11852.fb2
- Госпадзi, Мэй! Аддай iм усю.
Чалавек павярнуўся да Эла:
- Не, нам трэба толькi на дзесяць цэнтаў. Даводзiцца ўсё дакладна разлiчваць, мiстэр, iнакш не дабяромся да Калiфорнii.
Мэй пакорлiва прамовiла:
- Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.
- Гэта ж як рабаваць вас, мэм.
- Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце. - Яна пусцiла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кiшэнi скураны капшук, развязаў шнуркi i раскрыў яго. Капшук быў туга набiты сярэбранымi манетамi i залапанымi грашовымi паперкамi.
- Вам, вiдаць, дзiўна, што я так скуплюся, - выбачлiвым тонам сказаў ён. Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча мiль дарогi, i невядома, цi дабяромся яшчэ. Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяцiцэнтавую манету i выцягнуў яе. Калi паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапiў яшчэ адзiн цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позiрк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылi перад прылаўкам з цукеркамi. Ён паволi падышоў да iх, паказаў пальцам на доўгiя палачкi ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. Гэтыя - цэнт за штуку, мэм?
Мэй нахiлiлася i глянула пад шкло.
- Якiя?
- Вось гэтыя, паласатыя.
Малыя паднялi на яе вочы i перасталi дыхаць - замерлi, крыху раскрыўшы раты i напружыўшы паўголыя цельцы.
- Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.
- Дык дайце дзве штучкi, мэм. - Чалавек беражлiва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкi ледзь чутна перавялi дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.
- Бярыце, - сказаў бацька дзецям.
Хлопчыкi нясмела працягнулi рукi, узялi па адной ледзянцовай палачцы i апусцiлi ўнiз, не кiнуўшы на iх позiрку. Але зiрнулi адзiн на аднаго, куточкi iх губ ледзь варухнулiся ад бянтэжлiвай усмешкi.
- Дзякуй вам, мэм. - Чалавек узяў бохан i выйшаў за дзверы; хлопчыкi неяк ненатуральна чынна пайшлi следам, i кожны прыцiскаў да нагi доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымi палоскамi. А ў машыне яны, як бурундукi, скокнулi з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы i зашылiся, як у норку, сярод клункаў.
Чалавек сеў у машыну, завёў матор, i лядашчы "нэш", равучы i выпусцiўшы клуб маслянiстага дыму, уз'ехаў на шашу i пакiраваў на захад.
З бара глядзелi яму ўслед абодва шафёры, Мэй i Эл.
Вялiкi Бiл павярнуўся да Мэй.
- Такiя ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, - сказаў ён.
- А табе што? - агрызнулася Мэй.
- Iм цана кожнаму пяць цэнтаў.
- Ну паехалi, - сказаў другi вадзiцель. - А то час трацiм.
Абодва палезлi ў кiшэню. Бiл кiнуў на стойку манету, другi шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кiшэню i паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнулiся i пайшлi да дзвярэй.
- Бывай, - сказаў Бiл.
Мэй аклiкнула iх:
- Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьмiце.
- Iдзi ты к чорту, - сказаў Бiл, i сеткаватыя дзверы бразнулi за iм.
Мэй глядзела, як вадзiцелi садзiлiся ў вялiкую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамi i набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.
- Эл... - цiха паклiкала Мэй.
Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збiраючыся абкласцi яе васкаванымi паперкамi.
- Што там у цябе?
- Зiрнi сюды, - яна паказала на грошы, што ляжалi каля кубкаў, - дзве манеты па паўдаляра.
Эл падышоў да стойкi, глянуў на iх i вярнуўся да сваiх гамбургераў.
- Вадзiцелi грузавiкоў, - паважлiва прамовiла Мэй, - гэта вам не задрыпы.
Мухi раз-пораз натыкалiся на драцяныя сеткi i з гудзеннем адляталi прэч. Кампрэсар халадзiльнiка павуркатаў i сцiх. Па шашы No 66 мiма бара са зласлiвым вiскам праляталi машыны - i грузавыя, i зграбныя абцякальныя легкавыя, i нехлямяжыя драндулеты; i ўсе пранiзлiва вiшчалi. Мэй сабрала талеркi i счысцiла з iх у вядро крошкi ад торта. Потым узяла мокрую анучу i пачала кругамi выцiраць стойку. А вочы яе былi прыкаваныя да шашы, па якой вiхрам праносiлася мiма жыццё.
Эл выцер рукi аб фартух i паглядзеў на паперку, прышпiленую да сцяны над плiтой. На ёй былi нейкiя кропкi - радкамi ў тры слупкi. Эл падлiчыў самы доўгi радок. Тады пайшоў уздоўж стойкi да касы, нацiснуў на кнопку "Выкл." i ўзяў з высунутай шуфлядкi жменю манет па пяць цэнтаў.
- Што ты там робiш? - запыталася Мэй.
- Трэцi павiнен ужо хутка выплацiць, - сказаў Эл. Ён падышоў да трэцяга гульнёвага аўтамата i пачаў апускаць у яго проразь манеты; пасля таго як у машыне пяты раз закруцiлiся нейкiя колцы, у акенцы паявiлiся тры палоскi, i ў коўшык высыпаўся галоўны выйгрыш. Эл згроб манеты жменяй i вярнуўся да стойкi, кiнуў грошы ў шуфлядку касы i замкнуў яе. Потым вярнуўся да плiты i закрэслiў на паперцы самы доўгi радок. - Да трэцяга часцей за ўсё падыходзяць, - сказаў ён. - Можа, iх месцамi памяняць? - Ён падняў накрыўку i пачаў памешваць у рондалi, дзе тушылася мяса.
- I што яны будуць рабiць у Калiфорнii? - сказала Мэй.
- Хто?
- Ды гэтыя, ну што толькi што да нас заязджалi.
- Аднаму богу вядома, - адказаў Эл.
- Думаеш, знойдуць там працу?
- Я адкуль ведаю?
Мэй паглядзела на шашу.
- Едзе грузавiк з прычэпам. Цi спынiцца тут? Няхай бы спынiўся.
I калi грузавiк цяжка з'ехаў з шашы i стаў каля бара, Мэй зноў схапiлася за сваю анучку i працерла з канца ў канец усю стойку. Хуценька правяла ёю разы два па блiскучай кававарцы i крыху больш адкруцiла вентыль газавага балона. Эл паклаў перад сабой некалькi невялiкiх рэпак i пачаў iх абiраць. Мэй адразу павесялела, калi адчынiлiся дзверы i ў бар увайшлi два шафёры ў аднолькавым форменным адзеннi.