiк дзесяткi, аб'явiў:

— Яны атакуюць Нябесны Зуб.

Пэўна, i несмяротныя не пазбаўлены такой вельмi вострай эмоцыi, як здзiўленне, бо Пяцiног, iмгненна забыўшыся пра Буслейку, неяк сутаргава падкурчыў дзве свае агрэсiўныя нагi, спытаў:

— Хто атакуе?

— Дзiк, якi аб'явiў сябе каралём жывёл планеты Вар, разам з iм конь, бык, певень i маленькi чалавек з планеты Зямля.

— I ўсё? — здзiвiўся Пяцiног. — Дык гэта ж самазабойцы. Яны iдуць па тунелi?

— Па тунелi.

— Бяры Жалезных Людзей, сустрэнь гэтых дурняў у тунелi i знiшчы iх.

Робаты пачалi выходзiць з трох сваiх казармаў, строiцца ў шарэнгi. У руках былi чорныя пруты. Пяцiног выкацiўся ўслед за iмi, сачыў за пастраеннем i пакуль што пакiнуў Радаслава ў спакоi.

Вось блiскучая металiчная вужака, цяжка ступаючы па застылай чырванаватай лаве, узнялася туды, дзе зеўраў пралом-калодзеж тунеля. I раптам усё пацямнела, быццам хмара iмгненна закрыла нябесны абшар. Вастракрылыя вёрткiя птушкi густа ўсеялi круглую лапiну неба над кратэрам.

— Крангi! — закрычаў Пяцiног.

Роўна дзве тысячы асляпляльна белых з чырвонымi плямамi яйкабомбаў паляцелi на галовы Жалезным Людзям. Робаты ўбачылi гэта, зразумелi, якая бяда чакае iх усяго праз некалькi iмгненняў, але былi пазбаўлены хоць якога-небудзь манеўру, бо злучалiся мiж сабой энергасiлавым дротам. Крангам цяжка было прамахнуцца. Iхнiя яйкi разрывалiся ў самай гушчынi Жалезных Людзей. Тое яйка, што ўразалася ў лаву, уздымала буры пылавы слуп, сякучую каменную крошку. Робатаў збiвала, валiла з ног. Калi падаў адзiн, падаў i ягоны сусед, цягнучы за сабой ледзь не ўсю шарэнгу. Выбуховыя яйкi гучна лопалiся на блiскучых галовах, спiнах. Страшная сiла адрывала металiчныя кляпаныя лiсты, i яны з пранiзлiвым вiскам разляталiся наўкол. Чорныя пруты некаторых робатаў пачалi ў гэтым хаатычным жалезным месiве знiшчаць усё, да чаго дакраналiся. З дзвюх соцень Жалезных Людзей ацалела штук трыццаць сорак, не болей. Выратаваўся той, каму пашанцавала заскочыць пад тоўсты каменны казырок, што цяжка вiсеў над уваходам у тунель.

— Ты ж казаў, што атакуюць адны толькi жывёлы i маленькi чалавек! шалеючы ад гневу, закрычаў Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, начальнiку дзесяткi. — Ты нiчога не даклаў мне пра крангаў! Дурное ржавае вядро! Сёння ж пойдзеш у пераплаўку!

Начальнiку дзесяткi адарвала левую нагу. Ён сядзеў у смуродлiвым чорным пыле, вельмi перажываў, бiў па сваёй жалезнай галаве жалезнымi рукамi, але не стагнаў i не плакаў — робаты не маюць слёз.

— Бiтва яшчэ толькi пачынаецца, — спакайнеючы i не звяртаючы болей анiякай увагi на пакалечанага начальнiка дзесяткi, сказаў Пяцiног. — Мае верныя адважныя саюзнiкi, фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды, пакажыце сваю вернасць i сваю адвагу. Перад вамi слабыя нiкчэмныя стварэннi, якiя хочуць валодаць Нябесным Зубам i ўсiм Варам. Разатрыце iх у слiзь, у пыл, ператварыце iх у вецер, што свiшча над гнiлым балотам.

