11852.fb2
- Ты з грэхам не жартуй.
- Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носiшся са сваiмi грахамi, якраз калi чорт ведае што робiцца.
- Гэта праўда, - сказаў дзядзька Джон. - Са мной заўсёды так. Але вы i паловы маiх грахоў не ведаеце.
- Ну i трымай iх пры сабе.
- Вось i з гэтымi ўнiтазамi так - сяджу, а сам адчуваю - грэх.
- Тады iдзi ў кусты. Ну, падцягвай штаны, i пойдзем хоць трохi паспiм. Бацька надзеў на плечы шлейкi камбiнезона i зашпiлiў спражку. Потым спусцiў ваду i доўга стаяў, задуменна пазiраючы, як яна бурлiць у ракавiне.
Было яшчэ цёмна, калi мацi разбудзiла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санiтарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседнiх палатак даносiлiся разнастайныя гукi пахрапвання.
- Падымайцеся, вылазьце з палаткi, - сказала мацi. - Час ужо ехаць. Хутка развiднее. - Яна падняла скрыпучы шчыток лiхтара i запалiла кнот. - Уставайце ўсе, уставайце!
На зямлi пад брызентавым навесам лянiва заварушылiся, скiнулi з сябе байкавыя i ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурылiся на святло. Мацi нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала.
- Кавы няма, - гаварыла яна. - Ёсць некалькi блiноў. Iх можна з'есцi ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузiцца на машыну. Давайце, давайце! Толькi цiшэй, а то суседзяў пабудзiм.
Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн, перш чым Джоўды канчаткова стрэслi з сябе сон.
- Нiкуды не бегаць! - папярэдзiла мацi Ўiнфiлда i Руцi. Усе апранулiся. Мужчыны знялi брызент з распоркi i пачалi грузiць рэчы на машыну. - Раўней кладзiце, каб было зручна, - сказала мацi. Яны паклалi зверху матрацы i перакiнулi брызент цераз папярочную жэрдку.
- Ну вось, ма, - сказаў Том. - Можна ехаць.
У мацi ў руцэ была талерка з халоднымi блiнамi.
- Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нiчога няма.
Руцi i Ўiнфiлд схапiлi па блiну i залезлi на паклажу. Там яны ўкрылiся коўдрай i заснулi, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых блiноў. Том сеў за руль, нацiснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў i праз момант сцiх.
- Каб цябе чорт, Эл! - вылаяўся Том. - У цябе ж акумулятар сеў.
Эл прыйшоў у лютасць:
- А як яго, халеру, перазарадзiш, калi бензiну ў абрэз?
Том крыва ўсмiхнуўся:
- Ну не ведаю, але гэта твая вiна. Цяпер давядзецца заводзiць уручную.
- Кажу ж табе, не мая.
Том вылез з кабiны i дастаў з-пад сядзення завадную ручку.
- Выходзiць, мая, - сказаў ён.
- Давай сюды. - Эл схапiў завадную ручку. - Пастаў на позняе, а то руку мне адарве.
- Добра. Ну, задай жару.
Эл круцiў з усяе сiлы - адзiн абарот, другi, яшчэ i яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго - пераставiў запальванне на больш ранняе i паменшыў падачу газу.
Мацi села побач з iм.
- Гэтак увесь лагер перабудзiм, - сказала яна.
- Нiчога, зноў заснуць.
Эл улез у кабiну з другога боку.
- Тата з дзядзькам Джонам селi наверх, - сказаў ён. - Хочуць даспаць.
Грузавiк пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнiк выйшаў з канторы i правёў промнем лiхтара па машыне.
- Хвiлiнку пачакайце, - сказаў ён.
- А што такое?
- Вы зусiм адсюль едзеце?
- Зусiм.
- Тады трэба вас выкрэслiць.
- Выкрэслiвайце.
- Куды кiруеце?
- Хочам падацца крыху далей на поўнач.
- Ну, жадаю шчасця.
- I мы вам таксама. Бывайце.
Грузавiк асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалi ў лагер, - мiма гарадка Ўiдпэтч i далей на захад, да шашы No 99, а там - на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфiлда. Ужо развiднела, калi яны пад'ехалi да гарадской ускраiны.
Том сказаў:
- Куды нi кiнь вокам, усюды рэстараны. I ў кожным каву падаюць. А вунь, гляньце, начны рэстаран яшчэ працуе. Ручаюся, у iх хоць залiся гарачанькай!
- Заткнiся ты! - сказаў Эл.
Том ашчэрыўся ўсмешкай:
- А ты, як я пагляджу, паспеў ужо падчапiць дзяўчыну ў лагеры.