11852.fb2
- Туды цяжка дабрацца, i трэба дастаць недзе новы падшыпнiк цi гэты залiць бабiтам. - Ён глыбока ўздыхнуў. - Добра, што Том тут. Я падшыпнiкаў яшчэ нiколi не рамантаваў. Адна надзея на Тома.
Наперадзе збоч дарогi стаяў вялiзны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокi доўгi цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокi кювет i спынiў грузавiк у цянi. Потым вылез з кабiны i стаў чакаць Эла.
- Цiшэй, цiшэй! - крыкнуў яму Том. - Не ганi, вядзi асцярожна, а то яшчэ i рысору зламаеш.
Эл пачырванеў ад злосцi i заглушыў матор.
- Iдзi ты к чорту! - крыкнуў ён. - Я падшыпнiка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш - "i рысору зламаеш"!
Том ашчэрыўся ўсмешкай:
- Во завёўся. Я нiчога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цiшэй ехаў.
Асцярожна ведучы машыну па схiлах кювета, Эл бурчаў:
- Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй вiне падшыпнiк паляцеў. - Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накiраваў машыну ў цень i выключыў запальванне.
Том падняў капот i замацаваў яго.
- Пакуль не астыне, пачынаць нельга, - сказаў ён.
Усе пасажыры павылазiлi з машын i збiлiся ў кучку каля легкавушкi.
Бацька запытаўся:
- Вельмi сур'ёзна? - i прысеў на кукiшкi.
Том павярнуўся да Эла:
- Калi-небудзь шатунныя падшыпнiкi мяняў?
- Не, - адказаў Эл. - Нiколi не даводзiлася. Але паддон знiмаў.
Том сказаў:
- Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнiк, падкласцi пракладкi i падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнiк давядзецца з'ездзiць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка мiль семдзесят пяць, не меней... А чорт, заўтра ж нядзеля! Нiдзе нiчога заўтра не купiш. - Усе маўчалi. Руцi працiснулася да самай машыны i пiльна ўзiралася пад адкiнуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том цiха гаварыў: - Заўтра нядзеля. У панядзелак купiм, а рамонт скончым, вiдаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага iнструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.
Па зямлi праплыў цень сарыча, i ўсе задралi ўгору галовы, пазiраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.
Бацька сказаў:
- Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогi без грошай. I есцi ўсiм трэба, i бензiн, i масла купляць. Калi грошы кончацца, проста не ведаю, што рабiць будзем.
Уiлсан сказаў:
- Бадай, я тут вiнаваты. Няшчасная гэта развалiна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы i так шмат добрага нам зрабiлi. Перакладзiце свае рэчы на грузавiк i едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што-небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелi, хоць адзiн з вас.
Бацька няспешна прагаварыў:
- Не, гэтак рабiць не будзем. Мы амаль параднiлiся з вамi. Дзед у вашай палатцы памёр.
Сэйры стомлена прамовiла:
- Вам з намi адны турботы, адны турботы...
Том павольна скруцiў цыгарку, агледзеў яе з усiх бакоў i запалiў. Зняў з галавы памятую кепку i выцер ёю лоб.
- Вось што я надумаў, - сказаў ён. - Можа, вам i не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Калiфорнii, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавiка. I вось я што прапаную: здымiце частку рэчаў з грузавiка, тады вы ўсе ў iм размесцiцеся без мяне i прапаведнiка, i - наперад. А мы з Кейсi застанемся тут, адрамантуем машыну i таксама паедзем. Ехаць будзем дзень i ноч i дагонiм вас, а калi не дагонiм, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калi ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткi i нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, i грошы пойдуць. Кейсi мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробiм i да вас прыкацiм.
Члены аб'яднанай сям'i задумалiся. Дзядзька Джон апусцiўся на кукiшкi побач з братам.
Эл запытаўся:
- А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?
- Ты ж сам казаў, што нiколi шатунных падшыпнiкаў не мяняў.
- Правiльна, - пагадзiўся Эл. - Тут трэба моцную спiну мець. А прапаведнiк, можа, i не захоча застацца з табою.
- Ну дык хто-небудзь iншы, мне ўсё адно, - сказаў Том.
Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.
- На маё разуменне, Том правiльна кажа, -сказаў ён. - Усiм тут заставацца нiякай карысцi. А дацямна можна яшчэ мiль пяцьдзесят зрабiць, а то i сто.
Мацi з трывогай запыталася:
- А як вы знойдзеце нас?
- Шаша ж тут адна, - адказаў Том. - Шэсцьдзесят шостая - да самага канца. А там Бейкерсфiлд. Я па карце глядзеў. Проста туды i прыедзеце.
- А калi ўжо ў Калiфорнii мы з яе дзе-небудзь збочым?
- Не хвалюйся, - супакоiў Том мацi. - Мы вас знойдзем. Калiфорнiя ж не на ўвесь свет.
- На карце яна страшэнна вялiкая.
Бацька вырашыў параiцца з братам:
- Ну як, Джон, ёсць сэнс гэтак рабiць, га?
- Ёсць, - адказаў Джон.
- Мiстэр Уiлсан, машына ваша. Вы нiчога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?
- Не маю нiчога, - адказаў Уiлсан. - Вы ўжо зрабiлi нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.