Дзве эскадрыллi фiялетавых i чырвоных плазмоiдаў (прыкладна, па сто шароў у кожнай) пагрозна вырвалiся з-пад нiзкiх, акаваных стальнымi пласцiнамi скляпенняў каравульнага памяшкання, паплылi ў бок тунеля. Перад самым уваходам у тунель яны прытармазiлi, трохi пачакалi, бо начальнiк дзесяткi, што невядома якiм чынам паспеў даклыпаць сюды, загадаў Жалезным Людзям збiраць i кiдаць у чорную ямiну тунеля металiчны лом, друз — рэшткi сваiх ужо нерухомых таварышаў. Здавалася, гiганцкая катапульта страляе жалезам. Ляцелi зверху ўнiз цяжкiя металiчныя галовы, рукi, тулавы. Робаты не сумнявалiся, што гэта лавiна змяце на сваiм шляху ўсё.

Калi загрымела зверху i пасыпалася жалезнае ламачча, Аюс Першы жвава адскочыў убок, прыцiснуўся да шурпатай сцяны тунеля. Тое самае зрабiлi Яр, I г, Кук i Клён. У гэтую ж хвiлiну сотнi плазмоiдаў з чатырох кланаў (сiнi клан рыхтаваў атаку ў iншым месцы) iрванулiся наперад, сышлiся, злiлiся ў своеасаблiвы плазменны шчыт, якi густа заiскрыўся, запульсаваў, сустракаючы жалезны град, прымаючы ўвесь удар на сябе. Жалеза iмгненна плавiлася, выпаралася. Ад нясцерпнай гарачынi, здавалася, вось-вось аблупiцца скура, выскачаць з вачнiц вочы. Аб тым жа, што дзеелася па той бок ахоўнага плазменнага шчыта, якое там лютавала пекла, можна было толькi здагадвацца.

Жалезныя Людзi, выкарыстаўшы, пакiдаўшы ў тунель увесь металалом, рушылi ў атаку самi. Яны не ведалi, што такое страх смерцi або страх цяжкога калецтва, i таму адважна iшлi на зiхоткi плазменны шчыт, якiм быў перагароджаны тунель. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды плылi следам, схаваўшыся ў iх за плячамi.

Клён, якi стаяў, прыцiснуўшыся да сцяны тунеля, убачыў, што ў плазмоiдным шчыце з'явiлiся раптам дзве даволi вялiкiя круглыя адтулiны, падобныя на соплы. Так вясной у цёмных дажджавых хмарах адчыняюцца ясныя, напоўненыя блакiтам i сонцам «вокны». Праз iх Клён разгледзеў першую шарэнгу Жалезных Людзей. Яна, цяжка грукочучы, наблiжалася, як бы затапляючы сабой увесь тунель.

Плазмоiды з чатырох кланаў узбуджана зашыпелi, пачалi мяняць колер i раздзiмацца, рыхтуючыся да бiтвы. Не ўсе з iх злiлiся ў шчыт, стаўшы яго цаглiнамi. Многiя, не змянiўшы сваю форму, групавалiся за шчытом, як за барыкадай, пэўна, чакаючы нейкага сiгналу. Раптам пачуўся прарэзлiвы свiст.

Ад плазменнага шчыта аддзялiлiся два вузкiя доўгiя адросткi, як дзве рукi. Яны схапiлi пеўня Кука i праз адтулiну ў шчыце кiнулi проста пад ногi Жалезным Людзям. Бедны Кук не паспеў нават дзюбу раскрыць або крыллем залопаць. Абураны Аюс iрвануўся да адтулiны, каб выбавiць свайго падданага, але яна iмгненна знiкла, зрабiўшыся суцэльнай плазменнай перагародкай, i дзiк толькi абпалiў лыч. Клён здагадаўся, што плазмоiды рашылi выкарыстаць пеўня ў якасцi своеасаблiвай ахвяры, i зараз яны назiраюць, як адрэагуюць робаты на гэту ахвяру.

