11852.fb2
- Я буду танцаваць з гэтай дзяўчынай.
Бялявы хлапец здзiўлена падняў на яго вочы:
- Гэта мая дама.
- Ты мне яшчэ пагавары, сапляк.
Аднекуль з цемры пачуўся рэзкi свiст. Траiх гасцей iмгненна ўзялi ў кола. I кожны з iх адчуў на сабе моцныя рукi. Цеснае кола людзей пасунулася з пляцоўкi.
Уiлi крыкнуў танцорам:
- Пачалi! - Зайграла музыка, Уiлi нараспеў называў фiгуры танца, ногi танцораў гулка тупалi па дашчанай падлозе.
Да варот лагера падкацiла легкавая машына. Вадзiцель крыкнуў:
- Адчыняйце! Нам паведамiлi, што ў вас тут бясчынства.
Вартаўнiк не зрушыў з месца.
- Нiякага бясчынства ў нас няма, - сказаў ён. - Чуеце, музыка iграе? А вы хто такiя?
- Шэрыфавы памочнiкi.
- Паўнамоцтва ёсць?
- Якое тут паўнамоцтва, калi ў вас бясчынства?
- Няма ў нас бясчынства, - паўтарыў вартаўнiк.
Людзi ў машыне прыслухалiся да музыкi, да выкрыкаў распарадчыка, i машына паволi ад'ехала ад варот i спынiлася на скрыжаваннi.
Трох паломнiкаў, якiя iшлi ў сярэдзiне цеснага кола людзей, моцна трымалi за рукi, раты iм зацiснулi далонямi. Калi ўсе апынулiся ў цемры, кола разамкнулася. Том сказаў:
- Чыстая работа. - Ён трымаў сваю ахвяру ззаду за рукi.
Iх дагнаў Уiлi.
- Здорава! - сказаў ён. - Цяпер вас i шасцярых хопiць. Хастан хоча глянуць на гэтых малойчыкаў.
З цемры выступiў Хастан.
- Вось гэтыя?
- Яны, - адказаў Джул. - Адразу палезлi з кулакамi. Толькi замахнуцца iм так i не давялося.
- Ану глянем, што за людзi, - сказаў Хастан.
Затрыманых павярнулi да яго тварам. Яны стаялi, унурыўшыся. Хастан накiраваў святло кiшэннага лiхтарыка на iх хмурныя твары - на кожнага па чарзе.
- Навошта вам гэта спатрэбiлася? - На яго пытанне адказу не было. - Хто вас падаслаў сюды?
- Што вы прычапiлiся? Нiчога мы дрэннага не зрабiлi. Проста патанцаваць захацелася.
- Не манi, - сказаў Джул. - Ты хацеў ударыць таго хлопца.
Том сказаў:
- Мiстэр Хастан, як толькi яны паднялiся на пляцоўку, нехта свiснуў.
- Ага, ведаю. Фараоны пад'ехалi да самых варот. - Хастан зноў павярнуўся да затрыманых. - Бiць вас мы не будзем. Ну, кажыце - хто вас паслаў? - Адказу так i не было. - Вы такiя самыя людзi, як i мы, - з горыччу сказаў Хастан. Ваша месца з намi. Як жа ж так атрымалася? Мы ўсё ведалi, - дадаў ён.
- Есцi ж нешта чалавеку трэба?
- Дык хто ж вас падаслаў? Хто заплацiў вам?
Адзiн з затрыманых сказаў:
- Што хочаце рабiце. Мы нiчога не скажам.
Хастан апусцiў галаву i цiха прамовiў:
- Ну добра. Не трэба. Толькi вось што. Не лезьце з нажом на сваiх людзей. Мы стараемся ўсё як найлепш тут зрабiць, i пазабаўляцца хочам, парадак падтрымлiваем. Не губiце ўсё гэта. Добра падумайце. Толькi самi сабе шкодзiце. Ну вось што, хлопцы, выправадзiце iх задамi. Бiць не трэба. Яны самi не разумеюць, што робяць.
Маленькi атрад паволi пасунуўся ў глыб лагера. Хастан праводзiў яго позiркам.
Джул сказаў:
- Давайце ўсыплем iм трохi.
- Не, не трэба, - сказаў Уiлi. - Я слова даў.
- Ну дык хоць выспятка дадзiм, - малiў Джул. - Хоць цераз агароджу перакiнем.
- Не, сэр! - стаяў на сваiм Уiлi. - А вы слухайце, - звярнуўся ён да палоннiкаў: - На першы раз мы адпусцiм вас цэлымi. А вы перадайце там каму належыць: калi яшчэ хто сюды паткнецца, мы так надаём пад бакi, касцей сваiх не збярэ. Так i перадайце. Хастан кажа, вы такiя самыя людзi, як i мы. Магчыма, i такiя самыя, толькi мне думаць пра гэта агiдна.
Яны падышлi да агароджы. Двое з аховы паднялiся з зямлi i накiравалiся да iх.
- Праводзiм гасцей - рана дадому сабралiся, - сказаў iм Уiлi.
Усе трое пералезлi цераз агароджу i знiклi ў цемры.
Маленькi атрад шпарка пакрочыў назад, да танцавальнай пляцоўкi. А насустрач яму неслася жаласнае падвыванне i вiск аркестра, якi iграў: "Стары Дэн Тэкер".
А каля канторы мужчыны ўсё яшчэ гутарылi, седзячы на кукiшках, гукi аркестра даносiлiся i да iх.
Бацька сказаў: