117875.fb2
— Падрыхтавацца! — закрычаў ён, са здзiўленнем прыслухоўваючыся да свайго звонкага камандзiрскага голасу. — Страляем залпам! Кожны бярэ на мушку бластэра свайго шышкагаловiка! Агонь!
Ярка ўспыхнулi вострыя вузкiя прамянi, пракалолi, прашылi паветра. Некалькi шышкагаловiкаў — тры цi чатыры — упалi, але не пайшлi на дно, а засталiся нерухома ляжаць на паверхнi вады.
— Бластэр сваю дзiрачку знойдзе, — задаволена сказаў побач Карл Гакенхольц, i Буслейку раптам не спадабалася гэта ягоная задаволенасць. "Тэўтон, нашчадак тэўтонаў, - падумаў Буслейка. — Кроў для iх калiсьцi была, як вада. Хаця, цi ёсць у гэтых шышкагаловiкаў кроў?"
Плямаў крывi ён, як нi напружваў зрок, не ўбачыў, але i яму, i Карлу, i гвардзейцам адразу кiнулiся ў вочы нейкiя празрыстыя верацёнападобныя фiгуры, якiя з'явiлiся над целамi забiтых. Кожная такая фiгура, калi ўважлiва прыгледзецца, вылётвала з цеменi мёртвага шышкагаловiка i завiсала над iм у паветры на вышынi ў пяць-шэсць метраў. З целам шышкагаловiка яе злучала дрыготкая вузенькая палоска, падобная на срэбную нiтку.
"Старая Цывiлiзацыя — цывiлiзацыя капiiстаў, капiравалыдчыкаў, здагадаўся Радаслаў. — Яна слепа, хоць i вельмi таленавiта, капiруе чалавечую цывiлiзацыю. Вось i гэтыя празрыстыя верацёны, гэтыя астраўкi ранiшняга туману не што iншае, як жывая душа, што вылецела са скляпенняў мёртвага цела. Значыць, праўду казалi людзi, якiя пабывалi ў абдымках клiнiчнай смерцi i пэўны час глядзелi зверху на сваю нежывую плоць, на ўрачоў i ўсю бальнiчную палату. Значыць, ёсць неўмiручая таямнiчая субстанцыя, ёсць Я, несмяротнае вечнае ядро кожнай асобы, якое жыве ў целе, нiбы ў скафандры, у панцыры, а пасля смерцi гэтага фiзiчнага цела-сховiшча пакiдае яго, каб перасялiцца ў новае".
Тым часам шышкагаловiкi пачалi стралянiну ў адказ, лiшнi раз пацвердзiўшы здагадку Радаслава, што яны тыповыя прадстаўнiкi цывiлiзацыi капiiстаў. У руках у iх аднекуль з'явiлiся цёмныя прадметы, падобныя на славуты аўтамат Калашнiкава, i на акопы гвардзейцаў пасыпаўся ярасны град… патронаў. Гэта нават былi не патроны, а iхнiя мiнiяцюрныя каменныя копii, вядома, без гiльзаў i без куль.
— Страляем па "срэбных нiтках"! — закрычаў Буслейка. — Дакажыце, гвардзейцы, што вы снайперы!
Праз нейкi мiг усе "срэбныя нiткi" былi знiшчаны i ўсе мёртвыя шышкагаловiкi адразу ж пайшлi на дно, а верацёнападобныя празрыстыя фiгуры знiклi, растварыўшыся ў паветры. "Ёсць, ёсць у кожнага жывога чалавека жывая душа, — усхвалявана думаў Радаслаў. — Старадаўнiя летапiсцы пiсалi, што полацкi князь Усяслаў Чарадзей мог ператварацца ў «воблака», у "светлую хмару". Колькi вучоных мужоў лiчылi гэты даказаны факт рэлiгiйнымi забабонамi, мастацкай гiпербалай. А ў князя, якi, нiбы нiкчэмны раб, быў кiнуты ў цёмны падземны поруб на брудную салому, уначы лётала (!) душа (!), каб набрацца моцы ад званоў наддзвiнскай Сафii. У рэшце рэшт чалавецтва аказалася куды больш складаным i загадкавым, чым думалi матэрыялiсты".