Жалезныя Людзi працягвалi iсцi як iшлi. Яны б растапталi пеўня, але ў самы апошнi момант Кук, спалохана закукарэкаўшы, узляцеў i сеў на плячо аднаму з робатаў. Той нават галаву не павярнуў. "Перамагаюць не самыя разумныя, а самыя жорсткiя", — успомнiлiся Клёну словы са шматсерыйнага тэлебаевiка аб 7-й Нафтавай вайне. Ён адчуў, як да сэрца падкочваецца страх.

— Што вы робiце?! — закрычаў Клён, i невядома было, да каго звернуты крык — да плазмоiдаў або да Жалезных Людзей.

Востраканцовыя зiхоткiя маланкi выскачылi з плазменнага шчыта, ударылi перад самымi нагамi ў робатаў, а потым — праз iмгненне — i па нагах. Пярэдняя шарэнга павалiлася, як трава пад узмахам наточанай касы. Рэзкi ляскотны гук ад такога падзення пакацiўся па тунелi. Зверху пасыпаўся абпалены пясок. Але робатаў, якiя ацалелi, гэта нiколькi не збянтэжыла. Яны вышэй узнялi ногi, пераступiлi сваiх пераможаных сабраццяў, пайшлi, не збаўляючы крок, наперад. "Цуг, цуг, цуг", — глуха неслася з цёмнага задымленага тунеля. Тады з плазменнага шчыта зноў вырвалiся два доўгiя вузкiя адросткi, зноў схапiлi пеўня, якi акамянела сядзеў на плячы ў робата, шпурнулi пад ногi Жалезным Людзям. Певень, як зразумеў Клён, зрабiўся разменнай манетай у жорсткай гульнi жыцця i смерцi. Певень не быў плазмоiдам, не быў робатам, i яго, як чужую незразумелую iпастась, можна было прыносiць у ахвяру. "Яны, плазмоiды, i мяне б схапiлi i кiнулi за шчыт, але Кук лягчэйшы, i таму кiнулi Кука", — з крыўдай i гневам падумаў юны зямлянiн. Ён адчуў вострую шкадобу да пеўня, да камяка жывой плоцi, якая павiнна пакутаваць у гэтым хаосе, у агнi i дыме. На Зямлi яго вучылi, што жыццё, i не толькi чалавечае, вышэй за ўсё. Ды тут дзейнiчаюць зусiм iншыя законы, iншыя каштоўнасцi i матывацыi. Клёну Дубровiчу ўспомнiлася славутая фраза славутага акадэмiка Вярнадскага: "Цi такi ўжо мэтазгодны наш свет?" Пад "нашым светам" мелася на ўвазе, вядома ж, Зямля, яе разумныя i гордыя насельнiкi. Ён заўсёды быў глыбока перакананы ў мэтазгоднасцi зямнога чалавечага свету, той наасферы, што стваралася iнтэлектам i рукамi людзей. Ён верыў, што чалавечая раса абавязкова заселiць Блiжнi i Дальнi Космас. Але тут, на Вары, упершыню прыйшло адчуванне абмежаванасцi творчага патэнцыялу зямной цывiлiзацыi. I плазмоiды, i Жалезныя Людзi, i той жа Аюс неслi столькi загадак, былi такiя непрадказальныя i шматварыянтныя, што юны зямлянiн канчаткова пераканаўся: "Чалавек, як яму нi было б крыўдна, не з'яўляецца мерай усiх рэчаў i вянцом Прыроды. Ён — толькi часцiнка Сусвету, адна з некалькiх дарог, i наогул, мяркуючы па ўсяму, Прырода не мае нейкай магiстральнай мэты, цэнтральнай звышзадачы. Прырода жыве, самаразвiваецца i ўсё".

