11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

- Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкi ап... апендзiк. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры i цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга нi з кiм нi слова не прамовiў. Ходзiць, як сляпы, i ўсё малiтвы пад нос сабе мармыча. Толькi праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусiм перамянiўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькi ў каго з малых глiсты завядуцца цi там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лiчыў, што жонка па яго вiне памерла. Дзiвак. Увесь час выкупляў сваю вiну - то малым падарункi нясе, то каму-небудзь на ганак мукi мех падкiне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамi ўсё ходзiць i ходзiць адзiн. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.

- Няшчасны чалавек, - сказаў прапаведнiк. - Няшчасны i адзiнокi. А ў царкву ён часта пасля смерцi жонкi хадзiў?

- Не, не хадзiў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзiноты. А малыя проста ў захапленнi ад яго былi. Бывала, цiхенька прыйдзе да нас ноччу, i мы ранiцай адразу здагадвалiся, што ён прыходзiў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкi - прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелi. Мы яго за госпада бога лiчылi.

Прапаведнiк iшоў, апусцiўшы галаву. Ён нiчога не адказаў. У першых ранiшнiх промнях лоб яго нiбы ззяў, а рукi, якiмi ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок.

Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залiшняй шчырасцi. Ён прыспешыў крок, i прапаведнiк падладзiўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутоннi яны маглi бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўнiку, паволi выгiнаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спынiўся i пачаў прыглядацца да яе.

- Такiя на суслiкаў палююць, - сказаў ён. - Няхай сабе паўзе.

Яны абышлi змяю i пакрочылi далей. Неба на ўсходзе злёгку паружавела, i амаль адразу над зямлёй разаслалася панылае святло золку. Сям-там зазелянелiся кусты бавоўнiку, зямля набыла буры колер. З твараў людзей сышло шараватае адценне. Пры святле твар Джоўда здаўся цямнейшым.

- Цудоўная пара! - сказаў Том Джоўд цiха. - Хлапчуком я, бывала, падымаўся на золку i паходжваў адзiн. Што гэта там наперадзе?

На дарозе ў гонар сучкi сабралася сабачая хеўра. Пяць сабак нечыстакроўныя аўчаркi, шатландскiя колi i iншыя сабакi, чыю пароду нельга вызначыць з прычыны свабоды нораваў у сабачым племенi, - былi занятыя заляцаннем да сучкi. Кожны далiкатна абнюхваў яе, потым цырымонна адыходзiў да куста здзеравянелай хадою, урачыста падымаў заднюю нагу, палiваў яго i вяртаўся назад. Падарожнiкi спынiлiся панаглядаць, i Джоўд раптам весела засмяяўся.

- О божа! Вось дык вiдовiшча!

Сабакi сышлiся ў кучку, поўсць у iх на хiбах натапырылася, яны пачалi гыркаць, не кранаючыся з месца, чакаючы, хто першы пачне грызню. Раптам адзiн сабака асядлаў сучку, i астатнiя адступiлi перад неабвержным фактам i сталi з цiкавасцю назiраць, высунуўшы языкi, з якiх капала слiна.

- Вось дык вiдовiшча, - паўтарыў Джоўд. - Гэта ж, здаецца, наш Стракаты. А я думаў, ён даўно ўжо здох. Стракаты, да мяне! - Джоўд зноў засмяяўся. - Чорт! Калi б мяне паклiкалi ў такi момант, я таксама не пачуў бы. Прыгадаўся мне выпадак з Уiлi Фiлi - быў ён тады яшчэ хлапчуком. А сарамлiвы быў! Страшэнна сарамлiвы. Дык аднаго дня загадалi яму завесцi цялушку да Грэйузавага быка. Дома ў iх нiкога не было, акрамя Элсi, дачкi Грэйуза, а Элсi сарамлiвасцю пахвалiцца не магла. Уiлi стаiць перад ёю, а сам рота раскрыць не можа. Элсi кажа: "Я ведаю, чаго ты прыйшоў. Бык у хляве, на заднiм двары". Ну, завялi яны туды цялушку, самi на паркан палезлi i цiкуюць. Неўзабаве Ўiлi пачаў ёрзаць на паркане. Элсi зiрнула на яго i пытаецца, быццам ёй няўцям: "Што гэта з табой, Уiлi?" А таго так разабрала, ледзь на паркане трымаецца. "Эх, кажа, вось бы мне гэтак!" А Элсi яму: "Ну дык чаго ты? Цялушка ж твая".

Прапаведнiк цiха засмяяўся.

- Паверыш, - сказаў ён, - я вельмi рады, што больш ужо не прапаведнiк: нiхто пры мне падобных гiсторый не расказваў, а калi, здаралася, хто-небудзь i расказваў, дык я пасмяяцца не мог. I нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу i калi хачу, i ад сэрца ў мяне неяк адлягае.

Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлi заскакалi i гучна зацвыркалi птушкi.

