11852.fb2
- Адрэж кавалак, ды не шкадуй.
Шафёр, што каля аўтамата, кажа:
- Рэж два.
- Наце вам два. Што-небудзь такое новенькае чуў, Бiл?
- Ага, вось паслухай.
- Ты пры даме не вельмi...
- Ды тут нiчога такога. Вучань спазнiўся ў школу. Настаўнiца пытаецца: "Чаму спазнiўся?" Хлопчык адказвае: "Я вадзiў цялушку да быка". Настаўнiца кажа: "Няўжо твой бацька сам не мог справiцца?" А малы ёй: "Вядома ж, мог, толькi дзе яму цягацца з быком".
Мэй вiшчыць ад смеху, ледзь не хрыпне. Эл акуратна рэжа цыбулю, узнiмае на iх позiрк, усмiхаецца i зноў апускае вочы. Вадзiцелi грузавiкоў - гэта людзi! Кожны з iх пакiне Мэй па чвэрцi даляра. Пятнаццаць цэнтаў за торт i каву i дзесяць - "чаявыя". I не чапляюцца да яе.
Сядзяць на высокiх табурэтах, п'юць каву, з кубкаў вытыркаюцца лыжачкi. Гутараць пра свае справы. Эл скрабе патэльню, слухае, але заўваг не робiць нiякiх. Бiнг Кросбi раптам змаўкае. Дыск апускаецца, i пласцiнка зноў займае сваё месца сярод iншых пласцiнак. Лiловае святло гасне. Пяцiцэнтавiк, што прывёў увесь гэты механiзм у дзеянне, прымусiў Кросбi спяваць, а аркестр яму акампанаваць, саслiзгвае з кантактаў i падае ў манетнiк. Манета гэтая, у адрозненне ад мноства iншых, сапраўды папрацавала, вымусiла аўтамат падпарадкавацца сабе.
З клапана кававаркi выбiваецца пара. Кампрэсар халадзiльнiка пачынае цiха гусцi, потым сцiхае. Электрычны вентылятар у куце паволi паварочваецца з боку ў бок, абвяваючы пакой цёплым ветрыкам. Па шашы No 66 з шумам праносяцца аўтамашыны.
- У нас незадоўга перад вамi машына з Масачусетса спынялася, - сказала Мэй.
Вялiкi Бiл абхапiў кубак зверху далонню так, што лыжачка тырчыць у яго памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi. Ён шумна ўцягнуў у рот каву разам з паветрам, каб астудзiць яе.
- Паездзiла б ты цяпер па шэсцьдзесят шостай. Машыны з усёй краiны. Усе на Захад iдуць. Раней нiколi гэтулькi машын не бачыў. Сярод iх такiя трапляюцца прыгажунi!
- Сёння ранiцай мы бачылi аварыю, - сказаў яго зменны. - Вялiкая машына "кадзiлак", зроблены, вiдаць, па спецыяльным заказе, прыгожы такi. Нiзкая пасадка, крэмавы колер. На грузавiк наляцеў. Радыятар умяла проста ў вадзiцеля. Гнаў пад дзевяноста мiль. Рулявой калонкай наскрозь прапарола, курчыўся, як жаба на круку. Была шык, а не машына, адна любата. А цяпер што хоць задарма бяры. Адзiн ехаў, без нiкога.
Эл падымае вочы ад плiты:
- А з грузавiком што?
- Божа мой, якi там грузавiк! Проста машына з адрэзаным верхам, набiтая ўсялякiм кухонным начыннем - плiта, рондалi, а яшчэ матрацы, дзецi, куры. Ну ведаеце ж - на Захад едуць. "Кадзiлак" прамчаўся паўз нас з хуткасцю мо дзевяноста мiль, - абагнуў на двух колах, а насустрач машына. Ён - убок, а тут грузавiчок гэты. Урэзаўся ў яго на ўсiм хаду. Вадзiцель п'яны быў, цi што. Коўдры, куры, дзецi - усё ўзляцела ў паветра. Аднаго малога забiла, проста раздушыла. Жудаснае вiдовiшча. Мы пад'ехалi. Чалавек, што вёў грузавiк, стаiць як укапаны, пазiрае на сынка мёртвага. Нi слова з яго не выцягнулi. Маўчыць, як знямеў. Мноства людзей на шашы - цэлымi сем'ямi на Захад едуць. I з кожным днём iх усё больш i больш. Адкуль яны толькi бяруцца?