Жалезныя Людзi ў рэшце рэшт растапталi Кука. I тады не адна, не дзве, а дзесяткi маланак ударылi з плазменнага шчыта i пачалося знiшчэнне робатаў. Клён бачыў, як адважна махаюць яны чорнымi прутамi, як робяцца вiшнёвымi ад лютай гарачынi, як напачатку тоненькiмi, а неўзабаве шырокiмi бурлiвымi ручаямi расцякаюцца iхнiя металiчныя грудзi i ногi. На вачах яны ператваралiся ў блiскучыя лужыны. Захапiўшыся разгромам Жалезных Людзей, чатыры кланы прапусцiлi момант, калi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды апынулiся ў iхнiм тыле, прарваўшыся праз адтулiны ў шчыце. Толькi аднойчы назiраў Клён нешта падобнае. Тры гады назад разам з бацькам ляцелi яны ў аэробусе ў Стакгольм i над Балтыйскiм морам трапiлi проста ў эпiцэнтр навальнiцы. За iлюмiнатарамi было мора агню, найярчэйшыя ўспышкi, гарматная стралянiна грому, вогненна-пякучая павуцiна маланак, што апляла ўсю нябесную сферу. I горы воблакаў. То снежна-белыя, то чырвоныя або карычневыя. У гэтым жахлiвым месiве вялiзны цяжкi аэробус шпурляла ўверх i ўнiз, як дзiцячы паветраны шарык. Зараз у тунелi Клён перажываў такое ж самае спусташэнне душы, калi чалавек перакананы, што праз адну-дзве хвiлiны скончыцца жыццё. Яго падхапiў гарачы вiхор, кiнуў на цвёрдую шурпатую сцяну. Ён, безумоўна, разбiўся б, але некалькi плазмоiдаў акружылi яго, i ў лiчаныя iмгненнi ён апынуўся ўнутры своеасаблiвай ахоўнай капсулы з празрыстымi сценкамi. Капсулу матляла ў бакi, i Клён упiраўся рукамi i нагамi, стараючыся ўтрымацца ў вертыкальным становiшчы. Наўкол грымела жорсткая бiтва. Яркiя вострыя прамянi разразалi змрок. Вось адзiн з такiх смертаносных прамянёў выпусцiла, выстралiла з сябе Клёнава капсула, i чырвоны плазмоiд, што iшоў, здавалася, на таран, аглушальна лопнуў, разляцеўся на кавалачкi.

Сiлы былi няроўныя. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды адступiлi з тунеля ў кратэр. З робатаў не ацалеў нiводны.

Клён iмклiва ляцеў у капсуле, азiраўся па баках — хацеў убачыць Аюса з жывёламi. Але iх нiдзе не было. Усюды валялася пабiтае, папаленае жалеза. Плазмоiды чатырох кланаў густым роем кiравалiся туды, дзе вiднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.

У гэты час Пяцiног, сабраўшы вакол сябе рэшткi плазмоiдаў i робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесцi Радаслава Буслейку i Веру Хрысцiнюк. Зямляне прыйшлi, трымалiся незалежна i горда. Вера абапiралася аб Радаславава плячо.

— Я памылiўся, — сказаў Пяцiног. — Хоць Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзiную за трыста шэсць апошнiх гадоў. Мне патрэбна было правесцi эксперымент не над мужчынам i жанчынай, а над падлеткам па iменi Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.

Пры гэтых словах фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды захвалявалiся, абурана зашумелi:

— Дзе ён?!

— Адшукай i знiшчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямнiцы!

— Ён вось-вось будзе тут, перад намi, — папераджальна выставiў уперад тры свае нагi Пяцiног. — Праз гранiт i застылую лаву я ўжо бачу, як iмчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага — ён знаходзiцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылi сваiмi целамi аранжавыя, жоўтыя, зялёныя i блакiтныя плазмоiды. Чамусьцi не бачу сярод iх сiнiх. Дзе сiнiя плазмоiды?

— Яны пачалi атаку з паўночнага боку вулкана, — адказалi яму.

— Дурнi, — засмяяўся Пяцiног. — Роўна праз сто чатыры гады прыляцiць мiжгалактычны ўльтралёт з Сiняй Зоркi. Я хацеў узяць iх з сабой.

— Вазьмi нас, — залемантавалi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.

