11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 117

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 117

- Праца няцяжкая, - сказала яна. - Вам карысна. I нам падмога. Калi ўсе будзем працаваць, хутка ў сваiм доме жыць будзем. Усе павiнны, чым могуць, памагаць.

- Але я зусiм стамiўся.

- Ведаю. Я таксама стамiлася. Усiм нялёгка. Трэба пра iншае думаць. Думай пра школу, пра тое, як ты хадзiць у яе будзеш.

- А я ў школу не хачу, ма. I Руцi не хоча. Мы бачылi, якiя тут дзецi вучацца. Смаркачы нахабныя! Дражняць нас - Окi, Окi! Мы iх бачылi. Я ў школу не пайду.

Мацi з жалем глянула на яго белабрысую галаву.

- Не рабi нам непрыемнасцей, хоць пакуль што, - угаворвала яна. - Вось станем на ногi, тады, што ж, капрызь. Толькi не цяпер. Нам цяпер i без таго хапае.

- Я шэсць персiкаў з'ела, - паведамiла Руцi.

- Ну i панос будзе. А прыбiральнi тут паблiзу няма.

Крама, якая належала кампанii, размяшчалася ў павецi з рыфленага жалеза. Вiтрыны яна не мела. Мацi адчынiла сеткаватыя дзверы i ўвайшла. За прылаўкам яна ўбачыла чалавека вельмi маленькага росту. Ён быў зусiм лысы, i голая галава яго сям-там адлiвала сiнню. Густыя цёмныя бровы высокай дугой узнiмалiся над вачамi, i ад гэтага твар яго здаваўся нейкiм здзiўленым, крыху нават спалоханым. Доўгi, тонкi, кручкаваты, як птушыная дзюба, нос, ноздры, зарослыя рыжаватымi валаскамi. На рукавах сiняй кашулi чорныя сацiнавыя нарукаўнiкi. Калi мацi ўвайшла, ён стаяў, аблакацiўшыся на прылавак.

- Добры вечар, - павiталася мацi.

Прадавец з цiкавасцю паглядзеў на яе. Дуга над яго вачамi паднялася яшчэ вышэй.

- Добры вечар, - адказаў ён.

- У мяне квiток на даляр.

- Можаце на даляр узяць, - сказаў прадавец i вiсклiва хiхiкнуў. - Вось так. На адзiн даляр. На цэлы даляр. - Ён павёў рукой, паказваючы на свой тавар. - Што хочаце бярыце. - Ён акуратна паправiў нарукаўнiкi.

- Думаю мяса ўзяць.

- У нас мяса ёсць усякае. Вось, напрыклад, фарш. Возьмеце фаршу? Дваццаць цэнтаў фунт.

- Цi не завельмi дорага? Па-мойму, апошнi раз я брала за пятнаццаць.

- Правiльна, - зноў цiха хiхiкнуў прадавец. - Але ў той жа час не так ужо i дорага. А паедзеце па фарш у горад, амаль галон бензiну спалiце. Выходзiць, не так у нас i дорага. I бензiну ў вас, вiдаць, няма.

Мацi строга сказала:

- У вас жа не пайшоў галон бензiну, каб прывезцi гэтае мяса сюды.

Прадавец весела засмяяўся:

- Вы ўсё дагары нагамi перавярнулi. Мы мяса не купляем, а прадаем. А каб куплялi, ну што ж, тады справа iншая.

Мацi прыклала два пальцы да губ i засяроджана насупiла бровы.

- Тут адзiн тлушч i храсткi.

- За гэтае мяса я не ручаюся, можа, яно i не зварыцца. I за тое, што сам еў бы яго, таксама не ручаюся. Ды мала чаго я не рабiў бы.

Мацi гнеўна глянула на яго, але спакойным тонам запыталася:

- А таннейшае мяса ёсць?

- Булённыя косткi, - адказаў прадавец. - Дзесяць цэнтаў фунт.

- Тут жа адны косткi.

- Адны косткi, - пацвердзiў прадавец. - Смачны суп будзе. Наварысты.

- А супавае мяса ёсць?

- Безумоўна. Дваццаць пяць цэнтаў.

- Давядзецца, вiдаць, без мяса абысцiся. Але i мяса хочацца. Прасiлi мяса ўзяць.

- Мяса ўсiм хочацца, яно ўсiм патрэбна. Вось добры фарш. Сала вытапiце, пойдзе на падлiўку. Добры фарш. Нiчога ў глум не пойдзе. Костак выкiдаць не давядзецца.

- А пачым... пачым бакавiна?

- Вунь куды махнулi! Гэта ядуць толькi на Каляды i ў Дзень дзякавання. Трыццаць пяць цэнтаў фунт. Каб у мяне была iндзейка, я б вам яе танней прадаў.

Мацi ўздыхнула:

- Дайце два фунты фаршу.

- Слухаю, мэм. - Прадавец лапаткай паклаў бледнага фаршу на навошчаную паперу. - Што вам яшчэ?

- Хлеба.

- Калi ласка. Вялiкi бохан пятнаццаць цэнтаў.

- Цана яму дванаццаць.

- Зусiм правiльна. Едзьце проста ў горад i купляйце за дванаццаць. Галон бензiну. Што яшчэ возьмеце? Бульбу?

- Ага, бульбу.

- Чвэрць даляра пяць фунтаў. Мацi пагрозлiва пасунулася да яго:

- Наслухалася я ад вас тут - хопiць! Я ведаю, якiя цэны ў горадзе.

Маленькi прадавец падцiснуў губы:

- Тады едзьце ў горад.

Мацi паглядзела на сваю сцiснутую ў кулак руку.

- Што ж гэта такое? - цiха сказала яна. - Вы гаспадар крамы?