11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 42

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 42

- Ну, можна?

- Давай крутнi... цiшэй... яшчэ трохi... яшчэ крышачку, ага, вось... Хопiць.

Кейсi апусцiўся на каленi i зазiрнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнiкам па каленчатым вале.

- Так яно i ёсць.

- А чаму, па-твойму, гэта здарылася? - пацiкавiўся Кейсi.

- Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спiдометры шэсцьдзесят тысяч мiль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят - колькi разоў лiчбы назад пераводзiлi, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў - можа, хто з маслам недагледзеў цi яго проста не хапiла. - Том выцягнуў шплiнты i захапiў ключом адзiн з балтоў, што трымалi падшыпнiк. Рэзка павярнуў ключ, i ён сарваўся з галоўкi балта. На тыльным баку рукi з'явiўся доўгi i глыбокi парэз. Том глянуў на ранку - з яе выступiла кроў i, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.

- Дрэнь справа, - сказаў Кейсi. - Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.

- А, дробязь! Яшчэ нiколi не бывала, каб я разок не паранiўся, калi з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. - Том зноў прыладзiў ключ. - Шкада, тарцовага няма, - сказаў ён i, пастукваючы асновай далонi па дзяржаннi ключа, адзiн за адным аслабiў усе балты на падшыпнiку, выцягнуў iх i паклаў у паддон разам са шплiнтамi i балтамi ад паддона. Зняў шатун з поршнем i таксама паклаў у паддон. - Ну, дзякуй богу! - Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавiну i агледзеў рану. - Свiшча, сволач! - сказаў ён. - Зараз спынiм. - Ён памачыўся, згроб з зямлi жменю мокрага пяску i прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынiлася. - Лепшага сродку спынiць кроў няма, - сказаў Том.

- Павуцiнне таксама памагае, - зазначыў Кейсi.

- Правiльна, але павуцiння не заўсёды дастанеш, а мачу - калi заўгодна. Том сеў на падножку i пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнiк. - Цяпер каб знайсцi дзе "додж" дваццаць пятага года. Знiмем з яго шатун з пракладкамi i, можа, наладзiм. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.

Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсi таксама сеў на падножку i паглядзеў на захад.

- Хутка мы апынемся сярод высокiх гор, - прамовiў ён i змоўк. Потым паклiкаў:

- Том!

- Што?

- Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын - да тых, якiя мы абмiналi, i да тых, што ехалi паўз нас. Я лiчыў.

- Што ты лiчыў?

- Том, гэта ж такiя самыя сем'i, як ваша, цэлымi сотнямi на захад едуць. Я пiльна сачыў. На ўсход нiхто не едзе - усе, цэлымi сем'ямi, толькi на захад. Заўважыў?

- Ну заўважыў.

- Дык яны ж... быццам... быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краiна знялася з месца.

- Яно так i ёсць, - пагадзiўся Том. - Уся чыста знялася. Мы таксама кiнулi свой дом.

- Ну, а што будзе, калi... калi людзi гэтыя... i яны, i ўсе iншыя працы там не знойдуць, што тады?

- Iдзi ты да д'ябла! - гаркнуў Том. - Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькi ведаю - ногi перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак i ў Макалестары рабiў чатыры гады запар - у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкi... Госпадзi, а як я спадзяваўся, што на волi ўсё будзе iначай! У турме стараўся нi пра што не думаць, каб мазгi не перакруцiлiся, i цяпер таксама нi пра што думаць не хачу. - Том павярнуўся да Кейсi. - Вось падшыпнiк расплавiўся. Мы гэтага не ведалi, i нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылi паляцеў, што ж, адрамантуем. I, далiбог, гэтак трэба заўсёды рабiць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза i бабiт? Бачыш? Вось i ўвесь мой клопат, больш мяне нiчога на свеце не турбуе... Куды гэта, чорт, Эл правалiўся?

Кейсi сказаў:

- Не, Том, ты паслухай... Што за лiха! I словы нават патрэбныя на язык не iдуць...

Том зняў засохлую гразь з рукi, кiнуў на зямлю. Па краях ранкi засталася брудная палоска. Том перавёў позiрк на прапаведнiка.

- Ты, я бачу, настройваешся на прамову, - сказаў ён. - Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнiчаў. Нам шкоды нiякай, а яму ўцеха. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.

Адной рукой Кейсi пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.

- Нешта творыцца ў краiне, народ заварушыўся. Людзi, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногi i не задумваюцца, куды iдуць, але дарога ў iх адна, ва ўсiх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкi рух, таемнае шастанне, шоргат i... i нейкi неспакой. Нешта творыцца ў краiне, i людзi, тыя, каго гэта тычыцца, нiчога яшчэ не ведаюць... пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кiруе на Захад... пакiдае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немiнуча прывядзе да нечага такога, што пераменiць усю краiну.

Том сказаў:

- Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулi.

- Так. Ну, а калi табе страчаецца загарадзь, ты i цераз яе палезеш?

- Чаму ж не? Калi трэба, палезу.

Кейсi ўздыхнуў:

- Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзi бываюць розныя. I людзi розныя. Ну накшталт мяне: загарадзi яшчэ не паставiлi, а яны ўжо лезуць... iначай не могуць.

- Цi не Эл гэта едзе? - ажывiўся Том.

- Ага, вiдаць, Эл.

Том падняўся на ногi, загарнуў шатун i абедзве часткi падшыпнiка ў кавалак мешкавiны.

- Вазьму з сабой за ўзор, каб не памылiцца, - сказаў ён.

Грузавiк спынiўся на краi шашы. Эл высунуўся з акенца.

Том сказаў:

- Дзе цябе чэрцi насiлi? Далёка заехалi?

Эл уздыхнуў.

- Зняў шатун?

- Ага. - Том падаў яму скрутак. - Бабiт паляцеў.

- Я тут нi пры чым, - сказаў Эл.

- Ясна. Куды ты iх завёз?

- О, у нас там такое! Бабка раптам зараўла, i Разашарна таксама, на яе гледзячы. Уткнула галаву пад падушку i плача. Бабка рот разявiла i вые, як сабака на месяц. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў не адказвае, нiкога не пазнае. Толькi нешта балбоча i балбоча, быццам да дзеда звяртаецца.

- Дзе ты iх пакiнуў?

- Мы да лагера пад'ехалi. Там i цень ёсць, i вада водаправодная. За дзень стаянкi паўдаляра бяруць. Але ўсе так стамiлiся, проста з ног валiлiся, i мы вырашылi застацца там. Ма кажа: што зробiш - бабка зусiм нямоглая. Раскiнулi палатку Ўiлсана, наш брызент таксама нацягнулi. Бабка, думаю, зусiм з розуму выжыла.

Том паглядзеў на сонца, якое ўжо прыкметна хiлiлася на захад.