— Сваiм колерам яны вельмi i вельмi тасавалiся б да пейзажаў Сiняй Зоркi, — быццам не пачуўшы iх, казаў далей Пяцiног. — Але яны (о неразумная дзiкая плазма!) пайшлi вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямнiцы, быццам я не даваў iм iнтэлектыт i не вылучаў iхнi колер з усiх астатнiх колераў.

— Вазьмi нас, — зноў узвысiлi голас фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.

— Чаго або каго вы баiцёся? — нарэшце звярнуў на iх увагу Пяцiног. Бялковых смертных iстот? Дык вось дзве такiя iстоты стаяць перад вамi. Я ўзяў iх у палон i магу зрабiць з iмi ўсё, што толькi захачу. А можа, вы смерцi баiцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкi час пасля свайго знiкнення вы зноў адновiцеся. I так — вечна. Чаго ж вы хочаце?

— Знiшчы з Зямлi падлетка па iменi Клён! — хорам закрычалi плазмоiды. Забi таго, каго назвалi Гарантам Вечнага Мiру! Мы жадаем, мы прагнем бясконцай вайны з Бялковай Цывiлiзацыяй!

— Няўжо вам так хочацца вайны? — цiхiм голасам сказаў Радаслаў Буслейка, але яго адразу ж пачулi. — Як мне вядома, пяць кланаў плазмоiдаў, пяць кланаў вашых братоў заключылi мiр з чалавецтвам. Я сам бачыў, як гарэла зялёная трава i плавiўся пясок на беразе Пятровiцкага вадасховiшча. Няўжо толькi на гэта здольна Старая Цывiлiзацыя? Мы — антыподы. Але мы разам iснуем у Сусвеце. Давайце iснаваць паралельна, мiрна, не скрыжоўваючы кап'ё i меч. Напачатку было Слова…

— Напачатку была Зброя! — крыкам перарвалi яго плазмоiды.

— Любоў… - казаў далей Радаслаў.

— Нянавiсць! — яшчэ гучней закрычалi плазмоiды.

Узнялiся страшэнны гвалт, густое металiчнае гудзенне, якое пераходзiла ў злавеснае шчоўканне. З плазмоiдаў пасыпалiся iскры. Яны пачалi раздзiмацца, прычым з шарападобных i элiпсавiдных некаторыя, напэўна, самыя агрэсiўныя, рабiлiся востравугольнымi. Цяжка сказаць, што чакала б Радаслава i Веру, але ў гэты момант у кратэр Нябеснага Зуба праз тунель уварвалiся чатыры кланы. Памiж iх у празрыстай непрабiвальнай капсуле iмчаўся Клён Дубровiч. I адразу ж з нябёсаў ударылi страбы. Дзесяць магутных птушак, на iмгненне як бы засланiўшы ўсё неба, спiкiравалi дакладна туды, дзе стаялi Радаслаў з Верай, прыкрылi iх крыламi. Затым дзве птушкi з двух бакоў шчыльна падступiлi да стрэсаператара, нагнулi свае прыгожыя моцныя шыi. Радаслаў зразумеў — абхапiў гэтыя шыi рукамi, i страбы лёгка ўзнялiся, панеслi яго з Нябеснага Зуба. Трэцi страб ляцеў знiзу — страхаваў.

Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды, убачыўшы такое, з найвялiкшай ярасцю напалi на астатнiх страбаў, якiх заставалася сямёра, прычым трое намервалiся выносiць з вулкана Веру Хрысцiнюк. Але жыхары воблакаў спрытна ўхiлiлiся ад iхнiх стрэлаў-маланак, i, у сваю чаргу, самi перайшлi ў атаку. Аказваецца, страбы ведалi тую адзiную кропку, тую своеасаблiвую "ахiлесаву пяту", ударыўшы ў якую, можна было паралiзаваць плазмоiда. Некалькi шароў глуха засiпелi i ўпалi, падняўшы воблачкi вулканiчнага пылу. У гэты час Вера Хрысцiнюк нiяк не адважвалася даверыць сваё жыццё страбам, узляцець разам з iмi.

— Баюся, — шаптала яна, пазiраючы то на дзiўных птушак, то на неба.