11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

- Заходзьце. Добра, што я сёння спякла многа хлеба.

Том стаяў, зазiраючы ў кухню. Мацi была грузная, але не тлустая - проста пацяжэла ад родаў i працы. На ёй была свабодная сукенка - некалi ў рознакаляровыя кветачкi на шэрым полi, але цяпер кветачкi злiнялi, i ад iх засталiся толькi светлыя плямкi. Сукенка спадала ёй да шчыкалатак, i яе моцныя, шырокiя голыя ступнi лёгка i жвава ступалi па падлозе. Рэдкiя сiвыя валасы з блакiтнаватым адлiвам былi сабраныя на патылiцы ў кволы жмуток. Моцныя, спярэшчаныя рабацiннем рукi былi адкрытыя да локцяў, кiсцi - поўныя i далiкатныя, як у пухлявенькай дзяўчынкi. Яна глядзела на залiты сонцам двор, i на яе шырокiм твары адбiвалася не ласкавасць, а спакойная добразычлiвасць. Цёмныя карыя вочы быццам зведалi ўсе чалавечыя бядоты i трагедыi, i, адолеўшы боль i пакуты, яна паднялася па iх, як па прыступках, да найвышэйшага спакою i разумення. Яна ўсведамляла, прызнавала i з радасцю прымала сваё становiшча ў сям'i: яна была яе апорай, цвярдыняй, якой нiхто не мог авалодаць. I паколькi стары Том i дзецi не пранiкалiся болем i страхам, пакуль боль i страх не апаноўвалi яе саму, яна не давала пачуццям гэтым авалодаць яе сэрцам. А калi здаралася што-небудзь радаснае, яны чакалi яе радасцi, бо ў яе ўвайшло ў звычку выклiкаць вясёлы смех, нават калi асаблiвых прычын для весялосцi не было. Але стрыманасць лепш за весялосць. Вытрымка - рэч больш надзейная. I высокае i сцiплае становiшча мацi ў сям'i надало ёй годнасць i чыстую, цiхмяную душэўную прыгажосць. Яе роля сямейнай лекаркi надала яе рукам упэўненасць, цвёрдасць i размеранасць; яе роля сямейнага трацейскага суддзi зрабiла яе бесстаронняй i бездакорнай у сваiх прысудах, як багiня. Яна, вiдаць, ведала: калi яна пахiснецца, сямейныя ўстоi таксама пахiснуцца, а калi яна завагаецца або ўпадзе ў роспач, сям'я развалiцца, страцiць волю да жыцця.

Яна глядзела на залiты сонечным святлом двор, на цёмны сiлуэт мужчыны. Бацька стаяў побач i ўвесь калацiўся ад нецярплiвасцi.

- Заходзьце ж! - крыкнуў ён. - Чаго стаiце, заходзьце, мiстэр.

Том збянтэжана пераступiў парог.

Мацi ветлiва паглядзела на яго, падняўшы галаву ад патэльнi, над якой яна зноў схiлiлася. I тут рука яе паволi апусцiлася, вiдэлец грукнуўся на дашчаную падлогу. Вочы яе шырока расплюшчылiся, зрэнкi расшырылiся. Яна цяжка задыхала, раскрыўшы рот. Потым заплюшчыла вочы.

- Дзякуй богу, - прамовiла яна. - Ой, дзякуй богу! - Вочы яе раптам затуманiлiся трывогай. - Томi, цябе не шукаюць? Ты не ўцёк?

- Не, ма. Я даў падпiску. Тут у мяне дакументы, - ён дакрануўся да грудзей.

Яна падышла да яго, лёгка i бясшумна ступаючы босымi нагамi, i на твары ў яе адбiлася здзiўленне. Маленькая далонь кранулася яго рукi вышэй локця, адчула яго мускулы. Потым мацi, як сляпая, прыклала пальцы да яго шчакi. Радасць яе межавала са смуткам. Том моцна прыкусiў нiжнюю губу. Яе здзiўленыя вочы глянулi на зацiснутую мiж зубоў губу, убачылi нiтачку крывi, што праступiла скрозь зубы i тоненькiм струменьчыкам пабегла па падбародку. Яна зразумела ўсё, самавалоданне зноў вярнулася да яе, i яна адняла руку ад яго твару. Дыханне гучна вырвалася з яе грудзей.

- Ну вось! - усклiкнула яна. - А мы ледзь без цябе не паехалi. Усё галаву ламалi, як ты нас знойдзеш. - Яна падняла з падлогi вiдэлец, памяшала гарачае сала, падхапiла з патэльнi падгарэлую скварку. Потым адставiла на край плiты кафейнiк з успененай кавай.

Стары Том рагатнуў:

- Абдурылi мы цябе, ма, га? Так i задумалi. Спецыяльна. А яна стаiць, як авечка, якую абухом агрэлi. Шкада, дзеда тут не было. Цябе быццам хто па лбе кувалдай гакнуў. Дзед надарваў бы жывот са смеху, зноў бядро сабе вывiхнуў бы, як тады, калi Эл пальнуў у той вялiзны армейскi самалёт. Тут, ведаеш, Том, аднаго разу пралятаў такi вялiкi - з паўмiлi, можа, даўжынёй, дык Эл як схопiць сваю трыццацiмiлiметроўку ды як смальне! Дзед крычыць: "Не страляй на галапупках, Эл, пачакай, пакуль дарослыя птушкi прыляцяць!" - i так з рогату выкручваўся, што бядро сабе вывiхнуў.

Мацi цiхенька хiхiкнула i зняла з палiцы горку алавяных талерак.

Том запытаўся:

- А дзе ён, дзед? Я гэтага старога чорта яшчэ не бачыў.

Мацi паставiла талеркi на кухонны стол i каля кожнай - кубак. Сказала, панiзiўшы голас:

- Яны з бабкай у свiрне спяць - iм часта даводзiцца падымацца па начах, на дзяцей натыкаюцца.

Умяшаўся бацька:

- Ага. Дзед кожную ноч як шалеў. Спатыкнецца аб Уiнфiлда, той - у крык, а дзед з перапуду ў споднiкi напусцiць i ад злосцi закiпiць, а там, глядзiш, такi гвалт у доме ўзнiмецца, што хоць вушы затыкай. - Ён гаварыў пасмейваючыся. - О, тут у нас вясёленька бывала. Адной ноччу раскрычалiся ўсе, завялiся, i брацiк твой Эл, цяпер ён у нас красамоўны стаў, кажа: "Чаму ты, каб цябе чорт, у пiраты не падаўся?" Ну, стары зусiм азвярэў i па стрэльбу пабег. I давялося Элу спаць той ноччу ў полi. А цяпер дзед з бабкай у свiрне начуюць.

Мацi сказала:

- Цяпер яны па патрэбе ўстаюць i на двор iдуць. Тата, скажы iм, што Томi вярнуўся. Дзеда наш Том заўсёды любiў.

- Зараз, - сказаў бацька. - Зусiм з галавы выпусцiў. - Ён выйшаў з кухнi i, энергiчна размахваючы рукамi, пайшоў цераз двор.

Том глядзеў яму ўслед i раптам пачуў голас мацi.

- Томi, - прамовiла яна нерашуча i бянтэжлiва.

- Што? - Яе збянтэжанасць толькi ўзмацнiла збянтэжанасць яго самога, прывяла ў нейкае незразумелае замяшанне. Кожны з iх здагадваўся пра душэўны стан другога, i iх гэта яшчэ больш бянтэжыла.

- Томi, я хачу ў цябе запытацца... ты не азлобiўся?

- Азлобiўся?

- Злосць не заслала табе вочы? Ты нi да кога не пранiкся нянавiсцю? Турма не давяла цябе да таго, што ты зусiм страцiў розум?

Том паглядзеў на яе скоса, дапытлiва, i вочы яго быццам пыталiся, адкуль яна ўсё гэта ведае.

- Н-не, - адказаў ён. - Можа, толькi спачатку. Я не такi горды, як iншыя. З мяне як з гусi вада. А чаму ты пытаешся, ма?

Цяпер ужо яна глядзела на яго, крыху раскрыла рот, быццам так было лепш чуваць, i ўпiлася ў яго вачамi, каб лепш разабрацца ў iм. Яна шукала таго адказу, якi словы часта ўтойваюць. I нясмела загаварыла:

- Тут у нас быў Красунчык Бой Флойд. Я мацi яго ведала. Добрыя былi людзi. Бой быў страшэнны свавольнiк, не без таго, ну, як кожны здаровы хлопчык. - Яна памаўчала, потым словы яе палiлiся патокам: - Пра ўсiх iх мне невядома, але пра яго я ведаю ўсё. Ён нешта там натварыў, i яго моцна пабiлi - злавiлi i збiлi, i ён азлобiўся i зноў нешта такое ўчынiў, ужо са зла, дык яго зноў пабiлi. Да таго давялi, што ён зусiм ашалеў. У яго стралялi, як у драпежнага звера, а ён адстрэльваўся. Цкавалi сабакамi, як каёта, а ён скалiў зубы i агрызаўся, як воўк. Зусiм розум страцiў. I не хлопец, i не мужчына - не чалавек, а жывёлiна нейкая. Але хто яго ведаў, той не крыўдзiў. На такiх у яго злосцi не было. Нарэшце яго зацкавалi сабакамi i забiлi. У газетах бог ведае што пра яго пiсалi, а на справе вось як было. - Яна змоўкла, аблiзнула перасохлыя губы. На ўсiм яе твары было напiсана, што яе мучыць. - Я хачу ведаць, Томi. Цябе жорстка бiлi? Ты таксама сам не свой ад злосцi?

Поўныя губы Тома былi шчыльна сцятыя. Ён зiрнуў на свае шырокiя гладкiя далонi.

- Не, - адказаў ён. - Я не з такiх. - Ён памаўчаў, разглядаючы свае абламаныя пазногцi, шурпатыя, як ракавiнкi. - У турме я стараўся нi ў што не ўблытвацца. У мяне такой злосцi няма.

Яна ўздыхнула i амаль шэптам прамовiла:

- Дзякуй богу.

Ён ускiнуў на яе вочы.

- Калi я ўбачыў, ма, што зрабiлi з нашым домам...

Мацi падышла да яго зусiм блiзка i з хваляваннем сказала:

- У адзiночку нельга бiцца, Томi. Цябе зацкуюць, як каёта. Вось, Томi, я ўсё думала, меркавала, гадала. Такiх, кажуць, сагнаных з месца сотнi тысяч. Калi б мы ўсе, як адзiн, узгневалiся, Томi... нас не зацкавалi б... - Яна змоўкла.

Том паволi апусцiў павекi, i цяпер яго вочы толькi ледзь паблiсквалi мiж веек.

- I шмат хто так думае? - запытаўся ён.

- Не ведаю. Людзi ўсе цяпер як ашаломленыя. Ходзяць нiбы ў сне.

З дальняга канца двара данёсся скрыпучы старэчы голас:

- Хвала богу, наша ўзяло! Наша ўзяло!

Том зiрнуў у той бок i ашчэрыўся ўсмешкай:

- Вось i бабка ўжо ведае, што я дома. А цябе, ма, раней я такой нiколi не бачыў.

Матчын твар пасуравеў, вочы зрабiлiся халодныя.

- Раней мне нiколi не даводзiлася бачыць, як дом мой рушаць. Раней мне нiколi не даводзiлася бачыць, як сям'ю маю выганяюць на дарогу. Нiколi не даводзiлася распрадаваць... усё... Вось, iдуць ужо. - Яна вярнулася да плiты i вывалiла з патэльнi на дзве алавяныя талеркi пышныя праснакi. Падбiла мукой густое сала для падлiўкi, i рука яе пабялела ад мукi. Хвiлiну Том глядзеў на яе, тады падышоў да дзвярэй.

Праз двор iшлi чацвёра. Наперадзе iшоў дзед. Хударлявы, жвавы, неахайна апрануты стары паспешлiва чыкiльгаў, прыпадаючы на правую вывiхнутую нагу. На хаду ён зашпiльваў штаны, i яго старэчыя пальцы нiяк не маглi разабрацца ў гузiках, бо ён усунуў верхнi гузiк у другую пятлю i гэтым парушыў увесь парадак. Штаны былi пашарпаныя, падраная сiняя кашуля расхрыстаная, доўгая шэрая нiжняя сарочка таксама была расшпiленая. З-пад яе вызiралi кашчавыя белыя грудзi, зарослыя сiвой шэрсцю. Дзед страцiў надзею зашпiлiць прарэх, пакiнуў яго незашпiленым i нялоўка заняўся гузiкамi сарочкi, потым кiнуў i гэта, не давёўшы справы да канца, i пачаў падцягваць карычневыя падцяжкi. Твар у яго быў худы, нервовы, з маленькiмi жвавымi вочкамi, хiтраватымi, як у свавольнага хлапчука. Сварлiвы, капрызны, гарэзлiвы, смяшлiвы твар. Дзед быў задзiрака i спрачальнiк, аматар салёных анекдотаў. Як быў у маладосцi, так i застаўся стары грахаводнiкам. Зласлiвы, жорсткi i нецярплiвы, як шкадлiвае дзiця, i да таго ж весялун. Калi дарываўся да спiртнога, ён не ведаў меры, праз меру еў, калi было што, i безупыну малоў языком.