11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

- Не, грошай у нас зусiм мала, - сказаў бацька. - Але нас шмат, i ўсе мы працавiтыя. Добра заробiм, i ўсе грошы пойдуць у агульны кацёл. Зажывём.

Чалавек у лахманах выслухаў бацьку, шырока расплюшчыўшы вочы, i раптам засмяяўся, потым смех яго перайшоў у вiсклiвае хiхiканне. Усе павярнулi да яго галовы. Хiхiкаючы, ён пачаў захлiпацца i закашляўся. Калi ён нарэшце адолеў прыступ кашлю, вочы ў яго былi чырвоныя, на iх выступiлi слёзы.

- Ты думаеш, там... а божухна! - ён зноў захiхiкаў. - Ты думаеш, там табе... будуць добра плацiць... ой, смех! - I, перастаўшы смяяцца, iранiчна сказаў: - На збор, можа, пойдзеце апельсiнаў? Грушы, можа, будзеце збiраць?

Бацька з годнасцю адказаў:

- Будзем рабiць тое, што нам прапануюць. У iх там работы шмат.

Чалавек у лахманах цiхенька рагатнуў. Том з раздражненнем павярнуўся да яго.

- А што тут такога смешнага?

Абадранец сцяў губы i панура ўтаропiўся на маснiцы ганка.

- Вы, няйначай, у Калiфорнiю едзеце?

- Я табе сам гэта сказаў, - адказаў бацька. - Падумаеш, якi здагадлiвы знайшоўся!

Абадранец паволi прагаварыў:

- А я... я вяртаюся адтуль. Пабыў ужо там.

Твары людзей iмгненна павярнулiся да яго. Усе напружана чакалi. Лiхтар на ганку перастаў шыпець i цiха пыхкнуў. Гаспадар апусцiў пярэднiя ножкi крэсла на падлогу, падняўся, падпампаваў лiхтар, i той зноў гучна i тонка зашыпеў. Гаспадар вярнуўся на месца, але ўжо не адкiнуўся да сцяны. Чалавек у лахманах абвёў позiркам твары людзей.

- Еду назад памiраць галоднай смерцю. Лепш ужо адразу з голаду памерцi.

Бацька сказаў:

- Што ты вярзеш? У мяне вось рэкламны лiсток ёсць - там пра добрыя заробкi пiшацца, а надоечы я i ў газеце чытаў: iм зборшчыкi фруктаў патрэбныя.

Абадранец павярнуўся да бацькi:

- А ў цябе ёсць куды вярнуцца?

- Няма. Нас сагналi з зямлi. Прайшлiся трактарамi аж да самага дома.

- Назад, значыць, не павернеш?

- Вядома, не.

- Тады не буду цябе расстройваць.

- А ты мяне i не расстроiш. У мяне лiсток ёсць, там сказана, што людзi патрэбны. Дарэмна ж не будуць пiсаць такiя лiсткi. Яны вялiкiх грошай каштуюць. Iх не друкавалi б, каб не было патрэбы ў людзях.

- Не буду цябе расстройваць.

Бацька сярдзiта сказаў:

- Дурасць нейкую ляпнуў, а адрачыся не хочаш. У лiстку ж ясна напiсана: людзi патрэбныя. А ты на смех мяне падымаеш, кажаш: не, не патрэбныя. Хто ж з нас iлжэ?

Абадранец паглядзеў у сярдзiтыя вочы бацькi, i позiрк яго пахмурнеў.

- У лiстку ўсё правiльна, - сказаў ён. - Людзi патрэбныя.

- Якога ж ты чорта бударажыш нас сваiм смехам?

- Бо вы не ведаеце, якiя iм людзi патрэбныя.

- Куды ты хiлiш?

Сабраўшыся з духам, абадранец сказаў:

- Слухай, колькi iм там чалавек трэба?

- Восемсот напiсана, а гэта ж толькi ў адным маленькiм месцы.

- Аранжавы такi лiсток?

- Аранжавы.

- Там i прозвiшча стаiць... такi i такi агент па найме?

Бацька палез у кiшэню i выцягнуў з яе складзены папалам лiсток.

- Правiльна. Адкуль ты ведаеш?

- Паслухай, - сказаў абадранец, - усё гэта лухта. Яму трэба восемсот рабочых. Ён бярэ i друкуе пяць тысяч лiсткоў, i яны трапляюць на вочы, можа, дваццацi тысячам чалавек. Тысячы дзве-тры з iх зрываюцца з месца - тыя, у каго розум памутнеў ад гора.

- Дык гэта ж нейкая бязглуздзiца! - усклiкнуў бацька.

- А ты спярша стрэнься з чалавекам, якi выпускае такiя лiсткi. З iм самiм альбо з тым, хто на яго працуе. Пажывi ў лагеры ля прыдарожнай канавы разам з паўсотняй такiх самых сем'яў, як твая. Чалавек гэты зазiрне ў тваю палатку, гляне, цi засталося ў цябе што ў рот пакласцi, i, калi ўбачыць, што пуста, запытае: "Хочаш работу атрымаць?" Ты ўзрадуешся: "Вядома, хачу, мiстэр. Вялiкi вам дзякуй за такую прапанову". А ён скажа: "Я вазьму цябе". Ты запытаеш: "Калi выходзiць?" Ён табе ўсё расталкуе - i куды прыходзiць, i а якой гадзiне - i далей пойдзе. Яму, можа, усяго дзве сотнi рабочых патрэбныя, а ён пагаворыць з пяццю сотнямi, а тыя яшчэ i iншым раскажуць, i, калi ты прыйдзеш, куды табе сказана, там iх ужо тысяча. Тады чалавек гэты абвесцiць: "Я плачу дваццаць цэнтаў у гадзiну". Каля паловы з тых, што прыйшлi, назад пойдзе, але чалавек пяцьсот застанецца - яны так згаладалiся, што гатовыя i за сухi праснак працаваць. У агента гэтага кантракт на збор персiкаў альбо на збор бавоўны. Цяпер дайшло? Чым больш набяжыць народу i чым людзi галаднейшыя, тым менш ён плацiць будзе. А калi яму трапляюцца шматсямейныя, з дзецьмi малымi... дык... Ах, чорт! Я ж казаў, што не буду расстройваць цябе.

Людзi пазiралi на чалавека ў лахманах халоднымi вачамi, ацэньваючы кожнае яго слова. Ён сумеўся.

- Сказаў, што не буду расстройваць, але ж вось не стрымаўся. Ты ўсё роўна паедзеш. Назад не павернеш.

На ганку запанавала цiшыня. А лiхтар шыпеў, i вакол яго вяночкам кружылiся начныя матылi. Чалавек у лахманах усхвалявана загаварыў:

- Я параю табе, што рабiць; калi такi вось агент пачне на працу зазываць. Слухай! Ты спытайся ў яго, колькi ён плацiць будзе. Скажы яму, няхай на паперцы табе напiша. Папрасi, няхай напiша. Я ўсiм вам кажу: вас абдураць, калi вы гэтага не зробiце.

Гаспадар, седзячы на крэсле, падаўся наперад, каб лепш разгледзець гэтага абадранага, бруднага чалавека. Ён пачухаў зарослыя сiвымi валасамi грудзi i халодным тонам запытаўся:

- А ты часам не з бунтаўшчыкоў гэтых? Не з рабочых-падбухторшчыкаў?

Чалавек у лахманах выгукнуў:

- Не, бог сведка!