117875.fb2 Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Чалавек з брыльянтавым сэрцам - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

— Чытаў, - кiўнуў галавой Карл.

— А можаш успомнiць, што там насачыняў вялiкi фiлосаф?

— Паспрабую, — нiколькi не здзiвiўшыся нечаканай просьбе (што толькi не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзiўся Карл.

— Давай.

— Першая запаведзь: "Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю". Другая: "Забаранiць сумесныя абеды". Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: "Трымаць шпiёнаў". Чацвёртая: "Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучынi". Пятая: "Узводзiць грамадскiя збудаваннi, каб людзi былi заўсёды занятыя". I шостая, калi ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу…

— "Весцi войны або рыхтавацца да iх, бо народ гэткiм чынам будзе мець патрэбу ў адзiнаўладным кiраўнiку", — хуценька кончыў за яго Радаслаў i засмяяўся. — Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.

— Дзякуй за камплiмент, — усмiхнуўся ў адказ Карл. — Але i ў цябе пакуль што мазгi — як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомнiў — не заржавелi.

Стрэсаператары сябравалi, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабiне i не паспрабаваць зазiрнуць адзiн аднаму ў душу, тым болей што псiхолагi падбiралi на такую работу людзей кампанейскiх, сумясцiмых. Якiм шматслойным нi было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкi судакранання са сваiм суседам i з усiм чалавецтвам.

Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца яднала неадольная цiкавасць да гiсторыi рэлiгii. I сапраўды — што прымусiла першабытнага чалавека, а магчыма i першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба i ўбачыць там не толькi срэбную хмарку, не толькi яркую зорку — убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай i громам, перад дзiкiм зверам i смерцю? А цi не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлiгiйнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Цi не з'яўляецца рэлiгiйнасць вiдавай прыкметай, асаблiвасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлiгii.

Радаслаў i Карл адчулi роднаснасць душ з той ранiцы, калi немец, пiльна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:

Цi ёсць у кветак бог?Цi моляцца яны?

— Як-як? — перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.

— А ты ведаеш, i я ж пра гэта шмат разоў думаў, - горача загаварыў Радаслаў. — Ну не так, як ты, прыгожа, не вершамi, але думаў. I так заўсёды атрымлiваецца, так здаецца, што стаiм на самым парозе разгадкi, што лёгенька-лёгенька таўханi маленькiя дзверцы, яны расчыняцца, i ўбачыш…

— Што ўбачыш? — нецярплiва спытаў Карл.

— Разгадку. Або самога Бога.

Узнесеныя над вяршынямi гор, аддзеленыя ад сяброў, ад каханых доўгiмi тыднямi адзiноцтва, яны жылi, як бы злiўшыся з экранамi, антэнамi i камп'ютэрамi, рабiлi сваю вельмi патрэбную ўсiм справу, а неба глядзела на iх удзень i ўначы, таямнiча шумеў вецер, грымелi, расколваючыся аб скалы, вадаспады, зiхацеў снег, чорнай сцяной стаялi далёка ўнiзе лясы, каменьчык, сарваўшыся з-пад капыта горнага казла, iмклiва ляцеў у цяснiну, у пранiзлiвую пустэчу. Хiба можна было ў такiх умовах, у такiм жыццi не думаць аб вечнасцi, аб рэлiгii? Яны абодва, па традыцыi сваiх продкаў, былi хрысцiянамi i, вядома, часта гаварылi пра гэту вялiкую i супярэчлiвую рэлiгiю, якая, нiбы смала з жыдоўскiх смакоўнiц, налiпла калiсьцi на рымскi меч у Юдэi, каб рассялiцца ў многiх землях i народах. На скрыжалях мiльёнаў чалавечых сэрцаў назаўсёды выбiты словы: "Узлюбi блiжняга свайго, як самога сябе", "Не ўбiй", "Не ўкрадзi". I ўсё-ткi пасля нялёгкага роздуму немец з беларусам прыйшлi да высновы, што ў свой час iндаэўрапейскiм народам, шукаючы сваю стрыжневую, каранёвую рэлiгiю, трэба было глядзець не ў бок Палесцiны, а на Iндыю, i, вядома ж, невыпадковая ў апошнi час вялiкая цiкавасць эўрапейскай моладзi да будызму i крышнаiцтва. Радаслаў Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускiя, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускiя вернiкi доўгi час варагавалi мiж сабой, бо варункамi лёсу i амбiцыямi ўладаў былi падзелены на праваслаўных, унiятаў i католiкаў. Адзiн народ з трыма целамi i душамi. Хiба натуральная гэта з'ява? I вось апошнiм часам пачаўся шырокi рух за вяртанне да народнай дахрысцiянскай рэлiгii, дзе пакланялiся Агню, Сонцу, Зямлi i Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычнiцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскiх вянкоў i песень, да чыстай зямлi i светлай ранiшняй расы, да праматчынай душы.

— I ты таксама — як гэта правiльней па-вашаму сказаць — купальнiк? пацiкавiўся тады Карл Гакенхольц.

Буслейка засмяяўся.

— У купальнiках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я — хрысцiянiн, але я i купалец. А жонка мая, Нiначка, купалка.

— Купалка, — як рэха, паўтарыў за iм Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. — Гучыць няблага.

З таго часу любiў ён гаварыць Радаславу: "Калi ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званiла".