- Глянь, - сказаў Джоўд. - Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не вiдаць, а цыстэрна вунь стаiць. Бачыш на фоне неба? - Ён пайшоў шпарчэй. Толькi б дома былi ўсе.

З-за ўзгорка выступiлi абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлiвых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнiмалiся яму да самых калень.

- Хоць бы мама...

Завiднелiся ўжо распоркi цыстэрны, дом - маленькi, падобны да скрынi, нейкi голы, нефарбаваны, i свiран - нiзенькi, пахiлы. З бляшанага комiна iшоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы i механiзм ветрака, ложкi, сталы, крэслы...

- Э! Яны ладзяцца ехаць! - выгукнуў Джоўд.

На двары стаяў грузавiк з высокiмi бартамi - нейкi дзiўны з выгляду грузавiк: пярэдняя частка ў яго была, як у лiмузiна, а ззаду верх быў зняты, i кузаў прыстасаваны для перавозкi грузаў. Падышоўшы блiжэй, падарожнiкi пачулi стук, i, калi над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца i яго промнi ўпалi на машыну, яны ўбачылi чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору i апускаючыся, паблiскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбiнах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабiлiся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалi пад адлюстраваным святлом.

- Не гавары моцна, - сказаў Джоўд. - Непрыкметна падкрадзёмся, - i так пашыбаваў, што клубы пылу падымалiся цяпер яму да пояса.

Яны апынулiся на краi баваўнянага поля. Увайшлi ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, i толькi дзе-нiдзе на ёй прабiвалася трава. Джоўд пайшоў цiшэй, нiбы баючыся чаго. Гледзячы на яго, i прапаведнiк збавiў крок. Потым Том паволi пасунуўся наперад i нерашуча збочыў да машыны шасцiцылiндравага легкавога "гудзона", верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, вiдаць, зубiлам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве i прыбiваў верхнiя планкi бартоў. Твар яго з пасiвелай шчэццю нiзка схiлiўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвiкоў. Ён прыставiў цвiк i з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка плiты, пачуўся дзiцячы плач. Джоўд падышоў да машыны i прыхiлiўся да борта. Бацька глянуў на яго невiдушчымi вачыма. Тады паставiў другi цвiк i ўбiў у дошку. Галубы чародкай узляцелi з цыстэрны, зрабiлi вакол яе круг, вярнулiся на месца i, важна ступаючы, падышлi да самага краю, глянулi ўнiз - белыя галубы, блакiтнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлiвам на крылах.

Джоўд абхапiў пальцамi нiжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сiвiзною, чалавека, што стаяў на грузавiку. Лiзнуў губы i цiха прамовiў:

- Тата...

- Ну чаго там? - буркнуў стары Том, не вымаючы цвiкоў з рота. На iм былi заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокiмi абвiслымi палямi i сiняя кашуля пад камiзэлькай без гузiкаў; штаны падпярэзваў шырокi рэмень з вялiкай меднай спражкай - i скура, i метал блiшчэлi ад заўсёднай носкi; чаравiкi былi патрэсканыя, падэшвы растаптаныя i загнутыя ўгору - шмат гадоў пахадзiлi ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамi кашулi, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напялiся мускулы. Жывот i сцёгны яго былi худыя, а ногi - кароткiя, масiўныя i моцныя. Абрамлены шчацiннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якiм яшчэ не паспела зусiм пасiвець, што надавала яму большую цвёрдасць i рашучасць. Скулы ў старога Тома былi цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамi маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалi зоркiя вочы пачыналi ўжо здаваць. Губы, што сцiскалi доўгiя цвiкi, былi тонкiя i чырвоныя.

Ён занёс руку з малатком, збiраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзiн цвiк, i глянуў цераз борт грузавiка на Тома, глянуў зласлiва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. I раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропiлiся на твар Тома, i мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядомiў тое, што ўспрынялi яго вочы. Рука з малатком паволi апусцiлася, другая выняла з рота цвiкi, i ён здзiўлена прамовiў, нiбы паведамляючы сабе жыццёвы факт:

- Гэта Томi... - I зноў паведамiў сам сабе: - Наш Томi вярнуўся дамоў. Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мiльгануў спалох. - Томi, - ледзь не шэптам сказаў ён, - уцёк? Ты хаваешся? - Ён напружана чакаў адказу.

- Не, - адказаў Том. - Я даў падпiску. Мяне выпусцiлi. Дакументы пры мне. - Ён схапiўся за нiжнiя планкi борта.

Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава i ўсунуў цвiкi ў кiшэню. Перакiнуў нагу цераз борт i спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.