- Лепш спытайцеся - куды едуць? - сказала Мэй. - Бывае, заязджаюць да нас па бензiн i, акрамя яго, нiчога не купляюць. Кажуць, яны на руку не чыстыя. Але ў нас нiдзе нiчога лiшняга не валяецца. Нас не абкрадалi.
Жуючы на поўны рот торт, Вялiкi Бiл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.
- Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.
З шашы стомлена збочыў "нэш" выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамi, рондалямi i патэльнямi, а на самым версе, амаль упiраючыся макаўкамi ў дах, сядзелi два хлопчыкi. На даху ляжалi прывязаныя да яго матрац i палатка, слупкi ад яе былi прымацаваны да падножкi. Машына пад'ехала да бензiнавых помпаў i спынiлася. З кабiны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым i насатым тварам. Абодва малыя ссунулiся з паклажы на зямлю.
Мэй абагнула стойку i стала ў дзвярах. На чалавеку былi шэрыя шарсцяныя штаны i сiняя кашуля, пацямнелая ад поту на спiне i пад пахамi. На хлопчыках камбiнезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былi светлыя, стрыжаныя "пад вожык" i тырчалi, як шчацiна. Твары ў брудных плямах. Дзецi адразу пабеглi да лужыны пад водаправодным шлангам i засунулi пальцы босых ног у гразь.
Чалавек запытаўся:
- У вас можна вады ўзяць, мэм?
Цень нездавальнення мiльгануў на твары Мэй.
- Пэўна ж, налiвайце, - адказала яна i цiха кiнула цераз плячо: - Я пасачу за шлангам. - Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара i ўсунуў у адтулiну наканечнiк шланга.
Бялявая жанчына, што сядзела ў кабiне, сказала:
- Спытайся, можа, тут дадуць.
Чалавек выняў шланг з радыятара i прыкруцiў каўпачок. Хлопчыкi ўзялi з рук бацькi шланг, павярнулi яго наканечнiкам угору i пачалi прагна пiць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара i стаў перад iмi з нейкiм дзiўным, прынiжаным выглядам.
- Цi не прадасце нам буханку хлеба, мэм?
Мэй адказала:
- Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас iдзе на сандвiчы.
- Ведаю, мэм. - У яго прынiжанасцi адчувалася ўпартасць. - Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ i ехаць.
- Прадасi, i сама без нiчога застанешся. - У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасцi.
- Мы галодныя, - сказаў чалавек.
- Дык чаму ж не купiце сандвiчаў з катлетамi?
- Мы б радыя купiць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысцiся дзесяццю цэнтамi на ўсiх. - I, сумеўшыся, чалавек дадаў: - Грошы зусiм канчаюцца.
Мэй сказала:
- За дзесяць цэнтаў буханкi хлеба не купiш. У нас толькi па пятнаццаць.
Ззаду буркнуў Эл:
- Госпадзi, Мэй, дай iм хлеба.
- Да прывозу самiм можа не хапiць.
- I няхай не хопiць, чорт з iм, - сказаў Эл i пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.
Мэй пацiснула круглявымi плячамi i азiрнулася на шафёраў, нiбы кажучы: бачыце, як бывае.
Яна адчынiла дзверы, i чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за iм у бар шмыгнулi хлапчукi i адразу пайшлi да прылаўка з цукеркамi утаропiлiся на iх, але ў вачах у iх не загарэлася нi прага, нi надзея, нi нават жаданне iх пакаштаваць, а было толькi здзiўленне, што ёсць такiя рэчы на свеце. Хлопчыкi былi аднаго росту i на адзiн твар. Адзiн з iх стаяў, паскрэбваючы пальцамi нагi брудную шчыкалатку. Другi раптам нешта шапнуў яму на вуха, i абое ўсунулi рукi ў кiшэнi, i тонкую сiнюю тканiну iх камбiнезонаў адтапырылi сцiснутыя ў кулакi далонi.
Мэй высунула шуфляду i выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.
- Вось за пятнаццаць цэнтаў.
Чалавек зноў надзеў капялюш i сказаў усё гэтак жа прынiжана:
- А цi нельга... Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?