11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 47

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 47

- Я думаў, вы там на тыдзень засядзеце. Адрамантавалi?

- Нам моцна пашанцавала, - адказаў Том. - Яшчэ засветла дасталi што трэба. Як развiднее, адразу i рушым.

- Вось i добра, - сказаў бацька. - Мацi непакоiцца - у бабкi ў нашай зусiм розум памуцiўся.

- Мне Эл ужо казаў. Ёй не лепш?

- Заснула, i то добра.

Гаспадар сказаў:

- Калi заедзеце i спынiцеся, плацiце пяць манет. Атрымаеце месца, ваду i галлё на вогнiшча. I нiхто вас не патрывожыць.

- На чорта нам гэта, - сказаў Том. - Праспiм ноч у кювеце бясплатна.

Гаспадар забарабанiў пальцамi па калене.

- Начамi тут шэрыфаў памагаты ходзiць. Можа прыдрацца. У нашым штаце начаваць пад адкрытым небам законам забаронена. I супраць бадзяжнiцтва таксама ёсць закон.

- А калi я вам заплачу пяцьдзесят цэнтаў, дык я ўжо не бадзяга, так?

- Правiльна.

Вочы ў Тома загарэлiся злосцю:

- Шэрыфскi памагаты выпадкам вам не швагер?

Гаспадар падаўся наперад:

- Не, не швагер. I не настаў яшчэ той час, калi ўсякiя бадзягi няшчасныя вучыць нас тут будуць.

- Браць па паўдаляра вы i самi ўмееце, гэтаму вучыць вас не трэба. Але з якой пары мы папалi ў бадзягi? Нiхто ў вас тут нiчога не просiць. Значыць, усе мы бадзягi? Мы ж не клянчым у вас грошай i не просiмся на начлег.

Людзi на ганку i каля яго замерлi ў напружаным маўчаннi. На iх тварах не адбiвалася нiчога, але вочы, зацененыя палямi капелюшоў, крадком пазiралi ўгору, на гаспадара.

Бацька буркнуў:

- Перастань, Том.

- Добра, перастану.

Мужчыны, што сядзелi на прыступках i стаялi вакол высокага ганка, маўчалi. Вочы iх паблiсквалi, адбiваючы святло бензiнавага лiхтара. У яго яркiх промнях рысы iх твараў былi рэзка акрэсленыя. Людзi застылi ў нерухомасцi, толькi позiркi iх пераходзiлi то на гаспадара, то на Тома, але твары iх былi непранiкальныя i абыякавыя. Начны матылёк наляцеў на лiхтар, разбiўся i ўпаў у цемру.

У адной палатцы жаласна заплакала дзiця, i мяккi жаночы голас пачаў супакойваць яго, потым цiха зацягнуў калыханку: "Цябе любiць наш гасподзь уначы. Спi, заснi. Беражэ цябе гасподзь уначы, спi, заснi".

Лiхтар на ганку шыпеў. Гаспадар запусцiў руку ў выраз кашулi i пачухаў зарослыя сiвымi валасамi грудзi. Ён увесь насцярожыўся ў прадчуваннi сваркi. Прыглядаўся да людзей, што яго абкружалi, узiраўся ў iхнiя твары. Але людзi застылi ў нерухомасцi.

Том доўга маўчаў. Потым паволi падняў свае цёмныя вочы на гаспадара.

- Скандалiць я не збiраюся, - сказаў ён. - Калi цябе абзываюць бадзягам, цяжка сцярпець. Я не баюся, - дадаў ён цiха. - Кулакоў не пашкадую нi на вас, нi на шэрыфскага памагатага - пабачым яшчэ, хто каго. Толькi якая ад гэтага карысць?

Людзi заварушылiся, перамянiлi позы, iх вочы, паблiскваючы, паволi ўзнялiся, скiравалiся на гаспадара, сочачы за яго губамi. Гаспадар асмялеў. Ён адчуваў, што перамог, але не дастаткова для таго, каб перайсцi ў наступленне.

- Няўжо ў цябе пяцiдзесяцi цэнтаў няма? - запытаўся ён.

- Ёсць. Але яны мне яшчэ спатрэбяцца. Я не буду трацiць iх на начлег.

- На пражытак трэба ўсiм зарабляць.

- Правiльна. Толькi лепш так зарабляць, каб не забiраць яго ў другiх.

Людзi зноў перамянiлi паставы. Бацька сказаў:

- Мы паедзем заўтра раным-рана. Паслухайце, мiстэр, мы ж вам заплацiлi. Хлапец гэты з нашай сям'i. Дазвольце яму застацца. Мы ж заплацiлi.

- Пяцьдзесят цэнтаў з машыны, - сказаў гаспадар. - Гэтак кожны зробiць пакiне машыну за варотамi, а сам будзе карыстацца ўсiм бясплатна.

Том сказаў:

- Мы далей паедзем. Ранiцай стрэнемся. Будзем вас чакаць. Эл няхай застаецца, а мы возьмем з сабой дзядзьку Джона. - Ён глянуў на гаспадара: Гэтак згодны?

Гаспадар iмгненна прыняў рашэнне, пайшоў на ўступку:

- Калi застанецца столькi чалавек, за колькi заплачана, дык згодзен.

Том выняў з кiшэнi капшук, якi паспеў ужо ператварыцца ў пакамечаны, зашмальцаваны мяшэчак з адсырэлым тытунёвым пылам на дне. Ён скруцiў тонкую цыгарку i шпурнуў капшук убок.

- Мы хутка паедзем, - сказаў ён.

Бацька загаварыў, нi да кога з прысутных не звяртаючыся асабiста:

- Нялёгка вось так сарвацца з месца. У нас быў дом, гаспадарка. Мы не галота бяздомная. Мы жылi на сваёй ферме, пакуль нас трактарамi не прагналi.

Хударлявы малады чалавек з выгаралымi да жаўцiзны брывамi паволi павярнуў да яго галаву:

- Баваўнаробы?

- Так, здольнiкi. Раней самi былi гаспадарамi.

Малады чалавек адвярнуўся ад яго.

- Мы таксама, - прамовiў ён.

- Добра хоць, што нядоўга ўжо засталося цярпець, - сказаў бацька. Прыедзем на Захад - будзем працаваць, займеем зямельку з вадой.

Каля самага ганка стаяў чалавек у падранай адзежы. Чорны пiнжак звiсаў лахманамi, штаны на каленях былi працёртыя да дзiрак. На твары ў яго, там, дзе пыл змяшаўся з потам, былi брудныя палосы. Ён матнуў галавой у бок бацькi:

- У вас, вiдаць, прыхаваны невялiчкi глечык з грашыма.