- Томi, - сказаў ён, - мы едзем у Калiфорнiю. Збiралiся напiсаць табе пiсьмо. - I дадаў, быццам не верачы вачам сваiм: - Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намi. Паедзеш з намi! - У доме бразнулi накрыўкай кафейнiка. Стары Том азiрнуўся цераз плячо. - Зробiм iм сюрпрыз, - сказаў ён, i вочы яго заблiшчалi ад захаплення. - Мацi ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталi сумныя, быццам у доме нябожчык. I ў Калiфорнiю не вельмi хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго нiколi больш не ўбачу. - На кухнi зноў грукнулi нейкай накрыўкай. - Зробiм iм сюрпрыз, - паўтарыў стары Том. Увойдзем так, быццам ты нiколi з дому не адлучаўся. Паглядзiм, што мацi скажа. - Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькi да яго пляча, баязлiва, i зараз жа адхапiў руку. Ён зiрнуў на Джыма Кейсi.

- Та, ты памятаеш нашага прапаведнiка? - запытаўся Том. - Ён са мной прыйшоў.

- Ён таксама з турмы?

- Не, мы з iм у дарозе стрэлiся. Ён даўно ўжо тут не быў.

Бацька паважна падаў прапаведнiку руку.

- З добрым прыбыццём, сэр.

Кейсi сказаў:

- Я рады, што прыйшоў да вас. Як цудоўна, калi сын вяртаецца дадому. Цудоўнае вiдовiшча!

- Дадому... - цiха прамовiў бацька.

- Да сваiх родных, - паспешлiва паправiўся Кейсi. - Мы пераначавалi на старым месцы.

Бацька выпнуў падбародак i якую хвiлiну пазiраў на дарогу. Потым павярнуўся да сына.

- Ну дык як мы гэта зробiм? - усхвалявана загаварыў ён. - Можа, я зайду i скажу: "Вось тут прыйшлi двое, хацелi б паснедаць у нас". А што, калi ты зойдзеш адзiн i будзеш стаяць, пакуль яна цябе не ўбачыць? Можа, так i зробiм? - Твар яго радасна ззяў.

- Гэтак можна i напужаць, - сказаў Том. - Пужаць яе не трэба.

Дзве даўганогiя аўчаркi з лагодным выглядам прыбеглi ў двор, але, ледзь толькi пачулi чужы пах, яны прадбачлiва адступiлi, насцярожылiся i паволi, у нерашучым чаканнi, памахвалi хвастамi, напружыўшы зрок i нюх, гатовыя да любых варожых выпадаў незнаёмцаў, да небяспекi. Адна аўчарка, выцягнуўшы шыю, асцярожна пасунулася да Тома, падкралася да яго ног i шумна абнюхала iх. Потым адышла ўбок i, пазiраючы на старога Тома, стала чакаць яго знаку. Другi сабака, яшчэ шчанюк, не меў такой смеласцi. Ён агледзеўся навокал, шукаючы, на што пераключыць сваю ўвагу без шкоды сваёй годнасцi, убачыў рыжае кураня, якое тэпала мiма, i наляцеў на яго. Пачулася пранiзлiвае кудахтанне разгневанай квактухi, у паветра паляцела рыжае пер'е, i курыца кiнулася наўцёкi, лопаючы куртатымi крыламi. Шчанюк з гордасцю паглядзеў на людзей i разлёгся ў пыле, задаволена паляпваючы хвастом па зямлi.

- Дык пайшлi, - сказаў бацька. - Пайшлi, чаго чакаць. Хай яна ўбачыць цябе. А я пагляджу, якi ў яе зробiцца твар. Гайда. Праз якую хвiлiну яна паклiча ўсiх снедаць. Я даўно ўжо чуў, як яна пляснула саланiну на патэльню.

Ён пайшоў да дома па мяккiм пыле. Ганка не было - адна прыступка, i адразу дзверы; каля iх стаяла калода, пасечаная i рыхлая - многа гадоў праслужыла. Драўляная абшыўка сцен крышылася, праедзеная пылам. У паветры патыхала паленым вярбовым голлем, а падышоўшы да самых дзвярэй, трое мужчын пачулi пах смажанага мяса, жытнiх праснакоў i востры пах кавы, што клекатала ў кафейнiку. Стары Том стаяў на парозе, загарадзiўшы сваiм каржакаватым целам уваход.

- Ма, - сказаў ён, - тут двое падарожнiкаў пытаюцца, цi не знойдзецца ў цябе чаго перакусiць.

Том пачуў матчын голас, памятны яму, - спакойны, стрыманы, працяжны, якi гучаў прыязна i цiхмяна:

- Няхай зойдуць. Ежы хопiць. Скажы, каб рукi памылi. Хлеб гатовы. Зараз я мяса знiму. - I на плiце пачулася сярдзiтае сквiрчэнне сала.

Бацька ступiў з парога на кухню, Том зазiрнуў туды i ўбачыў мацi. Яна знiмала з патэльнi выгiнастыя скваркi. Духоўка была адкрытая, i там вiдаць была шырокая патэльня з ужо гатовымi жытнiмi праснакамi. Мацi глянула праз дзверы на двор, але сонца свяцiла Тому ў спiну, i мацi ўбачыла толькi цёмны сiлуэт, выразна акрэслены на яркiм сонечным святле. Гаспадыня гасцiнна кiўнула галавой i сказала: