11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

За дзедам кандыбала бабка; яна ўмудрылася дажыць да глыбокай старасцi толькi таму, што была такая ж злоснiца, як i яе стары. Яна ахоўвала сваю незалежнасць з лютасцю фанатычкi, не ўступаючы дзеду ў грахоўнасцi i буйстве. Аднойчы, яшчэ не прыйшоўшы ў сябе пасля малення i галосячы ўрыўкi псалмаў, яна разрадзiла ў мужа абодва ствалы драбавiка i амаль ушчэнт разнесла яму адну ягадзiцу. Пасля гэтага стары прасякся такой павагай да жонкi, што больш нiколi ўжо не мучыў яе, як дзецi мучаюць казюлек. Яна iшла, падабраўшы да калень прасторную сукенку, i тонкiм галаском, падобным на бляянне, выкрыквала свой баявы клiч: "Хвала богу, наша ўзяло!"

Дзед з бабкай кульгалi па шырокiм двары навыперадкi. Яны вечна змагалiся адно з адным - нiхто не хацеў нi ў чым уступаць другому. Яны любiлi гэтае змаганне, без яго не маглi iснаваць.

За iмi няспешнай хадой iшлi бацька i Ной, яго першынец - высокi, нейкi дзiўнаваты з выгляду, з неўразумелым выразам на твары, звычайна спакойным i задумлiвым. Ной нiколi нi на кога не злаваў. Ён глядзеў на тых, хто злаваў, са здзiўленнем i пачуццём няёмкасцi, як глядзiць здаровы чалавек на душэўнахворага. Рухi ў Ноя былi няспешныя, гаварыў ён рэдка, а калi гаварыў, дык так марудна, што людзi, якiя яго ведалi, часам лiчылi Ноя за дурня. Але Ной не быў дурны, толькi дзiвакаваты. Ён мала думаў пра гордасць, не адчуваў цягi да жанчын. Праца i сон па чарзе змянялi адно другое надзiва пунктуальна, i гэта задавальняла яго. Ён любiў сваiх блiзкiх, але нiколi не выказваў гэтай любовi. Хоць старонняму цяжка было сказаць чаму, але Ной рабiў уражанне чалавека, у якiм ёсць нешта ненармальнае - цi то ў форме галавы, цi то ў тулаве, цi ў нагах, а можа, нават i ў розуме; толькi прыдрацца да чаго-небудзь пэўнага было нельга. Бацька, той ведаў, чаму Ной быў не такi, як усе астатнiя яго дзецi, але саромеўся расказваць. Бо той ноччу, калi яго першынец з'яўляўся на свет, бацька застаўся ў доме адзiн з парадзiхай, з яго няшчаснай жонкай, якая заходзiлася ад немага крыху, i ён ашалеў ад страху. Яго рукi, моцныя яго пальцы, як абцугi, выцягнулi, выкруцiлi дзiця з чэрава мацi i памялi яго. Павiтуха, што крыху запазнiлася, убачыла бясформенную галоўку нованароджанага, яго выцягнутую шыю, перакрыўленае цельца i ўправiла яму шыю i нiбы нанава вылепiла сваiмi рукамi яго цела. Бацька ўвесь час памятаў гэтае здарэнне, i яму было сорамна. З Ноем ён быў ласкавейшы, чым з iншымi дзецьмi. Па шырокiм твары Ноя, па яго далекавата расстаўленых адно ад аднаго вачах, па доўгiм вузкiм падбародку бацька пазнаваў памятую, знявечаную галоўку дзiцяцi. Ной рабiў усё, што ад яго патрабавалася, мог чытаць i пiсаць, умеў працаваць i ацэньваць зробленае, але ўсё гэта ён, здавалася, рабiў без цiкавасцi; ён зусiм абыякава ставiўся да ўсяго таго, чаго людзi дамагалiся, да чаго iмкнулiся. Быццам жыў у нейкiм дзiўным, маўклiвым доме i спакойнымi вачамi паглядаў адтуль на свет. Ён быў чужы ў гэтым доме, але самоты не адчуваў.

Усе чацвёра iшлi праз двор, i дзед крычаў:

- Дзе ён? Дзе ён, чорт на вас? - Яго пальцы зноў пачалi перабiраць гузiкi на штанах, потым у забыўлiвасцi палезлi ў кiшэню. I тут у дзвярах ён убачыў Тома. Дзед раптам спынiўся i затрымаў астатнiх. Вочкi яго злосна заблiшчалi. Вось, палюбуйцеся, - сказаў ён. - Арыштант! Джоўды чорт ведае колькi па турмах не сядзелi. - Яго розум пераскочыў на другую тэму: - Нiхто не меў права саджаць яго ў турму! Я на яго месцы тое самае зрабiў бы. Якое гэтыя сукiны дзецi мелi права? - I зноў пераскочыў на другое: - А гэты Тэрнбул, старая смярдзючка, яшчэ хвалiўся: застрэлю яго, хай толькi з турмы выйдзе. Ува мне, кажа, цячэ кроў Хэтфарда. А я загадаў яму перадаць: "З Джоўдамi не звязвайся. У мяне, кажу, кроў, можа, самога Маккоя". I яшчэ кажу: "Ты толькi пакажыся дзе блiзка ад Тома, i я смальну табе ў заднiцу". Напужаў яго страх як.

А бабка тым часам вiшчала, не слухаючы дзеда:

- Хвала богу, наша ўзяло!

Дзед падышоў да дзвярэй i паляпаў Тома па грудзях, вочы яго заблiшчалi любоўю i гордасцю.

- Ну як ты, Томi?

- Парадак, - адказаў той. - А ты як маешся?

- На двор яшчэ сам хаджу. - I зноў яго розум скочыў убок. - Казаў я Джоўда ў турме не ўтрымаеш! Яшчэ тады сказаў: "Том уцячэ, праб'ецца, як бык праз загарадку". Вось i ўцёк. Прапусцi, я згаладаўся. - Ён працiснуўся ў дзверы, сеў за стол, навалiў сабе ў талерку свiнiны, паклаў наверх два вялiкiя праснакi, залiў густой падлiўкай, i не паспелi астатнiя ўвайсцi ў кухню, рот у яго ўжо быў поўны.

Том замiлавана ўсмiхнуўся яму.

- Во стары чорт! - сказаў ён. А ў дзеда быў такi набiты рот, што ён i гуку вымавiць не мог, але яго маленькiя лютыя вочкi ўсмiхалiся, галава ярасна закiвалася.

Бабка з гордасцю сказала:

- Другога такога грахаводнiка i шэльмы на свеце не знойдзеш. У пекла проста на качарзе ўедзе, ну i дзякуй богу! - I з'едлiва дадала: - Захацелася яму, бач, грузавiком кiраваць. Дык вось, не выйдзе!

Дзед папярхнуўся, вывалiў сабе на каленi недажаваны кавалак праснака i квола закашляўся.

Бабка зларадна ўсмiхнулася Тому:

- Во неахайнiк, га?

Ной стаяў на прыступцы перад Томам, але яго шырока расплюшчаныя вочы нiбы глядзелi мiма. Твар у яго быў абыякавы. Том сказаў:

- Ну, як ты, Ной?

- Добра, - адказаў Ной. - А ты як? - I ўсё. Але Тому i гэтага было досыць.

Мацi сагнала з падлiўкi мух i сказала:

- За сталом усiм месца не хопiць. Бярыце талеркi i ўладкоўвайцеся дзе папала. Цi на дварэ, цi дзе.

I тут Том спахапiўся:

- Гэ! А дзе ж прапаведнiк? Толькi што быў тут. Куды ён дзеўся?

Бацька сказаў:

- Я бачыў, ён некуды пайшоў.

Пачуўся вiсклiвы голас бабкi:

- Прапаведнiк? З табой прапаведнiк? Вядзi яго сюды. Памолiмся перад ядой. - Яна паказала пальцам на дзеда: - А гэты ўжо паспяшаўся есцi. Схадзi прывядзi прапаведнiка.

Том апусцiўся на прыступку.

- Гэй! Кейсi! Джым Кейсi! - гукнуў ён i пайшоў па двары. - А, Кейсi, вось ты дзе!

Прапаведнiк вылез з-пад цыстэрны, сеў на зямлi, пасля падняўся i пайшоў да дома.

Том запытаўся:

- Ты што, хаваўся?

- Ды не. Толькi навошта чужому совацца ў сямейныя справы. Я проста ляжаў i думаў.

- Пайшлi паямо, - сказаў Том. - Бабка хоча, каб ты малiтву сказаў.

- Дык я ж ужо больш не прапаведнiк, - запратэставаў Кейсi.

- Кiнь, пойдзем. Скажы ёй малiтву. Табе нiчога не станецца, а ёй гэта люба. - Яны ўвайшлi ў кухню разам.

Мацi спакойна сказала:

- Сардэчна запрашаем.

I бацька сказаў:

- Сардэчна запрашаем. Паснедайце з намi.

- Спярша малiтву, - рашуча прамовiла бабка.

Дзед ушрубаваў свае лютыя вочкi ў Кейсi i нарэшце пазнаў яго.

- А-а, той самы прапаведнiк, - сказаў ён. - Ну, ён нiчога сабе. Я ўпадабаў яго, яшчэ як толькi першы раз вока на яго кiнуў... - Дзед пахабна падмiргнуў яму, а бабцы пачулася нейкая непрыстойнасць, i яна прыкрыкнула на яго:

- Змоўкнi, стары юрлiвы казёл!

Кейсi нервова правёў пальцамi па валасах.

- Павiнен сказаць вам, што я ўжо больш не прапаведнiк. Мне прыемна быць у вас i хацелася б чым-небудзь аддзячыць добрым гасцiнным людзям, i, калi гэтага дастаткова... што ж, я скажу малiтву. Але я даўно ўжо не прапаведнiк.

- Гаварыце, - сказала бабка. - I не забудзьцеся ўзгадаць пра тое, што мы ў Калiфорнiю едзем.

Кейсi схiлiў галаву, i ўслед за iм усе астатнiя. Мацi апусцiла галаву i склала рукi на каленях. Бабка нагнулася так нiзка, што ледзь не ўткнулася носам у залiтыя падлiўкай праснакi. Том, якi стаяў, прыхiнуўшыся да сцяны з талеркай у руцэ, крышачку нагнуў галаву, а дзед выкруцiў яе ўнiз i ўбок, каб сваiм калючым i вясёлым вокам сачыць за прапаведнiкам. На твары ў прапаведнiка была не набожнасць, а задуменнасць, i словы яго гучалi не як малiтва, а як роздум.