Буслейка, пiльна сочачы за экранам, з пяшчотай успамiнаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачылiся. Ён неадрыўна сядзiць тут, на стрэсографе, а Нiначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе "Нiнка-трасцiнка"), працуе заолагам у перасоўным летнiм лагеры, якi штогод стварае Лiга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесiя ў жонкi. Былi б яшчэ вавёрачкi, вожыкi, зайчыкi, а то даводзiцца лавiць у лясах i балотах дзiкоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў i лячыць iх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру — уз'юшаны дзiк варсануў iкламi па назе. Усё часцей нараджаюцца мiж звяроў мутанты, у якiх папсаваны генетычны код, — гiганцкiя ваўкi, дзвюхгаловыя сабакi, бязвокiя зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнiк-лакаматыў, з рэек, ляцiць пад адхон i ўсё ломiць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалi, усiх без разбору, але Нiначка i яе сябры дамаглiся лячыць iх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сiтуацыю пад кантроль. "Нiначка ў мяне настойлiвая, — з патаемнай радасцю думаў Буслейка. — Надумае што зрабiць, абавязкова зробiць". Ён быў яшчэ на той стадыi ўзнёслага юначага кахання, калi юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялiкшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абраннiцы (адзiнай на Зямлi!), патурае ўсiм яе слабасцям i капрызам i гатоў памерцi па кiву яе пальчыка. На вялiкую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкi час праходзiць, iначай рэзка скарацiлася б колькасць мужчын.

— Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, — раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.

На вялiкiм экране, якi амаль увесь займала карта Эўразii i якi ззяў спакойным блакiтнаватым святлом, з'явiлася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялiчвалася, то змяншалася i здавалася агiднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.

— Дзе гэта? Давай удакладнiм каардынаты, — наструнiўся, адразу пастражэў Буслейка.

Камп'ютэр iмгненна зрабiў неабходныя разлiкi.

— Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвiлiны паўночнай шырынi, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвiлiн усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясцiны.

Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.

— Так, — адказаў той. — Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сiле прарыў адмоўнай жывой энергii. Стрэлка стаiць на адзнацы «9». Вельмi высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.

Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кiпела трывога. Але мозг, вочы i рукi рабiлi, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такiх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сiстэма электрамагнiтнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход i ад Полацка да ракi Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылi па ўсяму перыметру кальцавой дарогi ахоўны электрамагнiтны пояс горада Менска. Усе мегаполiсы, усе гарады-"мiльёншчыкi" мелi такiя паясы, бо Вялiкi Жах (i гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялiкшай ярасцю i ўпартасцю атакуе менавiта там.

— Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, — сказаў Карл Гакенхольц. Чатыры канцэнтрацыi за апошнiя паўгода. Цiкава: выпадковасць гэта або заканамернасць?

Ён дапытлiва паглядзеў на Радаслава.

— Лiчу, што заканамернасць, — адказаў Буслейка, не адводзячы позiрку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мiгатлiвая пляма. Славяне, як i румыны, як i венгры, у палiтычным i эканамiчным плане пазней стабiлiзавалiся, чым, скажам, германскiя народы. Вобразна кажучы, вулканiчны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялiчылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялiкi Жах i выкарыстаў гэта. "Дзе тонка, там i рвецца", як кажа наша прымаўка.

У гэтыя iмгненнi яго востра непакоiла адно: толькi б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапiўся ёй якi-небудзь звер-звярыла, дзiкун з дзiкуноў, мутант з мутантаў, i яна б важдалася з iм у сваiм летнiм лагеры, а праз дзень-два i Вялiкi Жах загналi б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамiнаўся дакументальны фiльм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкi, патоўчанае на драбнюткi мак аконнае шкло, згрызены (!) гранiт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велiзарных зубоў на ружовым гранiце…

Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязi:

— Увага! Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.

Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга i трывожна:

— Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.

Стрэсаператары пераглянулiся.

— Дзед, напэўна, будзе гаварыць, — сказаў Буслейка.

"Дзедам" усе звалi дырэктара Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямiдзесяцiгадовага барадача, якi з аднолькавым напорыстым iмпэтам хадзiў па скалах Татраў у альпiнiсцкай звязцы i на вясёлых капуснiках танцаваў мазурку.

— Панове, — пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, — як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывiлiзацыi ў раёнах усходней i паўднёвей Менска. Сiтуацыя кантралюецца, але з вялiкiм напружаннем. Загiнула ў агнi трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.

— Чаму ў агнi? — неяк машынальна вымавiў Буслейка.

Дзед, нiбы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:

— Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi адрознiваецца ад папярэднiх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, i стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў i талерак, псеўдалюдзi з лысымi шышкаватымi галовамi i ружовай дзiцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергii рэалiзуецца ў выглядзе вогненнага вала, якi нястрымна коцiцца па зямлi. Нездарма СЦ абрала Беларусь — там маюцца яшчэ даволi лясiстыя раёны, агню хапае ежы.

Дзед гучна кашлянуў.

— Сiтуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялiкiм напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ i тым, што да СЦ далучылася каля пяцi тысяч робатаў, якiх намервалiся здаць на пераплаўку. Iхняя падпольная тэрарыстычная арганiзацыя "Механiчная Рука" канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забiты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамi ў якасцi заложнiка i знаходзiцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калiйнай шахце непадалёку ад горада Салiгорска. Там у робатаў, аказваецца, былi склады зброi. Вось такое становiшча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, i вас усiх, ад стрэсаператараў да буфетчыц i вартаўнiкоў, павiнны былi замянiць роўна праз восем дзён.

Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкi, каб удакладнiць дату, глянуў на каляндар, бо наступiла паўза, пасля якой ён паўтарыў:

— Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Нiхто не можа гарантаваць, што змена, якая павiнна вас замянiць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямi.

— Як марожанае, — пажартаваў Карл Гакенхольц.

— Вось i ўсё, — скончыў Патоцкi. — Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавiк Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабiны зайсцi да мяне ў кабiнет. Жывуць Сонца i Кiсларод!