Ацалелыя шышкагаловiкi, сустрэўшы супрацiўленне, адступiлi i разам з вогненным валам па заходнiм беразе Пятровiцкага вадасховiшча пачалi прабiвацца на поўнач, у напрамку пасёлка Волма. Там iх ужо чакалi атрады рэспублiканскай гвардыi i мясцовай самаабароны. Магутныя экскаватары i бульдозеры капалi глыбокi роў. Дачнiкi, грыбнiкi, хутаранцы i дзецi з аздараўляльных спартыўных школ на аўтамабiлях i верталётах спяшалiся ў Менск, Волму, Калодзiшчы або проста на Маскоўскую шашу, якая поўнасцю кантралявалася вайскоўцамi.
Нарэшце ачуняў капiтан Хвалiбог. Вiдно па ўсяму, яго пёк несуцешны сорам. Такi бравы камандзiр, такi эфектны прыгажун, а тут прыляцела з-за вадасховiшча нейкая прымiтыўная дзiкунская страла, дзеўбанула ў белую руку, i адразу, як кажуць, адкiнуў капыты, засвiстаў носам. Ясна, што вiноўнiцай канфуза была Старая Цывiлiзацыя. I на яе адразу ж вылiў свой гарачы крыўдлiвы гнеў капiтан.
— Зямлi захацела, жыццёвай прасторы? — з'едлiва загаварыў ён, быццам СЦ уласнай персонаю стаяла перад ягонымi вачамi. — Хопiць табе i столькi зямлi, каб уваткнуць iголку. Адну iголку. I тую ў свой саван.
— Капiтан, не трэба раскiсаць, — перапынiў яго Радаслаў Буслейка. Стрэсаператар на час адсутнасцi Хвалiбога, а дакладней, на час ягонага непрадбачанага нiякiмi статутамi сна, узяў на сябе камандаванне i быў у глыбiнi душы, як кожны самалюбiвы чалавек, задаволеяы гэтым, аж тут прачнуўся, працёр вочы няўдалiца-служака i, вядома ж, адразу забраў усю ўладу ў свае рукi.
— Не трэба раскiсаць, — паўтарыў Радаслаў.
Хвалiбог неўразумела зiрнуў на стрэсаператара, варухнуў прыгожымi бровамi, нiчога не сказаў.
Хацелi iсцi на дапамогу Волме, але па рацыi атрымалi загад камандуючага рэспублiканскай гвардыi генерала Журкевiча неадкладна выступiць у накiрунку пасёлка Сосны. Там магла чакацца атака СЦ на ядзерны рэактар Акадэмii навук.
Амфiбii iмчалi па нешырокiх палявых дарогах. Усюды было нязвыкла пуста, бо ўсё жывое схавалася. Толькi грамабойныя каржакаватыя дубы смела ўздымалi ў неба галiны-рукi. На вялiкай хуткасцi перасеклi чорную смуродлiвую паласу, дзе да кораня, да самай зяiялi былi спалены трава i збажына. Тут нядаўна кацiўся вогненны вал СЦ.
Некалькi разоў нiзка над зямлёй непадалёку ад амфiбiй паказвалiся i адразу ж знiкалi КЛА ў форме талерак i дырыжабляў. Аднойчы гвардзейцы нават распачыналi стралянiну з бластэраў.
— Няўжо дабрыня заўсёды павiнна ўраўнаважвацца злом, як жыццё смерцю? фiласофстваваў, седзячы побач з Радаславам, Карл Гакенхольц. — Калi толькi так, то ў чалавецтва i наогул ва ўсёй жывой матэрыi вельмi песiмiстычная перспектыва. Па падлiках амерыканскага астранома Холдэна, выпадковасць узнiкнення жыцця на нашай планеце — 1 з 1,3 х 1930. Разумееце? А вераемнасць знiкнення ўсялякага жыцця — i не выпадковага, а заканамернага, арганiзаванага нейчым хваравiтым iнтэлектам — у шмат разоў большая. Разумееце? Чалавецтва, як тую траву, касiлi чума i халера, войны i сацыяльныя рэвалюцыi, рак i СНIД… Сёння атакуе Старая Цывiлiзацыя. А што будзе заўтра? Пад якiмi нябёсамi прачнуцца нашы ўнукi?
