11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 109

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 109

Эл шпацырнай хадою iшоў мiж палатак у бок танцавальнай пляцоўкi. Каля адной палаткi ён цiхенька свiснуў i пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву.

Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабралiся на захадзе, цяпер ужо пагасла, i асяродак у iх пачарнеў. Эл пачухваў ногi i пазiраў у вячэрняе неба.

Праз некалькi хвiлiн да яго падышла бялявая дзяўчына, мiлавiдная, з выразнымi рысамi твару. Яна моўчкi апусцiлася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талiю, i пальцы яго пачалi забiрацца крыху вышэй.

- Кiнь, - сказала дзяўчына. - Козытна.

- Заўтра мы едзем, - сказаў Эл.

- Заўтра? Куды? - Дзяўчына спалохана паглядзела на яго.

- Далей, на поўнач, - безуважна прамовiў Эл.

- Але ж мы збiралiся пажанiцца, цi ж не так?

- Ну i пажэнiмся, калi-небудзь.

- Ты ж казаў, што зусiм хутка! - занервавалася дзяўчына.

- Хутка бывае па-рознаму.

- Ты ж абяцаў! - Пальцы яго забралiся яшчэ вышэй. - Адчапiся, - крыкнула дзяўчына. - Ты казаў, што пажэнiмся.

- Ну i пажэнiмся.

- Але ж ты едзеш.

- Што ты захвалявалася так? Цябе на кiсленькае пацягнула?

- Не.

Эл засмяяўся:

- Выходзiць, я марна час патрацiў, га?

Дзяўчына задрала падбародак, ускочыла на ногi.

- Iдзi прэч, Эл Джоўд! I бачыць цябе больш не хачу.

- Ды кiнь ты. Што з табой?

- Уявiў сябе ўдальцом залётным!

- Ды пачакай хвiлiнку.

- Думаеш, я пайду з табой? А як жа! Быццам у мяне iншых няма.

- Ну пачакай!

- Не, сэр! Iдзi прэч!

Раптам Эл iрвануўся наперад, злавiў яе за шчыкалатку i пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала, ён схапiў яе, моцна абняў i зацiснуў рукою яе скажоны злосцю рот. Яна спрабавала ўкусiць руку, але ён выгнуў далонь, а другой рукой прыцiснуў яе да зямлi. I праз момант дзяўчына зацiхла, а яшчэ праз момант яны ўжо хiхiкалi, лежачы ў сухой траве.

- Мы хутка вернемся, - гаварыў Эл. - У мяне будуць поўныя кiшэнi грошай. Паедзем з табой у Галiвуд, у кiно будзем хадзiць.

Яна ляжала на спiне. Эл нахiлiўся над ёю. I ўбачыў у вачах у яе адбiтак яркай вячэрняй зоркi, i ўбачыў у вачах у яе адбiтак чорных воблакаў.

- Мы паедзем на цягнiку, - сказаў ён.

- А калi, ты думаеш, гэта будзе? - запыталася яна.

- Ну, можа, праз месяц, - адказаў ён.

Апусцiўся вячэрнi змрок. Бацька i дзядзька Джон сядзелi на кукiшках каля канторы разам з iншымi галовамi сем'яў. Перад вачамi ў iх была ноч i невядомая будучыня. Маленькi адмiнiстратар у пацёртым бездакорна белым касцюме стаяў, абапёршыся локцямi на парэнчы ганка. Твар у яго быў зямлiсты, асунуты.

Хастан глянуў на яго i сказаў:

- Вы пайшлi б трохi паспалi, мiстэр.

- Ага, не шкодзiла б. Мiнулай ноччу ў трэцiм аддзяленнi былi роды. Яшчэ трохi, i я сапраўднай павiтухай стану.

- Гэта таксама трэба ўмець, - зазначыў Хастан. - Жанатаму чалавеку ўсё трэба ўмець.

Бацька сказаў:

- Заўтра рана мы едзем.

- Ужо? Куды?

- Думаем падацца крыху далей на поўнач. Магчыма, якраз паспеем на збор бавоўны. Тут без працы сядзiм. Есцi няма чаго.

- Вы дакладна ведаеце, што там ёсць праца? - запытаўся Хастан.

- Не. Але ж тут яе ўжо напэўна няма.

- Будзе. Крыху пазней будзе, - сказаў Хастан. - Мы вырашылi чакаць.

- Не хочацца ехаць адсюль, - сказаў бацька. - Народ тут добры... i туалеты, i ўсё такое. Але ж ехаць трэба. У нас цэлы бак бензiну. Куды-небудзь дабяромся. Тут мы кожны дзень мылiся пад душам. Я ў жыццi нiколi такi чысты не хадзiў. Дзiўная рэч - раней мыўся раз на тыдзень, i ад мяне нiчым не пахла. А цяпер - дзень прапусцiш, i ад цябе смярдзiць. Што, гэта ад частага мыцця так?

- Раней вы, можа, не заўважалi, - сказаў адмiнiстратар.

- Магчыма, i так. Вельмi хочацца тут астацца.

Маленькi адмiнiстратар сцiснуў скронi далонямi.

- Па-мойму, сёння ноччу ў нас тут будзе яшчэ адзiн нованароджаны, - сказаў ён.

- У нас у сям'i таксама неўзабаве чакаецца, - сказаў бацька. - Лепш бы тут раджала. Тут было б лепш.