Пытакне засталося без адказу, бо, па-першае, усе пiльна сачылi за наваколлем, а па-другое, нiхто не рашаўся рабiцца прарокам, нават Радаслаў Буслейка.
Моўчкi ўехалi ў пластмасавы лес. Ужо каля ста гадоў па ўсёй Зямлi, асаблiва ў пустынях i паўпустынях, на выжарынах i няўдобiцах саджалi штучныя дрэвы. Зробленыя з негаручых пластмасавых матэрыялаў, яны ўначы назапашвалi вiльгаць i павольна аддавалi яе ў навакольнае паветра днём. Над такiмi лясамi сутыкалiся гарачыя i халодныя вятры, пышна раслi хмары, грымелi навальнiцы, спорна шумелi дажджы. Каб ва ўсёй красе паўстала новае дрэва, у зямлю заганяўся трубчасты «ствол», а ў яго запампоўвалася пластмасавая пена. Пена гэта расцякалася ва ўсе бакi, ствараючы пад паверхняю зямлi «карэннi» даўжынёй да 20 метраў. На поўднi штучныя дрэвы вельмi падобны на пальму, тут жа, у Беларусi, iх цяжка адрознiць ад маладой невысокай сасны.
У спакайнейшы час нехта абавязкова б пажартаваў: "А цi не пашукаць нам пластмасавых грыбоў?" I нехта, вядома жартуючы, пачаў бы ўзiрацца ў траву i мох пад нагамi, дастаўшы з кiшэнi ножык-складанчык. Але сёння было не да гэтага. Напоўнены дымам лес, лес, дзе нiколi не пачуеш мяккага пошуму дрэў, здавалася, хацеў як найхутчэй вышпурнуць людзей i iхнiя машыны ў чыстае поле. А там было толькi адно — дым, трывога…
У Соснах высветлiлася, што шышкагаловiкi i каля сотнi робатаў спрабавалi штурмаваць пасёлак, але былi адбiты. Пакарэжаныя, патрушчаныя робаты валялiся на дарогах i сцяжынках, як самы звычайны металалом. Капiтан Хвалiбог, чакаючы новага загаду, аб'явiў прывал. Радаслаў Буслейка толькi пачаў вылазiць з амфiбii, як мноства ўсхваляваных i здзiўленых галасоў закрычала:
— Глядзiце! Хутчэй глядзiце на неба!
На небе, на цёмным воблаку, якое, нiбы агромнiсты валун, стаяла над зямлёй, вялiкiмi чырвонымi лiтарамi было напiсана: "Жыхары адной з намi планеты, прапануем вам заключыць перамiр'е". Нясцерпна яркiя зiхоткiя лiтары бачылi тысячы, дзесяткi тысяч людзей, i ўсе гэтыя людзi з хваляваннем, з лiпкiм халадком на скуры думалi: "Як i хто напiсаў такiя словы?" Гэты ашаламляльны сваёй нечаканасцю заклiк чыталi ў Менску i Барысаве, у Чэрвенi i Смалявiчах, i ўсюды людзi ўзбуджана выходзiлi на вулiцы, на цэнтральныя плошчы i крычалi:
— Перамiр'е! Перамiр'е!
З бiблейскiх часоў, калi таямнiчая рука вывела на сцяне палаца вавiлонскага цара суровыя словы, якiя прадказвалi смерць i разбурэнне, не сутыкалiся зямляне з падобным вiдовiшчам. Генерал Журкевiч адразу даў згоду на перамiр'е, i адразу ж замоўкла стралянiна, патух агонь, развеяўся дым.
Усе былi задаволены нечаканай развязкай, i толькi капiтан Хвалiбог з непаразуменнем глядзеў на неба, дзе беглi воблакi, адны цёмныя воблакi, i пытаў:
— А куды ж яна дзелася?
— Хто? — куточкамi вуснаў iранiчна ўсмiхнуўся Радаслаў.
— Ды гэтая Старая Цывiлiзацыя.
— Знiкла… Пайшла… Як вада ў пясок.
Хвалiбог са злосцю зiрнуў на стрэсаператара, палез у камандзiрскi люк амфiбii.
Скончылiся баявыя дзеяннi, у якiх атрад стрэсаператараў прыняў, можна сказаць, мiнiўдзел. Амаль усе вырашылi адразу ж вярнуцца ў Татры, i толькi Радаслаў Буслёйка надумаў на дзянёк iрвануць у Менск.
— Дзед з цябе ўсю тваю анархiю выб'е, — пачаў прыпалохваць яго Карл.
— Нас жа пасылалi на два днi, — вёў сваё Буслейка. — А ваявалi мы толькi нейкiх пяць гадзiн. Менск — мой студэнцкi горад, мая, можна сказаць, першая любоў. Я i з Нiначкай там сустрэўся. Ды ўсёй аператыўнай памяцi камп'ютэра не хопiць, каб узнавiць, ажывiць тыя гады, месяцы, днi, хвiлiны, iмгненнi. Колькi там перадумана, прапушчана праз душу i мозг. Колькi там пакiнута слядоў i слядочкаў, уздыханняў i надзей.
— Я здагадваўся, што ў цябе паэтычнае нутро, але не думаў, што ты такi сiропны сентыменталiст, — сказаў, хiтра прыжмурваючы цёмныя вочы, Гакенхольц. — Каб такое пачуў Лех Патоцкi, адразу б закрычаў: "Iдзi ў паэты!" i выгнаў са Стрэсографа. Ды i наконт аператыўнай памяцi камп'ютэра ты перабраў — i перабраў, трэба сказаць, нахабна i дужа самаўпэўнена.
— Гiпербала, — згадзiўся Радаслаў. — Куды нам, двухногiм i аднагаловым, цягацца з камп'ютэрам. Але павер, дарагi дружа Карл, што ўсё гэта я гавару ад самага шчырага сэрца. Я вельмi люблю Менск i хачу, каб ты таксама ўбачыў яго. А Патоцкi мяне зразумее i даруе.
— Ну, добра, а як ты думаеш вярнуцца заўтра на Стрэсограф? — пачаў здавацца Гакенхольц.
— Праблем няма. Хто-небудзь з сяброў падкiне на самалёце або верталёце. Я ж чалавек кампанейскi, i ў мяне ў Менску мора сяброў.
— Няўжо цэлае мора? — дураслiва выкруглiў вочы Карл.
— Не мора, дык вялiкае возера.
Яны засмяялiся i пачалi ўпрошваць капiтана Хвалiбога падвезцi iх на амфiбii да Менска. Той катэгарычна адмовiўся.
— Я абавязаны даставiць вас назад, у Смалявiцкi аэрапорт. Я адказваю за падначаленых мне гвардзейцаў i за вас. Так-так, спадары стрэсаператары, за вас.
— А як жа Вялiкая Эра Плюралiзму? — падкалоў Буслейка.
— Там, дзе пачынаецца асфальт вайсковых гарадкоў, канчаецца плюралiзм, — адчаканiў капiтан.
Немагчыма было аспрэчваць такую жалезную логiку. Раззлаваны Буслейка i ўсмешлiвы, як заўсёды стрыманы Гакенхольц вымушаны былi вярнуцца ў Стары аэрапорт. А там, вядома ж, нiхто не мог дакладна сказаць, калi чакаецца рэйс на Стрэсограф.
— Каб цябе ўдарыла громам па жывату, — успомнiў Буслейка прабабчыну кляцьбу. — Пайшлi, Карл, пiва пiць.
Выпiлi халоднага пiва з вялiкiх бляшанак i засумавалi. У аэрапорце быў вiдэасалон "Зялёны Дуб", дзе суткамi круцiлi касмiчныя баявiкi, але такое дабро мелася i ў Татрах.
Радаслаў плюхнуўся на пластмасавую лаўку, што, не баючыся дажджу i снегу, якi ўжо год стаяла ў скверыку, цiскануў кнопку транзiстара, уманцiраванага ў парэнчу. Загучала беларуская песня, раздумлiвая i старая, як неба над зямлёй: